• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фатограф Яўген Атцецкі нарэшце атрымаў ганарар, які «выбіваў» паўтара гады

    Выстава «Крэатыўная рэвалюцыя. Мінск 2020» прайшла ў Юрмале ў сакавіку 2023 года. Аўтарскі ганарар Яўген Атцецкі атрымаў толькі праз паўтара гады. Кошт пытання склаў 180 долараў. Арганізатары выставы нават не папрасілі прабачэння ў аўтара.

    Яўген Атцецкі дабіўся выплаты ганарару

    Яўген Атцецкі. Фота: з асабістага архіва суразмоўцы

    Гэты тэкст змог з’явіцца, дзякуючы нашым чытачам. Падтрымай БАЖ праз Patre­on.

    Перадгісторыя

    У сакавіку 2023 года ў Юрмале прайшла выстава «Крэатыўная рэвалюцыя. Мінск 2020», прысвечаная 105-годдзю БНР. Галоўнай задачай выставы было расказаць латышам пра беларускія падзеі 2020 года.

    Да ўдзелу ў выставе запрасілі беларускіх фатографаў Яўгена Атцецкага і Яўгена Ярчака, дызайнера Уладзіміра Цэслера, керамістку Ганну Мядзведзеву, іншых творчых беларусаў. Аўтараў выставы падбіраў дызайнер Дзяніс Давыдаў, які эміграваў з сям’ёй з Беларусі ў Латвію. Ён разам з дырэктаркай арт-цэнтра «Дубулты», дзе выстаўляліся працы, Інгай Штэмайне выступілі куратарамі выставы.

    Арганізатары абяцалі аўтарам невялікія ганарары — 180 долараў. Аднак гэтых грошай аўтары не ўбачылі ні праз месяц, ні праз год.

    Дзяніс Давыдаў не адмаўляўся ад сваіх абавязкаў, але не называў нават прыкладны час верагоднага разліку.

    Дырэктарка арт-цэнтра «Дубулты», дзе выстаўляліся працы, Інга Штэмайне расказвала, што ніколі не мела зносін з фатографамі і ніколі не абяцала аплату за працу. Больш за тое, па яе словах, бюджэт на стварэнне выставы складаў 12 тысяч еўра, а ў выніку давялося патраціць 18 тысячаў, з‑за чаго прыйшлося пераглядаць гадавы бюджэт арт-цэнтра.

    «Ні сваркі, ні прабачэнняў»

    Зусім нечакана прыйшла навіна, што фатограф Яўген Атцецкі ўсё ж атрымаў свой ганарар. Яго, хаця амаль праз паўтара гады, выплаціла арганізацыя «Суполка», якая была суарганізатарам выставы.

    Якімі аргументамі фатограф прымусіў арганізатараў выставы разлічыцца?

    — На самой справе, я дакладна не ведаю, чаму мне заплацілі ганарар, бо ў іх былі ўсе магчымасці, каб гэтага не рабіць. А ў мяне было вельмі мала рычагоў ціску, — патлумачыў БАЖ сітуацыю Яўген Атцецкі. — Магу толькі выказаць здагадку, што планамерны ціск плюс той факт, што гэтыя людзі працягваюць публічную дзейнасць, і што сума невялікая, прывялі да станоўчага выніку. Прасцей стала мне заплаціць, чым я зноўку буду раздуваць скандал.

    Увесь гэты час фатограф перыядычна нагадваў пра запазычанасць:

    — Проста абяцанкамі кармілі, калі казаць простай мовай. Ніякіх прабачэнняў не было, як не было ніякай сваркі. 

    Што рабіць аўтарам, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі? На жаль, адказ Яўгена Атцецкага не аптымістычны:

    — Я не ведаю дзейснага метаду. На жаль, мы слаба абароненыя ад такіх сітуацый. Усе кажуць пра суд, але гэта дорага, доўга і нязручна, асабліва калі ўдзельнікі канфлікту знаходзяцца ў розных краінах.  Для эмігранта гэта цяжкі шлях (не кажу, што не мажлівы). Пакуль адзінай зброяй я бачу апублічванне і прыцягненне ўвагі да сітуацыі. Напэўна, яшчэ можна прасіць частку ганарара загадзя — як сродак абараніцца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці