Жонка палітвязня Вольга не выключае, што так турэмная адміністрацыя адрэагавала на ягонае лаўрэацтва. Радыё Свабода пагаварыла з ёй пра каханне і жыццёвыя прынцыпы Дзяніса, ягоны аптымізм і вершы з турмы.
Пра другі шанец, які прамінуць было немагчыма
— Раскажыце, калі ласка, як і калі вы пазнаёміліся з Дзянісам? Якое ўражаньне ён на вас тады зрабіў?
— У жніўні 2014 году мяне затрымалі ў Горадні за акцыю падтрымкі Ўкраіны. Пра гэта напісалі шмат якія беларускія, украінскія і нават расейскія СМІ. Натуральна, што Дзяніс прачытаў і быў, як потым мне прызнаўся, зьдзіўлены, што ён «дагэтуль ніколі ня бачыў і ня ведаў такой прыгожай і адважнай дзяўчыны, што жыве ў ягоным родным месьце». Дзяніс адшукаў мяне ў сацсетках і прапанаваў пазнаёміцца. Упершыню пасьля гэтага мы пабачыліся на курсах «Мова нанова», пазнаёміліся, так бы мовіць, офлайн, і ўжо пасьля заняткаў Дзяніс мяне праводзіў дадому.
Але для мяне насамрэч то быў ужо другі раз, калі я бачыла Дзяніса. Першы раз — на Дні роднае мовы ў лютым таго ж году. Ён тады быў прыехаўшы з Майдану, узрушаны перажытымі падзеямі і пачаткам вайны Расеі з Украінай. А я пабачыла прывабнага хлопца, які быў адметны сярод усіх астатніх, камунікаваў з многімі людзьмі ў залі, дэманстраваў час ад часу некаторым гумовую кулю, якой з пачатку рэвалюцыі карыстаўся «Бэркут»…
Карацей, ён мяне, мякка кажучы, зацікавіў ужо тады, але я ўсё ж не рызыкнула зь ім пазнаёміцца. Амаль праз паўгода Госпад даў мне другі шанец, прамінуць які ўжо было немагчыма.
Пра характар Дзяніса і падтрымку ягоных справаў
— А калі вы зразумелі, што менавіта з гэтым чалавекам бачыце сябе ўсё сваё далейшае жыцьцё?
— Здаецца, што з самага пачатку. І з кожным днём, чым больш я знаёмілася зь Дзянісам і ягонай сям’ёй, вывучаючы ягоны характар, стыль паводзінаў, жыцьцёвую філязофію, прынцыпы і мроі, тым больш захаплялася. Зрэшты, гэты працэс працягваецца і цяпер.
— Дзяніс ужо тады займаўся расьсьледніцкай журналістыкай. Ці вас не бянтэжыла тое, што гэты занятак даволі рызыкоўны ва ўмовах Беларусі і ваша шчасьце аднойчы можа апынуцца пад пагрозай?
— Вядома, я заўсёды хвалявалася за яго, але разам з тым разумела і разумею, што нехта мусіў расьсьледаваць і фіксаваць злачынствы. Паколькі Дзяніс — прынцыповы і адважны чалавек, да таго ж у яго тыя расьсьледаваньні вельмі добра атрымліваюцца, то значыць, ён і меўся іх рабіць. А я мушу падтрымліваць яго і дапамагаць усім, чым змагу.
— Калі апошні раз вы бачылі Дзяніса?
— У той дзень, калі ён трапіў у палон, літаральна за пару дзясяткаў хвілін да таго. Але я не прысутнічала падчас затрыманьня, таму сказаць мне Дзяніс нічога ня мог. Мы проста разьвіталіся, як у любы звычайны дзень, і пайшлі па сваіх справах.