• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Якасць беларускай журналістыкі трымаецца. Ці зможам удоўгую?

    Адна з панэляў канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра» разглядала ўплыў на якасць медыйнага прадукту разнастайных фактараў апошніх гадоў. Дыскусія атрымалася змястоўнай, цікавай і нават не надта песімістычнай.

    канферэнцыя БАЖ

    Падчас канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Адзін з крокаў: наладжваць сувязі з тутэйшымі СМІ

    Менеджарка PALATNO Media Зоя Хруцкая на пачатку панэлі «Што ўплывае сёння на якасць беларускай журналістыкі?» пералічыла топ фактараў, што, у прынцыпе, маглі б пахаваць тую самую якасць, пра якую сабраліся пагаварыць: палітычны ціск, ананімнасць, доступ да аўдыторыі, падтрымка прафесійных стандартаў у такіх варунках і шмат іншага.

    А першае пытанне было да кіраўніка Літоўскай асацыяцыі СМІ на мовах нацыянальных супольнасцяў Эрнэста Алесіна наконт падабенства ці адрозненняў працы СМІ ў краіне не на дзяржаўнай мове краіны.

    Спадар Алесін мяркуе, што праблемы СМІ на мовах нацыянальных меншасцяў Літвы абсалютна ідэнтычныя з праблемамі беларускіх СМІ ў выгнанні ў тым, што «нас не чуюць літоўскія СМІ». «Гэта выклік нумар адзін — стаць добрай дакладнай крыніцай для літоўскага грамадства.

    І тое, як сябе адчуваюць людзі ў выгнанні ў Літве, і тое, як сябе адчуваюць нацыянальныя меншасці ў Літве, гэта вельмі падобныя моманты», — кажа літоўскі эксперт.

    «Абяцаю як прадстаўнік Саюза журналістаў Літвы паспрабаваць арганізаваць, пайсці на дыскусію з літоўскімі СМІ і зразумець, што ў іх выклікае такі недавер да нас. Ці гэта нейкія ўчынкі, якіх мы не заўважаем за сабой, ці, можа быць, мы не крытыкуем адзін аднаго і не крытыкуем сябе, а гэта выклікала б зваротную сувязь і давер. Наладжванне сувязі з літоўскімі СМІ — гэта пункт нумар адзін», — зазначыў спікер.

    Эрнест Алесін

    Эрнэст Алесін на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    На думку выступоўцы, магчыма, беларускім СМІ варта дадаткова рабіць прадукт на літоўскай мове, бо ўнутраны спажывец, напрыклад, даведваецца, што ў Беларусі вызвалілі 52 палітвязняў, менавіта з літоўскіх СМІ, «я ў тым ліку — маё спажыванне інфармацыі пра Беларусь звязанае з тым, колькі інфармацыі пра Беларусь пройдзе праз літоўскія СМІ».

    «На сваім — рускамоўным — радыё мы сталі рабіць субтытры на літоўскай мове да  відэа, бо толькі такім чынам іх паглядзяць літоўцы», — сказаў спадар Алесін, які ў дадатак да вышэй названых пасад з’яўляецца праграмным дырэктарам Radio‑R.

    Моўнае пытанне, безумоўна, актуальнае для беларускіх СМІ, кажа рэдактарка Hrodna.life Ірына Новік: «Часам мы адчуваем, што нас не разумеюць у Беларусі тыя, для каго мы працуем, бо там зроблена вельмі шмат, каб беларуская мова перастала існаваць.

    Таму для беларускіх медыя ў выгнанні — падвойная задача: маем данесці свой пункт гледжання, сваё бачанне, аналіз сітуацыі да беларусаў, якія знаходзяцца ў інфармацыйнай блакадзе і пад ціскам расійскай інфармацыі, рускамоўных беларускіх дзяржаўных СМІ. А таксама гаварыць простым людзям у Літве, наколькі важная Літве незалежнасць Беларусі. І вось гэту задачу падвойную мы толькі зараз пачынаем усведамляць.

    Насамрэч вельмі важна, каб літоўцы ведалі пра нас не толькі тое, што, паводле нейкіх правых сіл, беларусы нібыта хочуць забраць Вільню, пра недарэчна раздутыя спрэчкі па лініі «Пагоня» — «Віціс», але і тое, што ў нас ёсць шмат агульнага: культура, інтарэсы, Еўропа, агульнае мінулае і агульная будучыня. І гэта новы выклік».

    Ананімнасць — выклік ці прыкрая дробязь?

    На думку Ірыны Новік, калі ёсць давер да брэнда, да медыя, да мовы — гэта часткова вырашае праблему ананімнасці. Паводле рэдактаркі, рэсурс Hrodna.life зараз моцна абнавіў склад каманды, але чытачы «памятаюць два-тры прозвішчы аўтараў старой каманды і праектуюць той вобраз на зусім новых аўтараў». «То бок для іх за тэкстамі стаіць каманда, вартая даверу.

    Таму, мяркую, што пытанне ананімнасці неасабліва ўплывае на давер да нашай журналістыкі. Калі няма прозвішча, то ёсць брэнд, ёсць мова. Нейкую такую грамадскую дамову паміж чытачамі, гледачамі, карыстальнікамі беларускіх медыя і медыясектарам мы ўжо стварылі».

    Ірына Новік

    Ірына Новік на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Галоўны рэдактар выдання «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч заўважае, што «калі мы размаўляем пра якасць, стандарты журналістыкі — мы ўсе, па-першае, неідэальныя, і гэта нармальна».

    «Па-другое, нашыя памылкі заўсёды лепш бачныя і выклікаюць больш хуткую рэакцыю, чым добра зробленая праца. І пункт трэці ў звязку з гэтым, вышэйсказанае не адмяняе таго, што абсалютная большасць працы, якая робіцца зараз незалежнымі медыя, робіцца на найвышэйшым узроўні і літаральна заслугоўвае апладысментаў», — зазначае Старыкевіч.

    Крытыка і самакрытыка — гэта нармальна, але «чаго б мне хацелася больш бачыць у сектары, то гэта нармальнага, сяброўскага, добразычлівага стаўлення да калег».

    «Хоць мы з’яўляемся ў чымсьці канкурэнтамі, аднак, па вялікім рахунку, мы ж робім адну справу. І тут вось гэтых добрых слоў паміж намі не хапае. А злых, на жаль, часам сустракаецца больш, чым трэба, — разважае журналіст.

    — Часам бачыш некаторыя даследаванні, зробленыя людзьмі, якія лічаць сябе медыяэкспертамі, і бачыш, што яны проста мэтанакіравана шукаюць, за што б гэтыя незалежныя медыя яшчэ ўзяць і прыдушыць. І для мяне гэта — ненармальна. Бо тое, у якіх умовах апынуліся незалежныя медыя, як яны перабудаваліся і як працуюць сёння — заслугоўвае насамрэч толькі падтрымкі і павагі. Гэта і пра колькасныя паказчыкі — па самых сціплых ацэнках, мы даходзім да 40% аўдыторыі ўнутры Беларусі. Гэта лічба выглядае недасягальнай сёння, напрыклад, для незалежных расійскіх медыя, якія рэлакаваліся, і яны кажуць, што супольна пакрываюць 10–15% аўдыторыі ўнутры Расіі. Хаця яны маюць нашмат большыя рэсурсы».

    Спадар Старыкевіч таксама падзяліўся некаторымі заўвагамі наконт прац, дасланых на апошні конкурс «Вольнае слова»: «Вельмі шмат занадта вялікіх тэкстаў. Практычна ўсе яны толькі б выйгралі, калі б былі карацейшымі. Яны былі б больш эфектыўнымі — у людзей не так шмат часу, каб усё пра ўсё пачытаць».

    Надзея Белахвосцік

    Надзея Белахвосцік на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Старшыня Рады па медыяэтыцы, кіраўніца праекта Media IQ і прадстаўніца Прэс-клуба Надзея Белахвосцік падтрымала меркаванне папярэдняга выступоўцы: «Сапраўды, якасна беларускія медыя сёння на вельмі высокім узроўні. Мы ў праекце Medi­aIQ гэтыя стандарты (што праўда, толькі ў інфармацыйным жанры навінаў) адсочваем з 2018 года. Быў пэўны страх, што пасля рэлакацыі, выгнання беларуская журналістыка можа ператварыцца ў так званую барыкадную — але гэтага не адбылося.

    Усе нашы паказчыкі, усе стандарты не абваліліся, усе нашы медыя трымаюць гэтую высокую планку. І гэта, як ужо казала Ірына Новік, дасягненне брэндаў — тое, што было зроблена ў Беларусі за 20–30 гадоў, яно працуе зараз на нас.

    Пытанне, колькі яно будзе так працаваць, таму што мы разумеем, што аўдыторыя ў Беларусі змяняецца — яна проста маладзее, прыходзіць іншае пакаленне».

    Пастка быцця па-за Беларуссю — перабольшанне ці не?

    Паводле сацыялагічных даследаванняў, кажа спадарыня Белахвосцік, моладзевая аўдыторыя «не вельмі ўжо нас чытае».

    «Канешне, такая тэндэнцыя зараз па ўсім свеце, але ў Беларусі, мне здаецца, ёсць свая спецыфіка. Калі мы будзем казаць пра людзей, якім зараз 18–22, то ў іх, у адрозненне ад сваіх бацькоў, не выпрацавалася гэта звычка чытаць незалежную прэсу, адкрываць tut.by, «Нашу Ніву», «Еўрарадыё» і іншае. Яны проста гэтага не ведаюць, у іх гэтага няма.

    З іншага боку, гэта ідэалагічная, прапагандысцкая машына проста іх зараз перамолвае. Дэпрэсіўная, страшная сітуацыя ў Беларусі сёння, я баюся, для іх ужо ёсць сітуацыяй нармальнасці. На колькі нам хопіць гэтага даверу, на колькі вось гэтая ананімнасць дазволіць людзям давяраць і надалей? Найбольшая наша праблема тое, што мы самі аддаляемся ад беларускай аўдыторыі, мы ўсё менш і менш разумеем, што там, чым там жывуць людзі, што іх турбуе, альбо радуе», — зазначае экспертка.

    А вось у гэтым бачанні праблемы Аляксандр Старыкевіч не пагаджаецца: «Прапаную пазбягаць абагульненняў наконт татальнай згубы сувязяў з Беларуссю. Імаверна, у кагосьці гэта адбываецца, але я не бачу гэтага татальна ў незалежных медыя. Насамрэч мы знаходзімся ў прынцыпова іншых умовах, чым медыя, якія былі па-за межамі сваёй краіны 30 гадоў таму, тым больш, 40 ці 50 гадоў.

    Калі 50 гадоў таму «Радыё Свабода» атрымлівала адзін ліст на месяц з БССР, які незразумела як дайшоў, то гэта было вялікім шчасцем. Сёння пытанне ў тым, каб гэтыя інфармацыйныя патокі (з Беларусі) адфільтраваць, ацаніць, выбраць найбольш карыснае і цікавае.

    Тут, мне падаецца, праблема ў тым, што мы вымушаныя на гэта значна больш высілкаў выдаткоўваць, а высілкі — гэта рэсурсы, працоўны час, фінансы і іншае. Вось гэта выглядае для нас рэальнай пагрозай — што ў нас заўважна скароцяцца рэсурсы на тое, каб прафесійна рабіць сваю працу, а не тое, што мы ў сённяшніх умовах пазбаўленыя гэтай магчымасці, цалкам знаходзячыся па-за межамі Беларусі. Не пазбаўленыя. Ужо адпрацаваныя тэхналогіі, як мы можам захоўваць гэты кантэкст. У любым разе ў Беларусі зараз журналістыка ў паўнавартасным стане, далікатна скажам, немагчымая. То бок мы тут закрываем гэту патрэбу, гледзячы на памеры і патрэбы нашай аўдыторыі, і ніяк не губляем з ёй сувязь».

    Зоя Белахвосцік і Эрнэст Алесін

    Надзея Белахвосцік і Эрнэст Алесін на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Ірына Новік кажа, што заўважнай стала запатрабаванне аўдыторыяй «чалавечых гісторый, то бок не толькі праінфармуй, але дай нам адчуць.

    Людзям спатрэбіліся гісторыі, якія можна адчуваць, незалежна ад таго, у якім месцы свету ты знаходзішся».

    Эрнэст Алесін пагаджаецца пра адток моладзі ад традыцыйных СМІ: «Мы губляем аўдыторыю ва ўзросце 20–29 гадоў. Нашае некалі агульнапрынятае — ужо не агульнапрынятае, аказваецца».

    Што да чалавечых гісторый, працягнуў спадар Алесін, то «так, яны вельмі зараз запатрабаваныя, гэта яшчэ раз паказвае, што ніякай розніцы паміж намі няма».

    Стандарты і этыка

    Спадарыня Новік лічыць важным «зафіксаваць тое, што аб’яднанне медыясектара і стварэнне медыякодэкса было адказам на запыт карыстальнікаў». У гэтым яна бачыць сувязь. «Значыць, людзі хочуць этычную журналістыку, каб было па справядлівасці. І вельмі крута, што сектар на гэта адазваўся і выпрацаваў (можа, не самы ідэальны) але нейкі інструмент адказу».

    Надзея Белахвосцік заўважае, што ёсць шмат краін, дзе такога кодэкса няма, бо там усё гэта рэгулюецца на ўзроўні законаў: «Таму нам быў патрэбны такі дакумент, бо ў нас (у гэтым сэнсе) няма дзяржавы. Гэта фармальны крок, каб дапамагчы нам самім адчуваць сябе прафесійнай супольнасцю».

    Аляксандр Старыкевіч наконт важнасці выканання стандартаў, што ў выніку ўплывае на якасць: «Я прыхільнік такога меркавання, што аўдыторыю трэба не толькі лічыць, але і ўзважваць.

    Зараз мы фармуем у пэўнай ступені ці спрыяем фармаванню свядомасці тых людзей, якія будуць вызначаць, якой Беларусь будзе ў 2030–2040 гадах. І вось дзеля таго, каб гэта рабіць, то якасць нашай працы, безумоўна, важная».

    Надзея Белахвосцік кажа, што стандарты — гэта тое, што адрознівае медыя ад усіх астатніх гульцоў на інфармацыйным полі.

    «Зараз бачым тое, чаго не было 20–30 гадоў таму, зараз амаль кожны можа назваць сябе блогерам і выйсці да аўдыторыі. І гэта аўдыторыя не заўсёды разумее, дзе асоба, якая нешта вяшчае — дзе медыя, якое адказнае за сваю працу, а што падаецца важным асабіста вядоўцу. Мяжа палягае менавіта тут.

    Вельмі хочацца, каб аўдыторыя гэта разумела. Хочацца, каб людзі менавіта да нас ішлі па аналітыку, па публіцыстыку, па навіны, бо мы нясем адказнасць», — падкрэсліла экспертка.

    Захаваць сябе беларускімі медыя

    Што напрыканцы сустрэчы Зоя Хруцкая прапанавала пагаварыць пра будучыню. Да планаў утрымання якасці беларускай журналістыкі на бліжэйшыя 5 гадоў усе паставіліся даволі аднадушна.

    Зоя Хруцкая

    Зоя Хруцкая на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Надзея Белахвосцік: «Галоўнае, гэта адчуваць, што патрэбна людзям і чым яны жывуць. Калі нічога не зменіцца ў нашай сітуацыі ў бліжэйшыя 5 гадоў, то вось такая задачка з зорачкай — утрымаць гэту сувязь. І каб аўдыторыя разумела, што мы ёй патрэбныя. Якасць працы тыя, хто застаўся ў медыя пасля ўсяго, ужо даказалі. Сіл усім і грошай».

    Ірына Новік перакананая, што каб захаваць сябе якаснымі, трэба захаваць сябе беларускімі. «Што б ні казалі, але ж у Літве — літоўскія СМІ, у Польшчы — польскія, у Расіі — расійскія. А ў Беларусі беларускіх няма. Беларускія СМІ засталіся толькі ў выгнанні.

    Наша задача — захаваць сябе беларускімі. Вельмі цяжка псіхалагічна, эканамічна, складана вытрымаць рытм. Але трэба застацца зярнятамі, з якіх беларуская медыясістэма адновіцца ў краіне».

    Аляксандр Старыкевіч пагаджаецца са спадарыняй Ірынай і падкрэслівае: «Мы праз столькі калізій прайшлі за прыкладна 35 гадоў — і захавалі якасць. Так што я не бачу нейкай сур’ёзнай пагрозы яе страты ў будучыні, калі, натуральна, не пойдуць зусім разбуральныя працэсы. Канешне, адсутнасць дастатковых рэсурсаў б’е па якасці беларускіх СМІ ў першую чаргу і нават не ў арыфметычнай прагрэсіі. Але… За беларускі медыясектар, мяркую, сорамна нам ніколі не будзе ў любым разе».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці