Беларускі ПЭН патрабуе спыніць канфіскацыю рукапісаў палітзняволеных у беларускіх турмах
БАЖ далучаецца да заявы Беларускага ПЭНу і праваабарончых арганізацый аб сістэматычным канфіскаванні і знікненні аўтарскіх рукапісаў.

У Беларусі сістэматычна канфіскуюцца і знішчаюцца рукапісы палітычных зняволеных. Гэтая практыка накіраваная не толькі на пазбаўленне людзей слова, але і на разбурэнне іх чалавечай і культурнай ідэнтычнасці, знішчэнне інтэлектуальнай і культурнай спадчыны, што ствараецца нават ва ўмовах ізаляцыі. Знішчаючы рукапісы, дзяржава імкнецца пазбавіць аўтараў магчымасці расказаць пра свой час і захаваць сувязь з грамадствам, а таксама сцерці сведчанні эпохі і права грамадства на памяць. Беларускі ПЭН разглядае гэтыя дзеянні як форму культурнага і псіхалагічнага гвалту.
Гэтыя парушэнні правоў чалавека, нормаў міжнароднага і нацыянальнага права – сістэматычная практыка па мэтанакіраванаму задушэнню чалавечай годнасці і спроба сцерці галасы тых, хто адважыўся думаць і ствараць насуперак рэпрэсіям.
За апошнія гады мы дакументуем шматлікія выпадкі, калі:
- рукапісы мемуараў, аўтабіяграфічных эсэ і дзённікавых запісаў канфіскуюцца падчас ператрусаў у камерах без якіх-небудзь тлумачэнняў і без складання афіцыйных дакументаў;
- літаратурныя творы, вершы, філасофскія разважанні забіраюцца адміністрацыяй папраўчых устаноў перад перамяшчэннем зняволеных (у тым ліку перад вызваленнем) [1];
- асабістыя запісы, лісты і чарнавікі, якія маюць культурную каштоўнасць, бясследна знікаюць пасля адабрання;
- завершаныя рукапісы або напісаныя фрагменты не перадаюцца без аб’ектыўных прычын родным і блізкім у лістах і застаюцца ў цэнзараў.
Асобныя зафіксаваныя выпадкі:
Маштаб знішчэння інтэлектуальнай уласнасці ўражвае і закранае як пісьменнікаў, літаратараў, так і актывістаў. Практыкі такога кшталту зафіксаваныя ў розных установах, у дачыненні як да мужчын, так і да жанчын.
У Марыі Калеснікавай канфіскавалі рукапісы дзвюх кніг, у Алены Гнаўк – усю перапіску, а ў студэнткі Ганны Курыс – турэмныя малюнкі і іншыя формы творчасці [2]. Жанчыны знаходзіліся ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі.
Нобелеўскі лаўрэат і былы палітзняволены Алесь Бяляцкі (калонія № 9 у Горках, Магілёўская вобласць) паведаміў, што ў дзень вызвалення ў яго адабралі ўсе рукапісы і тыя нешматлікія лісты, якія даходзілі да яго за гэты час. Сярод адабранага – рукапісы дзвюх кніг успамінаў [3].
Практыка даходзіць да адкрытага псіхалагічнага гвалту. Так, адміністрацыя калоніі пагрозамі прымусіла былога палітвязня Аляксея Гайшуна (калонія № 15 у Вейне, Магілёўская вобласць) уласнаручна знішчыць рукапісы трох кніг, напісаных ім у зняволенні [4].
Паводле задакументаваных сведчанняў, у Міколы Дзядка (СІЗА КДБ у Мінску) пры вызваленні было адабрана каля 20 кілаграмаў лістоў, сшыткаў і дзённікаў.
Максім Знак (калонія № 3 у г. п. Віцьба, Віцебская вобласць) паведаміў пра канфіскацыю рукапісаў твораў, вершаў, перакладаў і тэкстаў песень. Адзначыў, што перад выхадам адабралі літаральна ўсе рэчы, на якіх былі надпісы.
У Ігара Карнея (калонія № 20 у Гомельскай вобласці) пазабіралі ўсе запісы, дзённікі і сшыткі: «Даглядалі паўтары гадзіны: кожнае шво, кожны ліст, усе запісы (тады забралі мой нататнік, астатнія былі знішчаны яшчэ ў Шклове)» [5].
У Уладзіміра Лабковіча (калонія № 17 у Шклове, Магілёўская вобласць) канфіскаваны рукапіс эсэ пра Васіля Быкава [6].
У Паўла Севярынца (турма № 1 у Гродне) былі канфіскаваныя ўсе напісаныя працы.
Аляксандр Фядута (калонія № 15 у Магілёве) адзначае: «былі канфіскаваныя мае рукапісы. Там не было палітычных запісаў, там не было і дзённікаў. Там не было ніякай інфармацыі, якая тычылася майго зняволення. Там быў напісаны кінасцэнарый, дзве п’есы і два сшыткі з вершамі» [7].
Гэтыя дзеянні не з’яўляюцца ізаляванымі інцыдэнтамі. Яны ўтвараюць сістэматычную палітыку культурнага прыгнёту і маюць прыкметы культурнай цэнзуры і наўмыснага культурнага знішчэння, накіраванага на пазбаўленне палітычных зняволеных слова, памяці, здольнасці сведчыць пра перажытае і магчымасці асэнсоўваць рэчаіснасць праз творчасць.
Такія дзеянні ўяўляюць сабой грубае і сістэматычнае парушэнне фундаментальных культурных правоў чалавека, замацаваных у міжнародным праве і нацыянальным заканадаўстве Беларусі:
1. Права на свабоду выказвання меркаванняў
Арт. 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Кожны чалавек, у тым ліку асоба, пазбаўленая волі, мае неад’емнае права на свабоду выказвання сваіх думак і перакананняў, права распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі. Знішчэнне рукапісаў – гэта прамая цэнзура асабістага самавыяўлення, спроба прымусіць маўчаць тых, хто абмежаваны або пазбаўлены іншых сродкаў камунікацыі з вонкавым светам. Дзяржава не проста абмяжоўвае свабоду выказвання – яна фізічна знішчае яе матэрыяльнае ўвасабленне.
2. Права на недапушчальнасць катаванняў, гуманнае абыходжанне і павагу да годнасці
Арт. 5 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, арт. 7, 10 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Усе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу да годнасці, уласцівай чалавечай асобе. Канфіскаванне рукапісаў – гэта прыніжэнне чалавечай годнасці. Творчасць у зняволенні – фундаментальная патрэба чалавечай душы, спосаб захаваць розум, ідэнтычнасць і надзею.
Згодна з арт. 1 Канвенцыі ААН супраць катаванняў, катаваннем прызнаецца любое дзеянне, якім чалавеку наўмысна прычыняецца моцны боль або пакута (фізічная ці маральная) з мэтай запалохвання ці пакарання.
Для пісьменніка ці навукоўца вынік яго інтэлектуальнай працы з’яўляецца неад’емнай часткай яго асобы і галоўным спосабам прафесійнай рэалізацыі. Умовы ізаляцыі, у якіх знаходзяцца палітвязні, ператвараюць творчасць у механізм захавання псіхічнага здароўя і чалавечай годнасці. Наўмыснае знішчэнне або адабранне рукапісаў, што ствараюцца гадамі ў цяжкіх умовах, з’яўляецца формай псіхалагічнага гвалту, накіраванага на інтэлектуальнае знішчэнне чалавека.
Пазначаныя нормы міжнароднага і нацыянальнага права прама забараняюць катаванні, жорсткае, бесчалавечнае ці прыніжальнае абыходжанне. Канфіскацыя рукапісаў без складання законных і матываваных актаў і тлумачэнняў ператварае гэты працэс у адвольны акт самаўладства для дадатковага пакарання вязняў за іх думкі. Адбываецца працэс знішчэння вынікаў творчасці, каб зламаць чалавечую годнасць.
3. Права на ўдзел у культурным жыцці
Арт. 27 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, арт. 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, арт. 51 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Кожны чалавек мае права свабодна ўдзельнічаць у культурным жыцці грамадства.
Пазбаўленне волі не скасоўвае культурных правоў чалавека. Наадварот, міжнароднае права прызнае, што нават ва ўмовах зняволення людзі павінны мець магчымасць займацца творчай дзейнасцю, ствараць культурныя творы і ўдзельнічаць у культурным жыцці грамадства настолькі, наколькі гэта сумяшчальнае з умовамі ўтрымання.
Міжнародныя стандарты абыходжання са зняволенымі, у прыватнасці Правілы Нельсана Мандэлы (Мінімальныя стандартныя правілы ААН па абыходжанні са зняволенымі), прама ўказваюць, што пазбаўленне волі не прыпыняе культурных і адукацыйных правоў. Згодна з правіламі 64 і 105, зняволеныя павінны мець магчымасці для культурнай дзейнасці і інтэлектуальнага развіцця дзеля падтрымання псіхічнага здароўя і чалавечай годнасці [8].
Адабранне рукапісаў пазбаўляе зняволеных:
- права тварыць – ствараць літаратурныя, філасофскія, мемуарныя творы;
- права аўтара – захоўваць і перадаваць свае працы для публікацыі, абараняць маёмасныя і немаёмасныя інтарэсы, якія ўзнікаюць у сувязі з любымі працамі, аўтарам якіх чалавек з’яўляецца;
- права на культурную спадчыну – пакідаць сведчанні свайго часу для будучых пакаленняў;
- права на сувязь з культурнай супольнасцю – дзяліцца сваімі думкамі, досведам і творчасцю з вонкавым светам.
Таксама адбываецца парушэнне правоў патэнцыйных чытачоў, якія не маюць магчымасці прачытаць аўтарскі твор. Рукапісы палітычных зняволеных уяўляюць сабой гістарычныя дакументы. Іх знішчэнне – гэта спроба сцерці гістарычную памяць. Гэта парушае не толькі правы саміх зняволеных, але і права грамадства на доступ да культурнай і гістарычнай спадчыны. Адабранне рукапісаў твораў – акт культурнага вандалізму, параўнальны са знішчэннем гістарычных архіваў або твораў мастацтва.
Гісторыя ведае мноства прыкладаў, калі рукапісы, створаныя ў зняволенні, рабіліся вялікімі літаратурнымі творамі: «Новая зямля» Якуба Коласа, «Кніга цудаў свету» Марка Пола, «Горад сонца» Тамаза Кампанела, «Дон Кіхот» Мігеля дэ Сервантэса, «Турэмная споведзь» Оскара Уайльда, кнігі Аляксандра Салжаніцына, дзённікі Нельсана Мандэлы. У гэтым шэрагу сусветных імёнаў адной з трагічных старонак для нашай культуры выглядае гісторыя перакладу «Іліяды» Гамера, які Браніслаў Тарашкевіч зрабіў у зняволенні. Поўны рукапіс быў канфіскаваны савецкімі ўладамі, яго лёс да сёння невядомы.
Кожны з гэтых твораў – не толькі асабістая гісторыя, але і сведчанне эпохі, дакумент, без якога нашае разуменне гісторыі было б няпоўным. Беларускія зняволеныя пішуць гісторыю проста цяпер. Іх рукапісы – не толькі помнікі адвагі і часу, але і мастацкія, філасофскія творы. Канфіскацыя рукапісаў сведчыць аб культурнай цэнзуры і наўмысным знішчэнні інтэлектуальнай спадчыны.
Сістэматычнае знішчэнне рукапісаў пісьменнікаў у Беларусі выходзіць далёка за межы парушэння культурных правоў і ўяўляе сабой практыку, скіраваную на разбурэнне асобы і знішчэнне яе інтэлектуальнай і творчай прысутнасці.
Мы настойліва патрабуем ад уладаў Беларусі, у прыватнасці ад Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамента выканання пакаранняў:
- Неадкладна спыніць практыку канфіскавання аўтарскіх рукапісаў палітычных зняволеных.
- Неадкладна вярнуць усе забраныя аўтарскія рукапісы аўтарам (праваўладальнікам).
- Забяспечыць рэалізацыю культурных правоў палітычных зняволеных.
- Прывесці практыку ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага і нацыянальнага заканадаўства.
Беларускі ПЭН звяртаецца да міжнароднай супольнасці, урадаў дзяржаў, а таксама да Спецыяльнага дакладчыка ААН у галіне культурных правоў, Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, ЮНЕСКА з просьбай падтрымаць нашыя патрабаванні: уключыць пытанне парушэння культурных правоў палітычных зняволеных у Беларусі ў парадак дня ў выпадку двухбаковых і шматбаковых перамоў з уладамі Беларусі, а таксама пры кантактах у межах міжнародных пляцовак.
Мы заклікаем:
- да публічнага асуджэння практыкі канфіскавання і знішчэння рукапісаў;
- да ўключэння гэтай праблемы ў даклады і рэзалюцыі міжнародных органаў;
- да накіравання запытаў уладам Беларусі з патрабаваннем тлумачэнняў і гарантый захавання культурных правоў зняволеных;
- да маніторынгу захавання культурных і адукацыйных правоў у месцах зняволення.
Дадатковая інфармацыя
Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі пра сітуацыю са свабодай выказвання ў Беларусі глядзіце супольную заяву Беларускага ПЭНа, Міжнароднага ПЭНа і Амерыканскага ПЭНа ў Раду ААН па правах чалавека, дзе дакументуецца татальны наступ уладаў Беларусі на свабоду слова, культурныя і моўныя правы.
Каб даведацца больш пра дзейнасць Беларускага ПЭНа, у тым ліку пра маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, калі ласка, націсніце тут.
Заяву падтрымліваюць:
Міжнародны ПЭН
Нарвежскі ПЭН
Шведскі ПЭН
Фінскі ПЭН
Дацкі ПЭН
Англійскі ПЭН
Нідэрландскі ПЭН
Каталанскі ПЭН
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Беларускі Хельсінкскі Камітэт
Human Constanta
Lawtrend
Правовая инициатива
Telegram-channel Holybelawood
Крысціна Дробыш, аўдыявыдаўца (Krystsina Drobysh)
Тутэйшы тэатр
Fundacja Tutaka
Fundacja Białoruś 2020
Belarusische Gemeinschaft RAZAM e.V
RAZAMKUNST
Фундацыя “Дом Творцаў”
Stowarzyszenie “Czabor”
Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”
Беларускае Культурнае Таварыства “Хатка”
Беларуская Рада культуры
Асацыяцыя “Музей Вольнай Беларусі”
Выдавецтва Полацкія Лабірынты (Połackija Łabirynty)
Калі вы хочаце далучыцца да гэтай заявы, напішыце на адрас info@penbelarus.org назву арганізацыі, якую вы ўпаўнаважаныя прадстаўляць.
@bajmedia