1019

На рэдактара сайта Intex-press склалі пратакол за захоўванне “экстрэмісцкіх матэрыялаў”

05.01.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Рэдактара сайта баранавіцкай газеты Intex-press Руслана Равяку 4 студзеня выклікалі ў Баранавіцкі гарадскі аддзел унутраных спраў “для апытання па матэрыяле праверкі”.

У міліцыі журналіст даведаўся, што ў дачыненні да яго распачалі адміністрацыйную справу паводле арт. 19.11 КаАП.

Высветлілася, што ў камп’ютары, які быў забраны ў Руслана Равякі супрацоўнікамі КДБ у ліпені 2021 года падчас вобшуку у рэдакцыі Intex-press,  знайшлі экстрэмісцкі матэрыял — кнігу Адольфа Гітлера “Мая барацьба”.

Як тлумачыць сам журналіст, гэтым камп’ютарам ён карыстаўся дзесьці з 2013 ці 2015 года, але файл са згаданай кнігай пазначаны 2007 годам.

“На мяне склалі адміністрацыйны пратакол за захоўванне матэрыялаў, унесеных у спіс экстрэмісцкіх. Я напісаў, што не згодны з пратаколам, бо не ведаю, адкуль у камп’ютары з’явіўся гэты файл”, — распавёў Руслан Равяка.

Суд па гэтай справе прызначаны на 12 студзеня ў Баранавічах. Камп’ютар журналіста зараз знаходзіцца у міліцыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!