• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як хлопец з Пінска змяніў гісторыю тэлебачання: лёс вынаходніка Ісаака Шонберга

    Навуковая група пад кіраўніцтвам Ісаака  Шонберга зрабіла сапраўдны прарыў у тэлебачанні, ператварыўшы яго з эксперыментальнай навінкі ў звыклую частку паўсядзённага жыцця. Як звычайны хлопец з Пінска дасягнуў поспеху ў Англіі, і за што атрымаў тытул «сэр», расказваюць у артыкуле Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч.

    Ісаак Шонберг у 1940‑я гг.

    У Пінску, гэтай «жамчужыне Палесся», нарадзіліся архімандрыт Лявонці (Карповіч), хірург-навуковец Рафал Чарвякоўскі, дзеячы Рады БНР Геранім Друцкі-Любецкі ды Ісаак Лур’е, польскі пісьменнік Рышард Капусцінскі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Сайман Кузнец, гісторык Язэп Юхо, крытык і перакладчык Ціхан Чарнякевіч. Спіс гэты лёгка доўжыць, ён можа розніцца, але там абавязкова мусіць быць згадана імя сэра Ісаака Шонберга (Isaak Shoen­berg).

    Пры нараджэнні Ісаак Шонберг тытула сэра не меў дый імя яго было Іцка Шэйнберг, але далей, каб не блытацца, будзем пісаць усё ж Ісаак. Дата народзінаў, што праўда, выклікае пытанні: у крыніцах падаецца або 29 лютага — 1880 год быў высакосным — або 1 сакавіка, а вось на ягоным надмагіллі пазначана 31 сакавіка 1880 года.

    Бацька гандляваў драўнінаю і нават меў уласную фірму «Лясны гандаль Юдэля Шэйнберга». Ісаак быў старэйшым з шасці дзяцей.

    Дом сям’і Шэйнбергаў на Набярэжнай вуліцы ў Пінску

    Вучоба ў Пінску і ў Кіеве

    У 12 гадоў (пасля хатняга навучання, а мо і габрэйскай школкі) хлопца запісалі ў Пінскае рэальнае вучылішча. Адчыненая ў 1834 годзе, у 1852‑м установа атрымала новы будынак, узведзены паводле праекта Казіміра Скірмунта (бацькі Канстанцыі Скірмунт), і была пераназваная ў рэальную гімназію ў 1864 г. 

    Большасць настаўнікаў і вучняў мелі антыцарскія і антырасейскія настроі, і пасля задушэння паўстання Кастуся Каліноўскага першыя былі звольненыя і замененыя прысланымі з Масковіі. У 1872 г. навучальная ўстанова была перайменаваная ў рэальнае вучылішча, гэтак і ўвайшла ў гісторыю. Сярод яе навучэнцаў — будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Сайман Кузнец, будучы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вайцман і вось наш герой Ісаак Шонберг. Скончыў сваё тут навучанне ён у 1899 годзе і падаў дакументы у Кіеўскі політэхнічны інстытут.

    Паступіць туды было прасцей, чым у навучальныя ўстановы Пецярбурга ці Масквы: квота для габрэяў была лагаднейшаю. У 1899 годзе на механічны факультэт, куды хацеў трапіць Ісаак, паступіла 80 чалавек, з іх 8 — яго аднаверцаў. Шонберг здаў усе іспыты на выдатна.

    Ісаак Шонберг у часы студэнцтва ў Кіеве

    Жонка-феміністка і пераезд у Пецярбург

    У студэнцкія гады Ісаак пазнаёміўся са старэйшай ад яго на два гады Эстэр Айзенштэйн, дачкой уладальніка пінскага гатэля «Варшаўскі», што на Вялікай Кіеўскай вуліцы. Погляды яе сёння назвалі б фемінісцкімі, так што бацькі былі не ў захапленні ад выбару сына. Але 22 лютага 1903 года ў Кіеве равін суправадзіў закаханых да хупы. Пазней у іх будзе пяць дзетак, кожны паспяховы ў абраным фаху, а малодшы, Дэвід, зробіцца выбітным фізікам, прафесарам, сябрам Лонданскага каралеўскага таварыства (ён, бясспрэчна, заслугоўвае асобнага тэксту).

    Ісаак Шонберг з жонкай Эстэр у Кіеве

    У чэрвені 1904 года Ісаак Шонберг атрымаў дыплом аб заканчэнні політэхнічнага інстытута, а ў лютым 1908-га сям’я пераехала ў Пецярбург на запросіны жончынага сваяка Сямёна Айзенштэйна.

    Праца кіраўніком тэхнічнага аддзелу на фабрыцы Айзенштэйна

    Сямён Айзенштэйн атрымаў адукацыю ў Кіеўскім універсітэце і ў Шарлотэнбургскім палітэхнікуме ў Нямеччыне. З фінансавай дапамогаю бацькі ён арганізаваў у Кіеве ўласную мінілабараторыю з мэтай стварыць «бесправадны тэлеграф», або «радыётэлеграф». І тут маладзёну нечувана пашанцавала: пра яго даведаўся тагачасны камандуючы Кіеўскай ваеннай акругі і захацеў выпрабаваць вынаходніцтва. Першая станцыя была збудаваная ў Кіеве для бесправадной сувязі з Адэсаю і Жмерынкаю. І ўсё спрацавала, сігналы дайшлі. Назаўтра газеты выйшлі з загалоўкамі: «Будучае надышло!».

    Ваеннае міністэрства падпісала кантракт з Айзенштэйнам на пабудову станцый па ўсёй краіне, а ягонай кампаніі прапанавалі пераехаць у Пецярбург і збудаваць там фабрыку. Так было заснавана «Таварыства бесправадных тэлеграфаў і тэлефонаў сістэмы С. М. Айзенштэйна», якое ў 1908 годзе змяніла назву на «Расійскае таварыства бесправадных тэлеграфаў і тэлефонаў». Вось туды і быў запрошаны Ісаак Шонберг на пасаду кіраўніка тэхнічнага аддзелу.

    Ісаак Шонберг у часе працы ў Санкт-Пецярбургу

    Кінуў усё напрацаванае і пераехаў у Англію

    Перад пачаткам Першай сусветнай вайны больш за палову ўсіх радыётэлеграфных станцый у Расіі было збудавана менавіта згаданым таварыствам. Поспех быў нагэтулькі відавочным і гучным, што на яго звярнула ўвагу знакамітая брытанская Marconi’s Wire­less Tele­graph Com­pa­ny — піянер у распрацоўцы бесправадной сувязі і адна з найбольш паспяховых прамысловых кампаній у Каралеўстве. Паміж таварыствам Айзенштэйна і кампаніяй Марконі былі падпісаныя дамовы аб супрацы, і ў 1912 годзе Ісаак Шонберг упершыню прыехаў у Англію ў камандзіроўку.

    Ён настолькі быў уражаны пабачаным і ў кампаніі, і ў краіне, што праз два гады вырашыў пакінуць усё напрацаванае ў Пецярбургу і пераехаў у Англію настала. Мовы бадай не ведаў — у пінскім вучылішчы вывучаў толькі нямецкую і французскую. Тым не менш, восенню 1914 года ён запісаўся ў Імперскі коледж навукі і тэхналогіі. Было Ісааку Шонбергу на той час 34 гады.

    Ісаак Шонберг неўзабаве пасля прыезду ў Лондан

    Адначасова ён паступіў на працу ў кампанію Марконі на пасаду, несупастаўную па значнасці з займанай у Пецярбугу — простага інжынера. Але ўжо ў 1919 годзе Шонберг быў прызначаны начальнікам патэнтнага аддзелу і ўвайшоў у кіраўніцтва кампаніі, якая неўзабаве пачала выпускаць лампавыя радыёпрымачы. У тым самым годзе Ісаак атрымаў брытанскае грамадзянства. Ад моманту эміграцыі прайшло пяць гадоў.

    Лёсавызначальны крок

    А восенню 1928 г. Шонберг зрабіў яшчэ адзін лёсавызначальны крок: з пасады аднаго з генеральных дырэктараў аднае кампаніі перайшоў у іншую — Colum­bia Grapho­phone Com­pa­ny, праўда, далёка не шараговым працаўніком: генеральным менеджарам, адказным за даследаванні і развіццё. Але гэта зноў быў крок у невядомае: ад ужо ўтульнага і знаёмага радыё да нязнага гуказапісу.

    Наступным годам, унікаючы наступстваў фінансавага крызісу, кампанія гуказапісу Калумбія, каб выжыць, аб’ядналася са сваім канкурэнтам — His Master’s Voice. У выніку ўлетку 1931 г. нарадзілася новая кампанія — Elec­tric and Musi­cal Indus­tries (EMI), дзе Ісаак Шонберг узначаліў патэнтны аддзел, а ў раду дырэктараў, сярод іншых, увайшоў, дарэчы, знакаміты Давід Сарноў.

    ЕМІ стварыла даследчыцкую групу пад кіраўніцтвам Шонберга, у якую ўваходзіла каля ста чалавек. Сярод іх быў, між іншым, Алан Блюмлейн — той самы, што прыдумаў стэрэагук, а таксама стэрэамікрафон, названы ў ягоны гонар. Былі спецыялісты па гуказапісе, радыёперадачы, узмацненні сігналу, электронных лямпах.

    Неўзабаве кіраўніцтва кампаніі зразумела, што гэтая група вырашае будучыню тэлебачання, і Ісаак Шонберг быў прызначаны на пасаду дырэктара адмысловага даследчага аддзелу з вялізнымі паўнамоцтвамі і здолеў пераканаць укласці нечуваныя па тых часах грошы — сто тысяч фунтаў — у развіццё электроннага тэлебачання.

    Ісаак Шонберг у 1930‑я гг.

    Прарыў у развіцці тэлебачання

    Група пад навуковым і арганізацыйным кіраўніцтвам Ісаака Шонберга стварыла тэлевізійную камеру з электронна-прамянёвай перадавальнай трубкай «Эмітрон» (Emitron). Але на гэтым не спынілася: была распрацаваная цэлая электронная тэлевізійная сістэма Mar­coni-EMI — комплекс тэхнічнага абсталявання, прызначанага для стварэння і перадачы тэлевізійнага малюнка. Ён уключаў тэлевізійныя камеры, электронныя схемы апрацоўкі сігналу і перадатчыкі. Сістэма забяспечвала значна больш выразную і стабільную выяву — 405 радкоў супраць 240 у канкурэнтнай сістэме Джона Лоўгі Бэрда (John Logie Baird), якога называюць галоўным піянерам і бацькам брытанскага тэлебачання.

    Камера “Эмітрон”

    2 лістапада 1936 года BBC распачала першую ў свеце службу рэгулярнага тэлевяшчання высокай дакладнасці на Лондан і ваколіцы з Alexan­dra Palace, збудаванага яшчэ ў 1873 годзе цэнтра для канцэртаў, выставаў, забаўляльных мерапрыемстваў і дзе таксама ад 1935 г. размяшчаліся тэлестудыі. Вяшчанне першапачаткова ажыццяўлялася з выкарыстаннем па чарзе абедзвюх тэлевізійных сістэм: і Джона Лоўгі Бэрда, і Mar­coni-EMI, аднак ужо ў лютым 1937 г. ад першай адмовіліся. А распрацаваны групай Шонберга стандарт відэаперадачы пратрымаўся ў Англіі ажно да 1986 года. Дарэчы, у тым 1986 г., да пяцідзесяцігоддзя сваёй першай тэлеперадачы, BBC выпусціла фільм «Fools on the Hill», дзе Шонберга граў вядомы актор Леон Лісэк (Leon Lis­sek).

    Камера “Эмітрон” у тэлестудыі BBC у Alexan­dra Palace

    У 1937 г. група Ісаака Шонберга скончыла распрацоўку «Супер-эмітрона», адчувальнасць якога пераўзыходзіла першую іх відэакамеру «Эмітрон» у 15 разоў. Упершыню новая відэакамера была скарыстаная для трансляцыі параду лорда-мэра Лондана 9 лістапада 1937 года.

    «Эмітрон» і «Супер-эмітрон» — найважнейшыя дасягненні дзейнасці групы Ісаака Шонберга для прафесійных тэлевізійшчыкаў. А электронная тэлевізійная сістэма Mar­coni-EMI зрабіла сапраўдны прарыў у развіцці тэлебачання для шырокай публікі, яна стала тэхнічнай асновай рэгулярнага тэлевяшчання з дастаткова выразным і стабільным малюнкам, які можна было прымаць на хатніх тэлевізарах. Менавіта гэтая тэхналогія адкрыла шлях да ператварэння тэлебачання з эксперыментальнай навінкі ў звыклую частку паўсядзённага жыцця.

    Распрацоўкі Шонберга, якія дапамаглі выйграць «бітву за Брытанію»

    З пачаткам Другой сусветнай вайны Ісаак Шонберг і яго супрацоўнікі пераключыліся з распрацоўкі тэлевізійнай тэхнікі на стварэнне электроннага абсталявання для брытанскага войска. Асноўную ўвагу яны аддалі ўдасканаленню радараў — прыладаў, якія з дапамогай радыёхваляў дазвалялі выяўляць варожыя самалёты і караблі нават уначы ці пры дрэннай бачнасці.

    Распрацоўкі групы Шонберга дапамагалі брытанскім знішчальнікам знаходзіць нямецкія бамбавікі, экіпажам бамбавікоў — арыентавацца над зямлёй у цемры і за аблокамі, а вайсковай авіяцыі — выяўляць нямецкія падводныя лодкі ў Атлантычным акіяне. Акрамя таго, супрацоўнікі Шонберга працавалі над прыборамі для вымярэння вышыні палёту і іншым вайсковым абсталяваннем. Гэтыя распрацоўкі зрабілі важны ўнёсак у тэхнічнае забеспячэнне брытанскай авіяцыі і супрацьпаветранай абароны і дапамаглі выйграць «бітву за Брытанію».

    Как подросток из бедного белорусского местечка стал создателем телевидения

    Медаль Фарадэя і пасвячэнне ў рыцары

    Пасля Другой сусветнай вайны Ісаак Шонберг працягваў працаваць у кампаніі EMI, аднак паступова адышоў ад непасрэднага кіраўніцтва навуковымі распрацоўкамі, засяродзіўся пераважна на арганізацыйнай і кансультацыйнай дзейнасці. Даследчыя лабараторыі кампаніі ў гэты час займаліся ўдасканаленнем тэлевізійных камер і перадатчыкаў, развіццём каляровага тэлебачання, радыёлакацыйнай і іншай электроннай тэхнікі. 

    Ісаак Шонберг у 1950‑я гг.

    У 1954 г. Інстытут інжынераў-электрыкаў узнагародзіў Ісаака Шонберга медалём Фарадэя, якім адзначаюцца выбітныя дасягненні ў развіцці электратронікі і тэлебачання.

    А «The Lon­don Gazette», якую выдаваў Букінгемскі палац, 25 траўня 1962 г. паведаміла, што ў гонар святкавання дня народзінаў Яе Вялікасць каралева Лізавета II выказала намер пасвяціць Ісаака Шонберга ў рыцары. Цырымонія адбылася 2 чэрвеня.

    А праз паўгады, 25 студзеня 1963 года, Ісаак Шонберг памёр і быў пахаваны на Ліберальных габрэйскіх могілках (Lib­er­al Jew­ish Ceme­tery) у лонданскім раёне Вілсдэн (Willes­den).

    Надмагіллі Ісаака і Эстэр Шонбергаў на Ліберальных габрэйскіх могілках у Лондане

    Яго жыццю і дзейнасці прысвечана кніга «Pin­sk to the Palace: Sir Isaac Shoen­berg and the birth of tele­vi­sion» (2021) аўтарства J. B. Wil­iams, да чытання якой і запрашаем тых, хто зацікавіўся асобаю рыцара з Пінска.

    Вокладка кнігі, прысвечанай Ісааку Шонбергу

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.