• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    CPJ: Беларусь застаецца ў кампаніі найгоршых турэмшчыкаў для журналістаў у свеце

    Паводле Камітэта абароны журналістаў (CPJ), Беларусь — пятая ў свеце па колькасці журналістаў за кратамі і другая ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

    Выстава БАЖ пра палітзняволеных журналістаў прайшла ў Варшаве

    Праект БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: Глафіра Жук

    У штогадовым дакладзе міжнароднага Камітэта абароны журналістаў (CPJ) паведамляецца, што на канец 2025 года ў турмах па ўсім свеце ўтрымліваліся 330 журналістаў. «Гэтыя рэкордныя лічбы адлюстроўваюць рост аўтарытарызму і эскалацыю ўзброеных канфліктаў ва ўсім свеце. Часта журналістаў утрымліваюць у жорсткіх і небяспечных для жыцця ўмовах», — зазначаюць у CPJ.

    Больш за траціну зняволеных журналістаў пакараныя тэрмінамі ад пяці гадоў і больш. Амаль траціна затрыманых журналістаў падвергліся «жорсткаму абыходжанню», 20 працэнтаў заявілі пра катаванні або збіццё.

    Паводле CPJ, станам на 1 снежня 2025 года ў Кітаі было 50 зняволеных журналістаў, за ім ідзе М’янма — 30 журналістаў, потым Ізраіль — 29 палестынскіх журналістаў, гаворыцца ў штогадовай справаздачы Камітэта абароны журналістаў.

    У Расіі — 27 зняволеных журналістаў, пяцёра з іх — украінскія грамадзяне. Затым ідзе Беларусь з 25 зняволенымі журналістамі і Азербайджан з 24, паводле падлікаў Камітэта абароны журналістаў.

    «З 25 журналістамі ў турмах Беларусь апусцілася з месца найгоршага турэмшчыка ў рэгіёне на другое месца, хоць рэпрэсіі супраць прэсы працягваюцца, што разглядаецца як помста за асвятленне спрэчнага пераабрання Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе. Многія прадстаўнікі прэсы знаходзяцца ў выгнанні і да гэтага часу сутыкаюцца з крымінальнымі абвінавачаннямі», — гаворыцца ў дакладзе CPJ.

    Паводле БАЖ, у зняволенні ў Беларусі знаходзяцца 28 прадстаўнікоў медыя.

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2025 годзе, спіс зняволеных

    У Азербайджане зняволеныя 24 журналісты — у параўнанні з 13 у 2024 годзе, што сведчыць «пра ўзмацненне падаўлення незалежных СМІ з дапамогай новых законаў, якія абмяжоўваюць фінансаванне з боку замежных донараў». Паводле аналітыкаў CPJ, крокі аўтарытарнага ўрада па задушэнні свабоды прэсы і апазіцыі ўзмацніліся ў 2023 годзе — пасля ваеннага вяртання Азербайджанам рэгіёна Нагорнага Карабаха.

    У Таджыкістане пазбавілі волі дзевяць журналістаў, краіна ўвайшла ў дзясятку дзяржаў з найбольш жорсткімі турэмнымі ўмовамі ў 2025 годзе.

    «У Грузіі ж кіроўная, арыентаваная на Расію партыя хутка падарвала свабоду прэсы, пра што сведчыць жорсткі прысуд медыяменеджарцы Мзіі Амаглабелі», — зазначаюць у CPJ.

    Зняволенне журналістаў — гэта не проста сімптом аўтарытарызму, гэта фактар, які паскарае яго развіццё. Даследаванні паказалі выразную сувязь паміж нападамі на СМІ і заняпадам дэмакратыі.

    «Пераслед журналістаў — гэта спосаб прымусіць іх маўчаць. Гэта мае сур’ёзныя наступствы для нас — як для асобных людзей, так і для грамадства ў цэлым, — заявіла генеральная дырэктарка CPJ Джодзі Гінзберг. — Карупцыя застаецца беспакаранай, злоўжыванне ўладай квітнее, і ў выніку мы ўсе трапляем у большую небяспеку».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці