20 гадоў Хадасевіча ў эфіры: зняў ружовыя акуляры на дзяржТБ, прайграў прычоску, трапляў пад Капскага
Цяпер бярэ бестэрміновую паўзу.
22 красавіка журналіст Мікалай Хадасевіч заявіў, што больш не будзе выдаваць свае рэгулярныя відэа пра беларускі футбол на YouTube, чым займаўся пяць гадоў. Бестэрміновую паўзу ў выхадзе ролікаў Хадасевіч патлумачыў у тым ліку праблемамі з «фінансамі для мантажу ролікаў», але галоўнымі прычынамі назваў ментальную стомленасць і недахоп часу праз «іншыя цікавыя праекты». Часам успамінаць пра белфутбол журналіст паабяцаў у сваім Telegram-канале.
Агулам можна сказаць, што сыходзіць эпоха – Хадасевіч распавядаў пра белфутбол з экранаў (спачатку тэлевізійных) больш 20 гадоў! «Трыбуна» узгадвае самыя яркія моманты за гэты час.
Вёў і баскетбольную праграму
Журналіст прыйшоў на дзяржТБ у 2003‑м – трэцякурснікам журфака БДУ трапіў на СТБ. Там, па ўспамінах Хадасевіча, «зрабілі вялікую стаўку на развіццё спартыўнага кантэнту і дзеля гэтага пачалі збіраць сыры матэрыял са студэнтаў, як у дзіцячым садочку, пачыналі расказваць, як есці з лыжачкі і куды хадзіць, не ў тэорыі, а на практыцы, што наогул проста ахраняльна!»
20-гадоваму Хадасевічу неўзабаве даверылі працу ў кадры – ён вёў праграму пра баскетбол «Баскетбольнае асяроддзе» і праект «Тайм-аўт» пра гульнявыя віды. Але імкнуўся да памятнага «Сталічнага футбола» – рабіў для яго сюжэты, а калі атрымаў дыплом, і ў гэтай праграме стаў вядоўцам, усе іншыя пакінуўшы.
Перадарыў узнагароду лепшаму вядоўцу
За 2008‑ы Хадасевіч атрымаў статуэтку «Тэлевяршыня» ў намінацыі «Найлепшы тэлевядоўца спартыўных праграм». Але лічыў, што «яе не заслужыў, атрымаў авансам» – а саму статуэтку перадарыў сваёй калезе Вікторыі Паповай, якую лічыў «вельмі класным чалавекам». Папова шмат гадоў прапрацавала на газету адміністрацыі Лукашэнкі, вядомую як «Савецкая Беларусія», а з 2020‑х працуе вядоўцай адыёзнага праекта БТРК, а сёння яшчэ і займае пасаду прэс-сакратара прапагандысцкай машыны.
Яшчэ летам 2008-га Хадасевіч сышоў з СТБ. На развітанне заявіў, што «СТБ – «студэнцкае тэлебачанне», а калі хочаш расці прафесійна, то трэба мяняць каманду», дадаўшы, што ў яго новых праектах «ні ў якім разе не будзе простай нарэзкі відэасюжэтаў, узятых з камер клубных аператараў, іх час сышоў». Праз шмат гадоў Хадасевіч сказаў, што шкадуе пра гэтыя словы, бо «пакрыўдзіў людзей са СТБ, не меў права так казаць».
Доўга вёў свой праект – побач ставілі мадэль
Пасля СТБ Хадасевіч 10 гадоў працаваў на БТРК. Там, як і хацеў, змог «зрабіць праект пра футбол такім, якім бачыў, і паспрабаваць сябе ў каментаванні». Прыйшоў Хадасевіч у 2008‑м яшчэ на канал «Лад», куды да гэтага перамясціліся знаёмыя па СТБ кіраўнікі Зінаіда Рунц і Уладзімір Шпітальнікаў. А ў пачатку 2009-га запусціўся новы праект Хадасевіча «Час футбола» – яго дазволілі паставіць у сетку вяшчання ў чацвер у 22:30 (на «Сталічны футбол» нярэдка знаходзілі час толькі пасля паўночы). Аўтар праграмы казаў, што зробіць стаўку «на незвычайныя інтэрв’ю, нестандартныя відэасюжэты, аналітыку».
«Час футбола» як праект праіснаваў 10 гадоў, спрабаваў са звычайнай праграмы з вядоўцам стаць ток-шоу, але ў выніку вялікага якаснага скачка не здарылася. Хадасевіч постфактум і сам гэта прызнаваў.
«Усё ўпіралася і ў грошы, і ў людзей, і ў тэхнічныя магчымасці, і ў колькасць часу. Нам не ўдалося ажыццявіць своечасовага пераходу на якасную вытворчасць. Але наш фармат мае права на існаванне, нішу закрывае. Быў базіс. Да творчасці я там проста не дабраўся, магчыма, таму што не вельмі верыў, што атрымаецца», – рэзюмаваў журналіст.
Мабыць, больш за ўсё гледачам запомніліся спробы прыцягваць да праграмы дзяўчат мадэльнай знешнасці. На ЧС-2010 у спецыяльным фармаце «Часу футбола» савядоўцай Хадасевіча стала «віцэ-міс Беларусь»-2006 Юлія Сіндзеева.
Праўда, заўзятары больш не захапляліся, а крытыкавалі дзяўчыну за павярхоўныя веды футболу. «Прэсбол» дык наогул тады прайшоўся па праграме выдуманым дыялогам, па тоне дастаткова падобным да рэальнага з гасцямі студыі.
А ў сярэдзіне 2010‑х рубрыку ў «Часе футбола» вяла расіянка Майя Лыкава, якая і сёння працуе на дзяржТБ.
Трапляў пад адхіленні, якія знялі «ружовыя акуляры»
У 2013‑м БТРК стварыла спецыялізаваны спартыўны канал «Беларусь 5», куды пераехаў увесь спорт і «Час футбола» ў тым ліку. Сам Хадасевіч, дарэчы, быў супраць такога зацыклення – лічыў, што трансляцыі трэба «раскідваць» па ўсіх каналах, каб людзі траплялі на іх выпадкова, цікавіліся і ўжо потым праз гэта ўключалі чыста спартовую «кнопку».
На новым канале ўстанавілі дастаткова жорсткія правілы – і ў першы ж год Хадасевіч трапіў пад некалькі адхіленняў ад эфіру. Першае кароткатэрміновае было за тое, што на просьбу калег з goals.by выклаў на YouTube кароткі ўрывак сваёй праграмы, што было забаронена. А ў 2014‑м Хадасевіча забанілі ўвогуле на два месяцы – таму што ён даў чыста футбольнае інтэрв’ю «БелГазеце», а любыя стасункі супрацоўнікаў БТРК з іншымі СМІ рэжымная кампанія патрабавала ўзгадняць.
«Псіхалагічна адчуваў сябе так, што мяне ўзялі і знішчылі. У мяне было ўяўленне, што ў цябе ёсць пэўныя прывілеі, калі чагосьці дасягаеш у медыйнай прасторы. Але зразумеў, што ёсць правілы гульні, пагадзіўся з імі, але парушыў – адбывай пакаранне. Я атрымаў урок і зняў ружовыя акуляры», – успамінаў пазней Хадасевіч.
Тлумачыў, як ужываўся з ідэалогіяй
На пачатку 2019-га Хадасевіч сышоў з БТРК па ўласным жаданні – тлумачыў гэта прыкладна гэтак жа, як цяпер, агульнай стомленасцю і жаданнем уключыцца ў іншыя праекты. Неўзабаве пасля сыходу журналіст даў інтэрвʼю, у якім адказаў і на пытанне пра тое, ці адчуў ідэалогію рэжыму ў яго галоўным тэлерупары прапаганды. Праблем з гэтым у Хадасевіча не знайшлося.
«У 2008 годзе мне было абсалютна пофіг. За дзесяць гадоў я адчуў ідэалогію. Ёсць акцэнты. Дзяржканал выконвае сваю дзяржфункцыю. Уступае гэта ў канфлікт з тваімі прынцыпамі ці не ўступае – вырашаць табе. У мяне не было сітуацый выбару – туды ці сюды. У свае першыя гады на БТРК я ўвогуле не задаваў ніякіх пытанняў, а потым проста станавіўся больш мудрым, дарослым, і разумеў, што БТ проста робіць сваю працу. Яе будуць выконваць гэтыя людзі ці іншыя, якія прыйдуць на змену», – дзяліўся Хадасевіч.
Па словах журналіста, у яго ні разу не патрабавалі зрабіць «ідэалагічна вывераны» матэрыял – было толькі некалькі спробаў «замовіць» пэўны піяр у матэрыялах у прыватным парадку, але Хадасевіч казаў, што адмаўляўся без роздумаў.
Крэатыўна прасіў прабачэння за мацюк у эфіры
Незадоўга да сыходу ў Хадасевіча адбыўся няёмкі эпізод – журналіст у студыі быў упэўнены, што пайшла застаўка, і вымавіў мацернае слова, а праз тэхнічныя накладкі яно сышло ў эфір. Потым Хадасевіч казаў, што з яго звальненнем гэта ніяк не звязана, ды і ўвогуле ніякага пакарання не было. Але ўсё ж журналіст публічна папрасіў прабачэння – прычым вельмі крэатыўна: прыйшоў у праграму «Макаёнка, 9» і выканаў ролю вядоўцы шоў у фармаце «адгадай слова». Пытанне было «Як беларусы лаяліся ў старажытнасці?», а на экране былі літары, з якіх можна было скласці тое, што сказаў Хадасевіч раней. Аднак правільным адказам аказалася «дʼябл», а журналіст паабяцаў «няправільных» слоў больш «не ўжываць».
Увесь час ішоў у заклад
Хадасевіч прызнаваўся, што ў маладосці на пару гадоў трапляў у залежнасць ад казіно – для паходаў туды «зʼявілася яшчэ дзве дадатковыя працы». Ды і стаўкі на розныя футбольныя матчы журналіст рабіў рэгулярна – «падаграваў» сябе, «як толькі пачынала згасаць цікавасць да футбола».
Нядзіўна, што такі азартны стыль не раз прыводзіў Хадасевіча да розных закладаў. Ставіў журналіст на кон зусім розныя рэчы. Часам гэта быў алкаголь. Так, у 2015‑м Хадасевіч паспрачаўся з тады гульцом «Тарпеда-БелАЗ» Вячаславам Глебам на праход клубам албанскага «Кукесі» ў еўракубках. Жодзінцы спасавалі, і Глеб прывёз апаненту бутэльку 12-гадовага віскі «Чывас». У 2016‑м журналіст прапаноўваў вярнуць бутэльку, калі Глеб заб’е пяць мячоў у «Крумкачах» за першае кола ЧБ, але футбаліст не справіўся. А ў 2017‑м быў заклад з заўзятарамі на скрыню піва наконт чэмпіёнства БАТЭ – Хадасевіч са сваёй стаўкай на барысаўцаў у апошні момант усё ж такі выйграў.
У 2016‑м госці студыі «Часу футбола» Сяргей Новікаў і Васіль Хамутоўскі запэўнівалі ў перамозе зборнай Германіі на Еўра-2016 – Хадасевіч тут жа прапанаваў заклад на 100 адцісканняў. Чэмпіёнамі ў выніку сталі партугальцы, так што і тут журналіст у накладзе не застаўся.
Але былі і гучныя паразы. Ладна яшчэ пройгрыш у карты выканання на камеру песні Веркі Сярдзючкі. У траўні 2018-га Хадасевіч паставіў на кон свой імідж – доўгія валасы ўсю карʼеру былі адметнай рысай журналіста. І з другога разу прайграў – брэсцкае «Дынама» аказалася мацнейшым за БАТЭ, а Хадасевіч адправіўся на стрыжку.
У 2019‑м Хадасевіч «трапіў» на грошы. Пасля сыходу з БТРК ён завёў свой YouTube-канал, дзе наладзіў выпуск перадачы з назвай-алюзіяй «Бремя футбола» – і ўжо ў траўні заявіў: «Калі «Шахцёр» возьме Кубак Беларусі, на бліжэйшую хатнюю гульню я прыязджаю, станаўлюся на ўваходзе і кожнаму, хто прыйдзе на стадыён, уручаю баблішка». «Шахцёр» тытул узяў – а Хадасевіч сапраўды прыехаў, вось толькі замест рэальных грошай уручаў купоны ад аднаго з букмекераў.
А яшчэ ў тым жа годзе двойчы запар прайграў Аляксандру Івуліну. Спачатку ў конкурсе пенальці на 100 долараў.
Затым у закладзе на статыстыку праглядаў – блогеры выпускалі свае відэа адначасова, а больш паспяховым аказаўся Івулін.
Не раз трапляў пад жорсткую крытыку – прылятала ад Капскага, былі «пражарка» і дыс
Развагі Хадасевіча ў кадры не раз станавіліся прадметам жорсткай крытыкі. Асабліва памятнай стала атака заснавальніка БАТЭ Анатоля Капскага, які востра рэагаваў на практычна любы негатыў у адрас свайго клуба. Хадасевіч згадваў, што з Капскім высвятляў адносіны яшчэ на СТБ, але асабліва гучным стаў эпізод з 2010-га. БАТЭ вылецеў з адбору ЛЧ ад «Капенгагена», Хадасевіч агучыў прэтэнзіі – і неўзабаве Капскі выдаў адказ, які ўтрымліваў і словы з відавочным намёкам на доўгія валасы журналіста: «Для некаторых гламурных пудзеляў весці перадачы здаецца вельмі важным і сурʼёзным заняткам».
«Мне было вельмі непрыемна ўбачыць гэтыя словы. Гэта была абраза, кінутая ў грамадскую прастору. Гламурнасцю я ніколі не адрозніваўся. Урок быў, што ў журналістыцы няма сяброў. І я адразу ўсвядоміў, што гэтая [мянушка] на ўсё жыццё», – казаў праз гады Хадасевіч.
Таксама Сяргей Гурэнка падазраваў журналіста ў «заказным» жаданні паспрыяць звальненню трэнера з мінскага «Дынама» – Хадасевіч парыраваў, што інтэрв’ю Пятра Качуры з крытыкай на адрас Гурэнкі ніяк загадзя не абмяркоўвалася па тэмах. А ў 2017‑м указанні ад Хадасевіча на супярэчнасці ў словах не спадабаліся намесніку старшыні АБФФ Сяргею Сафар’яну – і той выклікаў журналіста на публічную палеміку. Хадасевіч прыйшоў, але пасля дастаткова дзіўнага дыялогу меркаванне відавочна не памянялася ні ў аднаго з бакоў.
Прылятала Хадасевічу і збоку. У 2019‑м ён сам схадзіў на шоў з «пражаркай» – гэта фармат, у якім наўмысна груба жартуюць з удзельніка.
А ў тым жа годзе нейкі ананім запісаў дыс на Хадасевіча ў рэп-фармаце. Прэтэнзіі былі па супрацы з букмекерамі, абмеркаванню белфутбола ў цэлым пры працы на праектах брэсцкага «Дынама», мацюкі на YouTube і не толькі.
Атрымліваў рэспект з Расіі
На «Беларусь 5» Хадасевіч быў яшчэ і каментатарам – яго праца выклікала розныя ацэнкі аўдыторыі. Аднак у 2018‑м журналісту прыйшоў масавы рэспект з Расіі. Тады мясцовае ТБ не паказала першы матч адбору ЛЕ паміж мінскім «Дынама» і «Зенітам», дзе гаспадары раптам выйгралі 4:0 (а потым прайгралі 1:8, але гэта іншая гісторыя). Многія расіяне знайшлі пірацкую трансляцыю беларускага дзяржТБ – і былі ўражаныя каментатарскай працай, якую адзначалі як «прыемную» і «спакойную» ў піку расійскім «крыкунам» на каментатарскіх пазіцыях.
Мог зрабіць відэа па-беларуску
У 2019‑м, як ужо было згадана, Хадасевіч супрацоўнічаў з брэсцкім «Дынама» – выступаў вядоўцам праектаў на YouTube-канале клуба. І аднойчы, калі ў Брэсце правялі матчдэй з тэматыкай беларускай культуры, Хадасевіч без праблем выдаў адзін з выпускаў на беларускай мове.
Пагражаў пайсці ў старшыні АБФФ
У пачатку сакавіка 2019-га, практычна адразу пасля сыходу з БТРК, Хадасевіч заявіў, што хоча пайсці кандыдатам на «выбары» старшыні АБФФ. Праўда, толькі калі гледачы будуць «актыўна лайкаць і падпісвацца на канал». За гэта журналіст прапаноўваў «разам зрабіць крутую праграму».
Актыўнасць аўдыторыі была дастаткова высокай і пазітыўнай, але Хадасевіч усё ж такі разумеў, дзе жыве, і неўзабаве заявіў, што «напэўна ніякай палемікі не будзе, а прыйдзе чалавек, якога нам прадставяць як аднагалоснага кандыдата». А ўжо праз тры дні пасля агучвання намеру балатавацца сказаў, што ўсё ж не будзе гэтага рабіць – таму што «былі пэўныя дамоўленасці, якія дазвалялі разлічваць на падтрымку ў арганізацыйных і фінансавых пытаннях, але канчатковы адказ: «Пакуль не час».
Змагаўся з банамі ролікаў ад федэрацыі
Пасля сыходу з БТРК Хадасевіч яшчэ працаваў на беларускім ТБ: вёў з Алегам Дулубам праграму «Ясна пра футбол» на канале дзяржкампаніі «Белтэлекам». Таксама часам вёў студыі і каментаваў матчы для анлайн-сэрвісу мабільнага аператара A1. Але ў 2021‑м з’ехаў працаваць у Грузію на падраздзяленне спартыўнай тэлесеткі «Сетанта» – там стаў каментаваць матчы топ‑5 ліг.
Аднак і пры працы за мяжой Хадасевіч працягваў рабіць відэа пра беларускі футбол – і выдаваць інсайды і развагі, якія не заўсёды прыемныя для АБФФ. У 2022‑м федэрацыя адказала – падала скаргі на відэа Хадасевіча праз выкарыстанне кароткіх відэа галоў ЧБ. Такія дзеянні не парушалі правілаў YouTube, але аўтаматычная сістэма хостынгу не разабралася і забаніла Хадасевічу магчымасць дадаваць на канал новыя ролікі – з АБФФ даслалі роўна столькі скаргаў, каб спрацавала менавіта гэтая мера «пакарання».
Праз месяц YouTube усё ж разабраўся і «размарозіў» канал Хадасевіча. З тых часоў відэа пра белфутбол працягвалі выходзіць рэгулярна – да цяперашніх дзён, калі журналіст абвясціў аб бестэрміновай паўзе.