• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Самым эмацыйна складаным момантам была ноч ля Акрэсціна» — гутарка з Аляксеем Палуянам, чый фільм пра падзеі жніўня трапіў на Берлінале

    Самае цікавае Берлінале пакінуў напаследак: 11 лютага яго дырэктар Карла Шатрыян расказаў пра дзве апошнія секцыі кінафестывалю і такім чынам завяршыў абвяшчэнне праграмы. У падборцы Berlinale Special аказалася і дакументальная карціна Аляксея Палуяна «Кураж», у якой паказаны падзеі жніўня пасля выбараў у Беларусі.

    Рэжысёр з Баранавічаў жыве ў Германіі, а публіцы ён вядомы кароткаметражкай «Возера радасці» паводле рамана Віктара Марціновіча, што пабывала на сямідзесяці фэстах і кваліфікавалася на прэмію «Оскар». Мы пагаварылі з Аляксеем пра здымкі «Куражу» ў жніўні, інтарэс кінафестываляў да тэмы Беларусі і што для яго значыць прэм’ера на Берлінале.

    — Ці слушна назваць «Кураж» беларускім фільмам?

    — Я лічу, слушна: ён на сто адсоткаў зняты ў Беларусі, амаль на сто адсоткаў беларускай камандай. Толькі адзін з аператараў — немец Есэ Мазух, але асноўныя падзеі здымала наша Таня Гаўрыльчык (былая відэааператарка «Нашай Нівы» — «НН»). Гэта абсалютна беларускі фільм, але ў ім ні цэнта беларускіх грошай. Я змагаўся за тое, каб на Берлінале былі пазначаныя дзве краіны вытворчасці, але юрыдычна вытворчасць усё ж нямецкая.

    — Пра што распавядае твой фільм?

    — Пра трох мастакоў — у сэнсе, мастакоў паводле ўспрымання свету. Яны трымаюцца сваіх жыццёвых прынцыпаў і на ўласным досведзе ведаюць, чаго каштуе быць незалежным творцам у Беларусі. Мае героі — акцёр і музыка Дзяніс Тарасенка і акцёры «Свабоднага тэатра» Павел Гарадніцкі і Марына Якубовіч. Я здымаў іх з канца 2018 года, але з дваццаць шостай хвіліны ў фільме толькі жнівень.

    — Наколькі падзеі ў Беларусі пасля выбараў перавярнулі ідэю карціны?

    — Не магу сказаць, што яны абсалютна ўсё змянілі, але паўплывалі моцна. Жнівень даў фільму той самы нерв дакументалістыкі і дазволіў паставіць экзістэнцыйныя пытанні. Раней сказаць «беларускі незалежны мастак» можна было толькі чалавеку, які ведае наш кантэкст: ён адразу разумеў, пра што ідзе гаворка. Калі яшчэ да жніўня я паказваў свой саракахвілінны мантаж заходнееўрапейцам, яны не разумелі, у чым канфлікт фільма: героі выглядаюць як хіпстары з Кройцбергу ў Берліне, файна апранутыя, рэпетуюць у лофце, ставяць сацыяльна-крытычныя п’есы — усё супер. Людзі не разумелі, чаго ўсё гэта каштуе ў беларускіх абставінах. А пасля падзей жніўня жыццё і спектаклі маіх герояў сталі ўспрымацца зусім па-іншаму, тут ужо паўстала пытанне ледзь не выжывання.

    — Раскажы пра акалічнасці здымак у самыя гарачыя дні.

    — Я здымаў 9 жніўня ля Стэлы, 10-га на Пушкінскай за паўгадзіны да таго, як там застрэлілі Тарайкоўскага. Канечне, самым эмацыйна складаным момантам была ноч ля Акрэсціна, калі адтуль выходзілі вязні. Яшчэ ў траўні я зразумеў, што народ проста так не праглыне прыніжэнне з каронавірусам. Я ўсведамляў, што пасля выбараў будзе жорсць, таму быў падрыхтаваны да здымак: набыў нейкую ахоўную экіпіроўку, купіў маленькую тэхніку, якую ў выпадку затрымання было б не шкада. Насамрэч, мне проста пашанцавала. На Стэле выратавала тое, што нейкі аўтобус гераічна развярнуўся насупраць тэхнікі і АМАПу і даў магчымасць людзям адысці. Яшчэ да гэтага мяне заліў вадамёт, я падумаў, што здымкі скончаны, і сышоў. Кіроўца, які мяне паўсюль вазіў, таксама выратаваў. Я здымаў кожны дзень да 30 жніўня, у мяне было тры схованкі, у апошнія дні ўвогуле пачалася параноя. Я меў унікальны матэрыял, нельга было, каб мяне тупа затрымалі, я турбаваўся, што тады не будзе фільма, які пакажа праўду. Аднойчы мяне нават цягнулі ў бус. 2 верасня я з’ехаў і планаваў праз два тыдні вярнуцца, але потым стала зразумела, што гэта небяспечна.

    — Ці адчуваеш ты сёлета асаблівы інтарэс кінафестываляў да беларускай тэмы?

    — Канечне, апроч Берлінале «Кураж» ужо адабраны на пяць кінафестываляў і ўсе яны — высокага рангу. Спадзяюся, мой фільм выбіраюць не толькі з‑за тэмы, гэта было б дзіўна. Але так, Беларусь цяпер цікавая, пытанне толькі, ці будуць фільмы, якія задаволяць гэты інтарэс.

    — «Возера радасці» не трапіла ў шорт-ліст «Оскара». Ты расстроіўся?

    — Не, ты што. Я ведаю, што еўрапейскае аўтарскае кіно, амаль без слоў, на такую тэму нерэальна прасунуць на амерыканскі рынак.

    — Карціна была паказаная на сямідзесяці фестывалях і атрымала трыццаць узнагарод. Ты зарабіў на «Возеры»?

    — Хіба вярнуў свае грошы, якія ў яго ўклаў. Ну можа быць, 5–10 тысяч еўра зарабіў. У выпадку з кароткім метрам галоўнае — перайсці на прыступку, на якой табе прасцей шукаць фінансаванне на наступны поўнаметражны праект. Фестывалі для гэтага і патрэбны: задаволіць аўтарскае эга і знайсці грошы.

    — «Возера радасці» дапамагло табе ў пошуку грошай?

    — Так, з «Куражом» ужо было прасцей, у мяне таксама ёсць пачатковае фінансаванне на наступны мастацкі фільм.

    — А аўтарскае эга ты задаволіў?

    — Думаю, так. Важна яшчэ, што ў свеце крыху больш даведаліся пра беларусаў. Беларускія фільмы на міжнародных фестывалях ствараюць хоць нейкі варушняк: калі ў краіне няма кінаіндустрыі, застаецца развіваць беларускае кіно такімі партызанскімі метадамі.

    — Ты жывеш у Германіі, а здымаеш пра Беларусь. Чаму не здымаць у Германіі пра Германію альбо вяртацца ў Беларусь і здымаць тут?

    — Пра Германію я не магу здымаць, бо не разумею гэтую краіну так добра, як сваю. Трэба пражыць тут пяцьдзесят гадоў, каб хоць крыху спасцігнуць яе і нямецкае грамадства. Пра што мне яшчэ здымаць, як не пра Беларусь? Я проста па-добраму выкарыстоўваю для гэтага магчымасці, якія знаходжу ў Германіі. Немцы глыбей глядзяць на свет, чым мы думаем, гэта глабальная краіна, тут разумеюць, што беларус можа стварыць выдатнае кіно і зрабіць гэтым карысць нямецкаму кінематографу. Праўда, калі гаворка ідзе пра вялікія грошы, канечне, у праекце павінна быць нешта нямецкае. У маім наступным фільме будуць і Беларусь, і Германія.

    — Ён раптам не пра Другую сусветную?

    — Не, там нашая рэчаіснасць і час, калі я з’явіўся на свет.

    — Што новага ты даведаўся пра беларусаў падчас здымак «Куражу»?

    — Што, магчыма, у нашай мірнасці, за якую нас крытыкуе хто толькі можа, ёсць нешта асабліва разумнае. Усе гэтыя «маглі б» вядуць да неабдуманых крокаў, бо дзе эмоцыі, там памылкі, а знайсці баланс — гэта мастацтва. Напэўна, таму беларусы, калі эмоцыі сціскаюцца як спружына, адразу думаюць: «Так, уключай галаву, уключай галаву».

    — З якімі адчуваннямі ты з’язджаў з Беларусі ў пачатку верасня?

    — Вельмі не хацелася з’язджаць, бо было прадчуванне, што нешта адбудзецца — нешта альбо цудоўнае, альбо вельмі кепскае. Але ўжо ў Германіі я зразумеў, што ні цудоўнага, ні кепскага ў бліжэйшы час не будзе.

    — Ці хапіла табе матэрыялу, які ты зняў у жніўні, альбо добра было б усё ж вярнуцца праз два тыдні?

    — Матэрыялу столькі, што можна два фільмы зрабіць. Мы вельмі інтэнсіўна мантавалі, бо я хацеў паспець на Берлінскі кінафестываль. Дзе праводзіць прэм’еру «Куражу», як не ў Берліне — горадзе, які быў падзелены паміж дзвюма краінамі? Хто, як не берлінцы, ведае, колькі каштуе свабода? Дэдлайнам падачы быў пачатак лістапада, фестываль даў нам яшчэ два тыдні, то-бок давялося два з паловай месяца рок-н-роліць. Увогуле добра было б гэты матэрыял яшчэ годзік памяць, але фільм патрэбны цяпер, да таго ж рэчаіснасць мяняецца. Пакуль што «Кураж» і патавая сітуацыя ў ім актуальныя.

    — Што ты адчуў, калі даведаўся, што ты — у праграме Берлінале?

    — Хочацца сказаць нешта рамантычнае, але такога не было. Гэта быў доўгі шлях: перасоўванне з адной секцыі ў другую, перамовы з іншымі фестывалямі, таму на момант афіцыйнага пацверджання ў мяне было проста адчуванне стомленасці. Ужо пасля прыйшло разуменне, што адбылося нешта цудоўнае. Для мяне важна, што прэм’ера «Куражу» адбудзецца менавіта на Берлінале: я восем гадоў прыязджаў на гэты фестываль і марыў, што калі-небудзь беларускі фільм будзе тут паказаны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці