• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Навіны культуры ў дзяржСМІ: што з імі не так?

    Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні прааналізавала культурныя публікацыі трох дзяржаўных СМІ, каб вызначыць ключавыя наратывы і ідэалагічныя акцэнты. Як гэтыя медыі выкарыстоўваюць навіны культуры для трансляцыі ідэалагічных і прарасейскіх наратываў?

    «СБ. Беларусь сегодня»

    Скрыншот сайта «СБ. Беларусь сегодня»

    Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні прааналізавала сайт выдання «СБ. Беларусь сегодня», навінавы партал Белтэлерадыёкампаніі (news. by) і сайт інфармагенцтва БелТА. Аналізаваўся перыяд з 8 па 14 снежня 2025 года.

    У аналіз уключаліся ўсе публікацыі, размешчаныя ў раздзелах «Культура» на згаданых рэсурсах. Агульная колькасць прааналізаваных матэрыялаў — 79.

    Матэрыялы ўмоўна падзяляліся на тры катэгорыі:

    – нацыянальна арыентаваныя, якія прысвечаны беларускай культуры і напісаны без выразнага ідэалагічнага пасылу — напрыклад, навіны пра ўключэнне ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА неглюбскай тэкстыльнай традыцыі;

    – прарасейскія, якія цалкам прысвечаны расейскім мерапрыемствам і/ці творам або маюць яўны прарасейскі наратыў;

    – прапагандысцкія без расейскага адцення.

    Агульныя тэндэнцыі

    Колькасная прысутнасць культурных матэрыялаў:
    – 42 публікацыі на сайце «СБ. Беларусь сегодня»
    – 20 публікацый на сайце news. by
    – 17 публікацый на сайце БелТА

    Пры гэтым на ўсіх трох рэсурсах культура разглядаецца не як самастойная сфера, а як дадатковы канал трансляцыі дзяржаўных і прарасейскіх наратываў. Незалежная культура, лакальныя ініцыятывы і неінстытуцыянальныя формы творчасці практычна не прадстаўлены.

    А цяпер разгледзім кожнае СМІ асобна.

    «СБ. Беларусь сегодня»

    Усяго прааналізавана 42 публікацыі. З іх:
    20 (47,6%) — прарасейскія;
    14 (33,3%) — прапагандысцкія;
    8 (19,1%) — нацыянальна арыентаваныя.

    Асноўныя назіранні:

    – высокая доля матэрыялаў, прысвечаных расійскім і савецкім культурным дзеячам, памятным датам і мерапрыемствам у межах «саюзнага» кантэксту;

    – сістэматычнае выкарыстанне тэматыкі Другой сусветнай вайны як ключавога элемента культурнай памяці;

    – рэгулярнае падкрэсліванне ролі і «заслуг» Аляксандра Лукашэнкі ў сферы культуры. Улічваючы падпарадкаванне выдання Адміністрацыі прэзідэнта, культурны кантэнт фактычна выконвае функцыю легітымізацыі ўлады і яе ідэалагічнага курсу.

    news. by

    Усяго прааналізавана 20 публікацый. З іх:
    10 (50%) — яўна прапагандысцкія;
    8 (40%) — прарасейскія;
    2 (10%) — нейтральныя.

    Асноўныя назіранні:

    – сайт Белтэлерадыёкампаніі агулам мае нізкую долю матэрыялаў, прысвечаных культурным падзеям;

    – дамінаванне кантэнту, звязанага з уласнымі тэлевізійнымі праектамі Белтэлерадыёкампаніі, у прыватнасці шоу «Х‑фактар» (перадача з удзелам расейскіх і праўладных «зорак»);

    – уяўленне пра культуру як пра забаўляльны і ідэалагічна бяспечны прадукт, пазбаўлены крытычнага вымярэння.

    БелТА

    Скрыншот сайта БелТА

    БелТА

    Усяго прааналізавана 17 публікацый. З іх:
    7 (41,2%) — прарасейскія;
    6 (35,3%) — прадзяржаўныя;
    4 (23,5%) — нацыянальна арыентаваныя.

    Асноўныя назіранні:

    – абмежаваная колькасць культурных публікацый у параўнанні з палітычнымі матэрыяламі;

    – адсутнасць незалежных культурных ініцыятыў і дамінаванне дзяржаўных устаноў і афіцыйных мерапрыемстваў у культурнай павестцы;

    – культура ў падачы БелТА выступае выключна як інстытуцыяналізаваная і падкантрольная дзяржаве сфера.

    Высновы

    Праведзены аналіз сведчыць, што дзяржаўныя СМІ сістэмна выкарыстоўваюць культурныя рубрыкі як інструменты ідэалагічнага ўздзеяння. Культура ў гэтых медыя пазбаўлена аўтаноміі, функцыянуе ў межах дзяржаўнай і «саюзнай» ідэалогіі, выкарыстоўваецца для нармалізацыі прарасейскіх і ідэалагізаваных наратываў. Такім чынам, культурны кантэнт выступае не альтэрнатывай палітычнай прапагандзе, а яе лагічным працягам у больш мяккай і менш заўважнай форме.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2025 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! На дадзены момант ў няволі застаюцца прадстаўнікі медыя: Кацярына Андрэева, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Людміла Чэкіна, Валерыя Касцюгова, Дзмітрый Наважылаў, Сяргей Сацук, Андрэй Фамін,  Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў, […]
    05.12.2025
    Акцэнты

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне распачаць разбіральніцтва наконт сітуацыі вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў на сваім пасяджэнні 14 жніўня разгледзела сітуацыю вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага. З інфармацыяй пра такія абвінавачанні да Праўлення звярнуўся сам Гарэцкі.
    14.08.2025

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне па справе намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    23.12.2025
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.