• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У Беларусі патрэбная куча дазволаў. А тут кажуць: „Калі ласка, прынось праект“»

    Беларуская акторка Вольга Каралёнак распавядае пра тое, чаму тэатр становіцца «аддушынай» для тых, хто працуе на будоўлях і ў сэрвісе, і як у эміграцыі даводзіцца быць адначасова акторам, адміністратарам і ўласным менеджарам.

    Вольга Каралёнак

    Вольга Каралёнак.Фота Паўла Залескага

    – Не часта даводзіцца сустракаць актораў, якія апынуліся ў эміграцыі. Як гэта — быць актору ў такой сітуацыі?

    — Гэта шматступенчаты шлях. Справа ў тым, што ў 2020 годзе мы далучыліся да агульнанацыянальнага страйку, і з таго часу я ў прафесійным тэатры не працую. Пасля мы трапілі ў “чорны спіс”, і праца ў тэатры для нас была закрыта. Але я ні пра што не шкадую. Апынулася ў Польшчы, а Польшча дае магчымасці тут ствараць нешта тэатральнае.

    Вядома, гэта ўжо не прафесійна, а “для душы”, як кажуць, але гэта такая сітуацыя, калі ты можаш рабіць тое, што хочаш. Гэта новы досвед для мяне, і я радая, што ён у мяне ёсць: стварэнне спектакля не дзеля заробку, а таму, што душа патрабуе.

    – Вольга, а калі прыехалі ў Польшчу і зразумелі, што прафесіяй акторкі на жыццё не заробіце — з чаго давялося пачынаць?

    — Я прыехала з лаптопам пад пахай. Тады ў мяне ўжо была невялікая анлайн-праца — выкладала беларускую мову, але гэтага хапала толькі на тое, каб здымаць жыллё. Ну і што? Давялося мыць падлогі, даглядаць дзяцей, займацца рознымі іншымі падпрацоўкамі…

    – А тэатр застаўся толькі ў марах?

    — Не тое, каб толькі марыла пра яго. Праз некалькі месяцаў пабачыла абвестку, што Музей Вольнай Беларусі прапаноўвае прастору для творчых праектаў. Грошай яны не давалі, але магчымасці — так. І пасля Беларусі гэта было вялікім здзіўленнем, бо там, каб нешта паказаць, патрэбна куча дазволаў і пасведчанняў, а арэнда пляцовак каштуе вялікіх грошай. А тут грошай не даюць, але кажуць: “Калі ласка, прынось праект”. Мы з сябрамі хутка сабраліся і праз пару месяцаў ужо мелі праект. Вось толькі не варта было разлічваць, што на гэтым нешта заробіш.

    – І што вам хацелася паставіць тады на сцэне?

    — Мы пачалі з чытанкі “Новы час”. Тэкст быў напісаны драматургам з Беларусі, але сам ён не мог яго прадставіць. Потым паставілі дзіцячы спектакль, дзе галоўны герой Пугач не ведае мовы, і ўсе прымаюць яго за злодзея. Гэта такая зразумелая алюзія на дзетак, якія ў эміграцыі вымушаны адаптавацца ў польскамоўных садках і школах, і таксама шукаюць сяброў, не ведаючы мовы. Пасля быў спектакль, прысвечаны беларускім палітвязням. На розных этапах у нас было некалькі розных пастановак.

    – Як вас успрымалі гледачы? Ці мелі самі сатысфакцыю ад працы?

    — Так, задавальненне заўсёды было. Пасля кожнага спектакля падыходзілі людзі, дзякавалі. І нават тое, што яны ўвогуле прыходзілі, — гэта ўжо давала сатысфакцыю. Хацелася б, каб гледачоў было больш, але трэба разумець: эміграцыйныя ўмовы, людзі маюць столькі клопатаў і стрэсаў, што часам можа проста не хапаць сіл. Тым не менш, ты бачыш, што зрабіў, што гэта некаму патрэбна, і гэта цябе падтрымлівае.

    – Зразумела, што людзі пасля цяжкага працоўнага тыдня могуць не мець магчымасці прыйсці. А як акцёры, якія таксама цэлы тыдзень мылі падлогі, працавалі на будоўлі, хадзілі на рэпетыцыі — адкуль яны бралі сілы, каб іграць?

    — Дык гэта ж, наадварот, “аддушына”. Тут працуе памяць цела: ты пачынаеш гэта рабіць і разумееш, што ўсё памятаеш — як на ровары катацца. Ты зноў на сцэне, зноў у сваёй стыхіі, адчуваеш залу, партнёраў — і проста іграеш. Значна складаней — усё падрыхтаваць, бо ў прафесійным тэатры я прыходзіла ў грымёрку, і там ужо вісеў адпрасаваны касцюм. А тут мне самой трэба і падлогу памыць перад спектаклем, і рэквізіт разлажыць, і папрасаваць касцюм, і яшчэ рэкламу ў сацсетках паспець даць, праверыць продаж квіткоў. І калі да сцэны даходзіш, выдыхнуўшы, самае простае — гэта ўжо сыграць.

    У мяне быў досвед, калі адзін з нашых актораў пяць дзён на тыдзень працаваў на будоўлі ў іншым горадзе, але ўсё роўна пагадзіўся ўзяць ролю. Размова не ішла пра грошы — проста, каб дапамагчы. Ён пасля спектакля падыйшоў да мяне і папрасіў прабачэння: маўляў, не ўсё атрымалася, бо пяць гадоў не выходзіў на сцэну і вельмі хваляваўся.

    – Дык што ж такое тэатр, калі ён можа даваць чалавеку такія сілы — працаваць на будоўлі ў іншым горадзе, прыязджаць і ўсё роўна іграць, і хвалявацца, як упершыню закахаўшыся?

    — Тэатр — гэта такая хвароба, і хто аднойчы паспрабаваў, таму ўжо цяжка кінуць. Мы трошкі іншыя людзі, хто выбраў гэтую прафесію — у нас кроў “сапсаваная” тэатрам. Пра гэта можна шмат распавядаць, але скажу так: у нас па-іншаму працуе нервовая сістэма, асабліва калі мы на сцэне. Калі ты гэта адчуў — хочацца яшчэ і яшчэ. У эміграцыі іншае жыццё, іншыя патрэбы, і часам забываеш, хто ты. Але выходзіш на сцэну, нервовая сістэма пераключаецца — і ты зноў разумееш: “Я магу. Я актор”. І гэта “хвароба крыві” прымушае дзейнічаць па сваіх законах.

    – А што цяпер самае складанае пры стварэнні пастановак?

    — Складана асвойваць новыя прафесіі — гэтыя сумежныя. Не само акторства, а менеджмент. Мы гэтаму не навучаліся: як сабраць людзей, як самім зрабіць рэкламу, як усё арганізаваць. Пляцоўку знайсці можна, у Польшчы магчымасцей больш, чым у Беларусі. Але сабраць гледачоў — напэўна, самае складанае. І гэта ўсё той жа менеджмент, якому нас не вучылі ў сваёй краіне.

    Цалкам паслухаць размову можна тут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці