• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выбітны тэатральны крытык Таццяна Арлова сёння адзначае 90-годдзе

    Таццяна Арлова з’яўляецца вядучым тэатральным крытыкам Беларусі. За 46 гадоў працы на журфаку БДУ прафесар, доктар філалагічных навук падрыхтавала вялікую колькасць тэатральных журналістаў, якія працуюць практычна па ўсіх СМІ краіны.

    Таццяна Арлова. Фота: TUT.by

    Таццяна Арлова. Фота: TUT.by

    Спадарыня Таццяна нарадзілася 28 ліпеня 1935 года ў сям’і народнага артыста БССР, рэжысёра і тэатральнага педагога Дзмітрыя Арлова. Доўгі час разам з маці-актрысай ездзіла па расійскіх правінцыйных тэатрах, дзе тая выступала, у дзяцінстве часта жыла пры тэатры. Аднак сама выбрала не сцэну, а журналістыку.

    «Пачынаючы з 37-га года па сённяшні дзень прозвішча Арловых вельмі істотна ўплывае на духоўнае жыццё краіны. — Спачатку геніяльныя бацькі: тата — артыст, педагог, «будаўнік» тэатра, мама — актрыса, а сёння дачка — Таццяна. Вы — сумленне нашай беларускай культуры», — на адным з папярэдніх юбілеяў гаварыў пра спадарыню Арлову рэжысёр Валерый Анісенка.

    У 1959 годзе яна скончыла аддзяленне журналістыкі БДУ, у той жа перыяд працавала ў газеце «Знамя юности». Тут Таццяна пачынала з артыкулаў пра кукурузу і салігорскія шахты, аднак паступова вярнулася да тэатральных куліс — гэтым разам у якасці крытыка. Сваю прафесійную дзейнасць яна падмацавала навуковымі дасягненнямі: яшчэ ў 1969 годзе спадарыня Арлова абараніла кандыдацкую дысертацыю «Сучаснік на сцэне беларускіх тэатраў». А ў 2003 годзе — доктарскую дысертацыю па тэме «Тэатральная журналістыка. Узнікненне, станаўленне, функцыянаванне ў СМІ».

    «Добра памятаю, як да яе адносілася яшчэ першае пакаленне купалаўцаў. Дарэчы, менавіта народная артыстка Беларусі Вольга Уладзіміраўна Галіна дала мне пачытаць кандыдацкую працу Таццяны Дзмітрыеўны. З якой надзеяй глядзелі на яе акцёры Купалаўскага тэатра, у тым ліку і Стэфанія Міхайлаўна Станюта! У творчасці моладзі, у іх работах яна заўважала парасткі будучых здзяйсненняў. Разам з выдатным пісьменнікам-крытыкам Георгіем Коласам падтрымлівала пачаткоўцаў-рэжысёраў Валерыя Раеўскага, Барыса Луцэнка, Андрэя Андросіка», — у адным з інтэрв’ю падкрэслівала крытык Нэлі Крывашэева.

    Пра значнасць яе асобы ў тэатральным свеце Беларусі гаворыць і той факт, што ў не раз у біяграфіі Таццяны Дзмітрыеўны былі перыяды, калі яе нават… не пускалі ў тэатр. Перашкоду крытык пераадольвала вельмі проста: купляла квіток. Гледача ж нельга вывесці з залы. Іншым разам адміністрацыя прасіла не прыходзіць на прэм’еру, а завітаць праз месяц — баяліся, каб сыры матэрыял не атрымаў слушных крытычных заўваг. 

    «Напружваюцца, вядома. Адразу ідзе па ланцужку — ад адміністратара за кулісы да рэжысёра: сёння Арлова глядзіць. А пасля чакаюць рэакцыю і, калі не напішу ці не скажу, самі тэлефануюць, цікавяцца», — распавядала пра сваю прафесію крытык.

    Аднак, як прызнавалася Таццяна Дзмітрыеўна, у асяроддзі тэатральных крытыкаў яна доўга была ізгоем.

    — У тым сэнсе, што мяне сур’ёзна не ўспрымалі, маўляў, што яна, журналіст, пра тэатр напіша. Таму сярод розных груп і кааліцый я заставалася коткай, якая гуляе сама па сабе, займалася тым, што сама лічыла для сябе цікавым і патрэбным.

    Сябе Таццяна Арлова часта называла гуляючым трэнерам. Так, у 2008 годзе яна тлумачыла журналісту:

    «Я прыйшла працаваць у «Знамя юности» у тысяча дзевяцьсот — баюся нават сказаць — пяцьдзесят восьмым годзе. Мой журналісцкі стаж не перарываўся ніколі. Я гуляючы трэнер: ужо пяць ці шэсць гадоў займаю на факультэце першае месца па колькасці публікацый сярод выкладчыкаў. І тое, не лічачы газетных матэрыялаў, толькі навуковыя артыкулы, часопісныя… Я ж аб’ядноўваю дзве прафесіі: тэатральную крытыку і журналістыку. І, прызнаюся, дзякуючы маёй цікаўнасці мне ніколі не бывае ў іх сумна».

    З лёгкай рукі спадарыні Арловай у айчынныя медыі і тэатры прыйшлі дзясяткі таленавітых прафесіяналаў, якіх яна падрыхтавала, працуючы на журфаку БДУ і ў Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава, куды Арловай давялося пераходзіць пасля таго, як яе звольнілі з Alma mater. 

    «Наогул, я люблю людзей нестандартных, з нестандартным мысленнем, нават калі яны мяне ў шаленства прыводзяць сваімі поглядамі і пунктамі гледжання. Заўсёды імкнуся разгадаць іх, таму што мне цікава даведацца: ці гэта нейкія амбіцыі, якія з часам пройдуць, ці ў чалавека сапраўды бурліць ўнутры. І трэба сказаць, што ў мяне заўжды складваюцца добрыя адносіны з цяжкімі студэнтамі. Адчуваю, што ім патрэбна дапамога і падтрымка ў тыя моманты, калі яны ў разгубленасці», — зазначала яна.

    На сёння за плячыма Таццяны Дзмітрыеўны 17 кніг і больш за 200 навуковых публікацый. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці