БАЖ далучыўся да закліку ўладам Грузіі спыніць жорсткае падаўленне пратэстаў
Больш за 30 праваабарончых арганізацый заклікалі ўлады Грузіі спыніць жорсткае падаўленне пратэстаў і выконваць міжнароднае права. Падпісанты дакумента заклікаюць міжнародную супольнасць аказаць ціск на ўлады Грузіі, каб яны спынілі гвалт і жорсткае абыходжанне з пратэстоўцамі.
Сетка дамоў правоў чалавека ўстрывожаная дзеяннямі грузінскіх уладаў адносна пратэстоўцаў.
Як вядома, пасля заявы прэм’ер-міністра Іраклія Кабахідзэ пра тое, што Грузія прыпыняе інтэграцыю з Еўрасаюзам да 2028 года, з 28 лістапада ў краіне праходзяць масавыя пратэсты.
Грузінскае кіраўніцтва адказала жорсткім падаўленнем мірных акцый пратэсту, катаваннямі і жорсткім абыходжаннем з пратэстоўцамі, мэтанакіраваным пераследам журналістаў.
Тбілісі спыніў перамовы аб уступленні ў Еўрасаюз на фоне парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка 2024 года, якія грузінскія назіральнікі лічаць сфальсіфікаванымі. Новыя ўлады праігнаравалі заклікі міжнароднай супольнасці правесці новыя выбары, а на пратэсты, у якіх, па некаторых падліках удзельнічаюць да 200 тысяч чалавек, адказалі фізічным гвалтам.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў і невядомыя ў цывільным і ў масках зладзілі сапраўднае паляванне на журналістаў. Затрыманыя больш за 300 пратэстоўцаў, 80% з іх скардзіліся на гвалт з боку паліцыі. МУС Грузіі прымяніла спецсродкі супраць удзельнікаў пратэстаў, у тым ліку вадамёты і пярцовы спрэй, не маючы на тое законных падстаў.
Па стане на 5 снежня шпіталізаваныя больш за 40 чалавек з «пераломамі насоў і сківіц». Ахвяры расказваюць пра пагрозы згвалтавання і пра жорсткае збіццё падчас знаходжання ў паліцыі.
«Рэакцыя ўладаў на дэманстрацыі з 28 лістапада ўяўляе сабой празмернае і несувымернае прымяненне сілы, якое не можа быць апраўдана абмежаваннямі свабоды сходаў ці выказвання думак», — гаворыцца ў заяве.
Падпісанты заявы заклікалі ўлады Грузіі спыніць гвалт, вызваліць усіх затрыманых без усялякіх умоў і забяспечыць затрыманым права на справядлівы суд. Яны заклікаюць міжнародную супольнасць задзейнічаць існуючыя механізмы, каб прыцягнуць грузінскія ўлады да адказнасці за парушэнні правоў чалавека.
Заяву падпісалі больш за 30 арганізацый.