Чалавек, які выпраменьваў спакой, дабрыню і шчырасць. Кім быў відэааператар Дзяніс Сакалоўскі
21 лютага не стала відэааператара Дзяніса Сакалоўскага. Ён памёр у Берліне ва ўзросце 47 гадоў. «Безумоўны прафесіянал, таленавіты і адданы справе. Дзяніс любіў жыццё, сваю сям’ю і верыў, што мы вернемся ў Беларусь», — падзяліліся з БАЖам успамінамі яго сябры і калегі.

Дзяніс Сакалоўскі, Германія. Фота з прыватнага архіва
Дзяніс Сакалоўскі быў адным з найлепшых аператараў-пастаноўшчыкаў не толькі Беларусі, але і рэгіёна. Больш за 10 гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, дзе рабіў значныя праекты. Шмат рабіў для замежных тэлеканалаў, такіх як ARD, ZDF, DW, Arte, mdr, TV France, Al Jazeera, Al Arabia, NRK, ABC (TV Australia).
У 2007‑м атрымаў трэцяе месца ў намінацыі «Найлепшы тэлеаператар Беларусі», а ў 2017‑м быў узнагароджаны «Тэлевяршыняй» як найлепшы аператар. Таксама меў шматлікія ўзнагароды на тэлевізійных каналах як найлепшы аператар года. А некалькі яго фільмаў былі адзначаныя на міжнародных фестывалях, сярод якіх «Я, Андрэй Іванавіч», «AWAKEN», «Сестра Иоанна», «DEMIGOD».
У жніўні 2020 года Дзяніс Сакалоўскі далучыўся да страйку супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, дзе прыняў актыўны ўдзел. Пасля звальнення разам з былымі калегамі працаваў над стварэннем незалежнай медыяплатформы — так званага «альтэрнатыўнага тэлебачання», за што 22 снежня разам з Ксеніяй Луцкіной быў затрыманы па «справе Прэс-клуба».
Першапачаткова яго абвінавачвалі ў дапамозе ва ўхіленні ад сплаты падаткаў. Дзяніс правёў 8 месяцаў пад вартай у СІЗА‑1. Пасля таго, як сябраў «Прэс-клуба» вызвалілі па памілаванні, 23 жніўня 2021 года яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, але прызналі падазраваным ва ўдзеле ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Да канца траўня 2022 года ён заставаўся пад мерай стрымання і праходзіў падазраваным паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса. З цяжкасцямі ён здолеў выехаць за межы Беларусі.

Дзяніс Сакалоўскі
«Чалавек, які заўсёды выпраменьваў спакой і дабрыню»
Журналістка Ксенія Луцкіна, сяброўка і калега Дзяніса: «Дзяніс быў адным з найлепшых аператараў у Беларусі. Гэта не перабольшанне, ён быў аператарам і пастаноўшчыкам самых складаных тэлевізійных праектаў — ад студыйных канцэртаў да фільмаў. Такіх спецыялістаў у любой краіне адзінкі.
Апошнія 10 гадоў да 2020-га Дзяніс працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, але пастаянна супрацоўнічаў з мноствам замежных тэлеканалаў. З кім ён толькі не працаваў — гэта і немцы, і шведы, і брытанцы, усіх і не пералічыш. Ён вёў найскладанейшыя праекты і не на адным тэлеканале».
Як кажа спадарыня Луцкіна, Дзяніса ўсе любілі: «Ён і таленавіты, і чалавек бясконца выдатны.
Гэта чалавек, які заўсёды выпраменьваў спакой, дабрыню і нейкае вось такое чалавечае шчасце. Ты разумееш, што на Дзяніса можна пакласціся ў самай складанай сітуацыі. Гэта твой сябра, за якім ты як за каменнай сцяной.
Што да працы, то гэта магу апісаць так: у цябе ўсё ляціць да чорта, у цябе восем камер, няма рэжысёра на здымках, але пры гэтым у цябе ёсць Дзяніс — і ты разумееш, што ў цябе ўсё будзе добра».
Журналістка называе Дзяніса Сакалоўскага «нефармальным лідарам падзей 2020-га ў Белтэлерадыёкампаніі».
«І шмат у чым дзякуючы яго ўдзелу забастоўка была даволі працяглай. Потым мы вырашылі рабіць свой праект з нуля — незалежнае тэлебачанне. Не магу зараз называць усіх у праекце, але пра Дзяніса магу цяпер сказаць, што гэта чалавек, на якім вельмі многае ў гэтым трымалася.
Мы практычна запусціліся, у яго была настолькі цвёрдая ўпэўненасць у тым, што ў нас усё атрымаецца — і, у агульным, ужо атрымлівалася. Але потым — арышт, — успамінае Ксенія. — Мы здымалі пілотнае ток-шоу, ведаючы, што за намі ўжо сочаць і хутка ўсё пачнецца. Але здымалі спакойна, ён проста сказаў: «Усё окей, працуем. Мы з табой тут удваіх робім, што павінны, усё астатняе няважна». Я яму за гэта бясконца ўдзячная, такіх па-добраму шалёных людзей вельмі мала. У гэтым быў увесь Дзяніс».
«У зняволенні ён паводзіў сябе больш чым годна. Дарэчы, сустракаюцца згадкі, што яго выпусцілі па памілаванні, дык вось не — яму змянілі меру стрымання, пакінуўшы падазраваным па частцы першай артыкула часткі 357, — зазначае былая палітзняволеная. — Увесь час, пакуль я там была, мне было надзвычай важна з ім пагаварыць. Мяне пастаянна калола сумленне, што вось ён з‑за мяне туды трапіў.
Але ў мінулым сакавіку ўжо тут, у Берліне, мы размаўлялі, і ён сказаў: «Забі, мы ўсе там сядзелі толькі за тое, што мы павінны былі рабіць». І ўсё. Была ў ім такая, ведаеце, лёгкасць — чалавечая і прафесійная.
На волю 23 жніўня ён выйшаў проста з карцара — пра гэта не ведаюць. Дзяніс супраціўляўся там усяму, у карцар трапіў, таму што яго волю спрабавалі зламаць. Не атрымалася. Трэба было мець вельмі вялікую мужнасць, вытрымаць усё там і застацца чалавекам. Такія якасці ў яго — а там жа просты шлях можна было выбраць дзеля здабыцця волі і незалежнасці. Але ён гэты шлях не выбраў».
Дзяніс умеў працаваць ва ўсіх умовах і з усёй тэхнікай, валодаў дайверскай катэгорыяй для падводнай здымкі, меў досвед здымак з самалёта і верталёта. Меў шмат здольнасцяў па-за журналістыкай: цудоўна маляваў і быў дыпламаваным скульптарам. А з 2022 года Дзянісу ў вымушанай эміграцыі ў Берліне давялося працаваць і на будоўлі.

Дзяніс Сакалоўскі, Германія. Фота з прыватнага архіва
«У сілу розных абставінаў тут, у Германіі, ён не мог працаваць па прафесіі. Пайшоў на будоўлю, быў актыўным членам беларускай дыяспары тут. Займаўся творчасцю ў вольны ад працы час, якая забяспечвала жыццё. Але балюча, што чалавек з такім талентам быў вымушаны пайсці на будоўлю.
І ён нядаўна перанёс кавід на нагах. Было вельмі дрэнна, яго ўсе прасілі пайсці да ўрача, але, на жаль, ён не пайшоў, — сказала Ксенія Луцкіна. — Пахаваны Дзяніс будзе ў Беларусі».
«Дзяніс любіў жыццё, сваю сям’ю і верыў, што мы вернемся ў Беларусь»
Сябар Алесь ведае Дзяніса яшчэ са студэнцкіх часоў: «Разам вучыліся ў Акадэміі мастацтваў на пачатку нулявых. Цікавы, упэўнены ў сабе чалавек… І не было ніякіх сумневаў у самааданасці прафесіі, ён быў безумоўным аўтарытэтам у сваім асяроддзі. Так, ён доўгі час працаваў на дзяржаўную тэлерадыёкампанію, меркаваў, што можна прафесійнай працай уплываць на сістэму і, як я разумею, адмяжоўваўся ад выключна прапагандысцкіх праектаў».
Алесь называе Дзяніса надзейным чалавекам, які заўсёды трымае слова і гатовы дапамагчы: «У той жа час быў упэўнены ў сваёй моцы і самастойна пераадолеваў складанасці».
Наноў сябры студэнцтва сустрэліся ў эміграцыі: «Знаходзячыся ў Берліне пасля зняволення, ён адчуў якую-ніякую бяспеку і вырашыў застацца. На першы час Дзяніс атрымаў грашовую падтрымку ад міжнароднай журналісцкай суполкі. А я ўжо на той час паціху падпрацоўваў на розных будоўлях. Пачалі працаваць разам.
Чалавек ён дужы. Праца была розная — дзяўблі бетон, крылі дах, працавалі з дрэвам, малярна-тынкавыя працы і г. д. Мы браліся за ўсё, дзе былі хоць якія грошы. Я лічу нам пашанцавала — нас прыбіла да адной нямецкай камуны і мы не апынуліся дзесьці пад мостам. Трэба падзякаваць і іншым сябрам, была і ёсць падтрымка. Што да яго працы па прафесіі, то не так шмат разоў гэта атрымлівалася».

Дзяніс Сакалоўскі, Германія. Фота з прыватнага архіва
У снежні Дзяніс пачаў адчуваць сябе не вельмі добра, скардзіўся на праблемы з дыханнем, але працягваў працаваць.
«У сярэдзіне студзеня Дзяніс ужо адмовіўся ад працы, вырашыў адпачыць, адляжацца. Я некалькі разоў ночыў у яго, паводле яго слоў, стан трохі паляпшаўся. Гэта было нешта падобнае на пнеўманію, ён прымаў антыбіётыкі, якія, паводле яго, дапамагалі яшчэ ў Мінску. Трымалі Дзяніса ў полі зроку з яшчэ адным сябрам, прапаноўвалі яму хаця б атрымаць кансультацыю ад лекара ў дыяспары, але ён так і не звярнуўся да яго.
Мяркую, Дзяніс не хацеў апынуцца ў шпіталі. Ён ужо меў не вельмі прыемны досвед раней, калі не паспеў падоўжыць страхоўку і мусіў сам аплаціць больш за дзве тысячы еўра за меддапамогу. На жаль, мы не былі надта настойлівымі, як зараз разумею, і не пераканалі яго наконт лячэння», — распавёў Алесь.

Дзяніс Сакалоўскі, Германія. Фота з прыватнага архіва
«Дзяніс любіў жыццё, сваю сям’ю і верыў, што мы вернемся у Беларусь», — дадаў ён.
«Вельмі шанаваў Беларусь і беларускую мову. Ва ўсё ўкладаў душу, у дачку Васіліну таксама, было бачна гэта»
Журналіст Аляксандр, які здымаў з Сакалоўскім навіновыя рэпартажы для замежнага тэлеканала, кажа, што Дзяніс быў вельмі добрым, шчырым і адкрытым чалавекам.
«Часам здавалася, што шчыры, як дзіця. Мо за ім нават такі дагляд мусіў быць, як за дзіцем, бо мне падаваўся вельмі ўразлівай, творчай асобай, — успамінае Аляксандр. — Прафесіянал сваёй справы. З ім было лёгка працаваць — сам усё ведаў і рабіў. Падчас працы на акцыях віртуозна рабіў здымкі ў самай гушчы падзей, не баяўся і ўмеў працаваць у экстрэмальных варунках».

Дзяніс Сакалоўскі, Германія. Фота з прыватнага архіва
«Вельмі шанаваў Беларусь і беларускую мову. Памятаю, з дачкой заўсёды па-беларуску размаўляў. Ва ўсё ўкладаў душу, у дачку Васіліну таксама, было бачна гэта. Успамінаецца, што вельмі прыемна было слухаць, як размаўляюць бацька з дачкой па-беларуску з любоўю і павагай адно да аднаго», — дадае Аляксандр.
Пра збор сродкаў на пахаванне Дзяніса Сакалоўскага, каб вырашыць усе транспартныя і іншыя пытанні, будзе абвешчана пазней.
@bajmedia