Аўтар «Новага Часу» Мікалай Дзядок вызвалены!
11 верасня амерыканская дэлегацыя на чале з Джонам Коўлам прыбыла ў Беларусь. Вынікам перамоў амерыканцаў з афіцыйным Мінскам стала вызваленне 52 палітычных вязняў. У ліку вызваленых — аўтар «Новага Часу» Мікола Дзядок.

Мікола Дзядок. Фота: з асабістага архіва
Мікола Дзядок адвучыўся на палітолага, супрацоўнічаў з незалежнай газетай «Новы Час», актыўна вёў блог у Telegram і канал на YouTube. Анархіста затрымалі ў лістападзе 2020 года. Як пісаў «Новы Час», падчас затрымання і потым у аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу жудасна катавалі, у тым ліку супрацоўнікі ГУБАЗіКа моцна збілі актывіста, выкарыстоўвалі пярцовы газ, а потым гвалтоўна прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа.
10 лістапада 2021 года Міколу Дзядка прыгаварылі да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
24 лістапада 2020 года супольнай заявай 11 праваабарончых арганізацый прызналі Міколу Дзядка палітычным зняволеным. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла імя Міколы ў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Блогер мусіў быў выйсці на волю 4 красавіка 2025 года. Аднак вясной 2025 года на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу.
