Таццяна Нядбай: У турмах зняволеныя хаваюць кнігі Святланы Алексіевіч ад рэпрэсій
Беларускі ПЭН зрабіў сайт bannedbooks.penbelarus.org, на якім сабраныя спісы забароненых кніг, некаторыя гісторыі аўтараў і іх твораў. Адмысловую выставу «Забароненыя кнігі» Беларускі ПЭН-цэнтр прэзентаваў падчас 91-га Кангрэса Міжнароднага ПЭНа ў Кракаве. Пагаварылі пра гэты праект з прэзідэнткай Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай.

Прэзідэнтка Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. Фота: з асабістай старонкі ў Facebook
Сёння ў Беларусі 222 кнігі забароненыя з палітычных і ідэалагічных прычын; 179 аўтараў пад забаронай; 5 ліквідаваных выдавецтваў за апошнія 5 гадоў; не менш за 40 людзей слова ў няволі.
— Рэпрэсіі ў культуры ідуць ужо пяць гадоў, як і ва ўсім грамадстве, і ўсё часцей яны праходзяць у рэжыме цішыні. То бок рэжым прыкладае максімальныя намаганні, каб спыніць распаўсюд інфармацыі пра рэальную сітуацыю ў краіне.
Мы сутыкаемся з тым, што многія замежнікі, якія недаатрымліваюць інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, могуць думаць, што рэпрэсіі сцішыліся, і жыццё вярнулася ў мірную каляіну. Мы штодня жывем у абсурдзе, прызвычайваемся да яго і ўспрымаем яго як нейкую новую рэальнасць.
Каб візуальна паказаць замежнікам абсурднасць сітуацыі, мы стварылі выставу і сайт пра забароненыя кнігі. Забароненыя кнігі — пункт уваходу ў тэму, бо гэта спосаб гаварыць пра аўтараў, пра чытачоў, пра культуру і беларускую ідэнтычнасць. А з іншага боку, гэта сама па сабе вельмі цікавая тэма.
Мы кажам пра існаванне ў Беларусі трох спісаў забароненых кніг: кнігі, якія трапляюць у спіс «экстрэмісцкай» літаратуры; кнігі, якія могуць «нанесці шкоду» нацыянальным інтарэсам. І ёсць неафіцыйны, нефармальны спіс забароненых кніг: праз лагатып на вокладцы, праз імя аўтара, які нелаяльны да сітуацыі, праз тэму ці праз колер вокладкі кнігі могуць быць вынятыя з кнігарняў ці бібліятэк і страціць доступ да чытача.

Скрыншот з сайта Беларускага ПЭНа
Важна падкрэсліць два істотныя моманты. Па-першае, у гэтыя спісы беларускай улады трапляюць і замежныя аўтары, як, напрыклад, Эн Аплбаўм са сваім «ГУЛАГам», шведскі пісьменнік Фрэдэрык Бакман і іншыя. Нямногія замежнікі здольныя пачытаць выданні на беларускай мове, каб ацаніць, чаму яны былі забароненыя. Праз такія кнігі сваіх аўтараў, магчыма, ім будзе прасцей «адчуць» нашу сітуацыю.
На жаль, цэтлікі «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», якія навешвае наша дзяржава на творы і аўтараў, могуць уздзейнічаць на людзей, якія не вельмі глыбока пагружаныя ў сітуацыю. Праз замежных аўтараў, якія трапляюць у спісы забароненых, мы паказваем замежным партнёрам, што гэта — палітычная замова.
І другі момант. Забарона кніг — не ўнікальная сітуацыя, яна назіраецца не толькі ў Беларусі. Такое адбывалася і адбываецца зараз у многіх краінах. Мы атрымліваем шмат матэрыялаў на гэтую тэму ад ПЭН-Амерыка. У кожным са штатаў сітуацыя розная: дзесьці забароны вельмі істотныя, пад іх трапляе шмат літаратуры. Пераважна гэта прадукцыя на ЛГБТ-тэматыку, але не толькі. З прыходам Трампа наступ на свабоду слова ў ЗША стаў больш адчувальны.
Мы хацелі данесці да аўдыторыі, наколькі беларуская сітуацыя адначасова і падобная, і ўнікальная. Мы паказалі гістарычную перспектыву: за апошнія 200 гадоў беларусы вельмі рэдка мелі нацыянальна арыентаваную дзяржаву, якая падтрымлівала нацыянальную культуру. Часцей за ўсё гэта было існаванне ў дзяржавах, дзе ідэалогія ў большай ці меншай ступені не супадала з прасоўваннем беларушчыны. Яна захоўвалася праз супраціў афіцыйнай палітыцы.
Пра ўсю складаную і супярэчлівую сітуацыю мы зрабілі выставу забароненых кніг, якую прэзентавалі падчас 91-га Кангрэса Міжнароднага ПЭНа, які сёлета адбываўся ў Кракаве. Кнігі розных аўтараў і розных часоў — ад «У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча, Ларысы Геніюш, якая была была пазбаўленая чэхаславацкага грамадзянства (нядаўна незаконную пастанову адмянілі), да кніг Эн Аплбаўм, Фрэдэрыка Бакмана. Распавялі пра сучасных аўтараў: Уладзіміра Арлова, Кацярыну Андрэеву і Ігара Ільяша і іх «Беларускі Данбас», пра Змітра Дашкевіча і яго кнігу «Чарвяк», што была напісаная ў няволі. Безумоўна, пра Альгерда Бахарэвіча з «Сабакамі Еўропы» — гэта першая мастацкая кніга, прызнаная экстрэмісцкай.

Выстава «Забароненыя кнігі». Фота: Беларускі ПЭН-цэнтр
На Кангрэсе прысутнічалі ПЭНы больш чым з 80 краінаў. Нашы пастаянныя партнёры (ПЭНы з Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, Нідэрландаў і Бельгіі, Міжнароднага ПЭНа, ПЭНа Амерыка) ведаюць беларускую сітуацыю. Але ёсць арганізацыі, якія не маюць рэсурсаў, каб цікавіцца Беларуссю, якая застаецца ў ценю вайны. Мы спадзяемся, гэтая выстава з’явіцца і на іншых міжнародных мерапрыемствах.
— Пад забаронай як найменш 179 аўтараў. Хто яны — ці атрымліваецца нейкі агульны партрэт?
— Калі казаць пра творы беларускіх аўтараў, то гэта пераважна выданні пра нацыянальную культуру і гісторыю. Як вядома, апошнія гады істотна — праз расійскую прызму — перапісваюцца гістарычныя падручнікі і кнігі. Маўляў, Беларусь — гэта частка Расіі, а беларусы — частка адзінага народа. Таму, безумоўна, усе тэксты, якія падкрэсліваюць нашую нацыянальную суб’ектнасць, трапляюць пад забарону.
Што важна: на наш сайт трапілі не толькі кнігі, якія выдаваліся пасля 2020 года, але і тыя, што выходзілі ў 90‑я гады, у нулявыя, у дзясятыя гады. Што было дазволена яшчэ 5–10-20 гадоў таму, сёння дзяржава лічыць небяспечным.
— Колькі сярод забароненых аўтараў журналістаў?
— Беларускі ПЭН адносіць Кацярыну Андрэеву і Ігара Ільяша да людзей слова, то бок да пісьменнікаў, бо яны выдалі сваю кнігу «Беларускі Данбас».
— Ужо забароненыя як найменш 222 кнігі. А як складаецца іх далейшы лёс?
— У кнігарнях яны здымаюцца з паліц, аўтараў просяць забраць свае творы.
Ад бібліятэк таксама патрабуюць прыбраць гэтыя выданні. Далейшы лёс такой літаратуры ў значнай ступені залежыць ад самога бібліятэкара ці бібліятэкаркі: ці маюць яны імпэт спісваць і знішчаць асобнікі, або ціхенька ратуюць іх, каб іх можна было вярнуць на паліцу, калі зменяцца часы.
Расказвалі гісторыі, што зняволеныя ў турме намагаліся не вяртаць кнігі Святланы Алексіевіч у бібліятэку, а перадаваць іншым зняволеным — каб абараніць кнігі ад рэпрэсій. Нават у турмах назіраецца партызанскі супраціў.
