Сёлета Магілёўская пракуратура ініцыявала прызнанне «экстрэмісцкімі» больш за 130 інтэрнэт-рэсурсаў
Апроч гэтага, паводле пастаноў пракурора Магілёўскай вобласці да пяці інтэрнэт-рэсурсаў быў абмежаваны доступ у Беларусі.

Пракуратура Магілёўскай вобласці. Фота: mogilevnews.by
Пракуратура сцвярджае, што на іх размяшчаліся забароненыя да распаўсюду звесткі. Да прыкладу, на інтэрнэт-сайтах «Флагшток» і «Главк» публікаваліся матэрыялы, раней прызнаныя «экстрэмісцкімі» рэгіянальнымі судамі.
«Таксама там паведамляліся непраўздзівыя звесткі пра палітычнае становішча Рэспублікі Беларусь і прававы статус яе грамадзян», — піша служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.
Што да інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных у 2026 годзе «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй», то магілёўская пракуратура лічыць, што іх кантэнт «накіраваны на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне, а таксама на папулярызацыю пратэстнай актыўнасці».
Гэтая пазіцыя была выкладзена ў заявах, накіраваных у суды. У выніку адпаведных судовых рашэнняў усе згаданыя пракуратурай інтэрнэт-крыніцы былі ўключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
@bajmedia