Фотамастак, навуковец, чалавек са шляхетнага роду, арыштаваны ў 1930‑х… Усё гэта пра Льва Дашкевіча, які адвучыўся ў Францыі, бо яму забаранілі атрымліваць адукацыю ў Расійскай імперыі за ўдзел у забастоўцы. Ён перажыў рэвалюцыю, арышт чэкістаў і Другую сусветную. Яго працы сталі вядомымі толькі пасля яго смерці. PALATNO расказвае пра беларускага фатографа Льва Дашкевіча.
Леў Дашкевіч. Фота ўзята з сайта PALATNO
Шляхецкае паходжанне, праблемы з адукацыяй
Леў Дашкевіч быў прадстаўніком шляхецкага роду гербу «Ляліва», які быў адным з самых уплывовых на Гродзеншчыне ў XVIII стагоддзі. Леў нарадзіўся ў 1882 годзе ў Мінску. Яго бацькам быў надворны дарадца Мінскай казённай палаты Урбан Дашкевіч, а маці — Антаніна Дашкевіч.
Спачатку атрымліваў адукацыю ў Мінскай мужчынскай гімназіі, аднак яго выключылі адтуль за дрэнную паспяховасць. Пасля вучыўся ў Віленскім інтэрнаце-канквіце, куды яго адправілі бацькі.
Сын Льва, Леанард, успамінаў, што бацька праз год збег з Вільні ў Мінск. У 1903 годзе паступіў на медыцынскі факультэт у Варшаўскі ўніверсітэт, аднак ужо ў наступным годзе яго выключылі з універсітэту за ўдзел у студэнцкай забастоўцы.
Ён таксама кароткачасова быў арыштаваны за забастоўку. Выключэнне з Варшаўскага ўніверсітэту было не апошнім ударам: маладому Дашкевічу забаранілі паступаць у любую вышэйшую ўстанову Расійскай імперыі.
Леў Дашкевіч у маладосці. Фота ўзята з сайта PALATNO
Тады Леў Дашкевіч з’язджае на ўсход Францыі, у адзін з галоўных вінаробных французскіх рэгіёнаў, — у Бургундыю. Там ён паступіў на філалагічны факультэт Дыжонскага ўніверсітэта.
Французскую мову юнак вучыў яшчэ ў Мінску ў дамашняй настаўніцы, якая была родам з Францыі. У Францыі Дашкевіч правёў пяць гадоў, а паралельна з вучобай пачаў друкавацца ў французскіх выданнях.
Вяртанне ў Расійскую імперыю, праца на Закаўказзі, шлях у Мінск
У 1911 годзе вяртаецца ў Расійскую імперыю, едзе ў Закаўказзе працаваць настаўнікам. Дашкевіч выкладаў французскую мову, фізіку і прыродазнаўства ў гімназіях Ерэвану, Тбілісі і Гянджы (працаваў у гарадах сучасных Арменіі, Азербайджану і Грузіі). Разам з настаўніцкай працай яго прыцягнулі да працы фатографа ў Камісіі па апісанні мясцовасцяў і плямён Каўказа. У 1918 годзе атрымаў прапанову аб пасадзе ўрадавага фатографа Азербайджана.
У сярэдзіне 1920 года Дашкевіч вярнуўся ў Мінск. Вяртанне ў Мінск было складаным, бо з Азербайджану ён паехаў у Стамбул, потым на Балканы, а адтуль трапіў у Варшаву. Па ўспамінах сваякоў, Дашкевіч мог застацца ў Варшаве, аднак вырашыў дайсці шлях да канца і даехаць да Мінска. Там уладкаваўся ў Мінскі інстытут народнай адукацыі, дзе чытаў курсы па сусветнай літаратуры і фатаграфіі. Праз некалькі месяцаў у тым жа годзе ўладкаваўся ў Беларускі політэхнічны інстытут выкладчыкам французскай мовы.
Фотаздымак віду на Верхні замак у Мінску, які зрабіў Леў Дашкевіч ў 1920–1930‑я гады. Фота ўзята з сайта PALATNO
У 1920‑я гады ў Льва Дашкевіча пік кар’еры. Ён працуе і ў навуковай камісіі Наркамасавета БССР, і ў БДУ. У 1923 годзе на месяц ён едзе ў этнаграфічную экспедыцыю ў Ігуменскі і Барысаўскі паветы. У тыя часы ён працягвае друкавацца ў шматлікіх выданнях, удзельнічае ў выстаўках у Мінску і Дрэздэне.
На радзіме Дашкевіч працягнуў займацца даследчыцкай працай. Ён першым у краіне распрацаваў курс па фатаграфіі, рэдагаваў навуковыя падручнікі, займаўся даследаваннямі ў медыцыне. У 1930‑х Леў Дашкевіч амаль канчаткова пойдзе ў навуку і будзе займацца даследаваннямі ў галіне люмінісцэнцыі.
Арышт, фотаздымкі вядомых беларусаў, вайна
Улетку 1930 года Льва Дашкевіча арыштавалі чэкісты. Ён праходзіў па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». За кратамі фотамастак правёў некалькі месяцаў, затым яго вызвалілі. Падчас арышту працаваў у турэмнай аптэцы, бо супрацоўнікі ДПУ даведаліся, што арыштаваны з’яўляецца яшчэ і добрым хімікам. Пасля арышту ён змог уладкавацца на працу, Дашкевіча цалкам апраўдалі. Працаваў у многіх установах: БДУ, Мінскім доме тэхнікі, у клініцы медінстытута, Інстытуце тэарэтычнай і клінічнай медыцыны ў Акадэміі навук.
Леў Дашкевіч з’яўляецца аўтарам знакамітага партрэту Янкі Купалы.
Пазней унук Дашкевіча ўспамінаў, што па расказах у Купалы ў той дзень быў кепскі настрой. Дашкевічу хацелася зрабіць здымак з посмешкай народнага паэта, але не атрымлівалася.
У той дзень фатографу дапамагала яго жонка Зінаіда, яна трымала люстэрка, каб дадаць Купалу больш святла на твар, і вось яна стала з люстэркам на калені перад паэтам і сказала: «Успомніце, калі апошні раз перад вамі на каленях стаяла жанчына».Па ўспамінах, у той момант Дашкевіч і сфатаграфаваў Купалу з усмешкай на вуснах.
Дарэчы, Дашкевіч яшчэ фатаграфаваў мастака Язэпа Драздовіча. Здымкі Драздовіча і Купалы пакуль адзіныя знойдзеныя з фатаграфій вядомых беларусаў, якія зрабіў фатограф.
Падчас Другой сусветнай вайны, калі нацысцкія войскі пачалі ўварванне на тэрыторыю Савецкага Саюза, Дашкевіч знаходзіўся ў Маскве, а яго сям’я — жонка і сын — былі ў Мінску. Леў спрабаваў выехаць у Мінск, але пад Смаленскам яго развярнулі вайскоўцы.
Падчас бамбардзіровак мінскі дом Дашкевіча з асабістым архівам згарэлі. Тры гады да вызвалення Беларусі жыў у Бішкеку, там працаваў у розных медыцынскіх установах. На фронт ён так і не трапіў з‑за дрэннага зроку і стану здароўя.
Фотаздымак жонкі Зінаіды Дашкевіч. Адзін з самых вядомых здымкаў, які зрабіў Леў Дашкевіч
Дашкевіч вярнуўся ў Мінск пасля завяршэння аперацыі «Баграціён» у верасні 1944 года. Ён застаўся ў горадзе да канца жыцця, хоць яго сям’я пасля вайны пераехала ў Маскву. Леў Дашкевіч памёр у 1957 годзе. Пахаваны ў Мінску на Кальварыйскіх могілках.
У незалежнай Беларусі выйшаў фотаальбом са здымкамі Льва Дашкевіча. У ім сабраныя здымкі ад 1900 да 1952 года. Фотаальбом быў выдадзены друкарняй «Логвінаў».