• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Журналісты сутыкаюцца з праблемамі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы

    «Журналісты сутыкаюцца з шэрагам сур’ёзных праблем, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў»

    Звычайна на публічных мерапрыемствах шмат кажуць пра праблемы медыяў, фінансаванне, разрыў з аўдыторыяй у Беларусі. Бо спікерамі, як правіла, выступаюць кіраўнікі рэдакцый. А вось пытанні журналістаў, якія сутыкнуліся з канфліктамі, амаль не ўздымаюцца. Аднак на форуме ў Сейме Літвы маўчанне было парушанае.

    — У рэдакцыях усё трымаецца на людзях. Нягледзячы на тое, што незалежныя СМІ аказаліся ў выгнанні, журналісты сутыкаюцца з шэрагам сур’ёзных праблем, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў, — падкрэсліла Кацярына Пытлева.

    Яна нагадала, што, згодна з даследаваннем фонду «Справядлівасць для журналістаў» (Justice for Journalists), каля 30% беларускіх і расійскіх журналістаў пасля эміграцыі сышлі з прафесіі.

    — Як мы можам абмяркоўваць перспектывы, калі адбываюцца такія працэсы? — задалася такім пытаннем праграмная дырэктарка Malanka Media.

    Тэлевядоўца прызнала, што праводзяцца псіхалагічныя трэнінгі, майстар-класы, у першы час пасля рэлакацыі журналістам аказваюць фінансавую падтрымку.

    — Але мы сутыкаемся не толькі з юрыдычнымі праблемамі, — падкрэсліла Кацярына Пытлева. — Мы часта чуем, што з прафесіі сыходзяць з прычыны выгарання. Журналісты праз сябе прапускаюць шмат негатыву, які накладваецца на мінулыя траўмы. Чалавеку трэба адпачыць, а невялікія па колькасці супрацоўнікаў рэдакцыі не могуць сабе гэтага дазволіць — фінансавання больш не становіцца. У выніку альбо супрацоўнік застаецца без працы, альбо камусьці даводзіцца браць дадатковую нагрузку.

    Найбольш эмацыйна прагучаў аповед пра асабісты вопыт журналісткі. Яна хварэла на анкалогію і не магла дазволіць сабе бальнічны. Гэта не адзінкавы выпадак, калі супрацоўнікі незалежных медыяў у выгнанні сутыкаліся яшчэ і з цяжкай хваробай.

    — У нас няма прафсаюза, які б абараняў журналістаў, што аказаліся ў такой сітуацыі. Медыйшчыкам трэба ўзяць паўзу, каб застацца ў прафесіі. Але яны не могуць сабе гэтага дазволіць, — адзначыла праграмная дырэктарка Malanka Media.

    Паводле яе, трэба не толькі стварыць такую арганізацыю, якая б дапамагала супрацоўнікам медыяў у канфліктах з кіраўніцтвам, але ж таксама праводзіць курсы па перакваліфікацыі журналістаў. У выніку недастатковага фінансавання рэдакцый прафесіяналы, якія адпрацавалі 10-20 гадоў,  застаюцца без працы. Хоць маглі б асвойваць новыя спецыяльнасці і такім чынам захавацца ў прафесіі.

    — Калі б гэта было наладжана з дапамогай БАЖ, літоўскіх медыяў, мне здаецца, гэта дазволіла б абараніць журналістаў у выгнанні, — завяршыла сваю прамову Кацярына Пытлева.

    «Мы працуем, бо калі не мы, то ніхто»

    Было заўважна, што тэма выклікала рэзананс у журналістаў беларускіх незалежных медыяў, якіх нямала прысутнічала ў зале Сейма Літвы.

    — Супрацоўнікі СМІ не мусяць думаць пра грошы, — падтрымала каляжанку рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік. — Журналісты залежныя, ім не хапае сродкаў, каб аплачваць дарагое жыццё за мяжой. Але часта, калі журналісты кажуць, што мы зрабілі вялікую працу і хацелі б большы ганарар, ім няма чаго адказаць. Гэта місія. Іншых умоў няма і не будзе. Мы працуем, бо калі не мы, то ніхто.

    Яна заўважыла, што сістэма фінансавання выбудаваная прапарцыйна маштабам рэдакцый. Чым большае медыя, тым больш рэсурсаў яно атрымлівае. І ў гэтай сітуацыі ў найбольш уразлівым становішчы аказваюцца рэгіянальныя СМІ.

    — Наша рэдакцыя вельмі маленькая. Мы пішам звычайна толькі пра Гродна. Але бачым, што нашыя тэксты як мінімум двойчы на дзень трапляюць у буйныя СМІ, — падкрэсліла журналістка. — У нас застаюцца сувязі з горадам. Ва ўмовах рызыкі нам перадаюць інфармацыю. Гэта дарагога варта.

    Ірына Новік таксама закранула балючае пытанне сыходу з прафесіі, нагадаўшы, што медыясектар у такім выпадку нясе каласальныя страты. Кожны журналіст з досведам — гэта інвестыцыі ў адукацыю, вопыт, прафесіянальныя скілы. Каб атрымаць такога спецыяліста, патрэбныя гады.

    ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON

    «У нейкі момант СМІ могуць перастаць быць беларускімі, як гэта адбываецца з некаторымі Telegram-каналамі»

    Паводле агульнай ацэнкі медыяпрафесіяналаў, сітуацыя з незалежнай журналістыкай выйшла на своеасаблівае плато. То бок сітуацыя ацэньваецца жахліва, але найбольш турбулентны перыяд у мінулым.

    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, характарызуючы стан у медыясферы, вылучыў тры этапы.

    — Першы — разгром. У адзін дзень у 2021 годзе былі затрыманыя 15 менеджараў Tut.by, а многія журналісты з’ехалі з краіны, — нагадаў ён. — Але пасля партал адрадзіўся і працягнуў працу як «Зеркало». Гэтак жа іншыя СМІ вымушаныя былі выехаць, часам губляючы сваіх рэдактараў. Гэтую стадыю мы прайшлі досыць хутка.

    Другі этап, паводле кіраўніка журналісцкай арганізацыі, гэта легалізацыя ў краінах знаходжання. Ён таксама амаль што пройдзены.

    — А вось трэці этап звязаны з тым, як утрымаць беларускія медыі ў цэнтры ўвагі. Цяпер незалежныя СМІ не могуць зарабляць за кошт рынкавых механізмаў. У Беларусі іх дзейнасць крыміналізаваная. Фінансаванне ажыццяўляецца за кошт грантаў. Гэта таксама можа прывесці да скарачэння гульцоў у медыясферы, — перасцярог Андрэй Бастунец.

    Паводле яго назіранняў, ёсць трывожная тэндэнцыя, калі медыі пачынаюць задаваць сабе пытанні, на якую аўдыторыю працаваць і ці ёсць неабходнасць змяняць тэматыку кантэнту. У нейкі момант СМІ могуць перастаць быць беларускімі, як гэта адбываецца з некаторымі Telegram-каналамі, якія цяпер засяродзіліся на асвятленні падзей ва Украіне.

    Чытайце яшчэ:

    Раўнабедраны трохкутнік. У Вільні праходзіць форум свабоднай журналістыкі

    У Сейме Літвы журналісту Ягору Марціновічу ўручылі прэмію «Надзея Свабоды»

    «Папяровыя шчыты не дапамагаюць». Юрысты ўздымаюць пытанне аб абароне крыніц інфармацыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia

    Больш матэрыялаў

    Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці