• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алег Груздзіловіч: Пісаў пра здзекі. Прайшоў турму. І даказаў: свабоду не зламаць

    Ці магчыма, каб сын высокапастаўленага чыноўніка, які светапоглядна гадаваўся шчырым камуністам, у выніку стаў ля вытокаў незалежнай беларускай журналістыкі? Прыклад Алега Груздзіловіча даказвае — так. Слынны рэпарцёр у свой час стварыў ячэйку БНФ у «Знамени юности», працаваў сярод іншага ў «Народнай газеце» і «Нашай Свабодзе», а ў 2021‑м сеў за супрацу з «Радыё Свабода».   

    Алег Груздзіловіч

    Алег Груздзіловіч. Фота: БАЖ

    Гэтае інтэрв’ю — частка зборніка «Голас пакалення свабоды», жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. Зборнік апавядае аб лаўрэатах прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы». Ён будзе прэзентаваны 15 лістапада 2025 года ў 17:00 падчас дыскусіі з лаўрэатамі і лаўрэаткамі Прэміі «Голас пакалення свабоды» ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці (Europe­jskie Cen­trum Sol­i­darnoś­ci, Gdańsk, pl. Sol­i­darnoś­ci 1).

    Брэст — адзіны горад Расійскай імперыі, які дзеля крэпасці быў зруйнаваны і адбудаваны побач

    — Алег, у лёс праз расклад зорак верыце? Астралогіяй цікавіліся?

    — У маім выпадку геаграфія, зямля больш падыходзіць, чым геаметрыя нябёсаў. Не ведаю, кім бы стаў, каб жыў у Гомелі ці Магілёве. А нарадзіўся ў Маладзечне — тады гэта быў абласны горад. Якраз час хрушчоўскай адміністрацыйнай завірухі: вобласць ліквідавалі. Бацькі — перад выбарам, куды падацца: закрывалі іхныя рабочыя месцы. Тата нават ездзіў прымервацца ў Гродна: усё там добра, акрамя кадравых перспектыў. А ў Брэсце прапанавалі пасаду намесніка начальніка ўпраўлення мясцовай прамысловасці. Для яго кваліфікацыі цалкам адпаведна, і кватэру абяцалі. Зоркі, як вы кажаце, сышліся: выбар зроблены, мой лёс быў прадвызначаны.

    — Браты-двайняты нарадзіліся ў наменклатурным доме, у цэнтры?

    — Якое там! Спачатку арандаваная кватэрка ў драўляным доме на гарадскім ускрайку. Гэта стэрэатып, што начальнікі савецкай сістэмы ўсе былі ўпакаваныя. Маме не хапала свайго малака для сыноў, але пашанцавала — побач жыла жанчына, якая гандлявала казіным. На ім і выраслі. Толькі значна пазней бацьку пачалі два разы на год выдаваць наменклатурныя падарункі: звязка воблы, палка каўбасы, пачак грэчкі, печыва, маленькая бляшанка распушчальнай кавы — вось і ўсё. Прывілеі мясцовай партбюракратыі таго часу — шмат у чым міф.

    — А як Брэст, горад на мяжы, паўплываў на ваш светапогляд і жыццё?

    — «Вароты ў Еўропу» — гучыць банальна, але гэта, безумоўна, уплывала. Напрыклад, у нас загучалі бітлы і ролінгі тады, калі большасць маладзёнаў у СССР пра іх яшчэ ні сном, ні духам. Толькі з Высоцкім было наадварот.

    Па-другое, горад вайсковай славы — моцны выхаваўчы чыннік.

    Ну і трэцяе — удалая кар’ера бацькі. Спачатку ачоліў управу мясцовай прамысловасці, хутка стаў намеснікам старшыні гарвыканкама, а ў 1968 годзе старшынёй, фактычна мэрам. Хоць якія «мэрыі» ў нас нават цяпер, не кажучы пра той час? Кіраваў дзесяць гадоў.

    — Для ўсёй Беларусі гэта быў час сацыяльна-эканамічнага рыўка. Прамысловасць цягнула за сабой усю гарадскую інфраструктуру. Імклівасць урбанізацыі мог заўважыць нават школьнік.

    — Час сапраўды быў унікальны. Але я прыкмячаў гэта не па заводах і фабрыках, а па Брэсцкай крэпасці, якой якраз далі зорку Героя. Пачалася маштабная рэканструкцыя фактычна руін. На маіх вачах — размовы і спрэчкі з легендарным скульптарам Аляксандрам Кібальнікавым. Бацька расказваў пра сустрэчы з публіцыстам Сяргеем Смірновым, аўтарам кнігі пра подзвіг абаронцаў цытадэлі.

    — А ці не згадваў пра генерала Крывашэіна — таго, што разам з галоўным нямецкім танкістам Гудэрыянам прымаў парад у Брэсце ў 1939‑м?

    — Так, і тут у мяне цікавая згадка. У васьмідзясятых, журналістам «Знамёнкі», трапіў на сход ветэранаў, якія горача аспрэчвалі наш артыкул пра гэтыя падзеі. «Хлусня! Праплачаная публікацыя!» Падымаюся: «Мой бацька асабіста сустракаўся з Крывашэіным, я сам бачыў фота таго параду. Гэта гісторыя, а ў вас, пры ўсёй павазе, — міфы.

    22 верасня 1939 года ў Брэсце сапраўды прайшла савецка-германская вайсковая калона — у гонар перадачы горада і крэпасці пад наш кантроль. Пакт Молатава — Рыбентропа ў дзеянні».

    — Думаю, апладысментаў за той лікбез не было?

    — Не, зашумелі, заўлюлюкалі. І адзін з пагонамі палкоўніка выдыхнуў: «А, ну ўсё ясна: Груздзіловіч — габрэй». Дарэчы, заўважыў: сярод зацятых камуністаў хапала антысемітаў.

    Алег Груздзіловіч

    Алег Груздзіловіч на працы. 1996 год. Фота: з уласнага архіва

    — І як тады наменклатурны юнак узбіўся на беларушчыну?

    — Вучыўся фактычна ў элітарнай спецшколе: англійская з другога класа — на ёй геаграфія, тэхнічны пераклад, літаратура. Настаўнікі адукаваныя. Выкладчыца фізікі пазнаёміла з «Майстрам і Маргарытай», а настаўніца англійскай расказвала пра сустрэчы з маладымі людзьмі, якія гавораць па-беларуску і крытыкуюць «рэканструкцыю» крэпасці. Яны казалі: «Не аднаўляць трэба, а выратаваць старое». І сапраўды — гэта адзіны горад у Расійскай імперыі, які дзеля фартэцый быў зруйнаваны цалкам і адбудаваны наноў. Збоку. Настаўніца асабліва захаплялася маладымі журналістамі, што выцягвалі гэтыя факты на святло.

    Кармлення навуковым камунізмам хапала, хоць я і так быў паўфабрыкатам прапаганды

    — Халодны душ, контрпраўда пра тое, што нараджала запал патрыятызму, нечакана выклікала цікавасць да журналістыкі?

    – Не без таго. Але пачалося з іншага. Светапоглядна я рос шчырым камуністам — перажываў, каб лагер сацыялізму пашыраўся па ўсім свеце. Калі зрынулі рэжым Салазара ў Партугаліі, я, школьнік, страшэнна радаваўся і стаў сачыць за тым сюжэтам. Тым больш, цэнтральная прэса шмат і цікава пра гэта пісала. І вось — жаданне: буду журналістам. З дзявятага класа пачаў хадзіць у абласную «Зарю», наладзіў кантакты, нешта пісаў.

    — Напэўна, бязлітасна правілі. Перакрэсліванні не збівалі імпэт? Калі замест чарговай нататкі з’явілася нешта, чым ганарыўся?

    — Рэдагаванне ўспрымаў спакойна. А важным лічыў артыкул пра тое, чаго не хапае сучаснай школе. Замахнуліся на рэальную аналітыку ўдваіх — кансультаваў і падчышчаў тэкст старэйшы сябра, вядомы брэсцкі актывіст. Прозвішча яго было легендарнае, як у аса савецкай публіцыстыкі з Масквы, Аграноўскага. Тады я гэтага не ведаў і ў творчым сачыненні шчыра напісаў: ідэйным настаўнікам быў Аграноўскі. А дэкан журфака, Рыгор Васілевіч Булацкі, літаральна абрынуўся з абвінавачваннямі: маўляў, нахабна прыпісаў сабе знаёмства з мэтрам! Вось і зацікавіўся творчасцю Анатоля Абрамавіча.

    — Пасля яго кніг з нарысамі і разважаннямі пра журналістыку выкладчыкі ўжо не ўражвалі? На факультэце ж было не столькі пра сутнасць прафесіі, колькі пра каванне ідэолагаў.

    — Безумоўна, кармлення навуковым камунізмам хапала, хоць я і без таго быў тады паўфабрыкатам прапаганды. Але вучылі і рамяству: тэорыі жанраў, макетаванню, фотасправе.

    Наогул, універсітэцкая адукацыя заўсёды шырэйшая за прафесію. Важнае не проста тое, чаму вучаць, а хто вакол. Людзі, кантакты, атмасфера — усё гэта мае значэнне. Напрыклад, ужо на другім курсе мы сустракаліся з Васілём Быкавым.

    Запомнілася, як сціпла паводзіў сябе такі славуты чалавек, колькі разважаў над кожным словам. А потым — кантраст: сустрэча з радыёжурналісткай Нінай Чайкай. І такі барабан ні пра што! Як кажуць, адчуйце розніцу.

    — У перабудову Беларусь стала адным з «рупараў Вандэі». Журфак як школа прапаганды ў яе выпадку не прагадаў. Але рэдакцыйныя ідэолагі звычайна былі слабымі прафесіяналамі. Заўважалі гэта?

    — Так, лозунгавасць не пасуе рэдакцыі, бо пазбаўляе крэатыўнасці. Я адчуваў гэта яшчэ інтуітыўна. Напрыклад, калі галоўны рэдактар «Зари» Пётр Суцько пасля дыплома запрасіў да сябе, то адмовіўся — з ідэйных меркаванняў. Бацька начальнік, будуць глядзець праз яго, паспрабуюць выкарыстаць як свайго ў гарадскіх колах – запхнуць у афіцыёз. Таму выбраў нейтральны, рабочы мінскі штотыднёвік «Інтэграл». Праз год спакусілі прапановай перайсці інструктарам у аддзел прапаганды абкама камсамолу — паабяцалі кватэру. На заводзе чарга гадоў на дваццаць, а ў мяне сям’я: жонка, сын. Трэба цягнуць.

    Алег Груздзіловіч

    Алег Груздзіловіч з дзецьмі. Фота з асабістага архіва

    — Ну дык лагічна было прабівацца ў прапагандысцкай «чарадзе чаек» на першыя ролі — рабіць партыйную кар’еру. Ці ўжо адчувалася, што там не ваш кісларод?

    — Наадварот, менавіта там згубіў усе свае былыя камуністычныя ілюзіі. У камандзіроўках збліжаўся з равеснікамі, і калі па вечарах пад музыку кідалі камсамольскую рыторыку, пачыналася: «Ты не ведаеш жыцця! Паглядзі — усё працуе інакш, чым на словах». І давай сыпаць фактамі…

    Або паслалі працаваць на Маскоўскі фестываль моладзі. Калі камсамольскія лідары ў Беларусі яшчэ трымалі нейкі сорам, то ў Расіі — проста жах. Цягнулі ўсё, што маглі. Начальнік нашай групы — сакратар абкама дзесьці ў Разані ці Бранску — быў банальным злодзеем. Цягнуў усё, на што вока клалася.

    Памятаю, як калісьці студэнтам падпрацоўваў на чыгунцы. Брыгадзір там заўсёды таксама нешта выносіў. Аднойчы гляджу: хавае вяроўку. Кажу: «Навошта табе яна?» — «Ды сабака дамоў не пусціць, калі нічога не прыцягну». Жывы анекдот, хоць і праўда. Вось і ў іх тое самае мысленне: трэба нешта вынесці. Налепкі, чэкі, талоны на бензін, на харчаванне — усё ішло ў ход.

    — А самога пасылалі правяраць тое, у што ўжо не вельмі верылася?

    — Скажам, еду рэвізаваць працу лектарскіх груп. Суцэльная фікцыя. Нічога няма, толькі паперы. Можаш наваліцца на таго камсамольскага сакратара, толькі ведаеш: у яго дзіця хворае, заядае быт… А мы тут з лініяй партыі і чарговым з’ездам. Разумееш: гэта тэатр. І паступова расчараваўся ў сістэме.

    Памятаю, памірае Брэжнеў. Мне задача: «Пішы тэлеграму са спачуваннем ад моладзі вобласці». Ну, напісаў: «глыбока смуткуем», «светлая памяць», «вялікі сын партыі». Паперу, не ведаю чаму, не выкінуў. Паклаў у шуфляду.

    Праз год — памірае Андропаў. Выклікаюць ізноў: «Пішы тэлеграму». Дастаю старую, чышчу пару слоў — нясу гатовую. Захапленне: «Малайчына, аператыўна!» Праз паўтара года памірае Чарненка. Я ўжо з іроніяй: «Пачакайце, пяць мінут!» І ўсе смяюцца, як з нармальнага працэсу.

    Прылятае шэф: «Малайцы! Вось гэта камсамол новай эпохі!» Так з вінаватага стаў героем

    — Працягласць жыцця сістэмы адпавядала яе шаблоннасці. Ці былі гатовыя да перабудовы?

    — Тады я працаваў адказным сакратаром у «Знамени юности». Газета грымела, ішла ў нагу з часам: свабодная рэдакцыйная палітыка, журналісты не лезуць па слова ў кішэню… І тут, у 1988‑м, артыкул Ніны Андрэевай «Не могу поступиться принципами». Кіраўніком газеты быў тады Аляксандр Саламаха. Пад вечар ідзе дадому, кідае набраныя гранкі: «Пастаў гэта на суботу». Чытаю і разумею: нас выкарыстоўваюць, каб распаўсюдзіць чарнасоценны фактычна пасквіль — у газеты найвялікшы наклад у Беларусі, за паўмільёна.

    Я склікаў калег: Юрыя Вельтнера, Ларысу Саенку, Паўла Уладзімірава, іншых. Дыскусія вострая, але большасць вырашыла: не ставіць.

    У панядзелак — разбор палётаў. Прыбег з ЦК інструктар Крукоўскі, пачалі выклікаць па адным і ціснуць: «Чаму не надрукавалі? Парушылі партыйную дысцыпліну!» Маладым журналістам пагражалі звальненнем. Мяне асабліва не чапалі, але пры выхадзе Крукоўскі злосна шапнуў: «Я цябе знішчу!»

    Але праз два дні — нечаканы паварот. Выступае ў Маскве чалец палітбюро Аляксандр Якаўлеў, называе той артыкул «антыперабудовачным маніфестам». Высвятляецца, што сам Гарбачоў палічыў яго дыверсіяй. І нават сказаў дзесьці: «У Беларусі знайшлася маладзёжная рэдакцыя, якая адмовілася друкаваць».

    І ўсё змянілася. У рэдакцыю прыбег Саламаха, усім цісне рукі: «Малайцы! Вось камсамол новай эпохі!» Так я з вінаватага стаў героем.

    — А што засталося ў душы: адчуванне змен — ці ўсё яшчэ разгубленасць?

    — Мы не дазволілі сабе перадрукаваць Андрэеву, але не стварылі альтэрнатывы. Былі яшчэ не гатовыя да сапраўднага плюралізму. Тады — пашчасціла, пранесла, але да нас пачалі пільна прыглядацца. Даводзілася ўжо карыстацца шчылінкамі свабоды.

    Калі ў балтыйскіх рэспубліках з’явіліся народныя франты, пра іх забаранілі пісаць. А я ўзяў нататку пра эстонскі рух і паставіў пад рубрыкай «За рубежом». Праскочыла. Потым зрабіў тое самае з Латвіяй. Ізноў паціраю далоні. Але калі ўрэшце гэтыя хітрыкі заўважылі, выклікалі на дыван, доўга пясочылі.

    Толькі ўжо не спыніць: стаў дэлегатам устаноўчага з’езду БНФ у Вільні, стварыў яго ячэйку ў «Знамени юности», мы правялі агульны сход у Доме друку. Народны фронт быў тады маладым, вольным, поўным веры. Не апазіцыяй, а рухам адраджэння.

    Алег Груздзіловіч

    Алег Груздзіловіч вядзе рэпартаж з Плошчы Незалежнасці ў Мінску. Фота: з асабістага архіва

    Тады пазнаёміўся з Вячоркам, Івашкевічам, Алесем Сушам. Хлопцы папрасілі напісаць артыкул для «Навінаў БНФ» пра карупцыю партыйных кіраўнікоў у прыгараднай гаспадарцы «Атоліна». Зрабіў. Усё выйшла, і так стаў часткай новай журналістыкі.

    — А ці паўплывала на сыход новая кадравая палітыка? Якраз тады ў «Знаменку» прыйшоў новы рэдактар.

    — Так, Міхась Кацюшэнка. Тыраж упаў, газета стала больш урадавай. Шэф, як высветлілася, быў чалавекам Кебіча — і ўвогуле не з тых, хто цягнуў да перамен. І я пайшоў у «Народную газету», якую тады стварыў у парламенце Іосіф Сярэдзіч. Паўтара года быў парламенцкім карэспандэнтам, разам з Мікалаем Галко. Мы асвятлялі ўсе падзеі, а тады палітычнае жыццё выбухала штодня.

    — Па сённяшніх мерах гэта выглядае неймаверна: у парламенце сапраўды панавала свабода слова?

    — Раніца пачыналася з гадзіны рэплік: дэпутаты маглі выступіць свабодна, выказаць пазіцыю. І вось Лукашэнка выкарыстоўваў тую магчымасць на сто адсоткаў. Гаварыў гучна, з жарцікамі і лозунгамі. Палова — пустата і папулізм, але слухалі. Так і набіраў папулярнасць.

    А потым 1995 год. Збіццё дэпутатаў. Я быў у зале, дзе апазіцыя пачала галадоўку пратэсту супраць моўнага рэферэндуму. Вечарам мы трохі пасядзелі, размаўлялі. Сышоў дадому позна, а раніцай даведаўся: хлопцаў збілі! Вывозілі на аўтобусах, катавалі. Сустракаю Герменчука — паказвае спіну ў сіняках. Алеся Шута таксама змалацілі.

    Я запісаў сведчанні, апісаў у рэпартажы ўсе падрабязнасці: як адчыняліся дзверы і пачаўся гэты гвалт, хто збіваў, каму дасталася… Перадаў у рэдакцыю, не сумняваўся, што матэрыял выйдзе назаўтра, але ў газеце толькі першая частка, дзе драбяза: пачатак дня, а пра яго драматычны фінал – нічога.

    — А чаму матэрыял абрэзалі? У паветры пацягнула цэнзурай? Пакацілася на вечар?

    — Выканаўцам абавязкаў рэдактара быў ужо Мікалай Галко. Сярэдзіча знялі, сярод іншых прычын, і за падпісаны ў свет мой артыкул «Лукашэнка нацэліўся на Крэмль». Паласу з гэтым матэрыялам тады разабралі.

    А я сказаў у ім тое, пра што яшчэ ніхто ўголас ні-ні. Выразна адчуў далёкі намер «маладога прэзідэнта», калі апынуўся побач падчас візіту Ельцына на МТЗ. І «наш» з цяплом у голасе і ліслівым паклонам казаў тады «дарагому госцю»: «Глядзіце, гэта ж ваш завод!»

    — Ну а Галко? Вы ж былі калегамі, працавалі плячо ў плячо? Тлумачыў неяк сваю пазіцыю, апраўдваўся?

    — Проста сказаў традыцыйнае ў дзяржаўнай прэсе: «Ты ўсё разумееш…» І я зразумеў. Мы засталіся ў добрых адносінах, бо зразумела, што ён быў паміж молатам і кавадлам, калі пагадзіўся быць выканаўцам, разумеючы, што хутка заменяць. Так і сталася: праз паўгода прызначылі іншага, а Мікалай сышоў.

    А я ўжо на заўтра напісаў заяву аб звальненні. Вырашыў, што калі як парламенцкі карэспандэнт не магу асвятляць галоўную падзею парламента, мая праца губляе сэнс. Галко падпісаў адразу, без спрэчак.

    «Свабода» – гэта іншы свет: у ім усё на табе. Напісаў – адказваеш. Ніхто не прыкрые, няма найвышэйшай інстанцыі

    — Хутка прапанаваў той самы зняты артыкул пра крамлёўскія памкненні Лукашэнкі дэпутату і рэдактару газеты «Свабода» Ігару Герменчуку — і той яго хутка надрукаваў. Так пачалася мая праца ў гэтай рэдакцыі. Там ужо былі Віталь Цыганкоў, Віктар Уладашчук, Алесь Дашчынскі. Мы разам рабілі газету, якая потым называлася «Навіны», «Наша Свабода» – назвы змяняліся, але сутнасць заставалася.

    Свабода

    Газета «Свабода» падчас жнівеньскага путча 1991 года

    — А чым «Свабода» адрознівалася ад «Народнай газеты»?

    — Гэта іншы свет. У ім усё на табе. Напісаў — адказваеш. Ніхто не прыкрые, няма найвышэйшай інстанцыі. Калі памыліўся » адказнасць і перад чытачом, і перад рэдактарам. А Ігар быў залатым чалавекам, падводзіць яго не хацелася. Цяжэй, але значна цікавей. Сапраўдная школа незалежнасці.

    — Памятаеце момант, калі яна ператварылася ў сапраўднае выпрабаванне, бо ад слова ўжо залежала свабода рэальная, а не газетная?

    — Здаецца, гэта Павел Жук прынёс у рэдакцыю сакрэтны дакумент. Гаворка ішла пра падрыхтоўку захадаў супраць апазіцыі, якая, маўляў, плануе «захоп улады». Таму дазвалялася прымаць супраць гэтых людзей «жорсткія меры» — нават фізічнае знішчэнне. Публікацыя выйшла пад маім імем.

    Праз некалькі дзён пасля публікацыі я збіраўся на працу і заўважыў пад вокнамі бусік. Толькі выйшаў з пад’езда — адразу падскочыў чалавек у плашчы. Тыповы гэбіст. Паказаў пасведчанне, ухапіў за руку — і ў бусік.

    Там нейкі «сведка». Малады, гадоў трыццаць, у дзіўным убранні: скураная куртка з махрамі, вялікія туфлі з абцасамі, амаль са шпорамі — як нейкі індзеец. Потым я зразумеў, што такіх выпускалі на вуліцу, каб сачыць, заводзіць кантакты, здаваць.

    – Стукач на ўсе выпадкі жыцця?

    — Іх вербавалі паўсюль, у розных слаях грамадства.

    У галоўным будынку КДБ мяне бесперапынна валтузілі некалькі гадзін: хто прынёс дакумент, адкуль, як, што, чаму… Але я меў на той момант добрую юрыдычную кансультацыю і трымаўся яе: буду размаўляць толькі ў прысутнасці грамадскага прадстаўніка. Кадэбістаў гэта збівала з толку, але не здаваліся: пагрозы, шантаж, псіхалагічны ціск. Урэшце хтосьці патэлефанаваў майму следчаму, ён засунуў паперы назад у тэчку і сказаў:

    «Ну добра, распішыцеся хоць, што былі ў нас». — «Не буду. Нават гэтага не зраблю».

    Праз некалькі месяцаў — раптоўная смерць Карпенкі. Потым прапалі Захаранка, Ганчар, Красоўскі. Мы ўсе разумелі: гэта ўжо не гульня. Я шмат разоў пасля думаў: маглі ж і са мной зрабіць тое самае. Але тады, у 1998‑м, яшчэ заставалася нейкая інерцыя перабудовы, крыху свабоды. Мо таму і не рызыкнулі. А ўжо праз год іх метады сталі іншымі: ціха, без судоў, без следства.

    І галоўнае — гэты дакумент сапраўдны. Ён прарочыў усё, што адбылося. Значыць, у тых органах яшчэ былі людзі сумлення. Тыя, хто хацеў прадухіліць злачынства.

    былы дырэктар Радыё Свабода Аляксандр Лукашук Алег Груздзіловіч

    Запіс з Алегам Груздзіловічам перад арыштам у 2021 годзе. Фота: з архіва Аляксандра Лукашука

    Час, у якім адбілася ўсё: вера, адчай, кроў і праўда, што ніколі не знікае

    — Ну а стала працаваць на «Радыё Свабода» пачаў з 2000 года. Па сёння, за выключэннем зняволення.

    — За гэты час вы бачылі шмат палітычных постацяў эпохі: і Гарбачова, і Ельцына, нават з Клінтанам, здаецца, была сустрэча?

    — Але часцей за ўсё, зразумела, даводзілася назіраць за Лукашэнкам — з часоў дэпутацтва. Калі ён яшчэ толькі рабіў выгляд, што дэмакрат. Неяк браў каментар пра закон аб зямлі і пачуў: «Сялянам трэба даць яе, гэта зменіць усё на агульную карысць». Не паспеў выключыць дыктафон, як Лукашэнка пачынае каментаваць карэспандэнту камуністычнай газеты «Товарищ»: «Нельга аддаваць зямлю, бо разваляць усё, пачнуць гандляваць, народзяцца алігархі». Тады і зразумеў: гэты чалавек будзе гаварыць усё, што зручна яму.

    Або ўзяць першыя крокі прэзідэнцтва. Знакавай была сустрэча з групай журналістаў пасля гісторыі з белымі плямамі: тады з газет паздымалі альтэрнатыўны антыкарупцыйны даклад Сяргея Антончыка. Прыйшоў з ахоўнікам — вельмі грозным, і сам хмуры, жорсткі. Але ўсміхаўся, павітаўся за руку.

    Старэйшыя калегі падштурхнулі мяне да выступу, я і сказаў: «Вы знішчаеце люстэрка, якое можа дапамагчы бачыць краіну. Свабодная прэса — гэта не вораг, а інструмент. Без яе страціце арыенціры». Слухаў моўчкі. Потым ляпнуў штосьці дзяжурнае пра дысцыпліну, дзяржаўныя інтарэсы. Вочы халодныя, шкляныя. Да мяне дайшло: не чуе, прыйшоў не слухаць — толькі адпрацаваць ролю.

    — Фактычна, маналог перад Лукашэнкам — гэта смелая спроба захінуць сабой свабоду слова. Калі разабрацца, усе гады на «Радыё Свабода» вы займаліся праваабарончай журналістыкай.

    – Памятаю першы працэс, які адкрыў мне гэты кірунак. 1996 год. У судзе Славамір Адамовіч — фактычна першы палітвязень новай Беларусі. Ён напісаў верш «Забіць прэзідэнта» і атрымаў рэальны тэрмін.

    Потым разгон Чарнобыльскага шляху, арышты, турмы, знікненні палітычных актывістаў і лідараў. Я кантактаваў з іх сем’ямі: з маці Завадскага, з дачкой Захаранкі. Гутаркі, якія немагчыма забыць. Гора, бездапаможнасць і ўсё ж — надзея. Хоць боль і не праходзіць.

    — А які з процьмы рэпартажаў найбольш урэзаўся ў памяць?

    – Напэўна, калі мяне затрымалі, але праваронілі камеру. Гэта 2011‑ы, так званыя маўклівыя акцыі. Людзі выходзілі на плошчы і проста пляскалі ў далоні. Без лозунгаў. Бясслоўны пратэст супраць крызісу і страху. Я быў каля Нацыянальнай бібліятэкі. Людзей усяго дзясятак-другі. Падлятае АМАП, пачынаюць хапаць усіх падрад. Мяне таксама ў варанок. Але камеру не заўважылі.

    І вось мы ў фургоне, у акенца відаць дарога, твары міліцыянтаў. Дастаю камеру, пачынаю браць інтэрв’ю ў тых, каго затрымалі разам са мной. Потым хаваю флэшку ў шкарпэтку, каб зберагчы ад канфіскацыі.

    Але не, у пастарунак прывозяць, правяраюць і — нечакана — адпускаюць. Аказваецца, падключыўся прэс-сакратар міліцыі Ластоўскі, ён тады меў вагу і шмат каго насамрэч абараніў. Такі перыяд кантрастаў… Адразу бягом у рэдакцыю, і праз гадзіну рэпартаж з аўтазака ўжо на сайце.

    На наступны дзень яго паказалі па расійскім РТР: «У Беларусі журналіст “Радыё Свабода” зняў відэа знутры аўтазака». Рэдкая прафесійная ўдача.

    — Бываюць рэпартажы, што прыносяць удачу. А ці ёсць такія, пасля якіх не заснуць?

    — 19 снежня 2010 года. Разгон плошчы. Сярод тых, каго здымаў у самым цэнтры месіва, — малодшы Аляксандр Класкоўскі, сын майго сябра-журналіста. У форме, з крывёй на твары. А я тады не ведаў, што гэта Саша. Спачатку думаў — міліцыянт, што перайшоў на бок людзей. Потым ён сам сказаў, што звольніўся з ДАІ раней. Званю позна ўвечары, пасля таго закалоту, а ён паспеў толькі сказаць: «Да нас ужо грукаюцца». Нядаўна Саша памёр, а я дагэтуль бачу перад сабой той кадр — як люстэрка часу, у якім усё адбілася: вера, адчай, кроў і праўда, якая ніколі не знікае.

    Беларуская турма — гэта калі ўвечары думаеш, як дажыць да раніцы, а раніцай — як працягнуць да вечара

    — Вашае зняволенне: ці была нейкая сітуацыя, якая паказала сістэму ўжо знутры? Не журналіст, што назіраў звонку, а чалавек, які сам стаў яе часткай?

    — Так. У мяне было тры такія этапы адкрыцця.

    Алег Груздзіловіч

    Турэмны малюнак журналіста Алега Груздзіловіча

    Першы — восень 2020-га. Упершыню затрымалі і далі 15 сутак у Баранавічах. Мясцовая адміністрацыйная турма, падрыхтаваная загадзя пад масавыя разгоны. Да таго часу фактычна не выкарыстоўвалася — былыя казармы. Некаторыя казалі, яшчэ царскія, іншыя — што стайня польскага часу. Яе спехам пераабсталявалі пад ізалятар. Замест рамонту — брызент, пабітыя сцены, цвіль. Некаторыя камеры яшчэ паспелі тынкаваць, і, здаецца, мяне, журналіста, кінулі якраз у тую, што больш-менш прыстойная. Але потым перавялі ў іншую, з надпісамі на сценах яшчэ з васьмідзясятых гадоў.

    Там захварэў на ковід, выйшаў ледзь жывы — на нагах трымаўся з цяжкасцю. Турма — гэта бытавыя пакуты, прыніжэнне, штучная жорсткасць.

    Мы, дзевяць чалавек у камеры, чулі, як прывозяць новых: сабакі брэшуць, крыкі, лаянка, бягуць па калідоры, б’юць, прымушаюць глядзець у падлогу. Але пры гэтым думалі: вось выйдзем, а там набіраецца разгон да свабоды…

    — Рэпрэсіі насамрэч заглушалі пратэст. Выбівалі прыцэльна? Тых, то падтрымліваў гарэнне?

    — Другі этап пачаўся ў ліпені 2021 года. Масавымі затрыманнямі журналістаў. Заведзена справа супраць супрацоўнікаў «Радыё Свабода». Узялі мяне, Дашчынскага, Студзінскую. Напярэдадні ўжо арыштавалі «Нашу Ніву», «Вясну», TUT. by.

    Гэта была ўжо іншая рэальнасць — жорсткая, без прыкрыцця. Мы з Дашчынскім сядзелі разам, я бачыў праз акно Валадаркі, як да нас прыходзілі родныя з перадачамі, але мы нічога не атрымлівалі. І нічога не давалі: ні пасцелі, ні ежы. Спалі, паклаўшы пад галовы пластыкавыя бутэлькі, я потым намаляваў гэта ў сваёй кнізе.

    У камеры сядзеў адзін крымінальнік — за наркотыкі. Ён вучыў, як сябе паводзіць у калоніі: што трэба сказаць, каб не прынялі за «блакітнага», як ставіцца да рэчаў, што можна браць з падлогі, а што нельга.  Лікбез выжывання.

    Стаўленне да палітычных кардынальна змянілася. Калі ў 2020‑м думалася пра «зло па інерцыі», то ў 2021‑м ты ўжо ўспрымаў зло як сістэму.

    Алег Груздзіловіч

    Алег Груздзіловіч у першы дзень пасля нечаканага вызвалення. Вільня, 2022 года. Фота: «Радыё Свабода»

    — Трэцяя пасадка — праз паўгода — паказала сябе ўжо без усялякіх масак і выпадковасцяў?

    — Ужо на каранціне я пачуў: «Палітычны? Ну, чакай — зараз ШЫЗА».

    І сапраўды. Прыдумалі прычыну: памылка ў спісе рэчаў, нібыта чагосьці не хапае. І пад выглядам законнага пакарання адправілі ў штрафны ізалятар.

    Гэта ўсё падаецца фармальна: спачатку рапарт, потым камісія, якая нібыта вырашае, што з табой рабіць. Але ўсё ўжо вырашана загадзя. Мяне прывялі ў кабінет начальніка калоніі, там — яшчэ некалькі афіцэраў. Ён паглядзеў на паперу, убачыў «Радыё Свабода» і раз’юшыўся: «Ты што, прыехаў сюды свабоду разводзіць?!»

    Крычаў, перабіваў, пагражаў. Калі я паспрабаваў адказаць па-беларуску, наогул ледзьве не звар’яцеў і загадаў: «Разабрацца з ім. Ці ў ПКТ, ці ў петушатню».

    Ты ідзеш па калідоры і не разумееш: гэта проста пагроза — ці ўжо прысуд? Ведаеце, словы могуць азначаць рэальную небяспеку. А потым цябе заводзяць у ШЫЗА. І там  б’юць. Проста ў спіну, без слоў. Сядзіш у адзіночцы — і ўсё. Першы вечар – як першае правальванне ў бездань. Ноч — найцяжэйшая: няма сну, няма часу, няма цябе. І раніцай ты думаеш толькі пра адно: абы дажыць да вечара. А ўвечары — дажыць да раніцы.

    Вось што такое беларуская турма.

    — Пасля ўсяго гэтага, «Свабоды» і турмы, ці ёсць адчуванне паразы пакалення? Вашага асабістага?

    — Паразы не бачу.

    Але ёсць прыкрасць. Шмат ад каго. З кім я рос, працаваў, хто застаўся ў баку. Я не бачыў іх на акцыях, у калонах. Некаторыя з маіх аднакурснікаў, калег, сваякоў проста закалыхалі сваё сумленне мантрай: усё спакойна, усё нармальна. І нават цяпер не хочуць нічога мяняць у сваім светапоглядзе. Іх абараняюць пасведчанні, пасады, вечны страх.

    Алег Груздзіловіч

    Алег Груздзіловіч. Фота: БАЖ

    Але ёсць і іншыя — тыя, што «выйшлі з берагоў». Я бачыў іх у жывым ланцугу, які цягнуўся ад Кастрычніцкай плошчы да Чырвонага касцёла. Стаялі мужчыны і жанчыны, якія яшчэ ўчора галасавалі за Лукашэнку, а сёння казалі: «Мы расчараваліся. Калі цяпер нічога не зменіцца — з’едзем».

    Гэта і ёсць Беларусь. Не чорна-белая, а жывая, складаная — розная. Галоўнае, здатная на абуджэнне.

    — Але чаму адны злавілі вецер веку, а іншыя ні пра якія ветразі не думалі і нікуды не паплылі, бо «нас і тут добра кормяць»?

    — Універсальнага адказу няма. Бо ў кожнага свой узровень досведу, адказнасці. Савецкая школа — у шырокім сэнсе — рабіла ўсё, каб прывучыць людзей не высоўвацца, не рызыкаваць, не задаваць пытанняў. Гэта ўлілі ў кроў. І пазбавіцца гэтага зусім не проста.

    Памятаю аднаго калегу — не буду называць, хаця яго ўсе нашыя ведаюць. Ён жыццё адпрацаваў у дзяржаўнай газеце, добры журналіст, сам мне выхваляўся: ні разу не з’ездзіў за мяжу! Нават у Польшчу… Вось замкнёнае кола: чалавек ніколі не бачыў, як можа быць інакш, і не імкнецца пабачыць.

    — Што стала вашым уласным акенцам у іншы свет?

    — Не адно і не два… Напрыклад, такое. На століку майго бацькі-начальніка ляжала «Новая зямля» — тая самая, якую Якуб Колас пісаў у турме на Валадарцы. Я чытаў яе не па праграме, і яна дапамагала, спрыяла. А хтосьці такой магчымасці не меў і замест палявання за класнымі кнігамі налаўчыўся лавіць печкуроў. На нашым курсе хапіла кар’ерыстаў найвышэйшага пілатажу ў арбіце лукашэнкаўскай вертыкалі.

    Але быў таксама Пятро Васючэнка, узор нацыянальнай свядомасці. Выдатны творца і навуковец, сапраўдны беларус.

    — Шмат каго запаліў сваім прыкладам, а колькі выхаваў! І не толькі ў навуцы.

    — Дзякуючы такім людзям, як Пятро, як тыя, каго не паспеў згадаць добрым словам у гэтай размове, і паўстала непрыкметна новая генерацыя. Шчыра скажу: не спадзяваўся, што 2020‑ы будзем такім маштабным. Калі назіраў перад ім у двухмільённым Мінску калоны актывістаў па пары соцень чалавек, то думаў, што паўторыцца ў найлепшым выпадку сцэнар-2010. А стаў сведкам магутнай рэвалюцыі!

    Дык што падтрымлівае маю веру?

    Алег Груздзіловіч

    Алег Груздзіловіч на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Вось «Свабода», якой аддаў палову творчага і грамадзянскага жыцця. Гэта афіцэр-турэмшчык лічыў яе амерыканскай, так любяць казаць і прапагандысты. Але я сотні разоў пераконваўся: для звычайных беларусаў радыё — люстэрка, у якім людзі бачаць сябе і краіну сапраўднымі. Мы разам змагаемся за мову і годнасць, за права называць рэчы сваімі імёнамі.

    На Валадарцы быў выпадак. Сталы ўжо чалавек, затрыманы за каментары, пачуў прозвішча «Груздзіловіч» і ўспомніў мае артыкулы яшчэ часоў «Знамени юности»! Як тут не задумацца пра тое, што частка жыцця, як і лёсы маіх герояў, былі не дарэмнымі.

    Калі нават за кратамі памятаюць нашую праўду, значыць, жылі мы годна.

    Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці