• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Адміністрацыя Лукашэнкі ладзіла планёркі для дзяржпрэсы, на якія тэмы той трэба маўчаць»

    Пра  трэнды беларускай прапаганды і яе новыя захады БАЖ пагутарыў з намеснікам дырэктара Беларускага раследавальніцкага цэнтра (БРЦ) Аляксандрам Вастровым.

    Аляксандр Вастроў. Фота: investigatebel.org

    Беларуская прапаганда ніколі не вызначался сваёй крэатыўнасцю: што загадаюць, тое і разносіць. Аўдыторыя дагэтуль ўспрымае прапаганду як нешта прымітыўнае і грубае, злепленае на каленях. Кувалда ў руках Азаронка — вось сімвал беларускай прапаганды.

    Аднак не варта яе недаацэньваць. Белпол нядаўна апублікаваў расследаванне, як працуе ботаферма «Мінскай праўды». Аказваецца, прапаганда развіваецца і эксперыментуе: каб даць ёй сур’ёзны адпор, трэба сур’ёзна да яе паставіцца.

    Прапаганда развіваецца і эксперыментуе

    — Кейс «Мінскай праўды» паказвае, што прапаганда выбудавала сістэмную працу. Падобна, што ў Мінскім раёне адпрацоўваецца перадавы эксперыментальны вопыт, які затым будзе распаўсюджвацца па іншых рэгіёнах; напэўна, гэты працэс ужо пачаўся, проста іншыя рэгіёны трохі адстаюць.

    «Мінская праўда» эксперыментуе з рознымі фарматамі. Напрыклад, у іх ёсць ютуб-канал, вельмі лёгкі, дзе вядучы малады хлопчык жартачкамі расказвае пра палітыку. Абласная газета мае тэлеграм-канал, спрабуе развіваць сур’ёзныя каналы дэзінфармацыі — на розную аўдыторыю, з разлікам на тое, што інфармацыя ўсплыве калі не ў адным, дык у другім месцы. Такога ў іншых рэгіёнах нашы рэсёрчары пакуль не заўважалі.

    Але: калі раней рэгіёны былі мёртвымі, то цяпер мясцовае тэлебачанне стала весялей слухаць і глядзець. Прапагандысты самі кажуць, што цяпер у кожным раёне ёсць свой «Клуб рэдактараў». Яны гэта так называюць: збіраюць нейкіх двух-трох экспертаў, якія могуць сфармуляваць хоць нейкі ідэалагічны парадак дня.

    Спачатку гэта ўяўляла сабой зусім сумнае відовішча, а цяпер, відаць, шукаюць таленты на месцы і эксперыментуюць. Напрыклад, на гомельскам тэлебачанні ёсць перадача, дзе досыць весела абмяркоўваюць розную лухту. Мяне гэта абсалютна не кранае, але фармат бодранькі і дынамічны, які нават можа прыцягнуць нейкую аўдыторыю.

    Адзін з нумароў «Мінскай праўды» . Ілюстрацыя: Люстэрка

    Прапаганда развіваецца, эксперыментуе — і для нас гэта не дужа добра. У рэгіёнах выбудоўваюцца прапагандысцкія структуры, праўда, там я пакуль не бачыў цікавых тэлеграм-каналаў: магчыма, яны проста яшчэ ствараюцца.

    На рэспубліканскім узроўні прапаганда таксама развіваецца па такім жа ўзоры: важныя тэмы ўздымаюцца сінхронна, усе раптам пачынаюць гаварыць адно і тое ж.

    — Значыць, дзейнасць беларускай прапаганды каардынуе адзін цэнтр?

    — Цэнтр існуе адназначна, праўда, цяжка вызначыць, дзе ён знаходзіцца: ці то ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў (БІСІ), ці то ў лукашэнкавай прэс-сакратаркі. Але яшчэ падазраю, што існуе агульны каардынацыйны цэнтр і з Расіяй, бо парадак дня беларускай і расійскай прапаганды ўва многім пераклікаецца: расіяне ўздымаюць тэму — беларуская прапаганда падхоплівае, пэўныя наратывы распаўсюджваюцца сінхронна. Лагічна дапусціць, што існуе нейкая міждзяржаўная прапагандысцкая планёрка. 

    Калегі згадвалі, што раней адміністрацыя Лукашэнкі па пятніцах праводзіла планёркі наконт таго, якія тэмы ўся дзяржпрэса павінна падымаць на наступным тыдні, а пра што маўчаць. Прыкладна тое ж самае адбываецца і на ўзроўні Беларусі і Расіі.

    Рэжым збірае пад сваё крыло блогераў

    — Прапагандысцкая дзейнасць – гэта найперш кадры і грошы. Адкуль усё бярэцца?

    — Журфак працягвае працаваць.

    — Дык там жа яшчэ зялёныя дзеці…

    — …з якіх якраз добра ляпіць «салдат інфармацыйнай вайны»: мозг яшчэ не адужаў. Усе журфакаўцы лічаць, што яны лепшыя журналісты ў свеце, ува ўсіх амбіцыі, усе хочуць праявіць сябе. У чым перабудавалася прапаганда? Яна ўспомніла пра моладзь. А хто пра моладзь лепш раскажа, калі не яна сама? Беларускі рэжым у 2020 годзе сутыкнуўся з кадравым голадам, дык цяпер улады арганізуюць школы блогінга, збіраюць пад сваё крыло крэатыўных людзей.

    Варта адзначыць, што праца з блогерамі — гэта новы трэнд беларускай прапаганды.

    Цягнуць да сябе ўсіх, хто спрабуе сябе ў блогерстве: хай спачатку хоць пра надвор’е здымае відосы, а пасля, калі падыйдзе, можна і да палітыкі дапускаць. Дзейнічаюць метадам спроб і памылак. Таму цяпер дзяржаўныя рэгіянальныя медыя прытулілі пад сваіх  крылом а‑ля блогераў, некаторыя працуюць нават у штаце.

    Апрача таго, прапаганда гуртуе вакол сябе замежных блогераў, а дакладней, прарасійскіх актывістаў з Літвы, Латвіі, Польшчы, якія «не вытрымалі» прыўкрас заходняга жыцця і збеглі. Але збеглі чамусьці не ў Расію, а ў Беларусь. І гэтых замежных актывістаў працаўладкоўваюць ці то ў БЕЛТУ, ці ў іншыя дзяржвыданні. Літаральна нядаўна ўкраінец нямецкага паходжання ці немец украінскага паходжання асеў недзе ў Гомеле і параўноўвае: як пагана ў Германіі, і проста рай зямны – у Гомелі. На падобных кантрастах і працуюць: страшная Еўропа і класная Беларусь.

    Блогер з раёнкі. Як цяпер улада спрабуе вярнуць уплыў друкаваных выданняў

    Выява створана сэрвісам Midjourney

    Выява створана БАЖ пры дапамозе сэрвіса Mid­jour­ney

    Прапагандыстаў уладкоўваюць у дзяржвыданні і фінансуюць за кошт «рэкламнага збору»

    — Адкуль бяруцца грошы на такую дзейнасць?

    — З 2020 года, калі з’явіліся рознага кшталту блогеры, якія падтрымалі Лукашэнку, паўстала пытанне, як іх фінансаваць.

    У выніку не знайшлі іншага рашэння, як працаўладкоўваць іх у дзяржвыданні. Адпаведна, заробак ідзе з рэгіянальных і з рэспубліканскага бюджэта.

    Існуе яшчэ адна крыніца фінансавання такой дзейнасці. З 1 траўня 2022 года ўказам Лукашэнкі ўведзены адмысловы збор за размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы, так званы рэкламны збор. І я заўважаю, што на БЕЛЦЕ некаторыя артыкулы пазначаныя зноскай, што гэты кантэнт створаны за кошт рэкламнага збору. Напрыклад, ютуб-праект БЕЛТА «По факту: решения Первого».

    Дарэчы, пра дзівосы прапаганды: Пётр Пятроўскі ды Аляксей Дзермант нават польскую мову вывучылі, каб распаўсюдзіць беларускую прапаганду на польскую аўдыторыю. Паганенька атрымліваецца, але ж стараюцца.

    Трэба прызнаць, што прапаганда крэацівіць, займаецца сістэмнай арганізацыйнай працай. Яны бачаць, што нешта ўпусцілі і стараюцца выправіць памылкі, запоўніць белыя плямы. А з другога боку, узровень падачы інфармацыі, узровень дна бязмежны: калі раней яны не дазвалялі сабе нецэнзурна выказвацца ці выкідваць адкрыта здзеклівыя фэйкі, то цяпер гэта завядзёнка.

    — Як можаце ахарактарызаваць цяперашні ўзровень прапаганды?

    — Прапаганда выкарыстоўвае адны і тыя ж схемы — што 5 гадоў назад, што цяпер. Але змяніўся ўзровень экспертаў.

    Напрыклад, той жа Вадзім Гігін: разумны чалавек, чые фэйкі цяжка развенчваць, бо ён фільтруе тое, што гаворыць, апіраецца на факты. Гэта не Мукавозчык, якія транслюе толькі эмоцыі — і ніякіх думак.

    Сістэма адбірала такіх людзей (але іх нямнога, скажу шчыра), узровень «экспертаў» падвысіўся, у іхніх вачах з’явіўся аганёк; прапаганда за кошт радыкалізацыі можа зачапіць пэўную аўдыторыю. А можа і адпугнуць.

    З іншага боку, відаць, з прычыны кадравага голаду, дапусцілі да эфіраў і адкрыта слабых экспертаў — як Вадзім Ялфімаў з «Радыё Мінск». Ён не напружвае сябе банальнай праверкай інфармацыі, у кожным эфіры гэтага палітолага можна знайсці многа фэйкаў і факталагічных памылак, якія заўважыць нават школьнік. І яго трымаюць.

    — Падсумуем. Шчупальцы беларускай прапаганды распаўзаюцца па ўсёй краіне, а сама прапаганда не мае ніякага дна?

    — Адназначна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці