• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вы паспяшаліся напісаць некралог для KYKY: Саша Раманава — пра будучыню праекта

    На мінулым тыдні чытачам KYKY паведамілі, што праект мяняе фармат. Інфармацыя з'явілася на Patreon. У гэтым допісе экс-галоўны рэдактар Віктар Малішэўскі казаў, што з панядзелка усё зменіцца. Сайт пакуль пяройдзе ў рэжым замарозкі, "нешта" адбудзецца з тэлеграм-каналам, але з чытачамі застануцца Instagram, TikTok і Patreon. Паводле словаў Малішэўскага, палова каманды KYKY сыходзіць.

    Гэтая навіна прыйшла пасля іншых трывожных вестак: адразу некалькі рэдакцый пісалі адкрытыя лісты аб цяжкіх часах. Калі пасля ўсяго гэтага вас не наведала думка пра тое, што беларусы могуць страціць незалежныя медыя, вы ці вялікі аптыміст — ці вы і ёсць медыйшчык.

    Але Малішэўскі пра складаныя часы не пісаў і грошай для KYKY не прасіў. А выраз «нешта адбудзецца» хоць і інтрыгаваў, але на пытанні не адказваў. Таму мы пагаварылі з Сашай Раманавай, заснавальніцай IMN і дырэктаркай KYKY.

    Саша (мяркуючы па адказах, вялікая аптымістка і дакладна медыйшчыца) запэўніла: з некралогам мы паспяшаліся.

    «Чакаць пераменаў не ад сябе, а ад аўдыторыі ці донараў — тупіковая стратэгія»

    — Кім і калі было прынята рашэнне аб перафарматаванні працы праекта KYKY.ORG? Калі пра гэтае рашэнне даведаўся калектыў рэдакцыі? Ці зразумелы ўжо фармат, у якім будзе працаваць выданне?

    — Пачаць хачу з самага важнага — KYKY ніхто не закрывае і не спыняе. Мы ўдзячныя калегам па медыя, якія, паспяшаўшыся, напісалі вельмі цёплыя і кранальныя эпітафіі і некралогі. Хай сабе гэта было заўчасна. Праца рэдакцыі працягнецца, праўда, у крыху змененым фармаце. Мы задумаліся над перафарматаваннем праекта каля паўгода таму.

    Галоўная мэта праекта — заставацца цікавымі, карыснымі чытачу, правакацыйнымі і вясёлымі дзеўкамі-хлопцамі, якія выпрабоўваюць тэмы і ідэі, за якія яшчэ ніхто ў беларускіх медыя браўся. Мы выбудоўваем неартадаксальную мабільную рэдакцыю, і вельмі натхнёныя новымі ідэямі каманды, якая з намі застаецца. Усім супрацоўнікам, з якімі на вялікі жаль расстаемся, зразумела, мы выплацім належнае.

    Паўтаруся, не ідзе гаворкі пра закрыццё праекта. Так, нам давялося сур’ёзна перагледзець падыходы да працы. Так, у эміграцыі працаваць значна складаней, чым калі-небудзь раней. Але бягучыя рашэнні як раз і з’яўляюцца эфектыўнай стратэгіяй выжывання. Зацыкліцца на класічных фарматах і чакаць пераменаў не ад сябе, а ад аўдыторыі або донараў – тупіковая стратэгія.

    «Галоўнае, каб адкрывалася і адразу не злавала плашка «заплаці, каб прачытаць»

    — Толькі-толькі «Рэформ» скончыў са зборам данатаў, пасля гэтага пра складаныя часы абвяшчаў «План Б». Чаму КУКУ раней не звяртаўся да чытачоў з просьбай дапамагчы ў фінансаванні?

    — Я радая за калег, спадзяюся, сабраныя сродкі дазволяць ім прапрацаваць неабходны для іх час. Баюся каментаваць суму, пра якую вядома з адкрытых крыніц – па маіх ацэнках, для нішавага медыя гэта ўсяго 2–3 месяцы працы невялікай рэдакцыі. Магчыма, я памыляюся.

    Што тычыцца Куку, то мы і раней звярталіся да падпісчыкаў па данаты і з просьбай падтрымаць праект. Але ў нас крыху іншая мадэль, чым звычайныя ахвяраванні.

    Мы хочам нешта даваць нашым чытачам у абмен на падтрымку. Наш Патрэон ужо даўно з’яўляецца някепскім прыкладам працы з прамой падтрымкай чытачоў, кам’юніці жывое і актыўна паміж сабой камунікуе, што ёсць галоўнай перавагай. На гэтым мы і хочам сканцэнтравацца.

    Нашы патроны — цудоўныя людзі, мы з імі камунікуем, і ёсць сэнс нарошчваць магутнасці, прывучаць чытача ісці па кантэнт на Патрэон і па магчымасці падтрымліваць рэдакцыю.

    Гэта значыць надбудова ў выглядзе сайта была актуальная пры працы ўнутры Беларусі — мы прадавалі рэкламадаўцам нашыя ахопы. Цяпер сэнсу ў гэтым няма, але магчыма, у нейкім выглядзе ў будучыні мы і перазапусціць сайт, хаця гэта дакладна не будзе звычайная публікацыя навін і калонак.

    — КУКУ плануе размяшчаць дадатковы кантэнт на «Патрэоне» — але хіба гэта не будзе яшчэ большым звужэннем аўдыторыі, асабліва з улікам таго, што «Патрэон» таксама заблакаваны ў Беларусі?

    — Выбачце, але куды яшчэ больш звужаць? Наогул, клёвы рэзанансны тэкст можа з’явіцца дзе заўгодна. Дырэкт трафік на сайт, то-бок людзі, якія ў радку браўзэра набіралі KYKY.org, і ў найлепшыя гады не перавышаў 15%. Асноўны трафік даюць пераходы з сацсетак. Адпаведна, ёсць здагадка, што людзям усё роўна, на якой пляцоўцы яны прачытаюць цікавы кантэнт, галоўнае, каб адкрывалася і адразу не злавала плашка «заплаці, каб прачытаць».

    «У нас цяпер адкрыта адразу некалькі вакансій»

    — Выданне ўваходзіла ў структуру «Інфапойнт». Спачатку «Віладж», які таксама ўваходзіў у «Інфапойнт», прыпыніў працу. Ці можна казаць, што і іншыя выданні, якія аб’ядноўвае «Інфапойнт», пад пагрозай знікнення праз складанасці з фінансаваннем?

    — The Vil­lage Беларусь на кароткі тэрмін прыпыніў працу пасля сыходу ранейшага галоўнага рэдактара. Цяпер ён аднавіў працу, і збірае вельмі нядрэнныя ахопы ў сацсетках. А з KYKY такой паўзы не плануецца. Каманда працягне працу. Сыход галоўрэда праекта — гэта не апакаліпсіс, а нармальная з’ява.

    Што тычыцца IMN, дзе я з’яўляюся заснавальнцай і які прыйшоў на змену Інфапойнту, то мы даволі эфектыўна працуем з праектамі, нават запускаем новыя. Зразумела, што выклікаў шмат, але пакуль спраўляемся. Мэта аб’яднання — у падтрымцы працы нестандартных медыя праектаў, стварэнне інфлюенсераў, павелічэнні аўдыторыі. Мы паказваем нядрэнныя лічбы сумарнага ахопу, і ёсць відавочныя кропкі росту.

    У нас зараз адкрыта адразу некалькі вакансій, вельмі шукаем людзей на новыя праекты. Што тычыцца фінансавання, то я б не казала пра пагрозу. Гэта пастаянная цяжкая праца з крыніцамі фінансавання, якія падтрымліваюць медыя. Бываюць затрымкі, а бываюць нечаканыя поспехі.

    Пра канкрэтныя крыніцы я казаць не магу, скажу толькі, што мы атрымліваем сродкі як ад інстытуцыйных донараў, камерцыйнай дзейнасці, так і ад прыватных ахвяраванняў. Апошнія, на жаль, часта ананімныя.

    — Пасля таго як галоўным рэдактарам выдання стаў Віктар Малішэўскі, КУКУ планаваў вяртацца да лайфстайлу. Цяпер, пасля перафарматавання, гэтая тэндэнцыя захаваецца — ці выданне будзе больш увагі надаваць грамадска-палітычнай тэматыцы?

    — KYKY ніколі не быў пра грамадска-палітычную тэматыку. KYKY быў пра эксперымент, смеласць і свежыя ідэі, якія станавіліся прарыўнымі і віральнымі, радавалі чытача, гледача, слухача і павялічвалі аўдыторыю.

    Я магу ўспомніць, як мы ў канцы 2020 года кожны тыдзень мянялі дамены, з omon.wtf да massandra.net, каб абыходзіць блакіроўкі — гэта было смела і весела, пра нас многія верныя чытачы даведаліся дзякуючы гэтай задумцы. Уласна да канцэпцыі яркасці, смеласці і таго, што не робяць іншыя СМІ, мы і хочам вярнуцца. Хіба што мяняць дамены мы больш не будзем.

    Наўрад ці заходнія падаткаплацельшчыкі нам абавязаныя

    — Як асабіста вы эмацыйна ўспрымаеце неабходнасць перафарматавання КУКУ?

    — Я прапусціла год і не ўдзельнічала ў жыцці рэдакцыі з прычыны нараджэння новага беларуса. Цяпер ён пайшоў у дзіцячы садок, і я з радасцю вярнуся да таго, што мне падабаецца рабіць — бавіць час весела, дапамагаючы рэдакцыі генерыць кантэнт.

    — Ці можна казаць пра крызіс у беларускіх медыя? Якія шляхі выхаду з гэтага крызісу вы бачыце?

    — Можна казаць пра што заўгодна, важна шукаць новыя аўдыторыі і працаваць для сваіх чытачоў. Наўрад ці заходнія падаткаплатнікі абавязаныя даваць беларускім медыя штораз больш і больш грошай пры зніжаных ахопах.

    Аўдыторыя неабыякавых і гатовых падтрымаць з‑за мяжы беларусаў крытычна малая, яе не хапае на ўсе нашыя СМІ. Аўдыторыю ўнутры Беларусі трэба берагчы і не падстаўляць. Як павялічыць ахопы, не падстаўляючы беларусаў? Гэта задача складаная, і таму цікавая.

    — Ці падзяляюць донары беларускія і расійскія медыя? Ці бачаць неабходнасць падтрымліваць менавіта беларускі кантэнт?

    — Донары і імплементары ўсе вельмі розныя, нельга ўсіх кідаць у адну кучу. Тыя, з кім мы працуем – дакладна падзяляюць. Каб падзялялі яшчэ лепш, трэба рабіць беларускія медыя максімальна паспяховымі і гатовымі да новых выклікаў, а не чакаць што іх падтрымаюць проста на падставе таго, што яны беларускія.

    — Чаму беларускім медыя так цяжка? Мы нешта робім не так?

    — Нам у кожным разе лягчэй, чым палітвязням. Ці людзям пад бомбамі ва Украіне. Але беларусы — гэта людзі з сумленнем, асабліва медыйшчыкі, і мы тры гады запар пакутуем разам з калегамі, якія знаходзяцца за кратамі. Чытач гэта бачыць і не заўсёды хоча пакутаваць разам з намі, нас проста перастаюць чытаць.

    Трэба мець гіганцкую прагу да жыцця, каб, працягваючы пакутаваць глыбока ўнутры, захацець рабіць кантэнт, цікавы масаваму чытачу, гледачу і слухачу. Трэба кідаць сабе і абставінам выклік. Баюся, што вывальваць на чытачоў і гледачоў, якім можа быць яшчэ цяжэй, свае дэпрэсіі, крыўды і стомленасць – дрэнная стратэгія.

    Чытайце яшчэ:

    Cайт kyky.org прыпыняе працу праз праблемы з фінансаваннем

    «Простите за такой обидный и непредсказуемый финал». Белорусских медиа остается все меньше — посмотрели, какие из них закрылись в 2023 году

    Аднойчы знікнуць усе газеты. І што далей?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці