4417

Сямʼю журналістаў у гадавіну шлюбу ўлады «павіншавалі» штрафам $ 1 000

13.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Кобрыне завяршыўся суд над незалежнымі журналістамі. Алеся Леўчука аштрафавалі на 10 базавых велічынь па артыкуле 23.4 КаАП — непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, і на 50 базавых па артыкуле 22.9 частцы 2 КаАП — парушэнне парадку вырабу прадукцыі СМІ. Мілане Харытонавай 5 плюс 20 базавых па тых жа артыкулах.

Вёў працэс суддзя Вадзім Здановіч.

Сведкі нават у судзе не маглі ўцямна патлумачыць на якой падставе мы мусілі быць затрыманыя. Быў загад схапіць, дык і хапалі. Пратакол Алеся Леўчука быў сфальсіфікаваны. У тым пратаколе, што быў у судзе, зʼявіліся дапіскі, якіх няма ў копіі, што выдалі нам пасля затрымання, — распавяла Мілана Харытонава.

Журналісты «Белсата» былі жорстка затрыманыя невядомымі людзьмі ў цывільным 18 сакавіка ў Кобрыне. Акрамя таго ў журналістаў адабралі прафесійную тэхніку.

Харытонава і Ляўчук засведчылі цялесныя пашкоджанні, якія ім нанеслі падчас затрымання ў Кобрыне.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!