• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзіяна Пінчук: Апошнія гады медыярэсурс «Вясны» працуе на стыку фіксацыі парушэнняў і глыбокага сторытэлінгу

    Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае 30-годдзе. Пасля 2020-га медыякампанент працы «Вясны» стаў надзвычай заўважным. Як кажа галоўная рэдактарка сайта цэнтра Дзіяна Пінчук, зараз у Беларусі «мы — адзіныя, хто займаецца праваабарончай журналістыкай у такім маштабе».

    Дзіяна Пінчук

    Дзіяна Пінчук. Фота: Віялета Саўчыц

    Журналістка і праваабаронца Дзіяна Пінчук распавяла БАЖ пра складанасці і асаблівасці цяперашняй праваабарончай журналістыкі.

    Сістэма праверкі дазваляе захоўваць дакладнасць

    — «Вясна» зараз фактычна ці не адзіная крыніца інфармацыі пра затрыманні і ўвогуле рэпрэсіі ўнутры Беларусі. Як адбываецца праверка інфармацыі, ці стасункі з унутранымі крыніцамі настолькі ўжо адбудаваныя, што ўзровень даверу не вымагае пераправерак ці пацверджання з іншых крыніц?

    — Мы жывём у рэальнасці, дзе класічны фактчэкінг немагчымы, а кожнае пацверджанне патрабуе ювелірнай працы. Cёння наш галоўны капітал — гэта давер і сетка правераных крыніц, якая будавалася дзесяцігоддзямі. Але важна разумець: гэтая сетка — не нейкая закрытая сістэма, гэта самі беларусы.

    Цяпер мы аказаліся ў сітуацыі, калі фактычна збіраем інфармацыю пра рэпрэсіі па крупіцах, каб сабраць поўную карціну таго, што насамрэч адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі.

    Але мы б нічога не маглі зрабіць без тых адважных людзей, якія, нягледзячы на велізарную рызыку і атмасферу татальнага страху, працягваюць дасылаць нам інфармацыю. Мы бясконца ўдзячныя кожнаму і кожнай, хто піша нам і перадае каштоўныя звесткі пра затрыманні, палітвязняў і іншыя рэпрэсіі. Гэта сапраўдны гераізм — разумець, што тваё паведамленне можа дапамагчы камусьці не знікнуць без вестак.

     Так, мы сутыкаемся з сітуацыямі, калі часта немагчыма атрымаць афіцыйныя дакументы, але шматступеньчатая сістэма праверкі праз розныя каналы дазваляе нам захоўваць дакладнасць.

    Узровень даверу да нашых крыніц высокі, але мы ніколі не спадзяемся на «авось». Мы супастаўляем дэталі, шукаем ускосныя пацверджанні, параўноўваем дадзеныя з розных каналаў. Калі мы публікуем лічбу ці прозвішча — за гэтым стаіць велізарная нябачная праца па супастаўленні фактаў.

    Фіксацыя — гэта першы крок да справядлівасці

    — Звычайная справа нашага часу: інфармацыя не для друку, ананімнасць, блізкія рэпрэсаваных амаль татальна катэгарычна супраць апублічвання фактаў ціску, дэталяў. Якая пазіцыя тут у «Вясны»?

    — Мы цалкам разумеем гэты страх. Людзям часам здаецца, што калі яны будуць маўчаць, то «там хутчэй разбяруцца» ці «не зробяць горш».

    Але наша пазіцыя прынцыповая: фіксацыя — гэта першы крок да справядлівасці. Калі чалавека забіраюць у цішыні, для сістэмы яго не існуе. А значыць, з ім можна зрабіць што заўгодна, бо няма грамадскага кантролю.

    Публічнасць — гэта дадатковая бяспека і грунт для будучай рэабілітацыі. Прыклад з апошнімі спісамі памілаваных гэта яскрава пацвердзіў: мы ведалі прозвішчы ўсіх, каго вызвалілі, менавіта таму, што яны былі ў нашых базах. Адзіная публічная база даных — гэта інструмент, які спрашчае працу ўсім: ад праваабаронцаў да міжнародных дыпламатаў, якія ўздымаюць пытанні вызвалення на самым высокім узроўні. Мы працуем на тое, каб ніводнае імя не было сцёртае з гісторыі.

    Аднак ёсць яшчэ адзін вельмі важны бок. Нават калі сваякі катэгарычна просяць не публікаваць імя, нам усё роўна жыццёва важна валодаць гэтай інфармацыяй. Нават без прозвішчаў веды пра тое, дзе, каго і за што затрымліваюць, дапамагаюць нам бачыць агульную карціну рэпрэсій. Мы можам фіксаваць новыя хвалі пераследу, змены ў тактыцы сілавікоў ці новыя артыкулы, якія пачынаюць выкарыстоўваць масава. Мы рыхтуем матэрыялы, дзе аперуем лічбамі і фактамі, не называючы імёнаў, калі гэтага патрабуе бяспека.

    Такім чынам, нават «непублічнае» паведамленне — гэта ўнёсак у вялікую працу. Гэта дазваляе нам трымаць руку на пульсе і не даваць рэжыму схаваць маштабы катастрофы.

    «Мы працуем у стане другаснай траўматызацыі штодзень»

    — Якая каманда ў медыяслужбы «Вясны»? Узровень нагрузкі ці працоўны дзень увогуле неабмежаваны?

    — Наша інфармацыйная каманда невялікая, але гэта людзі з «тытанавым» стрыжнем і вялікім сэрцам.

    Я бясконца ганаруся кожным і кожнай з іх. Гэтыя людзі штодзень выконваюць велізарную нябачную працу: яны прасейваюць тоны болю, каб грамадства атрымала адзін радок праўды. Самае каштоўнае — тое, што ў гэтым цемрашальстве яны захавалі здольнасць бачыць у кожнай лічбе чалавека, не ачарсцвелі і не ператварыліся ў механічных рэгістратараў.

    Дзіяна Пінчук. Фота з асабістага архіву

    — Наколькі траўматычная праца з такой інфармацыяй?

    — Так, гэтая нябачная праца дорага каштуе. Мы працуем у стане другаснай траўматызацыі штодня. Гэта калі ты не быў у зняволенні сам, але праз цябе прайшлі сотні гісторый пра яго, і твая псіхіка пачынае рэагаваць так, нібыта ты быў там. Гісторыі катаванняў, несправядлівыя прысуды, галасы заплаканых маці — усё гэта застаецца ў табе «фонавым шумам».

    Працоўны дзень не заканчваецца, калі ты зачыняеш ноўтбук, — часта ты нясеш гэта ў жыццё.

    Мы жывем у вострым дэфіцыце станоўчых навін. Калі звычайны журналіст можа напісаць пра выставу ці адкрыццё кавярні, то ў праваабарончай журналістыцы 100 % кантэнту — гэта парушэнні правоў чалавека. Гэта вельмі моцна цісне. Бываюць моманты, калі ты пачынаеш успрымаць свет выключна праз прызму гвалту.

    — Што ратуе?

    — Гумар і падтрымка. У нас маладая каманда, і мемы ў працоўных чатах — гэта наш ахоўны шчыт. Мы разумеем адзін аднаго без лішніх слоў. Кожны з нас знайшоў свае крыніцы сілы і апоры ў эміграцыі. У многіх ёсць жывёлы — яны сапраўдны паратунак. Мы сумуем па Беларусі, таму вандроўкі па «беларускіх» месцах у Еўропе вельмі надаюць моцы.

    Парады ад медыярэсурсу «Вясны»:  Дазваляйце сабе адчуваць. Не трэба саромецца слёз ці стомленасці. Гэта нармальная рэакцыя на ненармальныя абставіны. Шукайце «сваіх». Вельмі важна мець кола людзей, з якімі можна абмеркаваць не толькі працу, але і тое, як яна на вас уплывае. Беларусь — гэта не толькі рэпрэсіі. Мы сумуем па доме, і гэта боль, які мы носім з сабой. Але мы стараемся наведваць «беларускія» месцы ў эміграцыі, каб адчуваць сувязь з тым, за што мы змагаемся. Гэта дае моц. 

    Правы чалавека — гэта не нудныя справаздачы, гэта жыццё

    — Як выбудоўваецца праца з калегамі-журналістамі, ці заўсёды ёсць паразуменне, улічваючы нюансы сённяшняй праваабароны?

    — Мы ў адной лодцы. Кожны выконвае сваю ролю, і мы вельмі ўдзячныя тым медыя, якія працягваюць трымаць тэму палітвязняў у фокусе, нягледзячы на «стомленасць» аўдыторыі. Канфліктаў няма — ёсць агульнае разуменне місіі.

    Прэмія праваабарончай супольнасці Беларусі: сталі вядомыя пераможцы

    — Ці асвойваеце новыя пляцоўкі?

    — Безумоўна. Наша задача — быць там, дзе ёсць людзі.

    Мы выкарыстоўваем усе магчымыя платформы, каб голас палітвязняў быў пачуты. Правы чалавека — гэта не нудныя справаздачы, гэта жыццё, і мы адаптуем нашы фарматы пад сучаснага гледача, каб праўда пра рэпрэсіі не заставалася ў «бурбалцы».

    — Як вы бачыце працу інфармацыйнай службы «Вясны» сёння і ў перспектыве?

    — За апошнія шэсць гадоў мы трансфармаваліся з аддзела арганізацыі ў паўнавартасны медыярэсурс. У Беларусі мы — адзіныя, хто займаецца праваабарончай журналістыкай у такім маштабе. Гэта новы для Беларусі жанр на стыку фіксацыі парушэнняў і глыбокага сторытэлінгу.

    Наш фокус на працягу апошніх гадоў — інфармацыйная рэабілітацыя і вяртанне суб’ектнасці былым палітвязням праз вялікія інтэрв’ю.

    Мы робім і творчыя праекты, як музычны альбом «Пазначаныя жоўтым». Зараз рыхтуемся да Дня палітвязняў — гэта наша адна з галоўных інфармацыйных кампаній, якая закліканая нагадаць свету, што за кожным за кратамі стаіць жывы чалавек.

    Журналістыка — не злачынства

    У сакавіку 2026 года Камітэт ААН па правах чалавека апублікаваў рашэнне, паводле якога Беларусь сістэмна парушае права на свабоду выказвання, прыцягваючы грамадзян да адказнасці за распаўсюд інфармацыі без журналісцкай акрэдытацыі. Дакумент аб’ядноўвае каля 20 беларускіх спраў.

    Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка, які прадстаўляў на міжнародным узроўні інтарэсы бальшыні заяўнікаў, заўважае ў сваім Telegram-канале, што Камітэт ААН заняў прынцыповую пазіцыю: сам па сабе факт адсутнасці акрэдытацыі не можа быць падставай для пакарання.

    Леанід Судаленка

    Леанід Судаленка. Фота: spring96.org

    «У рашэнні падкрэсліваецца, што свабода выказвання ўключае права шукаць інфармацыю, атрымліваць і распаўсюджваць яе. І гэтае права належыць кожнаму, а не толькі прафесійным журналістам. (…) Асобна падкрэсліваецца, што гаворка ідзе не пра адзінкавыя выпадкі, а пра ўстойлівую практыку.

    На працягу больш як дзесяці гадоў людзі ў Беларусі рэгулярна прыцягваюцца да адказнасці за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі. Гэта датычыцца як супрацоўніцтва з незалежнымі медыя, так і публікацый у інтэрнэце», — зазначыў праваабаронца «Вясны».

    Леанід Судаленка прызнае, што сёння ўплыў рашэнняў Камітэта ААН унутры краіны вельмі абмежаваны: дзяржава не спяшаецца кампенсаваць штрафы ці змяняць заканадаўства, асабліва пасля выхаду Беларусі з Факультатыўнага пратакола ў 2023 годзе.

    Тым не менш, гэтыя рашэнні не з’яўляюцца марнымі з некалькіх прычын:

    • Юрыдычная фіксацыя парушэнняў: рашэнні Камітэта дакладна вызначаюць, што менавіта ў беларускай практыцы (напрыклад, пераслед за працу без акрэдытацыі) з’яўляецца незаконным з пункту гледжання міжнароднага права.
    • Гэта дазваляе кваліфікаваць праблемы як сістэмныя. Дакументы ж ААН ствараюць прававую аснову для будучыні.
    • Калі сітуацыя ў краіне зменіцца, менавіта на гэтыя прэцэдэнты будуць абапірацца пры рэформе законаў, у судах і падчас рэабілітацыі людзей.

    На думку праваабаронцы, ужо зараз гэтыя рашэнні працуюць па-за межамі Беларусі, бо ўзмацняюць пазіцыі беларусаў у міжнароднай палітыцы, дапамагаюць у справах аб атрыманні прытулку, у працэсах адвакацыі і пры фармаванні санкцыйных спісаў.

    Такім чынам, хоць сённяшнія ўлады могуць ігнараваць гэтыя пастановы, юрыдычна ўсе парушэнні зафіксаваныя, што робіць іх важным інструментам для будучых перамен, мяркуе Леанід Судаленка.

    Пра місію беларускіх СМІ ў выгнанні

    Алесь Бяляцкі, нобелеўскі лаўрэат, заснавальнік «Вясны», у нядаўнім інтэрв’ю БАЖ зазначыў, што ў беларускай гісторыі ўпершыню адзначаецца настолькі моцная незалежная інфармацыйная плынь па-за Беларуссю.

    «Гэтыя магчымасці трэба не памяншаць, а, наадварот, мадэрнізаваць і рабіць іх больш эфектыўнымі ў працы за Беларусь, за беларускія душы, за думкі беларусаў. Гэта наша місія», — падкрэсліў ён.

    Паводле праваабаронцы, пытання вартасці існавання медыя ў выгнанні, сэнсу іх працы за межамі краіны для яго не існуе.

    «Трэба сказаць, што беларускія незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якія апынуліся за мяжой, яны працягваюць аказваць уплыў на беларускае грамадства, даволі моцны ўплыў у самой Беларусі. Гэтыя водгукі ад публікацый, перадач, відэасюжэтаў пастаянна даходзілі і да нас у калонію.

    Калі зняволеныя, непалітычныя, перадавалі часам, што вось такое мне сваякі казалі, што бачылі ці чыталі і г. д. Прынамсі, можна было зразумець, што гэту інфармацыю ад незалежных СМІ ў выгнанні спажывае значная частка людзей у Беларусі. І пазбаўляць іх гэтых крыніц было б абсалютна няправільна. Гэта значыць — сапраўды прызнаць тады сваю паразу», — лічыць Алесь Бяляцкі.

    Алесь Бяляцкі

    На думку заснавальніка «Вясны», медыі мусяць «працягваць працу далей, бо ахоп людзей свабоднай інфармацыяй можа проста выбухова вырасці ў пэўны момант, так, як гэта мы бачылі ў 2020 годзе, калі людзі паўсюль — у гарадах, у вёсках — не вылазілі з інтэрнэту, з сайтаў, калі нашы Telegram-каналы рэзка павырасталі ў колькасці наведванняў».

    Галоўнае, «каб было з чаго расці, бо калі не будзе і таго, што мы маем зараз, дык адкуль яно возьмецца?»

    «Трэба не паддавацца цяжкасцям, трэба вырушыцца, трэба і шукаць, і выжываць, і развівацца адначасова. Гэта ёсць пэўная ахвяра, якую мы даём на будучыню Беларусі, на тое, каб трымаць Беларусь у сферы дэмакратычных уплываў, а не аддаць яе цалкам на водкуп лукашэнкаўскай уладзе. Мы павінны даваць аптымістычную, ясную альтэрнатыву. І трэба самім не апускаць рукі і не сыходзіць у цень, таму што гэта тады прызнанне паразы сапраўды, гэта фактычна закрэсліванне свайго жыцця, гэтага нельга дапускаць ні ў якім выпадку. Наша ўпартая пазіцыя дасць свой плён», — падкрэслівае Алесь Бяляцкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.