Віталь Цыганкоў: пра стварэнне «БелаПАН» ды свой шлях у журналістыку
Зміцер Бартосік паразмаўляў з Віталём Цыганковым і запісаў ягоныя ўспаміны пра дзяцінства, службу ў савецкім войску і выданне антысавецкай насценгазеты, першае ўражанне ад Лукашэнкі, стварэнне «БелаПАН» ды шлях у журналістыку.

Віталь Цыганкоў. Фота: з сайта Budzma.org
Журналіста Віталя Цыганкова я адкрыў для сябе ў газеце «Свабода». Для мяне гэтай быў, напэўна, самы цікавы аўтар той легендарнай газеты, якая выходзіла ў сярэдзіне 1990‑х. Ён валодаў рэдкім дарам бачыць тое, што не бачыць ніхто. Ён мог убачыць незвычайнае ў самым звычайным. У любой, сто разоў абгаворанай тэме, знайсці нейкі новы аспект. Як яму гэта ўдавалася? Загадка. Неяк у «Свабоду» адзін удзячны чытач даслаў ліст, у якім адзначыў усіх журналістаў, у тым ліку і Цыганкова, але пальму першынства аддаў Алесю Ганковічу. Вось толькі не ведаў чытач, што Алесь Ганковіч — усё той жа Цыганкоў. Таму зусім не выпадкова Віталь — адзін з самых уганараваных журналістаў прэміі БАЖ «Вольнае слова». І сённяшняя ягоная перадача «Двубой» адна з маіх самых любімых на Белсаце. Але пра адно я шкадую. Вось каб Віталь сабраў свае выбраныя артыкулы і блогі і выдаў пад адной вокладкай, якая была б кніга! Надзвычай цікавы і востры погляд на нашу эпоху.
Мінчук з Юбілейнай плошчы
Я вырас у раёне Юбілейнай плошчы, на вуліцы Сухой. Побач яўрэйскія могілкі, стадыён, дзе мы ў 1970‑я гулялі ў футбол. Школа была і зараз стаіць на вуліцы Мельнікайтэ. Вакол была драўляная забудова, а насупраць — Юбілейны рынак. Мы пасля ўрокаў, увосень, маглі атрымаць там кавун. Аднакласнікі прасілі прадаўца які патрэсканы кавун (я саромеўся прасіць), і мы яго з’ядалі.

Віталь у дзіцячым садку. 1973 год. Фота: з архіва субяседніка
Наша школа была адказная за Яму, і мы часам наводзілі там парадак, грэблі лісце. Вакол Ямы стаялі аднапавярховыя прыватныя дамкі. І там былі свае гаспадаркі, куры, свінні. У маіх аднакласнікаў з гэтага прыватнага сектара павадкі былі больш хуліганістыя. Многія, дарэчы, любяць сябе прадстаўляць нейкімі хуліганамі, успамінаючы дзяцінства. Я хуліганам не быў.
Я быў абсалютна дамашні хлопец з інтэлігентнай сям’і, які прачытаў, напрыклад, амаль усю «Библиотеку мировой литературы для детей», а гэта 50 тоўстых тамоў (праўда, я там не чытаў савецкіх аўтараў).
Акрамя чытання, увесь час быў заняты ў спартыўных секцыях. Я займаўся футболам, плаваннем, пазней крыху каратэ і шахматамі. І пры тым, што ў жыме лежачы я ў свой час на максімуме (гэта ўжо гадоў у 30) выціскаў 120 кг, самым вялікім сваім спартовым дасягненнем лічу першы разрад па шахматах.
Быў поўным выдатнікам, і не таму, што «зубрыў», а проста вучоба лёгка мне давалася. Плюс мне пашанцавала мець добрую памяць. Я мог перад урокам спытаць, што нам задавалі, вывучыць на пераменцы верш на дзве старонкі, і ў пачатку ўрока атрымаць за яго «пяцёрку». Да таго ж ужо тады, у савецкі час, я знаходзіў розныя кніжкі па інтэлектуальнаму развіццю — напрыклад, трэніроўка памяці ці метады хуткачытання.
Сын намесніка міністра
Я бязмежна ўдзячны бацькам за тое, што правільна мяне выхоўвалі. Гляджу зараз вакол сябе і разумею, што я, «наменклатурнае дзіцё», ніякім чынам не разбэшчаны і не пераборлівы, у адрозненне ад некаторых.
У нас у сям’і вялося «сацыялістычнае спаборніцтва», сістэма балаў за хатнюю працу, дзе за паліванне кветак даваўся 1 бал, а прыгатаваць вячэру — максімальна, 5 балаў. Аднойчы я нават заняў другое месца. Я пыласосіў, хадзіў у краму, гуляў з сабакам, мыў посуд, мыў сам сваё адзенне, гадоў з васьмі.
Кожнае лета я праводзіў прыблізна так. Месяц — у бабулі ў вёсцы Сураж Віцебскага раёну, адкуль родам мой тата. Там я касіў, гроб сена, калоў дровы, насіў ваду для лазні, пасвіў статак кароў, прачынаючыся ў 4 гадзіны раніцы — рабіў усё тое, што і вясковыя дзеці. Другі месяц — у піянер-лагеры. І трэці, самы шчаслівы — «на югах», нярэдка ў санаторыі «Белоруссия» ў Місхоры, каля Ялты.

Віталь з мамай у Сочы, 1976 год. Фота: з архива субяседніка
Так, гэты санаторый быў, відавочна, адным з тых самых наменклатурных прывілеяў. Але ў астатнім маё жыццё мала чым адрознівалася ад жыцця маіх равеснікаў. За мяжу мае бацькі да развалу СССР не ездзілі — толькі адзін раз, яшчэ будучы маладымі людзьмі (пра гэта пазней).
У дзяцінстве і маладосці я больш за ўсё баяўся, каб нехта даведаўся, што мой тата — начальнік.
Калі я ажаніўся, то мы адразу ж у першыя дні вырашылі жыць асобна, у «маласямейцы» ў інтэрнаце (хаця і мае бацькі, і бацькі жонкі мелі ў Мінску трохпакаёвыя кватэры). І мае сябры-аднакурснікі дапамаглі мне перацягнуць туды нейкую канапу. Калі скончылі з працай, за чаркай яны спыталіся, як мне пашанцавала здабыць «маласямейку» — фактычна асобную аднапакаёвую кватэру. Я сказаў: «Тата дапамог». «А хто твой тата?» — «Намеснік міністра». — «Што? Мы з табой 5 гадоў правучыліся, і нам ніколі б у галаву не прыйшло, што ты сын намесніка міністра. Ты ж такі нармальны».

Вяселле Віталя і Вольгі Цыганковых, 1992 год. Фота: з архіва субяседніка
Я думаю, што я, у тым ліку і таму, выбраў журналісцкую прафесію, бо тут ніякі тата не можа дапамагчы стаць прафесіяналам і добра пісаць тэксты.
Я думаю, што я, у тым ліку і таму, выбраў журналісцкую прафесію, бо тут ніякі тата не можа дапамагчы стаць прафесіяналам і добра пісаць тэксты.
Маё крытычнае мысленне ідзе з вольнай атмасферы ў сям’і. Зразумела, сям’я чыноўніка і выкладчыцы не была дысідэнцкай, але іронія і сарказм заўсёды прысутнічалі ў адносінах да ўлады. Свежыя анекдоты пра Брэжнева былі заўжды, тата называў яго «сіські-масіські» — прыблізна так Брэжнеў вымаўляў слова «систематически».
У бацькі быў цікавы кар’ерны шлях. Інстытут, завод, потым забралі ў войска, служба ў ГДР, на афіцэрскай пасадзе. Са службы ён звольніўся. Хоць меў 220 нямецкіх марак там, і 220 рублёў у СССР. І ён усё гэта кідае, бо яму было сумна ў войску, і вяртаецца ў Мінск на пасаду інструктара райкама камсамола, з акладам 110 рублёў, у 4 разы менш! За 7 гадоў дарастае да другога сакратара па прамысловасці Цэнтральнага райкама партыі. Думаю, тут найперш ягонае ўменне кантактаваць з людзьмі, паважаць людзей — што, спадзяюся, перадалося і мне. І потым ён стаў намеснікам міністра Дзяржснаба (цяпер гэта Міністэрства рэсурсаў).

Аляксей Гаўрылавіч Цыганкоў за працай. Фота: з архіва субяседніка
Калі ён памёр, сабраліся людзі, якіх я не ведаў. І такія кранальныя прамовы казалі… У міністра было шэсць намеснікаў. Але з нейкімі асабістымі просьбамі людзі ішлі толькі да аднаго, да Аляксея Гаўрылавіча Цыганкова. Калі ў канцы 1980‑х правялі анкетаванне, каго ад калектыву міністэрства вылучыць дэпутатам у Вярхоўны Савет, то 85% супрацоўнікаў прагаласавала за майго бацьку. Але начальства выбрала іншага, больш зручнага.
А якое пачуццё гумару меў! Калі ўзрост ужо браў сваё, я з ім хадзіў у банк, па пенсію. За год да смерці, у 2019‑м, мы прыйшлі ў банк. А там вялізная чарга. Ён падыходзіць да адміністратара і пытае, на поўным сур’ёзе. «Скажыце, а ў вас ёсць льготы для інвалідаў Трэцяй сусветнай вайны?» Яна збянтэжылася. «Трэцяй? Ой, зараз пагляджу. Ой, тут толькі для другой. Але ж павінна быць нешта і для трэцяй. Давайце, правяду вас без чаргі!»
Антысавецкая газета ў савецкім войску
Калі прыйшоў час ісці ў войска, я хацеў трапіць у ВДВ. Бо хацелася правесці не дарма гэтыя два гады і вярнуцца крутым! Я ж спортам займаўся — каратэ, бег, культурызм. На школьных спаборніцтвах у выпускным класе першым прыбег! А ў нас у класе былі спартсмены, валейбаліст, плывец. А я, шахматыст, бягу і ўсіх іх абганяю. І ўяўляю, як дзяўчаты мяне пабачаць, пераможцу. Як я адзін горда фінішую, і яны будуць на мяне глядзець! Прыбягаю, а дзяўчат няма! Іх кудысьці павялі. Такі ўдар!

Віталь Цыганкоў у савецкім войску. Фота: з архіва героя
Але мяне забралі ў ВПС. Дарэчы, пра «дзіця наменклатуры». Звычайныя людзі служылі ў Беларусі, каля дома, а мяне адправілі за тысячу кіламетраў у лес пад Тарту ў Эстоніі, дзе я служыў у роце аховы — кожны дзень у караўл. Гэта лічыцца самая цяжкая салдацкая служба ў неваенны час.
Камандзір роты абрадаваўся: «О! Журналіст! Пішы насценгазету». Ну, я і напісаў. Што, аказваецца, салдатам не патрэбная гарачая вада, бо халодная спрыяе загартоўцы. А калі мы захварэем, то і пляваць. Што, аказваецца, салдату не патрэбнае мяса. Бо навошта яно? Цудоўная дыета. І гэтая газета правісела два дні, пакуль яе не ўбачыў палітрук. Падыходзіць да мяне нейкі палкоўнік. «Што, Цыганкоў? Ты, пэўна, не хочаш вярнуцца ў сваю Беларусь? Хочаш, каб служба пеклам стала?»
Калі мой бацька прыязджаў на прысягу, то зампаліт яму выгаворваў. «Вось Вы, салідны чалавек. Замміністра БССР! Паглядзіце, якога Вы сына вырасцілі». І паказвае яму гэту газету. Бацька расказваў пасля: «Чытаю, смяяцца хочацца. І смяяцца баюся, каб табе не нашкодзіць, і якбы яму не паказаць, што ён тупы. «Так, — кажа, — я правяду з ім бяседу, укажу на недастаткі». Пасля бацька спрабаваў выцягнуць мяне ў БССР, у спортроту. Але ж не атрымалася. І служба мая сапраўды была пеклам, бо мяне ўвесь час дзяўблі за гэтую «антысавецкую» насценгазету.
Менавіта ў войску я пачаў выпісваць беларускія выданні. «Крыніцу» і «Чырвоную змену». Сябры мае пісалі мне беларускамоўныя лісты. І калі прыйшоў з арміі, я пачаў, наколькі мог, гаварыць з імі па-беларуску. А потым цалкам перайшоў у свой дзень нараджэння. То бок спачатку вырашыў і толькі потым стаў авалодваць.
Першае ўражанне ад Лукашэнкі
У Беларусі ідэя пра пасаду прэзідэнта першы раз з’явілася ў 1991‑м годзе, яшчэ да жнівеньскага путчу. І я як парламенцкі карэспандэнт «Знамя юности» запісваў каментары дэпутатаў з гэтай нагоды. Адным з такіх парламентарыяў быў дэмакратычны тады дэпутат Аляксандр Лукашэнка. Запісваючы ягонае меркаванне, я адразу адчуў ягоную негатыўную энергію, ад яго ішла такая агрэсія, што мне стала не па сабе.
Тыя якасці, якія праявіліся ў ім пасля, я адчуў яшчэ ў 1991‑м. Мне хапіла дзесяці хвілін размовы. І больш я ў яго ніколі каментары не браў. Дарэчы, тады ён сказаў, што супраць прэзідэнцтва, бо Кебіч хоча ўвесці сваю дыктатуру.
Ён заўжды быў гатовы адказаць на любое пытанне. Як толькі да яго журналіст падыходзіў, ён адразу канцэнтраваўся, браў сябе ў рукі і выдаваў палымяны спіч. Ніколі не казаў, што ў яго няма часу ці ён заняты. Ніколі не казаў «я не ведаю», гатовы быў гаварыць з журналістамі на любыя тэмы. Заўжды сабраны, кожнае слова прадуманае.
Як пачынаўся «БелаПАН»
З Алесем Ліпаём мы разам працавалі ў «Знамени Юности», у адным, палітычным, аддзеле.
У верасні 1991-га года Алесь падзяліўся сваёй ідэяй заснаваць недзяржаўнае незалежнае агенцтва. «Будзеш са мной?» — «Буду». У мяне не было ніякай боязі пачынаць нешта новае, звольніцца з газеты.
Мне 21 год, але, будучы яшчэ студэнтам журфака, ужо працаваў на поўную стаўку ў «Знамени Юности» — у самай папулярнай тады газеце — парламенцкім карэспандэнтам і пачынаў пісаць аналітычныя артыкулы. Быў ужо даволі прыкметным журналістам, мяне ведалі ў твар фактычна ўсе дэпутаты, многія міністры. Зразумела, найбольшыя кантакты былі з парламенцкай апазіцыяй БНФ.
І калі Алесь агучыў сваю ідэю пра інфармагенцтва, я адразу падтрымаў. Ніхто, акрамя мяне, не пайшоў за Ліпаём — відаць, баяліся пачынаць нешта новае, страціць месца ў папулярнай газеце. Алесь быў дырэктарам, я — намеснік дырэктара. Выконваў арганізацыйную працу, займаўся рэгістрацыяй як адзін з заснавальнікаў, змагаўся з рэдакцыямі за кожны рубель, які яны нам давалі за падпіску на наш пакет. Людзей было не шмат. Тры карэспандэнты і кіроўца з машынай. Раніцай нашая інфармацыя раздрукоўвалася, і гэтыя пакеты развозіліся па рэдакцыях газет. Інфармацыя літаральна перадавалася з рук у рукі. Так працавалі ў даінтэрнэтную эпоху.
Не эміграцыя, а творчая камандзіроўка
У мяне містычная сувязь з Прагай. У гэтым горадзе пазнаёміліся мае бацькі. Іх адзіная савецкая паездка за мяжу адбылася ў 1961 годзе. Ён — інжынер з мінскага завода, яна — таваразнаўца з Гомеля, атрымалі пуцёўку ў Чэхаславаччыну на васямнаццаць дзён. Там яны пазнаёміліся, пасябравалі, сталі хадзіць разам. У іх была гід Бажэна, каторая ім сказала: «Выглядаеце добрай парай». І калі яны пабраліся шлюбам, сваё першае дзіця, маю старэйшую сястру, назвалі Бажэнай. У гонар гэтай чэшкі.
Бацькі былі знаёмыя ажно 18 дзён у паездцы, потым прыехалі і падалі дакументы на шлюб. І пражылі разам амаль 60 гадоў. Калі я ў кастрычніку 1997-га з’язджаў у Прагу працаваць на радыё «Свабода», мама вылічыла, што ў гэты самы дзень, роўна 36 гадоў таму яны пазнаёміліся. Містыка.

Святкаванне 25 сакавіка 1998 года ў Празе
Свой цяперашні стан, працу ў Польшчы я не называю словам «эміграцыя», я называю гэта вымушанай творчай камандзіроўкай.
Азіраючыся ў маладосць
Якія гады былі самыя плённыя? Што за правакацыйнае пытанне? «Нам рано жить воспоминаньнями» [усміхаецца]. Адны кажуць, што мой журналісцкі пік (як і ва ўсёй беларуская журналістыкі) быў тады, у сярэдзіне 1990‑х, іншыя — што ён цяпер, апошнія гадоў 10, калі, акрамя «Радыё Свабода», я стаў даволі прыкметным аўтарам у Фэйсбуку, пачаў працаваць на Белсаце, весці свае праграмы. Канешне, быў эфект 20020 года, калі нашы эфіры глядзелі сотні тысяч, адна з маіх «Размоваў» на Белсаце мела 700 тысяч праглядаў.
Урэшце, я заўсёды казаў, што прызнанне калег і аўтарытэтных для мяне людзей мне, бадай, важнейшае за масавыя прагляды. Гэта вечнае для журналістыкі пытанне якасці і колькасці. І ўсё жыццё я з іроніяй гаварыў, што я «шырока вядомы ў вузкіх колах».

Віталь Цыганкоў. Фота: з архіва героя
У 1995‑м годзе мне ўручаюць першую, толькі што заснаваную прэмію імя Алеся Адамовіча беларускага ПЭН-цэнтра. За газетную публіцыстыку. Гэтая прэмія помніцца асабліва, бо атрымаць яе з рук Васіля Быкава — асаблівы гонар для 25-цігадовага журналіста.
Памятаю, як людзі, якіх я ўспрымаю, як жывых класікаў, падыходзяць да цябе і гавораць, што яны цябе чытаюць і захапляюцца! Гэта самае моцная ацэнка творчасці. Ну і 6 сваіх прэмій БАЖа «Вольнае слова» я таксама вельмі цаню. Праўда, я падаваўся толькі 7 разоў. Калі падаваўся б кожны год — можа, меў бы ўжо прэмій 15.

У дзень абвяшчэння лаўрэатаў прэміі імя Алеся Адамовіча. Алена Лукашэвіч, Галіна Навумчык, Павел Шарамет, Валянцін Жданко, Віталь Цыганкоў (тры апошнія і ёсць лаўрэаты), Васіль Быкаў, Чэслаў Сенюх, Дзмітрый Бугаёў. 4 верасня 1995, Іслач. Здымак з фэйсбуку Сяргея Навумчыка
Але ў цэлым — я не разумею канцэпцыю поспеху. У тым сэнсе, што я не ведаю, што варта лічыць поспехам. Калі мне ў жыцці ў розныя гады розныя людзі нешта кажуць пра мае дасягненні, то я рэагую даволі збянтэжана. Якія дасягненні, дзе? Магчыма, у мяне занадта высокія крытэрыі ацэнкі. Прэзідэнтам не стаў? Нобелеўскую прэмію не атрымаў? Мільярд не зарабіў? Лек ад рака не вынайшаў? Ну дык якія тады дасягненні?
Віталь Цыганкоў з жонкай Вольгай і сынам Багуславам
Мае жонка ды сын — вось мае сапраўдныя дасягненні.
