Праўленне БАЖ прыняло рашэнне па справе намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага
23 снежня Праўленне БАЖ абмеркавала заключэнне знешняй эксперткі і прыняло рашэнне ў звязку з абвінавачаннямі намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага ў магчымым харасменце.

Нагадваем, што 14 жніўня 2025 года Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў пачало разглядаць інфармацыю пра магчымыя факты харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага. Звесткі пра наяўнасць адпаведных абвінавачанняў былі перададзеныя ў Праўленне самім Барысам Гарэцкім.
Улічваючы характар і сур’ёзнасць сітуацыі, Праўленне прыняло рашэнне распачаць разбіральніцтва. На час яго правядзення выкананне Барысам Гарэцкім прадстаўнічых і кіруючых функцый у БАЖ было прыпынена.
20 жніўня 2025 года на сайце БАЖ паводле рашэння Праўлення быў апублікаваны Рэгламент працы ўпаўнаважаных асоб для разгляду заяў з абвінавачаннямі ў харасменте. Рэгламент вызначыў парадак прыёму і праверкі заяў, а таксама падрыхтоўкі падсумоўваючых матэрыялаў.
17 кастрычніка 2025 года Праўленне БАЖ разгледзела падсумоўваючы даклад упаўнаважаных асоб па выніках збору інфармацыі.
Упаўнаважаныя асобы атрымалі адну заяву ад асобы, якая лічыць сябе пацярпелай. Яна адмовілася ад далейшай камунікацыі. Прадстаўленых звестак аказалася недастаткова для прыняцця рашэння аб кваліфікацыі дзеянняў Барыса Гарэцкага як харасменту.
З улікам неабходнасці ўсебаковай і прынцыповай ацэнкі сітуацыі Праўленне прыняло рашэнне працягнуць разбіральніцтва да 1 снежня 2025 года і прыцягнуць да ацэнкі інфармацыі знешняга эксперта. Да завяршэння разбіральніцтва Барыс Гарэцкі заставаўся адхіленым ад выканання прадстаўнічых і кіруючых функцый у якасьці намесніка старшыні БАЖ.
17 снежня 2025 года Праўленне БАЖ атрымала заключэнне знешняй эксперткі ў галіне гендэра і харасмента, якая была прыцягнута да дадзенага разбіральніцтва.
Па выніках разбіральніцтва і з улікам экспертнага заключэння Праўленне БАЖ прыняло рашэнне:
- Прызнаць, што дзеянні намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага маглі быць успрынятыя як двухсэнсоўныя і інтэрпрэтаваныя як харасмент.
Вынесці папярэджанне Б. Гарэцкаму аб недапушчальнасці падобных паводзінаў у будучыні. - Прыняць меры дысцыплінарнага характару ў дачыненні да Б. Гарэцкага ў выглядзе адхілення яго ад выканання прадстаўнічых і кіруючых функцый тэрмінам на 12 месяцаў. У гэты тэрмін уключаецца адхіленне Б. Гарэцкага ад выканання гэтых функцый з моманту прыняцця рашэння Праўленнем аб пачатку расследавання ў дачыненні да яго (з 14 жніўня 2025 г.). Працягнуць маніторынг прафесійных адносінаў/паводзінаў Б. Гарэцкага да заканчэння гэтага тэрміну (13 жніўня 2026 г.).
- Прыняць дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Б. Гарэцкага з мэтай выключэння падобных сітуацый. Абавязаць яго ажыццяўляць дзелавыя кантакты толькі ў працоўны час або ў працоўнай прасторы, або з выкарыстаннем зацверджаных каналаў дзелавой камунікацыі.
Абавязаць прайсці Б. Гарэцкага навучанне па пытаннях недапушчэння харасменту і парушэння асабістых межаў у прафесійнай дзейнасці. - Працягнуць распрацоўку комплекснай гендарнай палітыкі БАЖ, а таксама плана яе ўкаранення, рэалізацыі, маніторынгу і ацэнкі. У межах гендарнай палітыкі прыняць Рэгламент разгляду і рэагавання на скаргі аб харасменце.
Прыняць да ведама распрацаваны эксперткай чэк-ліст (кантрольны спіс) па рэагаванні на выпадкі харасменту. - Да зацвярджэння Рэгламенту працягнуць працу ўпаўнаважаных Праўленнем асоб па зборы інфармацыі аб магчымым харасменце ў прафесійнай дзейнасці з боку прадстаўнікоў БАЖ. Збор інфармацыі ажыццяўляецца ў вольнай форме праз пошту 2025_zbor-infarmacji@proton.me, доступ да якой маюць толькі ўпаўнаважаныя асобы (да аб’яўлення іншых інструментаў пасля зацвярджэння Рэгламенту).
Прыцягваць да ацэнкі атрыманай інфармацыі незалежных экспертаў.
Забяспечыць баланс паміж празрыстасцю працы па прадухіленні харасменту і абаронай прыватных даных. - Арганізаваць правядзенне інструктажу для ўсіх супрацоўнікаў БАЖ з мэтай недапушчэння харасменту. Праводзіць такі інструктаж штогод.
- З улікам высокай грамадскай значнасці праблемы гендарнага гвалту і дамаганняў на працоўным месцы працягваць рэгулярна інфарміраваць грамадзянскую супольнасць і медыясектар аб рэалізацыі гендарнай палітыкі ў БАЖ.
@bajmedia