• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Жыццё — падарожжа, а мы ўвесь час кудысьці крочым». Беларускі журналіст з’ехаў у ЗША і вядзе YouTube-канал пра дыяспару

    Раней Алесь Пазняк працаваў у «Ганцавіцкім часе» і «Першым рэгіёне». Напярэдадні выбараў-2020 быў затрыманы падчас відэастрыму. Цяпер жыве і працуе ў ЗША. Аднак журналістыка не адпусціла далёка прафесійнага рэпарцёра, і ён вырашыў зрабіць уласны YouTube-канал. У гутарцы з БАЖ Алесь распавёў, навошта гэта яму і што будзе з праектам, калі журналіст вернецца ў Беларусь.

    Журналістыка. Валанцёрства. Эміграцыя

    У Алеся Пазняка — багатая біяграфія: нарадзіўся ў Сянно (Віцебская вобласць), працаваў у мясцовай газеце, адкуль звольніўся са скандалам (выступіў па радыё з перадачай пра нацыянальных герояў краіны). Пасля пераехаў у Віцебск, Мінск. Затым шмат падарожнічаў па Расіі і Цэнтральнай Азіі. Нават валанцёрыў у Ліване, дзе дапамагаў сірыйскім уцекачам.

    Можна сказаць, што ўладкаваўся ў «Ганцавіцкі час» выпадкова. Прыехаў да сябра, убачыў вакансію ў газеце і звярнуўся да галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага. Так ён стаў карэспандэнтам недзяржаўнай раённай газеты. Гэта адбывалася напярэдадні выбараў у 2020 годзе. Пасля былі пратэсты, рэзананснае затрыманне, збіццё сілавікамі.

    У лютым 2023 года, калі органы пачалі шукаць журналіста, ён ужо быў у ЗША. Напярэдадні беларус выйграў грын-карту і скарыстаўся магчымасцю з’ехаць ад маштабных рэпрэсій, якія дагэтуль адбываюцца ў дачыненні да незалежных медыяў.

    — Калі прыехаў у ЗША, мне вельмі не хапала журналісцкай працы, — прызнаецца Алесь Пазняк. — Стварыўся вакуум, хацелася творчасці, працягваць займацца прафесійнай дзейнасцю. Першапачаткова пісаў для газеты «Беларус», што выдаецца ў Амерыцы з 1950‑х гадоў на тарашкевіцы. Газета заснаваная эмігрантамі, якія прыехалі пасля Другой сусветнай вайны. На яе старонках апісваецца жыццё дыяспары, культурныя мерапрыемствы, сацыяльныя івэнты. Восенню рыхтуецца штогадовік, у які будуць уключаныя ўсе артыкулы з лета 2022-га па лета 2023 года. Гэта ў чыстым выглядзе валанцёрства, праца журналістаў не аплочваецца.

    Аднак справа не ў гэтым. Выданне перабывае ў заняпадзе — усё радзей і радзей выходзіць у друкаваным выглядзе. Толькі год таму з’явіўся сайт, які зрабілі прадстаўнікі новай хвалі эміграцыі. Яны паклапацілася, каб была электронная версія. Відавочна, што толькі газеты не хапае для паўнавартаснага асвятлення жыцця дыяспары.

    — Мы жывём у кліпавы час, — працягвае наш суразмоўца. — Мне хочацца больш грунтоўна, з іншага боку асвятляць падзеі ў ЗША. Таму ўзнікла ідэя стварыць уласны YouTube-канал.

    Калі Алесь Пазняк працаваў у «Ганцавіцкім часе», яму падабалася працаваць з відэафарматам. З калегамі ён зрабіў шмат ролікаў, апытанак, відэарэпартажаў на сацыяльную тэматыку. Неўзабаве працяг адбыўся ў эміграцыі.

    — Ідэя беларускамоўнага канала з’явілася яшчэ праз тое, што існуюць сотні рускамоўных каналаў пра амерыканскае жыццё, побыт, пераезд, якія ў тым ліку ствараюць і нашыя зямлякі. Але я не ведаю ніводнага беларускамоўнага YouTube-канала, які б распавядаў пра ЗША, ці адлюстроўваў бы беларускую прысутнасць у гэтай краіне, — заўважае суразмоўца БАЖ.

    Крок: першы, другі, трэці…

    Беларус жыве ў Нью-Ёрку, дзе паспеў папрацаваць у розных сферах. Напрыклад, на будоўлі. Цяпер ён курыруе людзей з інваліднасцю, у якіх дыягнаставаныя ментальныя асаблівасці. Яго задача — глядзець, каб падапечныя якасна рабілі сваю працу.

    — Яны ўладкаваныя на прадпрыемствах, у крамах, рэстаранах, якія знаходзяцца ў розных частках горада, — расказвае журналіст. — Перамяшчаюся на грамадскім транспарце і выкарыстоўваю гэты час для планавання сюжэтаў, прадумвання сцэнароў, асаблівасцяў мантажу.

    Назва YouTube-канала — «Беларускі крок», а кожны яго выпуск, адпаведна, крокі — першы, другі, трэці…

    — Беларускі таму, што кантэнт ствараецца для беларусаў і на роднай мове, — тлумачыць Алесь Пазняк. — А крок, бо наша жыццё — падарожжа, мы ўвесь час кудысьці крочым, бяжым, ляцім.

    Ролікі рэпарцёр здымае на смартфон. Таксама набыў стабілізатар. Усё абсталяванне купляў на ўласныя сродкі.

    — Падрыхтоўка кожнага роліка займае каля тыдня, — расказвае наш суразмоўца. — Сцэнар, здымкі, мантаж… Да таго ж трэба шукаць дадатковую інфармацыю, фотаздымкі, запісваць закадравыя каментары.

    Івэнты адбываюцца амаль штотыдзень

    У ЗША даволі вялікая беларуская дыяспара. Таму, як кажа журналіст, гістарычных, культурных, рэлігійных тэм для ролікаў хапае. Канешне, гэта не хайповая фактура, але Алесь Пазняк падыходзіць да гэтага пытання аптымістычна: папулярнасць — суб’ектыўная катэгорыя, час пакажа…

    — Цяпер тут шмат беларускіх суполак, ладзіцца многа мерапрыемстваў, — адзначае рэпарцёр. — Ёсць паваенная эміграцыя, нядаўна ў дыяспару ўлілася новая хваля. Таму івэнты адбываюцца амаль штотыдзень, хай і ў розных штатах.

    На пачатку верасня аўтар YouTube-канала «Беларускі крок» быў у Вашынгтоне, дзе адбыўся восеньскі пікнік, які прымеркавалі да Дня беларускай вайсковай славы.

    — Было вельмі цікава, адбылося шмат знаёмстваў. Толькі заставалася ўключыць відэакамеру і здымаць, — кажа Алесь Пазняк. — Наперадзе — Дзяды, якія традыцыйна адзначаюцца дыяспарай. Хачу паехаць у Нью-Джэрсі, дзе месцяцца беларускія могілкі. Там пахаваныя многія прадстаўнікі паваеннай мігранцкай хвалі, у тым ліку людзі, пра якіх варта распавесці асобна. На помніках, апроч імя і прозвішча, часам пазначана: «нарадзіўся ў ваколіцах Віцебска», «…над Нёманам», «…у палескай дрыгве».

    У планах — зрабіць інтэрв’ю з вядомымі прадстаўнікамі дыяспары ў ЗША. Напрыклад, з цёзкам па прозвішчы — Зянонам Пазняком, які таксама жыве ў Нью-Ёрку.

    — Хачу паказаць, што Беларусь — жывая нават за сваімі межамі, — падкрэслівае журналіст. — Хоць тут жывуць розныя людзі, але мы ўсе — беларусы, робім адну справу, размаўляем на роднай мове. Наш сцяг — бела-чырвона-белы. Герб — «Пагоня». Ёсць складнікі, якія нас усіх аб’ядноўваюць. Чым больш нас будзе, тым цікавей.

    Можна ўзгадаць, што менавіта беларуская дыяспара за мяжой адыграла вялікую ролю падчас падзей у 2020 годзе. Беларусы бачылі чэргі каля амбасадаў, заклікі на транспарантах, нацыянальныя сцягі. Гэта таксама дапамагло абудзіцца ад летаргічнага сну.

    — Што буду рабіць, калі давядзецца вярнуцца ў Беларусь? — разважае Алесь Пазняк. — Звычайна гэтае пытанне я задаю сваім суразмоўцам. Я б сказаў, што вярнуся, калі будзе спрыяльная сітуацыя, а канал перафарматуецца, і я пачну распавядаць пра беларускую Беларусь. А як будзе насамрэч — паглядзім…

    Чытайце яшчэ:

    «Тэма, якая нас хвалюе, — гэта эміграцыя. Бо цяпер гэта нашае жыццё». Размова з Валянцінай Гарцуевай пра праект «Дзённікі» і «ўнутраную» эміграцыю

    Сяржук Сыс: «Праваабарона і творчасць для мяне павязаныя ў адно»

    Замежныя СМІ пішуць пра Беларусь усё радзей, а калі пішуць — то пра Лукашэнку

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці