Дэпартацыя, пазбаўленне акрэдытацыі

 

Беларускае заканадаўства прадугледжвае, што журналісты замежных сродкаў масавай інфармацыі маюць права ажыццяўляць прафесійную дзейнасць толькі пры наяўнасці акрэдытацыі, якая выдаецца Міністэрствам замежных спраў (арт. 35 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі»).

У пункце 15.2 Палажэння аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі пералічваюцца падставы для пазбаўлення акрэдытацыі журналіста ў выпадках:

- Паўторнага на працягу года парушэння вызначаных правіл акрэдытацыі альбо распаўсюду звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, прыніжаюць гонар і годнасць грамадзян і (або) іншых асоб;

- Парушэння журналістам замежнага сродку масавай інфармацыі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і гэтага Палажэння.

МЗС Беларусі неаднаразова выкарыстоўвала гэтыя шырокія і фактычна неабмежаваныя паўнамоцтвы, каб пазбаўляць акрэдытацыі замежных журналістаў. Для замежных грамадзян гэта прыводзіла да іх дэпартацыі з Беларусі і забароны на ўезд на працягу пэўнага тэрміну. Часцяком пазбаўленне акрэдытацыі ішло адразу за вострымі рэпартажамі пра сітуацыю ў Беларусі.

Так, першым быў пазбаўлены акрэдытацыі і з прычыны гэтага дэпартаваны з краіны ў 1997 годзе карэспандэнт расійскага тэлеканала НТВ Аляксандр Ступнікаў, які падрыхтаваў рэпартажы пра жорстка разагнаную міліцыяй масавую акцыю пратэсту супраць падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

У 2004 годзе МЗС Беларусі пазбавіла акрэдытацыі чатырох супрацоўнікаў карпункта расійскага тэлеканала «Расія», абвінаваціўшы іх (у прыватнасці, Дзмітрыя Пятрова) у завышэнні колькасці ўдзельнікаў акцыі апазіцыі. Яны таксама былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Сярод прычын для пазбаўлення акрэдытацыі і дэпартацыі таксама фігуравалі адміністрацыйныя правапарушэнні, якія не маюць ніякага дачынення да заканадаўства аб СМІ.

Падобны выпадак адбыўся ў 2011 годзе з рэдактарам расійскага праваабарончага інфармагенцтва «Свабода» Аляксандрам Лашманкіным, які ехаў у Беларусь для асвятлення судовых працэсаў над удзельнікамі «масавых беспарадкаў» і магчымых вулічных акцый пратэсту. Ён быў зняты з цягніка пасля ўезду ў Беларусь у горадзе Орша транспартнай міліцыяй і затым прыцягнуты да адказнасці за «нецэнзурную лаянку пры затрыманні». Cуд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе трох сутак адміністрацыйнага арышту. Гэта стала падставай для пазбаўлення яго акрэдытацыі беларускім МЗС і дэпартацыі з краіны.

Нават наяўнасць акрэдытацыі не з'яўляецца для замежных журналістаў гарантыяй магчымасці працаваць у Беларусі. Даволі часта беларускія ўлады забараняюць уезд у краіну «непажаданым» замежным журналістам. Напрыклад, у 2005 годзе карэспандэнтцы польскага тэлеканала TVP анулявалі візу пры спробе заехаць у Беларусь, нягледзячы не наяўнасць гадавы акрэдытацыі МЗС. Аналагічныя выпадкі адбыліся з карэспандэнтам польскай «Gazety Wyborczej» Вацлавам Радзівіновічам, супрацоўнікамі ўкраінскага тэлеканала «5 канал» Андрэем Жыгуліным і Віталём Дарашэнкам і шэрагам іншых замежных журналістаў.
 

Матэрыялы па тэме сюжэта

Навіны

Заблакаваныя рахункі ва Украіне, пытанні легалізацыі — праблемы журналістаў у выгнанні ўвайшлі ў даклад ПАРЕ

Беларускія журналісты, якія працуюць у выгнанні, сутыкаюцца з такімі ж праблемамі, як і іншыя суайчыннікі — складанасці ў легалізацыі, доступ да банкаўскіх рахункаў, блакаванне заробкаў. Гэта адзначаецца ў дакладзе, падрыхтаваным Міграцыйным камітэтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ). Даклад будзе разгледжаны на сесіі ў чэрвені. Беларуская асацыяцыя журналістаў дзякуе прадстаўнікам ПАРЕ за супрацоўніцтва пры падрыхтоўцы даклада.

Акцэнты

Шэнгенскі бан для журналіста і праваабаронцы. Як бюракратыя прыводзіць да жыццёвай драмы

У складаную сітуацыю трапіў магілёўскі журналіст і праваабаронца Алесь Буракоў-старэйшы. Юрыдычная калізія можа абрынуцца жыццёвай драмай. Праз рашэнне польскіх уладаў ён не можа ўязджаць у краіны шэнгенскага пагаджэння, а Грузію, дзе ён знаходзіцца цяпер, давядзецца пакінуць у хуткім часе.

Макей і Вашчыкоўскі не дамовіліся пра акрэдытацыю "Белсата" Навіны

Кіраўнік МЗС Польшчы: Абмеркаванне пытання аб акрэдытацыі тэлеканала "Белсат" яшчэ наперадзе

Абмеркаванне пытання аб акрэдытацыі тэлеканала "Белсат" яшчэ наперадзе, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі 22 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасля сустрэчы з беларускім калегам Уладзімірам Макеем.

Радаславу Дамброўскаму адмовілі ў беларускай візе Навіны

Супрацоўніка «Беларускага Радыё Рацыя» не пускаюць у Беларусь

Радаславу Дамброўскаму адмовілі ў беларускай візе, якую ён рабіў па запрашэнні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, – паведаміў сайт www.racyja.com.

Навіны

Журналісту «Беларускага Радыё Рацыя» забаранілі ўезд у Беларусь

Радаслаў Дамброўскі збіраўся наведаць Белавежскую пушчу 12 чэрвеня ў фармаце бязвізавага рэжыму разам з першай турыстычнай групай з Польшчы.

Акцэнты

“Гэтак можна будзе пазбаўляць журналістаў акрэдытацыі за парушэнне правілаў дарожнага руху...” (+Гісторыя пазбаўлення акрэдытацыі і дэпартацый з 1997 г.)

Намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец каментуе навіну пра пазбаўленне акрэдытацыі журналіста “Еўрапейскага радыё для Беларусі” Паўла Свярдлова.