• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я не веру, што пасля смерці Лукашэнкі прыйдзе іншы дыктатар». Размова з беларускамоўным дэпутатам літоўскага Сейма

    Неверагодна, але факт: літоўскі дэпутат Сейма валодае беларускай мовай на такім узроўні, што многія беларусы могуць толькі пазайздросціць. БАЖ паразмаўляла з Томасам Тамілінасам пра беларускасць у яго жыцці, ці дапамагае гэта яму ў працы і якую будучыню палітык бачыць для дзвюх краін.

    «Дзяцінства я праводзіў у вёсцы, дзе старэйшае пакаленне размаўляла па-беларуску»

    — Вы добра валодаеце беларускай мовай. Чаму вырашылі яе вывучаць?

    — Ёсць два чыннікі. Па-першае, мае сваякі жылі каля мяжы з Беларуссю, дзе размаўляюць па-тутэйшаму. Гэтую мову таксама называюць польскай, але яна такая ж польская як мая доля. Хутчэй, беларуская. Дзяцінства я праводзіў у вёсцы, дзе старэйшае пакаленне размаўляла па-беларуску.

    А па-другое, мой лепшы сябар — свядомы беларус, ён з Гародні. Мы з ім шмат гадоў рабілі розныя праекты і яшчэ ў студэнцтве пачалі размаўляць паміж сабой па-беларуску. Тады ўзгадаўся моўны кантэкст з дзяцінства, калі была закладзеная аўтэнтычная база.

    — Гэта дапамагае ў працы?

    — Апошнім часам мне даволі часта даводзіцца размаўляць па-беларуску, бо цяпер у Літве вялікая беларуская дыяспара.

    Але і раней такая неабходнасць была. Я актыўна ўдзельнічаў у розных праектах, звязаных з беларускай павесткай. Падчас гэтай працы моўныя веды вельмі спатрэбіліся.

    Акрамя таго, мяне часта запрашаюць беларускія медыя, якія любяць браць інтэрв’ю менавіта на беларускай мове. Напрыклад, у эфіры тэлеканала «Белсат» я бываю раз на два тыдні.

    — Часта здзіўляюцца, што літовец выдатна размаўляе па-беларуску?

    — Увесь час! Але ж я вельмі добра ведаю беларускі кантэкст, і тут няма нічога дзіўнага.

    Моўная праблема  — вялікая. Апошнія гады ідзе барацьба, каб яна не была канчаткова задушаная Лукашэнкам. Я бачу, што беларусам вельмі цяжка на побытавым узроўні вяртацца да сваёй мовы.

    — У чым была асноўная складанасць у вывучэнні? Хто дапамагаў у практыцы?

    — Толькі само жыццё. А таксама імкненне, звязанае з намаганнем дапамагчы Беларусі ў дэмакратызацыі.

    Калі я быў студэнтам, мы арганізоўвалі шмат розных ініцыятыў. Напрыклад, некалі рыхтавалі канцэрт N.R.M. у Вільні. Вядома, з Лявонам Вольскім я размаўляў па-беларуску. І песні яго слухаў і перакладаў, каб разумець тэксты.

    «Мова — асноўны клей для кожнага народа»

    — Штучны інтэлект назваў некалькі адметных прыкмет беларускай мовы, сярод якіх фанетычная мяккасць і багатая лексіка. А якія асаблівасці бачыце вы?

    — Шчыра кажучы, я з лінгвістычнага пункту гледжання пра беларускую мову не думаў. Стаўлюся да яе больш натуральна. Кожная мова — унікальная, арыгінальная і багатая па-свойму. У тым ліку беларуская. У яе ёсць тое, што не сустракаецца ў іншых.

    — Ці чыталі якія-небудзь літаратурныя творы на беларускай мове?

    — Не вельмі шмат. У школе не было курса беларускай літаратуры. Але базавыя рэчы чытаў, у прыватнасці, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Часцей чытаю розныя медыя, цяпер па большай частцы — Telegram-каналы.

    — У Літве надзвычай каштоўнаснае і педантычнае стаўленне да роднай мовы. Чаму гэта важна захоўваць?

    — Мова — галоўная рыса канкрэтнай нацыі. Асноўны клей для кожнага народа. Лепш яе ведаць і развіваць, чым не.

    Аднак калі атрымліваецца, што частка людзей не размаўляе на роднай мове, то не трэба прыніжаць і рабіць тэрор. Украінскі прыклад, на мой погляд, добры. З аднаго боку вяртаюць сабе сваё, з другога — нармальна ставяцца да іншых моў.

    Літоўцы гэтаксама рабілі, але ў нас асаблівай праблемы ніколі не было. Мова заўсёды прысутнічала ў нашым грамадстве, нават за савецкім часам.

    «Беларусы былі даўно падрыхтаваныя»

    — Вы ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і ўзгадненні законапраектаў у сферы правоў чалавека, якая сур’ёзна пацярпела ў Беларусі. Сочыце за сітуацыяй у РБ? Як ацэньваеце?

    — Гэта класічная дыктатура, якая цяпер не хаваецца. У Беларусі няма ні свабоды слова, ні свабоды сходаў, якія вельмі натуральныя для большасці еўрапейскіх краін. Але ж гэта вельмі даўняе пытанне.

    — Аднак такога ніколі не было…

    — Не пагаджуся. І раней у Беларусі былі палітзняволеныя і нават забойствы. А ў 2020 годзе палітыка многіх дагнала.

    Лічу, што беларусы даўно былі падрыхтаваныя, у адрозненне ад расейцаў, якія думалі, нібыта жывуць у дэмакратыі.

    — Розніца толькі ў маштабах?

    — Так. І ў бязмежжы.

    — Ці дастаткова інфармацыі пра гэта ў Літве і заходніх медыя агулам?

    — У Літве — так. А ў заходніх медыя — не. Там нават палітыкі не ведаюць кантэксту. Пасля пачатку вайны ва Украіне яны хаця б трохі зразумелі сітуацыю ў Расеі. А тое, што адбываецца ў Беларусі і чым яна адрозніваецца ад РФ, не ўсім вядома.

    Таму Літва павінна быць амбасадарам беларускага свабоднага грамадства на Захадзе і распаўсюджваць інфармацыю. У сувязі з гэтым добра, што пасля 2020 года ў вас з’явіліся прызнаныя лідары, інстытуцыі. Ёсць, з кім весці перамовы.

    — Чым займаецца асацыяцыя Belarus Watch, якую вы заснавалі?

    — Першымі дэмакратычнымі праектамі з беларускімі свабоднымі арганізацыямі. У прыватнасці, назіралі за выбарамі, праводзілі палітычную адукацыю, выдавалі літаратурныя творы, праводзілі канцэрты.

    Але гэта было сто гадоў таму, яшчэ да масавай міграцыі і рэлакацыі ў Вільню Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Чым Belarus Watch займаецца цяпер, на жаль, не ведаю.

    «Маю спадзеў, што калі зменіцца рэжым, то Беларусь стане адной з краін Балтыі»

    — Літва стала прытулкам для многіх незалежных медыя і журналістаў з Беларусі. Якое гэта мае значэнне для будучыні дзвюх краін?

    — Вялікае. Тут жа прысутнічае не толькі палітычнае асяроддзе, але існуе шмат кампаній з беларускімі каранямі. Маю спадзеў, што калі зменіцца рэжым, то Беларусь стане адной з краін Балтыі. Яна больш падобная да нас, чым да Польшчы.

    — Але сітуацыя зацягваецца і толькі пагаршаецца ў сувязі з вайной ва Украіне. На вашу думку, ці доўга будзе працягвацца гэты перыяд? Што стане маркерам змены сітуацыі?

    — Мне здаецца, што беларусы ўжо ўсё зрабілі. У 2020 годзе было тое, што маркерна аддзяляе час на «да» і «пасля». Грамадства выказала думку, праявіла сваю праеўрапейскасць. Засталося гэта толькі аформіць.

    Я не веру, што пасля смерці Лукашэнкі прыйдзе іншы дыктатар. Гэта вельмі персаналісцкая дыктатура. Цяпер рэжым трымаецца на рэпрэсіях, як і ў Расіі. Пытанне часу, калі давядзецца абвяшчаць выбары, і ўсё пойдзе па лепшым шляху.

    Ведаю, што многія беларусы хвалююцца наконт прарасейскасці пэўнай часткі грамадства, але не перажывайце — гэта не працуе. У Літве таксама ёсць людзі, якія глядзяць расейскае тэлебачанне, але гэта не мае ўплыву на палітычныя працэсы.

    Нейтральная частка соцыуму там, дзе ініцыятыва і моц, а яны — на баку дэмакратычных сіл.

    — У Індэксе свабоды прэсы за 2023 год Літва займае 7‑е месца, а Беларусь — 157‑е. Як зрабіць так, каб права на інфармацыю не зневажалася, а журналісты маглі выконваць працу паўнавартасна?

    — Гэта ідзе пакетам. Калі будзе дэмакратыя, то змены адбудуцца цалкам. Ёсць такое паняцце як базавы кансэнсус. Яго няма, бо дыктатура трымаецца за ўладу. А калі прыходзіць дэмакратыя, то адразу знаходзіцца кансэнсус наконт выбараў, свабоды слова, геапалітычнай арыентацыі.

    Упэўнены, базавы кансэнсус будзе ў Беларусі. А свабода слова стане адным з важнейшых прыярытэтаў.

    Але будуць іншыя праблемы — алігархізацыя, уплыў грошай на медыя. Усюды гэта ёсць. Працэсы ўсюды падобныя. Пытанне медыя не беларускае, а супольнае.

    — Якой бачыце сітуацыю ў беларуска-літоўскіх адносінах і ў самой Беларусі праз год? Ёсць падставы для аптымізму?

    — Заўсёды ёсць падставы для аптымізму. Мне здаецца, што змены адбудуцца хутчэй, чым мы думаем. Дарэчы, ментальна яны ўжо адбыліся.

    А пакуль што ў Літве адносінаў з рэжымам няма. Ёсць адносіны з грамадствам, як мне здаецца, вельмі добрыя.

    Чытайце яшчэ:

    Зачем герою нужен злодей? Как использовать политических оппонентов рассказывает Анна Мирочник

    «Неяк апошнім часам, выбіраючы кнігі, думаеш: а што яна табе дасць?» Андрэй Скурко аб прачытаным і адрэфлексаваным

    «Для іх падзеі ў нашым рэгіёне — гэта канфлікт Расіі з краінамі-спадарожнікамі». Беларускі журналіст пра наведванне Паўднёвай Карэі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці