InformNapalm: Прапануем абмяняць падазраваную ў шпіянажы на Беларусь Іну Кардаш на Дзяніса Івашына
Міжнародная валанцёрская супольнасць InformNapalm публічна звярнулася да Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны з просьбай разгледзіць варыянт абмену Кардаш на журналіста Дзяніса Івашына, кіраўніка беларускай рэдакцыі InformNapalm.org.

InformNapalm, лагатып
Нагадаем, 27 студзеня з’явілася інфармацыя пра затрыманне ў Кіеве журналісткі Іны Кардаш, якую ўкраінскія спецслужбы падазраюць у шпіянажы на карысць беларускага КДБ з 2015 года.
28 студзеня заснавальнік валанцёрскай супольнасці InformNapalm і галоўны рэдактар Раман Бурко звярнуўся да Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны і іншых украінскіх структур, якія займаюцца абменам палонных.
«Калі гэтую беларускую шпіёнку плануюць абмяняць, мы просім разгледзець варыянт яе абмену на журналіста Дзяніса Івашына, — піша Раман Бурко. — Нагадваем, што з 2021 года ў палоне рэжыму Лукашэнкі знаходзіцца галоўны рэдактар беларускай рэдакцыі InformNapalm Дзяніс Івашын, асуджаны да 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за журналісцкія публікацыі пра былых супрацоўнікаў «Беркута», якія перайшлі на службу да Лукашэнкі».

Іна Кардаш. Фота: Lookby.media
Раман Бурко падкрэслівае, што Івашын «прызнаны палітычным вязнем, і ў Літве, і ў ЗША, і ва Украіне на высокіх дыпламатычных узроўнях ведаюць пра ягоны лёс і ведаюць, што з 12 сакавіка 2021 года ён незаконна зняволены ў Беларусі за сваю журналісцкую дзейнасць, OSINT-даследаванні і за праўду, якую ён распавядаў у сваіх матэрыялах».
«З 2014 года Дзяніс Івашын пісаў артыкулы і папярэджваў, што Беларусь можа трапіць у прамую залежнасць і ціхую акупацыю з боку РФ, а пазней беларуская тэрыторыя можа быць выкарыстана расіянамі як плацдарм для агрэсіі супраць Украіны і краін Балтыі. Шмат у чым яго прагнозы і артыкулы аказаліся прароцкімі, і мы лічым Дзяніса Івашына сапраўдным вязнем сумлення і змагаром за свабоду Беларусі», — тлумачыць Бурко.
Заснавальнік InformNapalm зазначае, што «рэжым унутранай акупацыі Беларусі, які падсілкоўваецца Масквой, спрабаваў выставіць Дзяніса «здраднікам» толькі за тое, што ён казаў праўду пра сапраўдных ваенных злачынцаў, публікаваў выкрывальныя артыкулы і OSINT-даследаванні».
Але, піша Раман Бурко, «Дзяніс не быў агентам — ён быў і застаецца чалавекам добрай волі, які змагаўся за праўду і справядлівасць і распавядаў свету пра расійскую агрэсію, Дзяніс шчыра падтрымліваў і падтрымлівае вызваленчую барацьбу ўкраінскага народа».
Справа Дзяніса Івашына
Журналіст Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні з 12 сакавіка 2021 года. Супрацоўнікі КДБ прыйшлі па яго на наступны дзень пасля таго, як ён даў інтэрв’ю незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

Дзяніс Івашын
14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў журналіста вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці). Суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіў выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з папраўчай калоніі № 15, куды яго накіравалі першапачаткова, на строгі турэмны рэжым. Пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Зараз палітзняволены журналіст знаходзіцца ў турме № 8 горада Жодзіна.
@bajmedia