
Першы нарматыўны прававы акт, спецыяльна прысвечаны прававому рэгуляванню стасункаў у сетцы Інтэрнэт, быў прыняты ў 2010 годзе – Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт». Вядучая роля ў яго рэалізацыі адводзілася Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (ААЦ), які і да сёння з'яўляецца ўпаўнаважаным дзяржаўным органам у сферы бяспекі выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт.
Абмежаванне доступу
Указ прэзідэнта № 60 прадугледжвае абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў з незаконным або непажаданым кантэнтам (для дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама арганізацый адукацыі, культуры – у абавязковым парадку; для іншых карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг – на іх запыт).
На практыцы блакаванне тых ці іншых сайтаў у дзяржаўных органах ажыццяўлялася без санкцыі суда на падставе «чорнага спісу», які рассылаўся па інтэрнэт-правайдарах. Гэты спіс не абнародавалі. Уладальнікам сайтаў не паведамлялі пра ўключэнне ў спіс «забароненых» сайтаў, і таму яны не маглі даведацца, які дзяржаўны орган і па якіх матывах іх туды ўключыў. Сярод рэсурсаў, якія фігуравалі ў спісе абмежаванага доступу, былі charter97.org, belaruspartisan.org, блог Яўгена Ліпковіча ў ЖЖ, праваабарончы сайт spring96.org і інш.
Сітуацыя крыху змянілася пасля ўнясення змяненняў у Закон «Аб сродках масавай інфармацыі», якія набылі сілу на пачатку 2015 года. У адпаведнасці з новым артыкулам 51.1, «Абмежаванне доступу да прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, якая распаўсюджваецца з дапамогай інфармацыйнага рэсурсу (яго складовай часткі), размешчанага ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт», рэалізуецца па рашэнні Міністэрства інфармацыі ў сувязі з распаўсюдам забароненай заканадаўствам інфармацыі.
Забароненымі з'яўляюцца прапаганда гвалту, вайны, жорсткасці, экстрэмісцкай дзейнасці, спажывання і выкарыстання наркатычных і псіхатропных рэчываў, парнаграфія, а таксама інфармацыя, здольная нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны.
Блакавацца могуць не толькі рэсурсы беларускага сегменту Інтэрнэт, але і тыя, што знаходзяцца за яго межамі. Блакаванне магчыма нават за аднаразовае парушэнне, на працягу трохмесячнага тэрміну з дня ўзнікнення падставаў. Яно ажыццяўляецца правайдарамі па рашэнні Міністэрства інфармацыі ў пазасудовым парадку, прычым у законе нічога не гаворыцца пра магчымасць яго судовага абскарджання. Патрабаванні пра ліквідацыю парушэнняў заканадаўства аб СМІ могуць прад'яўляць не толькі Міністэрства інфармацыі, але і іншыя дзяржаўныя органы.
19 лютага 2015 г. ААЦ і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі сумеснай Пастановай № 6/8 зацвердзілі новае Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў у Інтэрнэце, у адпаведнасці з якім дапускаецца абмежаванне доступу да сайтаў:
- уладальнікам якіх на працягу года вынесена два і больш пісьмовых папярэджанні Міністэрства інфармацыі;
- якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў, іншую інфармацыю, забароненую або абмежаваную да распаўсюду ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама з рашэннямі суда, якія ўступілі ў законную сілу;
- уладальнікі якіх не выканалі законнага патрабавання дзяржаўнага органа ліквідаваць парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
Спіс абмежаванага доступу фармуецца на падставе рашэнняў Міністэрства інфармацыі. Зараз доступ да непажаданых інтэрнэт-рэсурсаў абмяжоўваецца ў абавязковым парадку не толькі для дзяржаўных органаў і арганізацый, установаў адукацыі, культуры, але і для ўсіх іншых беларускіх карыстальнікаў Інтэрнэту. «Чорны спіс» па-ранейшаму не з'яўляецца агульнадаступным. Па стане на май 2015 года ў спісе знаходзіліся 18 сайтаў.
Адказнасць за каментары
Для Беларусі стала звычайнай практыкай прыцягненне да адказнасці за выказванні (фотаздымкі, відэаролікі), размешчаныя ў Інтэрнэце, што сведчыць пра пільную ўвагу да яго з боку ўладаў. Напрыклад, драматург Андрэй Карэлін быў пакараны штрафам за негатыўныя каментары на адрас беларускай міліцыі, пакінутыя на сайце tut.by.
Вядомы выпадак, калі аўтар каментара быў прызнаны вінаватым і аштрафаваны на буйную суму па артыкуле 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Абраза суддзі або народнага засядальніка». Неаднаразова размяшчэнне фатаграфій у Інтэрнэце грамадскімі актывістамі расцэньвалася як правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і цягнула за сабой адміністрацыйную адказнасць.
З пачатку 2015 сітуацыя з каментарамі набыла новую спецыфіку. З прыняццем змяненняў у артыкул 38 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» адказнасць за кантэнт распаўсюджваецца і на ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, якія абавязаныя «не дапускаць выкарыстання гэтага інфармацыйнага рэсурсу (яго складовай часткі) для распаўсюду інфармацыі, змест якой супярэчыць патрабаванням гэтага Закона. Такім чынам, з'явіліся прававыя падставы для прыцягнення іх да адказнасці (аж да блакавання інтэрнэт-рэсурсаў). Пры гэтым у Законе выразна не пазначана, у якія тэрміны і якія дзеянні павінен здзейсніць уладальнік сайта, каб пазбегнуць адказнасці за размешчаны каментар.
Аналагічныя палажэнні змешчаныя ў Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў», прынятым у канцы 2014 года. Яны абавязваюць уладальнікаў Інтэрнэт-рэсурсаў «аналізаваць змест інфармацыйных рэсурсаў, якія ім належаць, і не дапускаць іх выкарыстання для распаўсюду паведамленняў і (або) матэрыялаў, накіраваных на незаконны абарот наркотыкаў; інфармаваць органы ўнутраных спраў пра спробы выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, якія ім належаць, для распаўсюду паведамленняў і (або) матэрыялаў, накіраваных на незаконны абарот наркотыкаў».
Гэтыя новаўвядзенні супярэчаць палажэнням Указа Прэзідэнта № 60, у адпаведнасці з якім адказнасць за змест інфармацыі, якая размяшчаецца (перадаецца) у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт, нясуць асобы, якія размясцілі (перадалі) гэтую інфармацыю. Відавочна, што гэты канфлікт патрабуе вырашэння, і, верагодна, гэта адбудзецца не на карысць уладальнікаў сайтаў. Як паведаміла Міністр інфармацыі Лілія Ананіч, падрыхтаваны праект змяненняў ва Указ Прэзідэнта № 60 з мэтай яго ўзгаднення з новаўвядзеннямі. У часе анлайн-канферэнцыі 19 студзеня 2015 яна падкрэсліла, што «орган дзяржаўнага кіравання... будзе выносіць уладальнікам рэсурсаў папярэджанне, калі актуальныя каментарах змяшчаецца інфармацыя, распаўсюд якой забаронены законам, альбо наносіць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, альбо ўтрымлівае непраўдзівую, абразлівую інфармацыю”.
Кантроль за карыстальнікамі
Яшчэ Указам № 60 быў замацаваны намер дзяржавы ўвесці кантроль за карыстальнікамі Інтэрнэту – на пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг ускладаўся абавязак забяспечваць фармаванне і захоўванне актуальных звестак пра інфармацыйныя рэсурсы, якія наведваюць карыстальнікі, аднак тады не называўся тэрмін рэалізацыі гэтага новаўвядзення. Дэкрэт Прэзідэнта «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» прадугледжвае для гэтага канкрэтную дату – з 1 студзеня 2016 года.
Відавочна, што збор правайдарамі звестак пра карыстальнікаў Інтэрнэту матываваны неабходнасцю процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў, стварае магчымасць для татальнага кантролю за імі, паколькі такія базы дадзеных могуць выкарыстоўвацца дзяржаўнымі органамі і для іншых мэтаў. Паколькі ў Беларусі адсутнічае незалежны наглядны орган і механізм кантролю суб'екта дадзеных за выкарыстаннем інфармацыі пра яго (атрыманнем паведамленняў пра тое, хто і навошта атрымлівае доступ да гэтых звестак), гэта прывядзе да замах на таямніцу асабістага жыцця грамадзян, неад'емнымі складнікамі якой з'яўляюцца ананімнасць і таямніца карэспандэнцыі.