• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Закрытая прэм’ера батлейкі гурта Стары Ольса

    Гурт “Стары Ольса”, лідар сярэднявечнай музыкі Беларусі, паставіў спектакль у жанры батлейкі ў стылі Рэнесанса. У аснову лягла беларуская версія XVI стагоддзя аповесці пра Трыстана і Ізольду. Рэстаўрацыя традыцый, жывая музыка на старадаўніх інструментах і знакамітыя музыкі ў новай ролі!

    Ініцыятыва стварэння належыць яго заснавальніку і дудару Змітру Сасноўскаму. Гэта даўняя мара – аднавіць старадаўні варыянт батлейкі са спектаклем на сярэднявечны сюжэт, з жывой музыкай і інтэрмедыямі. Працу пачалі яшчэ ў канцы 2018 году.

    Па рэпертуары і прынцыпах увасаблення батлейкавы тэатр генетычна ўзыходзіць да заходнееўрапейскіх містэрый. Арганізатарамі відовішчаў звычайна былі законнікі каталіцкіх ордэнаў, вучні калегій. Распаўсюду батлейкі спрыялі вандроўныя семінарысты, якія ўносілі ў рэпертуар сюжэты школьнага тэатру. Хутка батлейку ад царкоўнікаў перанялі мяшчане і сяляне, і тэатр стаў народным, а ў рэпертуар стала ўвайшлі свецкія спектаклі.

    У розныя часы творцы з усяго свету звярталіся да легенды пра Трыстана і Ізольду: оперы, мюзіклы, фільмы, серыялы, драмы, навэлы. Але ўпершыню гэтая славутая гісторыя пастаўлена ў жанры батлейкі. Унікальнасць спектакля ў тым, што ён грунтуецца на беларускім варыянце аповесці пра рыцара Трыстана і каралеву Ізольду  – “Аповесці пра Трышчана”. Гэта помнік беларускай культуры XVI стагоддзя, які збярогся ў Пазнаньскім рукапісным зборніку. “Аповесць пра Трышчана” — найбольш поўны і ўнікальны славянскі варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай кельцкай легенды, перакладзены на беларускую ў свецкім асяроддзі ў 2‑й палове XVI стагоддзя з сербскай крыніцы.

    Сцэнарыстам і рэжысёрам выступіў Зміцер Сасноўскі. Над лялькамі працавалі майстар па гістарычных касцюмах Наталля Чарнышова і Аляксандра Шангіна, дэкарацыі стваралі мастакі Яўгенія Валента, Вольга Верашчака і Арсеній Кацэла. Акторы і музыкі – гурт “Стары Ольса”. Адметнасць батлейкі гурта — жывое суправаджэнне ўсяго спектакля старадаўняй музыкай. Гурт выкарыстоўвае максімальна дакладныя копіі старадаўніх інструментаў: дуда, колавая ліра, гуслі, шалмеі, сурма, ребек, лютня, цыстра, тромбамарына, барабаны і інш.

    Спектакль разлічаны на малодшых і старэйшых школьнікаў, іх бацькоў і ўсіх цікаўных да беларускай і старадаўняй культуры.

    Запрашаем на закрытую прэм’еру спектакля 18 сакавіка а 16:00.

    Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” (тэатральная зала, к. 212)

    г. Мінск, вул. Уральская, 41.

    Паказ спектакля адбудзецца ў рамках інтэрактыўнай адукацыйнай пляцоўкі «Музыка бяз межаў» для кіраўнікоў эксперыментальнага праекта і рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі г. Мінска, дзе ўдзельнікі змогуць азнаёміцца з інтэрактыўнымі формамі работы ў прафілактыцы дэвіянтных паводзінаў навучэнцаў.

    Калі ласка, пацвердзіце свой удзел на электронную пошту гурта staryolsa.official@gmail.com альбо па тэлефоне: Марыя Шарый, +37529 191–22-67 (Вайбер, Тэлеграм).

    Прэм’ерныя паказы спектакляў для ўсіх жадаючых адбудуцца ў час вясновых школьных канікул 30 і 31 сакавіка, 2 і 4 красавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (Мінск, вул. Кірава, 16). Квіткі ў продажы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці