• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Маніпуляцыя і гульня на эмоцыях». Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі – пра фільм БТ «Пабег дамоў»

    Беларускі дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» 12 студзеня паказаў фільм «Пабег дамоў», прысвечаны блогеру і журналісту з Бабруйску 70-гадоваму Уладзіміру Усеру, які памёр 6 снежня 2025 года ў шэлтары «Car­i­tas» у Беластоку.

    Разам са старэйшым аналітыкам Media IQ Паўлюком Быкоўскім Белсат разабраў, з якой мэтай здымалася стужка, і якія прапагандысцкія наратывы прасоўваюць яе аўтары.

     Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі – пра фільм БТ «Пабег дамоў»

    Уладзімір Усер. Скрыншот з фільму «Чужое неба». Крыніца: Беларусь 1

    «Эпічны наратыў барацьбы дабра са злом»

    У фільме – два галоўныя героі: памерлы блогер Уладзімір Усер і баранавіцкі прадпрымальнік, заснавальнік газеты «Шаг» Анатоль Вайцяхоўскі. Яны разам здымалі кватэру ў Беластоку.

    Вайцяхоўскі адусюль знік і перастаў выходзіць на сувязь неўзабаве пасля смерці свайго суседа. Як высветлілася пазней, ён паехаў у Беларусь. У фільме паказваецца, што на мяжы яго сустракалі супрацоўнікі «Беларусь 1», а ён распавядаў, які шчаслівы, што апынуўся на радзіме.

    Далей у відэа апавядаецца гісторыя Уладзіміра Усера і сцвярджаецца, што яго ўсе кінулі, ніхто яму не дапамог, у выніку ён памёр у самоце. Па традыцыі згадваюцца гранты, якія атрымлівалі беларускія дэмсілы. Вайцяхоўскі разважаў, што гэтыя грошы ідуць на нейкі бізнес, а звычайным беларусам ніхто не дапамагае.

    У лістападзе 2025 года стала вядома, што ў Польшчу супраць Уладзіміра Усера завялі крымінальную справу за шпіянаж. У стужцы сцвярджаецца, што яе аўтары атрымалі доступ да гэтай справы. Як нібыта доказ паказваюцца копіі дакументаў, у якіх напісана, у чым падазраецца Уладзімір. Таксама дэманструюцца эпікрызы з лякарні, куды бабруец быў дастаўлены пасля затрымання. Знаёмыя блогера мяркуюць, што гэтыя дакументы трапілі ў рукі беларускага тэлебачання ад Анатоля Вайцяхоўскага. Яго прасілі аддаць усе паперы, што заставаліся ў пакоі Уладзіміра пасля ягонай смерці, аднак Анатоль так гэтага і не зрабіў, а потым знік. Усе дакументы таксама зніклі.

    Паводле Паўлюка Быкоўскага, галоўная ідэя фільму простая – паказаць, што людзі, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі, так званыя «беглыя», не маюць будучыні.

    «Ствараецца даволі эпічны наратыў барацьбы дабра са злом. Зло тут – «лялькаводы», якія быццам бы прыцягнулі людзей да «дэструктыўнай дзейнасці», атрымалі вялікія грошы за гэта, і потым гэтых людзей кінулі. Тут ёсць і драматызацыя («калі карэспандэнтка беларускага тэлебачання разважае, ці не затрымаюць ейнага інфарматара, які едзе на аўтобусе з Польшчы ў Беларусь»), і ўзгонка жанру. Гэта побытавая няпростая гісторыя, у значнай ступені праўдзівая, але і хлусні там намяшана шмат, таксама як маніпуляцыяў і гульні на нашых эмоцыях», – кажа эксперт.

    Анатоль Вайцяхоўскі і Ксенія Лебедзева. Скрыншот з фільму «Пабег дамоў». Крыніца: Беларусь 1

    «Можа трапіць у болевыя кропкі беларусаў у эміграцыі»

    Быкоўскі падкрэслівае, што з хлусні пачалося агулам уцягванне Усера ў гэтую гісторыю – у сакавіку 2025 года ён праз падман пагадзіўся на ўдзел у фільме «Чужое неба», на які спасылаецца цяпер карэспандэнтка БТ Ксенія Лебедзева.

    «Расказваецца, што ён гэта рабіў нібыта мэтанакіравана. Але калі ён меў такую мэту, то даволі дзіўна, што ў яго на швэдры напісана «Свабоду Міколу Статкевічу». Калі б ён хацеў распавесці, як усё няправільна ўстроена ў барацьбе з рэжымам, то, хутчэй за ўсё, быў бы іншы спосаб гэта выказаць. І як сам Усер казаў, ён думаў, што запісвае відэа для прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, дзе распавядае пра кепскі стан беларускіх эмігрантаў у сталым узросце», – тлумачыць медыяэксперт.

    Спадар Паўлюк звяртае ўвагу на тое, што ў фільме згадваюцца польскія спецслужбы, якія нібыта дзейнічаюць неабгрунтавана жорстка, выкарыстоўваюць пры затрыманні нямоглага чалавека ў сталым узросце ўзброеных людзей, і што цяпер дзеянні праваахоўных органаў нібыта правяраюць і могуць пакараць за перавышэння моцы.

    Аднак тое самае, ці нават горш адбываецца ў Беларусі, падкрэслівае эксперт. З той розніцай, што ў Беларусі ніякія правяранні і пакаранне для сілавікоў немагчымыя.

    Гэтай стужкай улады таксама, відавочна, хацелі паказаць, што быццам створаныя ўмовы для вяртання тых, хто памыліўся і прызнае свае памылкі, зазначае Быкоўскі.

    Гісторыя Усера і Вайцяхоўскага, расказаная на БТ, можа выглядаць цалкам праўдападобна для аўдыторыі, лаяльнай да рэжыму Лукашэнкі, ці для той, якая не надта «у тэме» («бо разабрацца, дзе праўда, а дзе хлусня ў фільме, сапраўды цяжка»), але можа трапіць у болевыя кропкі і беларусаў у эміграцыі.

    «Бо не сакрэт, што эміграцыя – не салодкі хлеб. Шмат хто мусіў згубіць свой статус, працаваць на нізкакваліфікаваных пазіцыях, цяжка фізічна, не ўсе знаходзяць добрую працу, не ўсе могуць сацыялізавацца на новым месцы. Усё гэта разам стварае перадумовы, каб чалавек прасякся даверам.

    Каб яшчэ больш развярэдзіць раны, укідваюцца вялікія лічбы грошай, якія нібыта пераводзяцца на рахункі арганізацыяў, задаюцца пытанні, на што гэтыя сродкі ідуць. І Вайцяхоўскі распавядае, што на прыватны бізнес. Гэта хлусня, але мала хто насамрэч ведае, куды ідуць грошы, як размяркоўваюцца. Гаворыцца, што нас справакавалі да дэструктыўных дзеянняў, а потым кінулі. Такі наратыў можа быць пераканаўчым для часткі людзей, якія дэмаралізаваныя, зняверыліся, і якім цяпер несалодка жывецца за мяжой», – тлумачыць Быкоўскі.

    Пастанова Уладзіміра Усера. Скрыншот з фільму «Пабег дамоў». Крыніца: Беларусь 1

    Ці быў доступ да сакрэтных дакументаў?

    Датычна дакументаў, якія былі паказаныя ў фільме, наш суразмоўца кажа, што, па-першае, магчыма, яны былі «той цаной за вяртанне, якую паставілі Вайцяхоўскаму». Яны падаюцца як нейкія сакрэтныя, да якіх быў атрыманы доступ, аднак насамрэч не дадаюць нічога новага да таго, што і так вядома – што Усер быў нездаровым чалавекам у сталым узросце, а польскія спецслужбы падазравалі яго ў шпіянажы.

    «Калі нам дэманструюць пэўныя дакументы, нам здаецца, што гэта выглядае як пэўны аргумент. Гэта спроба паказаць сваю дасведчанасць, што радзіма ўсё бачыць і не даруе. У Анатоля ў руках быў пратакол затрымання ці ператрусу ў Усера. Ну і што? Гэта не сакрэтны дакумент як такі. Гэта ў Беларусі забараняюць рабіць копіі пратаколаў затрымання і т.п. У нармальных краінах гэта зусім не так, і гэтыя дакументы бок абароны можа выкарыстаць і апублічыць, калі трэба», – кажа Быкоўскі.

    Праз фільм спрабуюць прасунуць міф пра тое, што беларускія спецслужбы ўсё бачаць, і могуць дастаць каго заўгодна. Аднак, зазначае эксперт, магчыма, у Вайцяхоўскага былі свае прычыны вярнуцца ў Беларусь, і сваім аповедам ён «купіў сабе квіток на радзіму».

    «Гэта не першая гісторыя, калі эмігранты вяртаюцца ў краіну і пачынаюць распавядаць пра жахі ў эміграцыі. Напэўна, інакш вярнуцца немагчыма», – падкрэслівае спадар Паўлюк.

    Урэшце, аўтары фільму імкнуліся зрабіць так, каб Вайцяхоўскі і Усер увасаблялі сабой усіх беларусаў, якія жывуць за мяжой у галечы, без правоў і з’яўляюцца там людзьмі трэцяга гатунку, рэзюмуе эксперт.

    Уладзімір Усер. Скрыншот з фільму «Пабег дамоў». Крыніца: Беларусь 1

    Што гаворыць пракуратура?

    Напрыканцы фільму «Беларусь‑1» паведамляецца, што Уладзіміра дагэтуль не пахавалі, бо ягонае цела не аддае пракуратура. «Белсат» звярнуўся ў акруговую пракуратуру Беластоку з пытаннем, чаму склалася такая сітуацыя. Нам адказалі, што цяпер ідзе расследаванне паводле арт. 155 Крымінальнага кодэксу Польшчы – «Ненаўмыснае прычыненне смерці». Вядзе справу Раённая пракуратура Беласток-Поўнач у Беластоку.

    «На дадзеным этапе чакаем экспертнага заключэння судова-медыцынскага эксперта адносна прычыны смерці пазначанай асобы. Па больш дакладную інфармацыю прапаную звярнуцца непасрэдна ў Раённую пракуратуру Беласток-Поўнач у Беластоку», – удакладніў прэс-сакратар акруговай пракуратуры пракурор Артур Штахэльскі.

    Мы напісалі запыт у Раённую пракуратуру Беласток-Поўнач у Беластоку. Як толькі атрымаем адказ, апублікуем яго.

    Уладзімір Усер. Скрыншот з фільму «Пабег дамоў». Крыніца: Беларусь 1

    Як у фільм падманам уцягнулі вядомых беларусаў

    Таксама ў фільме звяртаюць на сябе ўвагу відэакаментары кіраўніцы арганізацыі «Дапамога» у Вільні Наталлі Калегавай і блогера і прадпрымальніка Аляксандра Кныровіча. Яны выказваюць спачуванні ў сувязі са смерцю Усера.

    Яшчэ ў снежні Беларуская асацыяцыя журналістаў пісала, што невядомы праз тэлеграм шукаюць сярод беларусаў тых, хто зняў бы на відэа шэлтар у Беластоку, а таксама запісаў некалькі словаў пра Уладзіміра – нібыта для ягоных знаёмых і сваякоў.

    Аляксандр Кныровіч пацвердзіў, што таксама атрымаў такое паведамленне 12 снежня, пару дзён спрабаваў верыфікаваць кантакт, а потым «плюнуў ды запісаў відэа на 1 хвіліну».

    «Чалавек, імаверна, дзяўчына, вёў сябе карэктна і вельмі-вельмі прасіў. Мне падалося, што яна ці знаходзіцца ў залежнасці, ці моцна перажывае наконт сітуацыі», – распавёў «Белсату» блогер.

    Цяпер, са словаў спадара Аляксандра, акаўнт, з якога яму тады пісалі, выдалены.

    Наталлю Калегаву таксама папрасілі запісаць такое відэа.

    «Дзяўчына мне пісала і тэлефанавала шмат разоў, пачала адразу пасля ягонай смерці, 7 ці 8 снежня, проста з просьбай запісаць добрыя словы. Казала, што гэта для ягонай сям’і ў Беларусі, і што яна дапамагала Уладзіміру з хостэлам і калі ён захварэў, чым і выклікала давер. Я адразу сказала, што была з ім кепска знаёмая, ён толькі прыходзіў за прадуктамі, аднак вырашыла, што добрыя словы ў памяць пра чалавека, які сышоў, ніколі не зашкодзяць, – распавядала спадарыня Наталля і дадала. – Ім не спадабалася, што там пальма. Але гранты мы не атрымліваем, утрымліваем людзей за свае грошы. Шкада, што і тут паглуміліся».

    Тая дзяўчына, са словаў Калегавай, прадставілася Вольгай і была падпісаная ў тэлеграме як Air­i­ja.

    Яшчэ адзін чалавек, які таксама сутыкнуўся з падобнымі паведамленнямі, распавёў, што яму пісалі з аккаўнту, падпісанага як kap­pa.

    Кім быў Уладзімір Усер?

    Уладзімір Усер да 2021 года жыў і працаваў у Бабруйску. Як распавядалі ягоныя сябры, некаторы час ён працаваў у мясцовым тэатры ім. В.Дуніна-Марцінкевіча, яшчэ ў савецкія часы меў сваю кропку ў горадзе па продажу касетаў, дыскаў і кружэлак з заходняй музыкай. Агулам, сам па сабе быў прыкметнай постаццю, любіў стыль хіпі, заўсёды хадзіў у джынсавай вопратцы і з даўгімі валасамі.

    У 2000‑х гадах пачаў далучацца да апазіцыйных акцыяў, а пасля 2010 года стаў іх сталам удзельнікам.

    Усер заўсёды быў добразычлівым, цікавіўся людзьмі, добра пісаў.

    «Мне падабалася чытаць ягоныя ўспаміны, розныя гісторыі. У яго быў свой стыль, больш публіцыстычны, а не журналісцкі. Але гэта было цікава», – распавядаў БАЖ сябар Уладзіміра.

    З 2011 года Уладзімір пачаў супрацу з бабруйскай незалежнай газетай, пісаў калонкі.

    У 2020 годзе хадзіў на мітынгі, на суды да калегаў, сяброў і проста бабруйцаў. У выніку на яго самога завялі крымінальныя справы і ў 2021 годзе ён быў вымушаны ўцякаць з Беларусі.

    Спачатку Уладзімір жыў ва Украіне, потым, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны паехаў у Літву, а адтуль – у Польшчу.

    У лістападзе 2025 года з’явілася навіна, што польскія спецслужбы абвінавачваюць Усера ў шпіянажы. Яго затрымалі і завялі супраць яго крымінальную справу, аднак пад варту не ўзялі праз стан здароўя – на той момант бабруец ужо быў моцна хворы. У яго быў цукровы дыябет, на нагах былі трафічныя язвы. Са словаў сяброў і ягонага суседа па кватэры Анатоля, ён ледзь хадзіў, на вуліцы мог упасці.

    Уладзімір нідзе не працаваў апошнім часам, а таксама не атрымліваў беларускую пенсію, бо ў яго скончыўся тэрмін дзеяння банкаўскай карткі. Таму мужчына зусім не меў грошай, жыў толькі на дапамогу ад сяброў.

    Пасля затрымання ён трапіў у лякарню, адтуль хацеў вярнуцца дамоў, аднак ягоны сусед Анатоль не пусціў яго і адвёз у шэлтар («начлежку» для людзей у крызісе бяздомнасці) «Car­i­tas» у Беластоку. Там жа Уладзімір і памёр неўзабаве. Незадоўга да ягонай смерці з ім бачылася педыятарка Мая Церакулава, якая валанцёрыць у гэтым шэлтары. Яна распавядала БАЖ, што блогер не цярпеў і памёр хутка:

    «Спынілася сэрца. Я ведала яго чатыры дні, і размаўляла з ім пра ягоны фізічны стан. Ён быў разумны, добры і ветлівы са мной. Горка жартаваў».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці