«За тры месяцы атрымаў больш ведаў, чым за пяць гадоў ва ўніверсітэце». У Вільні адбыўся першы выпуск «Журфака»
24 траўня ў Вільні прайшоў першы выпуск адукацыйнай праграмы «Журфак па суботах». Усе 17 студэнтаў, якія прыйшлі вучыцца, паспяхова закончылі курс і гатовыя працягваць вучобу.

Так выглядаў творчы беспарадак падчас выпускнога. Фота: БАЖ
Штосуботу цягам трох месяцаў студэнты збіраліся ў Вільні і асвойвалі навуку журналісцкага майстэрства пад кіраўніцтвам журналістаў-практыкаў. Менавіта тых медыйшчыкаў, якія самі працуюць у незалежных медыях і ведаюць цану журналісцкаму хлебу. І, канешне, на ўласным вопыце спазнавалі ўсе тонкасці і нягоды журналісцкай працы, якім і дзяліліся са студэнтамі.
Трэба дадаць, што курс даваў не столькі тэарэтычныя веды, колькі практычныя навыкі. Прынамсі, студэнты стваралі свае рэдакцыі і вучыліся працаваць у камандзе.
Вучоба лёгкай не бывае. Некаторыя выпускнікі зразумелі, што не маюць планаў працаваць у навінавай журналістыцы, аднак яны бачаць сябе ў сумежных прафесіях: стварэнні ўласных масмедыя, уласных каналаў у сацсетках ці працы ў кінадакументалістыцы.

Такія сімпатычныя сувеніры атрымаў кожны выпускнік. Фота: БАЖ
Выпускнікі (імёны змененыя ў мэтах бяспекі) падзяліліся адзін з адным сваімі ўражаннямі ад трохмесячнага адукацыйнага курса. Валянціна ўпэўненая, што дасягнула мэтаў сваёй вучобы: «Маё партфоліа папоўнілася новымі крутымі матэрыяламі».
Галіна кажа, што пасля вучобы паглядзела на свет іншымі вачыма — вачыма журналіста.
Юрый вельмі задаволены вучобай: «Яна насіла сістэмны характар, мы прайшлі стажыроўку ў медыях. Я назіраў самую крутую эвалюцыю адукацыйных праграм, у якіх удзельнічаў за апошнія пяць гадоў».
А вось Зінаіда па выніках трохмесячных курсах знайшла «куды прыткнуць асабістыя рысы: уедлівасць і ўніклівасць».
«Журфак» стаў месцам, якое праверыла мой перфекцыянізм. Я ніколі не працавала журналісткай, бо мая сфера дзейнасці звязаная з камунікацыяй. Але я шукала медыяадукацыю — і знайшла яе», — дзеліцца ўражаннямі Ірына.
Аляксандра прыйшла на курсы з планамі адкрыць сваё медыя і зарабляць неблагія грошы ў журналістыцы. Але ў выніку зразумела, што «на журналістыцы многа не заробіш, а мне трэба шмат грошай». Затое яна сустрэла аднадумцаў, з якімі гатовая вучыцца далей.

Студэнты асвойвалі не толькі журналістыку, але навучыліся і распісваць кубкі. Фота: БАЖ
Васіль «за тры месяцы атрымаў больш ведаў, чым за пяць гадоў ва ўніверсітэце». Аднак ён пераканаўся, што не хоча, каб яго «пастаянна правіў рэдактар», таму падумвае стварыць уласны канал у сацсетках.
Настасся за тры месяцы зразумела, што навінавая журналістыка — не яе занятак. Але яна бачыць сябе ў кінадакументалістыцы, бо яе прыцягваюць людзі, іх характары, жыцці. Размаўляць з людзьмі, раскрываць іхнія характары — вось яе пакліканне, мяркуе дзяўчына.
«Спадзяюся, што хопіць смеласці прабівацца ў прафесію»
Трэнерамі на «Журфаку» выступала каманда журналістаў-практыкаў, якая ўжо зрабілі сабе імя ў незалежнай прэсе. Бадай, практыкаарыентаванасць — ці не наймацнейшы бок адукацыйнага курса, на які часцей за ўсё звярталі ўвагу самі выпускнікі.
А што самі трэнеры думаюць пра сваіх студэнтаў і пра «Журфак па суботах»?
Дырэктарка «Нашай Нівы» Настасся Роўда, прызнаецца, што атрымала вельмі класны досвед працы са студэнтамі:
— «Журфак» — не школа, не ўніверсітэт, тут няма абавязалаўкі ці адзнак, але ўся група сабралася вельмі адказная і ангажаваная ў працэс. Самы важны паказчык — усе выпускнікі хочуць вучыцца далей. І калі гучаць прапановы праводзіць заняткі «Журфака» часцей, то для мяне гэта самая высокая ўзнагарода, — смяецца яна.

Настасся Роўда. Фота: БАЖ
Медыяменеджарка высока ацаніла першыя поспехі сваіх навучэнцаў:
— Выпускнікі ўжо маюць добрае ўяўленне, што такое журналісцкі матэрыял: калі ты можаш напісаць адзін тэкст, то напішаш і другі, трэці, дзясяты. Самае галоўнае — пераадолець унутраны бар’ер і зрабіць першы крок. Наша група яго зрабіла, і я спадзяюся, што зробіць і другі, і трэці крокі — і ў выніку знойдуць сябе ў журналістыцы. Калі не ў класічных медыях, то створаць нешта сваё або прыменяць атрыманыя навыкі ў іншых сферах.
Журналістка адзначае, што ў групе сабраліся людзі рознага ўзросту, усе яны маюць розны бэкграўнд — жыццёвы, адукацыйны, прафесійны:
— У гэтым і палягае сіла групы, бо кожны дапаўняе адзін другога, кожнаму ёсць чым падзяліцца і чаму павучыцца. Плюс міксавання ў тым, што не часта людзі маюць магчымасць выйсці са сваёй бурбалкі, хаця б узроставай, бо рэдка перасякаюцца інтарэсы. Нашы студэнты ўсе апынуліся ў роўных умовах і вучацца нечаму новаму на агульных падставах, — адзначае Настасся Роўда.
Дырэктарка «Нашай Нівы» кажа, што выпускнікам «Журфака» яшчэ трэба вучыцца і вучыцца:
— Але некаторыя з іх ужо гатовыя стартаваць у невялікім выданні і паступова расці, набірацца досведу ў полі. Курс хоць і не такі вялікі, базавыя веды студэнты атрымалі — з гэтым можна ісці і атрымліваць практычныя веды. Многія прыходзяць у прафесію зусім без ведаў, а наша група ўжо мае фундамент для далейшага росту. І тут ужо ад кожнага персанальна залежыць, ці будуць яны ўдасканальваць сваё прафесійнае навучанне.
Настасся Роўда кажа, што выданне прыглядваецца да сваіх выпускнікоў:
— «Нашай Ніве» ўвесь час трэба абнаўляць склад каманды, таму што трэба быць актуальным для ўсіх. А моладзь — драйвер нашага грамадства. Таму мы бяром маладых людзей — са сваім бачаннем свету, са сваімі падыходамі, каб рабіць больш актуальны кантэнт для ўсіх узроставых груп. Я прыйшла ў «Нашу Ніву» зусім маладой — у 21 ці то 22 гады. Так што ў гэтым сэнсе шлях у «Нашай Нівы» адкрыты. Але каб патрапіць да нас, трэба быць і прабіўным, і дамагацца, і паказваць, што ты чагосьці варты. Вельмі важная ўнутраная матывацыя. Паглядзім, я спадзяюся, што моладзі хопіць смеласці прабіваць шлях у прафесію.
«Была б вакансія, я б у першую чаргу глядзеў на выпускнікоў «Журфака»
Галоўны рэдактар выдання Hrodna.life Аляксей Шота канстатаваў, што беларуская незалежная журналістыка мае патрэбу ў прытоку свежай крыві:

Аляксей Шота. Фота: з асабістага архіва
— Людзі сыходзілі з журналістыкі і раней, а цяпер тым больш, а рэгулярная падпітка маладой крывёй нам вельмі патрэбная. Не факт, што многія медыі змогуць новых людзей цяпер пракарміць: насамрэч, зараз вельмі цяжка захаваць і існуючыя калектывы. Усе людзі таленавітыя, матываваныя — такія патрэбныя беларускай медыясупольнасці. Я ўдзельнічаў у многіх адукацыйных праграмах, але настолькі грунтоўнай, напэўна, яшчэ не было.
На думку Алексея Шоты, актуальнасць адукацыйнага курса высокая, як ніколі раней:
— Канешне, адукацыйныя праграмы мусяць мяняцца. Кожнага разу мы праводзім адмысловыя трэнінгі для трэнераў. Напрыклад, для «Журфака па суботах» мне давялося распрацаваць зусім новы модуль. Я лічу вельмі важным, што гэтая стандартызаваная праграма рэалізуецца адразу ў дзвюх краінах. І думаю, што ўзровень прафесійнай школы цалкам вытрыманы.
На пытанне, ці прыглядваецца Hrodna.life да цяперашніх выпускнікоў, галоўны рэдактар адказаў жартам:
— Як толькі з’явяцца грошы. Але калі б у нас сёння была актуальная вакансія, я б у першую чаргу глядзеў на выпускнікоў «Журфака».
«Журфак па суботах»
Адукацыйны курс адначасова пачаўся ў Вільні (1 сакавіка) і Варшаве (на два тыдні пазней). Праграма створаная паводле стандартаў заходняй журналістыкі, але адаптаваная пад беларускія рэаліі. Курс арыентаваны на атрыманне практычных навыкаў. Яго галоўная мэта — інтэграванасць студэнтаў з рэдакцыямі беларускіх медыяў.

Часам студэнцкая аўдыторыя нагадвала памяшканне для квізаў. Фота: БАЖ
Фактычна першы этап «Журфака па суботах» завершаны: у Варшаве выпускны адбудзецца ў гэтую суботу.
Засталіся яшчэ два этапы навучання: у кастрычніку-снежні пройдуць заняткі для дзейных журналістаў, а ў лютым-красавіку 2026 года навучэнцы абяруць спецыялізацыю (для паглыбленага вывучання).
На кожны этап будзе праводзіцца асобны набор.
«Журфак па суботах» — гэта сумесны праект Кааліцыі за Устойлівы Беларускі Інавацыйны Кантэнт (КУБІК/COCOFAB), які рэалізуецца кансорцыумам Free Press for Eastern Europe, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Press Club Belarus пры суфінансаванні з боку Еўрапейскай Камісіі.
