• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алег Агееў: Як толькі 20 выданняў далучацца да дакумента, пачнём ствараць Раду па медыяэтыцы

    У мінулым годзе група экспертаў БАЖ вынесла на абмеркаванне супольнасці праекты дакументаў, каб запусціць новую сістэму самарэгулявання беларускага медыя.

    Кансультанты разглядзелі прапановы, што паступілі ў адрас Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і Канцэпцыі органа этычнага самарэгулявання беларускага медыясектара. Намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік Прававога цэнтра Алег Агееў расказвае, якія змены пасля гэтага  адбыліся ў дакументах.

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    74 прапановы па ўдасканаленні

    — Наколькі актыўна медыясупольнасць далучылася да працэсу абмеркавання?

    — Дакументы сапраўды былі размешчаныя для публічнага абмеркавання, а таксама адбылося некалькі сустрэч у медыясупольнасці, дзе яны абмяркоўваліся. Акрамя таго кожны чалавек мог даслаць свае прапановы ў дакументы праз спецыяльную форму на сайце БАЖ.

    Менавіта ў гэтым актыўнасць была досыць высокая. Вялікі дзякуй усім, хто азнаёміўся з праектамі і ўнёс свае прапановы. Агулам па двух дакументах паступіла 74 прапановы.

    Гэтыя прапановы разглядаліся паводле наступнай працэдуры. Спачатку іх аналізавалі эксперты, якія рыхтавалі праект. Калі эксперты аднадушна вырашалі прыняць ці адхіліць прапанову, то яна адпаведна прымалася ці адхілялася.

    Там, дзе не было адзінагалоснага рашэння экспертаў, гэтыя пытанні былі перададзеныя на разгляд сябраў Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў. Калі глядзець на лічбы, то з 74 прапаноў 38 былі адразу прынятыя, 25 — адхіленыя, а 6 пытанняў было вынесена на разгляд Рады БАЖ.

    Алег Агееў: Узлом акаўнта – злачынства. А распаўсюд інфармацыі з адкрытых крыніц злачынствам не з’яўляецца

    Рада БАЖ ужо выказвалася па канчатковай рэдакцыі, якая прапаноўвалася. Таму актыўнасць была высокая, і прапановы, якія эксперты аднадушна прызналі вартымі, значна палепшылі працэдурныя аспекты працы. Гэта датычыцца будучай дзейнасці органа па самарэгуляванні, які будзе называцца Радай па медыяэтыцы. Многія стандарты ў праектах дакументаў былі ўдакладненыя, змякчаныя ці адрэдагаваныя, што стала важным.

    Браць ці не браць згоду ў аўтара паста?

    — Калі канкрэтызаваць, якія змены адбыліся ў праектах дакументаў?

    — Больш за ўсё пытанняў узнікала наконт таго, ці павінен журналіст атрымліваць згоду аўтара, калі бярэ нешта з сацыяльных сетак людзей.

    У выніку, у цяперашняй рэдакцыі дакументаў прадугледжана, што такая адказнасць у журналіста ёсць – ён павінен перад публікацыяй атрымаць дазвол аўтара. Выключэнне складаюць акаўнты ў сацыяльных сетках, якія належаць публічным асобам, калі там распаўсюджваецца інфармацыя, што мае грамадскую значнасць. У такіх выпадках дазволу не патрабуецца.

    Некаторыя прапаноўвалі адмовіцца ад гэтага пункта, сцвярджаючы, што гэта ўскладніць працу СМІ. Але гэты момант быў вынесены на разгляд Рады БАЖ, і большасцю галасоў вырашана пакінуць фармулёўку, што журналісты ўсё ж павінны пытацца дазвол у аўтара ці аўтаркі акаўнта.

    — Ці азначае гэта, што пры перадрукоўцы якога-небудзь паведамлення з сацсетак, медыя, прызнанае ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем», павінна звязвацца з аўтарам паста, які можа панесці адказнасць нават за перапіску з такім медыя, і папрасіць у яго дазвол на перадрук?

    — У праекце прапаноўваецца, што калі вы бераце фатаграфію, часткі тэксту ці проста капіруеце чужы кантэнт, трэба пытаць дазвол у аўтара. Гэта агульнае правіла для ўсіх. Калі вы карыстаецеся кантэнтам, які не стваралі самі, вы павінны атрымаць дазвол.

    Праваабаронца Алег Агееў: У Беларусі ёсць прыкметы масавага тэрору насельніцтва

    Але нічога не замінае журналісту, напрыклад, пераказаць інфармацыю з паведамлення сваімі словамі і зрабіць гэта аўтарскім тэкстам.

    — Аднак з фота і відэа так не зробіш. Фактычна зараз прадукт многіх медыя базуюцца на кантэнце, які людзі з Беларусі апублікавалі ў сваіх сацсетках. Ці не стане гэта дадатковай перашкодай для і так каштоўнай інфармацыі з краіны?

    — Справа ў тым, што такая фармулёўка — гэта не толькі пазіцыя аўтараў праектаў.

    Згода павінна быць атрымана хаця б згодна з нормамі банальнага аўтарскага права. Браць чужы кантэнт без дазволу недазваляльна. Гэта важны аспект этычных стандартаў: чужое браць нельга.

    — Ці прадугледжвае праект кодэкса асаблівы парадак, калі кантэнт не капіруецца на сайт, а, напрыклад, устаўляецца кодам для ўбудавання непасрэдна з сацсетак?

    — У гэтым дакуменце гэта не дэталізавана, але акурат такія пытанні прапануецца перадаць на разгляд Рады па медыяэтыцы. Парадак стварэння і працы Рады прадугледжаны праектам другога дакумента, які прапаноўваецца для падпісання незалежнымі медыямі.

    Тут ёсць комплекс пытанняў, якія ў кожным канкрэтным выпадку павінен будзе разглядаць новы орган. Кодэкс этыкі вызначае асноўныя моманты, звязаныя з этычнасцю дзейнасці журналіста, прапаноўвае механізмы і стандарты, якія накіраваны на паляпшэнне якасці працы і павелічэнне даверу да медыя. Таксама плануецца стварэнне аўтарытэтнага органа, які будзе разглядаць спрэчныя сітуацыі і даваць заключэнні.

    Якія наступныя крокі?

    — На гэтым абмеркаванне дакументаў скончана? Медыя ўжо могуць далучыцца да гэтых дакументаў?

    — Зараз пачынаецца этап прэзентацыі дакументаў медыясектару. Запланаваны анлайн-сустрэчы і афлайн-сустрэчы для абмеркавання і прадстаўлення праектаў.

    Свае прапановы ўсё яшчэ можна дасылаць на адрас prava@baj.media.

    Далей пачнецца этап далучэння медыя да дакументаў. І як толькі 20 рэдакцый і медыяарганізацый далучацца да дакументаў, яны ўступяць у сілу, і тады трэба будзе пачынаць працу і арганізаваць выбары сябраў Рады па медыяэтыцы.

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    — Наколькі разумею, вы чакаеце, што многія выданні далучацца да дакументаў. На вашу думку, чаму медыя захочуць далучыцца да іх, што гэта можа даць рэдакцыям?

    — Асноўная матывацыя для медыя – гэта дэманстраванне ўласнага імкнення да якасці і адпаведнасці этычным стандартам.

    Гэта адкрытае пазіцыянаванне сябе, як прафесійнага і якаснага медыя. Усе прафесіі маюць нейкі знак якасці. Далучэнне да гэтых стандартаў павінна падвысіць статус выдання ў вачах як  чытачоў, так і калег, і партнёраў.

    Гэта добрая рэклама, якая сведчыць, што менавіта гэтыя рэдакцыі заслугоўваюць увагі аўдыторыі.

    NEW Кодэкс прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў

    NEW Пагадненне аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці