1219

Касацыйныя скаргі гродзенскіх БАЖаўцаў адхілілі

14.01.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Абласны суд ў Гродна (суддзя Мікалай Рачынскі) 14 студзеня не задаволіў касацыйную скаргу сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Уладзіміра Хільмановіча.

Сп. Хільмановіч аспрэчваў пастанову суддзі Свіслацкага раённага суда Жанны Салагубік ад 8 снежня – тады яна пастанавіла аштрафаваць яго на 40 базавых велічынь за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным мітынгу і шэсці (арт. 23.34 КаАП).

Гаворка ідзе пра мерапрыемства, што адбылося 31 кастрычніка 2015 года ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці з нагоды традыцыйнага святкавання Дня памяці паўстанцаў Каліноўскага 1863-­га года. Больш за сотню чалавек усклалі кветкі да магілы брата Кастуся Каліноўскага, ушанавалі памяць Каліноўскага ў Свіслачы і ў Якушоўцы, дзе калісьці стаяў дом сям’і Каліноўскіх. Мерапрыемства прайшло пад пільным наглядам супрацоўнікаў унутраных спраў.

12 студзеня гродзенскі аблсуд таксама адхіліў касацыйную скаргу публіцыста, сябра ГА “БАЖ” Віктара Сазонава. Яго суд Свіслацкага раёна аштрафаваў на 10 базавых велічынь 3 снежня на той жа падставе.

Уладзімір Хільмановіч заявіў Службе маніторынгу ГА “БАЖ”, што не меў ілюзій наконт лёсу сваёй касацыйнай скаргі:

–Суддзі абласнога ўзроўню заўсёды бяруць бок суддзяў раённых судоў, – падзяліўся ён назіранямі. – Калі грамадзянін па якой-кольвек справе сутыкаецца з дзяржаўнымі органамі, міліцыяй ці іншымі прадстаўнічымі органамі, то шанцы выйграць касацыйную скаргу зводзяцца амаль да нуля. Але я падаю гэтыя скаргі, бо лічу, што трэба змагацца за свае канстытуцыйныя правы, і буду абскарджваць рашэнне ў вышэйшых інстанцыях з мэтай дайсці да Камітэта па правах чалавека ААН.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!