«Успрымайце, як дарогі і медыцыну»: Чаму Ісландыя фінансуе прыватныя медыя з падаткаў
У інтэрв’ю БАЖ вядучая ісландская навукоўца ў галіне медыя, прафесарка Універсітэта Ісландыі і Вальгердур Ёхансдоцір (Valgerður Jóhannsdóttir) распавяла, як Ісландыя перастала ставіцца да медый як да бізнесу і пачала ўспрымаць іх як «дарогі і медыцыну» — базавую інфраструктуру, за якую грамадства павінна плаціць супольна.

Прафесарка Вальгердур Ёхансдоцір. Скрыншот з відэа Jean-Rémi Chareyre
Кропка незвароту: калі рынак церпіць крах
Згодна з даследаваннем, сёння ў смартфоне сярэднестатыстычнага ісландскага падлетка 80 % кантэнту — на англійскай мове. Netflix, TikTok і YouTube паступова выціскаюць родную ісландскую мову з паўсядзённага ўжытку. Гэта не проста змена звычак, а сапраўды пагроза для нацыі, якая налічвае ўсяго 380 тысяч чалавек. Калі грамадства перастае спажываць навіны і культуру на сваёй мове, яно рызыкуе знікнуць як палітычны і культурны суб’ект усяго праз два пакаленні. Гучыць даволі знаёма, праўда?
Вальгердур Ёхансдоцір неаднойчы ў сваіх акадэмічных артыкулах адзначала, што для ісландскай медыясістэмы фінансавы крызіс 2008 года стаў пунктам незвароту. Крызіс разбурыў веру ў выключна рынкавую мадэль СМІ і абваліў давер грамадства да журналістаў да 15 %.
Адток рэкламных грошай да глабальных тэхнагігантаў і пагроза татальнай англізацыі прымусілі дзяржаву пераглядзець сваю ролю.
Навіны на нацыянальнай мове пачалі ўспрымацца не як тавар, а як базавая інфраструктура і гарант бяспекі. У 2021 годзе Ісландыя ўвяла сістэму прамых субсідый, кампенсуючы прыватным рэдакцыям да 25 % вытворчых выдаткаў, каб захаваць мову і дэмакратычны плюралізм.
«Каб супрацьстаяць уплыву англійскай, улады Ісландыі стварылі некалькі фондаў для падтрымкі сваёй мовы»
— Ісландыя змагаецца з англізацыяй, Беларусь — з русіфікацыяй. Наколькі востра гэтая праблема паўплывала на прыняццё закона аб субсідыях для прыватных медыя?
— Я ведаю, што адным з аргументаў на карысць падтрымкі мясцовых нацыянальных СМІ было жаданне дапамагчы роднай мове выжыць. Яна заўсёды была важным складнікам ісландскай ідэнтычнасці. Незалежна ад таго, якая партыя знаходзіцца ва ўладзе, палітыка краіны заўсёды была скіраваная на тое, каб захоўваць, абараняць і падтрымліваць ісландскую мову.

Пазнавальныя пейзажы Ісландыі. Фота: Rostyslav Savchyn для Pexels.com
Як вы заўважылі, апошнім часам гэтая праблема стала больш вострай з прычыны моцнага ўплыву англійскай мовы ў кіно і на тэлебачанні. Напрыклад, нашыя дзеці ўсё часцей сутыкаюцца з ёй у перыяд, калі толькі пачынаюць вывучаць сваю родную. Каб супрацьстаяць гэтаму, улады Ісландыі стварылі некалькі фондаў для падтрымкі мовы, у тым ліку гранты на літаратуру, пераклад кніг, стварэнне фільмаў і тэлешоу.
Для ісландскіх СМІ заўсёды было абавязковым субцітраваць замежны кантэнт і дубляваць дзіцячыя праграмы — проста таму, што малыя дзеці не ўмеюць чытаць субцітры.
— Ці была нейкая апазіцыя гэтай палітыцы? Ці сцвярджаў хто-небудзь, што Ісландыі варта проста перайсці на англійскую мову?
— Не. Жаданне захаваць ісландскую — гэта вельмі трывалая, адзіная пазіцыя сярод нашага грамадства. На пачатку 2000‑х гадоў некаторыя прадстаўнікі бізнес-эліты сцвярджалі, што было б танней выкарыстоўваць англійскую як афіцыйную мову бізнесу, але сёння гэтая ідэя не мае аніякай рэальнай падтрымкі.
Аднак існуе абгрунтаваная крытыка таго, што ўрад не забяспечыў належнай моўнай падтрымкі для імігрантаў. Колькасць імігрантаў у Ісландыі імкліва расла на працягу апошніх 20 гадоў. Хоць афіцыйная палітыка гарантуе паслугі перакладчыкаў у такіх месцах, як бальніцы, фактычнае фінансаванне часта недастатковае. Гэта прыводзіць да таго, што дзецям даводзіцца перакладаць для сваіх бацькоў на школьных сустрэчах.
— Ці заўсёды гэтая моцная праісландская пазіцыя была часткай вашай культуры?
— Так. Ісландыя была часткай Дацкага каралеўства да 1918 года. Ачышчэнне ісландскай мовы ад дацкага ўплыву было асноўнай часткай нашай барацьбы за незалежнасць.
У адрозненне ад старой Еўропы, у нас няма грандыёзных замкаў. Тое, што мы маем — гэта літаратурная спадчына. Ісландскія сагі 1200‑х і 1300‑х гадоў вядомыя ва ўсім свеце, і мы ганарымся тым, што да гэтага часу можам іх чытаць. Мова заўсёды была стрыжневай часткай нашай ідэнтычнасці. Калі мы страцім яе, то кім мы застанёмся?
Прамыя субсідыі ці падаткавыя льготы?
— З чаго пачыналася стварэнне сістэмы падтрымкі СМІ?
— Для Ісландыі гэтая тэма даволі новая ў параўнанні з іншымі краінамі Паўночнай Еўропы, дзе субсідыі для прэсы існуюць дзесяцігоддзямі. Галоўным аргументам стала тое, што медыі з’яўляюцца важным стаўпом дэмакратыі. Грамадзянам патрэбна надзейная інфармацыя пра грамадства, каб дзейнічаць адказна.
Праз сур’ёзныя змены ў медыяпрасторы за апошнія дзесяць – дваццаць гадоў, такія як рост інтэрнэту, сацыяльных сетак і пераразмеркаванне рэкламных даходаў, урад Ісландыі ўвёў сваю першую субсідыю для СМІ ў 2021 годзе.
Працэнт ад падаткаў — на падтрымку незалежных СМІ. Як дапамагчы рэдакцыям у Літве і Польшчы?
— Як гэта ўспрынялі розныя палітычныя бакі?
— Гэта выклікала палітычныя спрэчкі. Дыскусія ідзе не столькі пра тое, ці варта падтрымліваць СМІ, колькі пра тое, як менавіта гэта рабіць.
Калі запытацца: палітычныя левыя аддаюць перавагу прамым субсідыям, як у астатніх краінах Паўночнай Еўропы, у той час як правыя менш схільныя да прамога фінансавання і выступаюць, хутчэй, за агульныя падаткавыя льготы. Правыя сцвярджаюць, што, калі ўрад субсідуе прэсу, медыі могуць страціць сваю неперадузятасць — гэта класічная рызыка «кусаць руку, якая цябе корміць».
Праз гэтыя палітычныя дэбаты законы аб субсідаванні СМІ зацвярджаліся кожны раз толькі на год ці два, што патрабавала пастаянных перагляду і ўзгаднення ў парламенце. У сувязі з гэтым, як і ў іншых краінах Еўропы ці ў ЗША, палітычныя правыя вельмі крытычна ставяцца да нашага грамадскага вяшчальніка — RÚV.
RÚV фінансуецца дзяржавай, але таксама мае права прадаваць рэкламу. Палітыкі правага крыла сцвярджаюць, што гэта дае ім несумленную перавагу: рэкламадаўцы сыходзяць да RÚV, таму прыватныя СМІ ўсё часцей застаюцца без кантрактаў.
Нядаўна наш новы ўрад, які прыйшоў да ўлады ў лістападзе мінулага года, прыняў стратэгію па субсідыях для медыяў, якая прадугледжвае большае фінансаванне, але пры больш строгіх умовах.

Англамоўная старонка сайта грамадскага вяшчальніка Ісландыі RÚV. Скрыншот
— Якія крытэры неабходна выканаць, каб атрымаць субсідыю?
— Прыватная медыякампанія павінна быць агульнанацыянальным СМІ з агульнай навінавай павесткай і мець у штаце не менш за трох рэпарцёраў. Гэта не можа быць нішавае выданне, якое асвятляе толькі спорт ці навіны пра знакамітасцяў. Медыя павінна выконваць дэмакратычную функцыю.
Падтрымку атрымліваюць медыярэсурсы, якія публікуюць навіны пра ісландскае грамадства.
Новая ўмова, спецыяльна распрацаваная для павышэння пісьменнасці і ўмацавання ісландскай мовы, палягае ў тым, што яны таксама павінны ствараць пісьмовыя тэксты. Нават тэле- і радыёстанцыі абавязаны мець артыкулы ў пісьмовай форме — у інтэрнэце або ў друку.
Акрамя таго, план дзеянняў у сферы медыя вызначае грамадскага вяшчальніка (RÚV) як ключавую культурную інстытуцыю, якая мае абавязацельствы па падтрымцы ісландскай мовы.
Да таго ж, ісландскія прыватныя медыякампаніі цяпер могуць атрымаць падтрымку са спецыяльнага фонду для пакрыцця выдаткаў на дубляж і субцітраванне кантэнту для дзяцей. Гэта дапамагае абараніць мову і павысіць іх канкурэнтаздольнасць у параўнанні з замежнымі гігантамі, такімі як Netflix ці Disney.
Урад таксама плануе ўкараніць схему культурных узносаў для стрымінгавых сэрвісаў. Мэта — стымуляваць міжнародныя платформы інвеставаць у прадукцыю на ісландскай мове. Напрыклад, калі Netflix здыме шоу на ісландскай мове, яны змогуць падаць заяўку на грант для дубляжу або субцітравання.
Медыяландшафт і доля рынку
– RÚV — гэта грамадскае СМІ. Якая яго доля рынку сярод гледачоў ці чытачоў? Гэта буйны гулец?
– Што тычыцца навін, яго доля рынку складае прыкладна ад 30% да 40%. Гэта вельмі важны гулец. Тым часам прыватныя СМІ ўжо шмат гадоў змагаюцца за фінансавае выжыванне. Калі глядзець строга на журналістыку, то ёсць толькі адзін іншы буйны вяшчальны канкурэнт з уласнай рэдакцыяй навін: кампанія пад назвай Sýn, якая кіруе і радыё, і тэлебачаннем. Ёсць яшчэ адна тэлекамунікацыйная кампанія з ТБ і стрымінгавым сэрвісам, але яны засяроджаны на забавах і кіно, а не на навінах.

Адзін з выпускаў найстарэйшай газеты Ісландыі —штотыднёвіка Morgunblaðið
– Значыць, ёсць тры буйныя гульцы?
– У сферы вяшчання — гэта RÚV і Sýn. Таксама ёсць буйная выдавецкая кампанія, якая выпускае найстарэйшую газету Ісландыі — Morgunblaðið («Ранішняя газета»). І Morgunblaðið, і Sýn кіруюць двума асноўнымі навінавымі сайтамі краіны. Таксама існуе незалежнае выданне, заснаванае журналістамі, якое называецца Heimildin.
— То-бок гэта хутчэй «павольнае медыя» (slow media), якое спецыялізуецца на расследаваннях?
— Так, яны робяць шмат глыбокіх расследаванняў замест таго, каб пастаянна выпускаць аператыўныя навіны. І яны таксама атрымліваюць дзяржаўныя субсідыі.
— Нават калі яны капаюць кампрамат на палітыкаў, якія цяпер пры ўладзе?
— Ну, гэта залежыць ад таго, каго вы спытаеце. Паводле даследаванняў, у якіх Ісландыя параўноўваецца з іншымі краінамі Паўночнай Еўропы, давер да журналістыкі — асабліва прынцып «выцягнутай рукі» (калі грамадства верыць, што ўлады не ўплываюць на прэсу) — у нас заўважна слабейшы.

Heimildin — незалежнае выданне, заснаванае журналістамі. Скрыншот сайта
– Значыць, палітыкі ўсё ж спрабуюць уплываць на прэсу?
– Я б не казала, што яны робяць гэта актыўна, але грамадства ўспрымае гэта як магчымасць, што само па сабе з’яўляецца праблемай. Напрыклад, падчас апошняга раунда размеркавання субсідый максімальны ліміт выплаты быў зніжаны — гэта значыць, што буйныя кампаніі атрымалі менш, а дробныя — больш. Правыя палітыкі і буйныя медыякампаніі заявілі, што гэта была помста, бо гэтыя выданні востра крытыкавалі адну з кіруючых партый. Урад гэта адмаўляў, але недавер застаўся.
Былі таксама выпадкі, калі высокапастаўленыя палітыкі выказвалі завуаляваныя пагрозы наконт фінансавання RÚV пасля крытычных рэпартажаў. Хоць яны хутка адмаўляюцца ад сваіх слоў, гэта тое, чаго міністр у Даніі, напрыклад, ніколі б сабе не дазволіў.
Каб сістэма субсідый працавала належным чынам, павінен быць абсалютны давер да таго, што фінансаванне не будзе выкарыстоўвацца як зброя, каб прымусіць медыя маўчаць.
«Нам адчайна патрэбныя СМІ, здольныя на якасную справаздачнасць»
– Што трэба, каб дасягнуць такога ўзроўню даверу?
– Магчыма, проста патрэбны час. Аднак праз глабальны інфармацыйны хаос і рост колькасці фэйкавых навін, створаных штучным інтэлектам, людзі пачынаюць разумець, наколькі важная моцная незалежная журналістыка.
Нам адчайна патрэбныя СМІ, здольныя на якасную справаздачнасць. Новы план дзеянняў у сферы медыя фактычна ўключае грамадскую інфармацыйную кампанію, каб падкрэсліць важнасць рэдакцыйных СМІ для дэмакратыі, культуры і мовы. План заклікае грамадства і бізнес актыўна падтрымліваць ісландскія медыя праз падпіскі і мясцовую рэкламу, а не спадзявацца цалкам на амерыканскія тэхналагічныя платформы.
– З эканамічнага пункту гледжання, гэтая субсідыя пакрывае каля 25% рэдакцыйных выдаткаў?
– Так, каля 25%. Астатняе яны забяспечваюць за кошт рэкламы і падпісак. Аднак даходы ад рэкламы падаюць.
Згодна з новым планам, частка рэкламных даходаў RÚV будзе перанакіравана ў фонд дзяржаўнай падтрымкі прыватных СМІ.

Сайт грамадскага вяшчальніка Ісландыі RÚV. Скрыншот
– Ці заўважылі вы станоўчыя змены за апошнія пяць гадоў? Лепшыя заробкі ці больш стабільнасці для журналістаў?
– Афіцыйна гэта яшчэ не вымяралася. Рэдактары невялікіх выданняў кажуць, што для іх гэта пытанне жыцця і смерці. Для буйных кампаній гэта значныя грошы, хоць і не вызначальныя для існавання.
Буйныя кампаніі больш занепакоеныя стварэннем роўных умоў гульні з замежнымі тэхнагігантамі. Netflix, напрыклад, паводле закона не абавязаны субцітраваць ці дубляваць дзіцячы кантэнт, а ісландскія кампаніі — абавязаны. Буйныя тэхналагічныя кампаніі таксама выкарыстоўваюць журналісцкі кантэнт для павелічэння трафіку і забіраюць сабе рэкламныя даходы, не плацячы пры гэтым за саму журналістыку.
Ісландыя занадта малая, каб змагацца з Meta ці Google самастойна, таму мы хочам аб’яднаць намаганні з ЕС, каб прымусіць іх плаціць за навінавы кантэнт, падобна таму, як гэта зрабіла Аўстралія.
@bajmedia