«Экстрэмісцкі» спіс Мініфарма: старонкі ў сацсетках «Медиа-Полесье», «Минск Беларусь мир новости», Telegram-каналы Astra і «Беларусь_360»
20 снежня Міністэрства інфармацыі Беларусі ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваім сайце.

Фота: pixabay для pexels.com
У адпаведнасці з рашэннем суда Ленінскага раёна горада Гродна ад 19 снежня 2025 года «экстрэмісцкімі» прызналі сацсеткі медыяпраекта «МИНСК БЕЛАРУСЬ МИР НОВОСТИ». У прыватнасці, старонку з назвай «МИНСК БЕЛАРУСЬ МИР НОВОСТИ» ў Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/belarus_top), старонку з назвай «Беларусь Топ» у сацсетцы «ВКонтакте» (ідэнтыфікатар vk.com/novosti_blr, https://vk.com/public20529107), старонку з назвай «Новости Беларуси и Минска» ў Facebook (ідэнтыфікатар facebook.com/belarustop). «Экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып, выявы якога ёсць на гэтых старонках. Паводле апісання на сайце Мінінфарма, ён выглядае як «літары белага колеру «БЕЛАРУСЬ ТОП» у цэнтры чорнага фону».
«Цікавыя навіны Беларусі, актуальныя тэмы, абмеркаванні, апытанні», — так аўтары праекта апісваюць змест сваіх інтэрнэт-рэсурсаў.
17 снежня 2025 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска залічыў у «экстрэмісцкія матэрыялы» Telegram-канал з назвай «ASTRA» (ідэнтыфікатар t.me/astrapress). Гэта расійскі навінавы інтэрнэт-рэсурс, які мае больш за 277 тысяч падпісчыкаў.
Рашэннем суда Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці ад 16 снежня 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаная старонка «Медиа-Полесье» ў сацсетцы Х (ідэнтыфікатар x.com/mediapolesye).
Сёлета ў ліпені «экстрэмісцкімі» прызналі іншыя сацсеткі гэтага анлайн-выдання. Сайт выдання media-polesye.com быў прызнаны «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй» 16 красавіка 2025 года. 18 траўня 2024 года «экстрэмісцкай» была абвешчаная старонка «Медиа-Полесье» ў Faсebook. 22 ліпеня 2024 года ўлады прызналі «экстрэмісцкім» YouTube-канал медыя.
15 снежня 2025 года суд Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці прызнаў «экстрэмісцкім» змест Telegram-канала «БЕЛАРУСЬ_360» (ідэнтыфікатар t.me/pershyreg). Гэта Telegram-канал з навінамі Брэсцкай вобласці.
@bajmedia