Праўленне БАЖ прыняло рашэнне распачаць разбіральніцтва наконт сітуацыі вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага
Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў на сваім пасяджэнні 14 жніўня разгледзела сітуацыю вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага. З інфармацыяй пра такія абвінавачанні да Праўлення звярнуўся сам Гарэцкі.

Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. 2 траўня 2025 года, Вільня. Фота: БАЖ
Улічваючы сур’ёзнасць абвінавачанняў, Праўленне БАЖ вырашыла распачаць разбіральніцтва.
На яго час выкананне Барысам Гарэцкім прадстаўнічых і кіруючых функцый у БАЖ прыпыняецца.
Разбіральніцтва будзе ўключаць збор інфармацыі ўпаўнаважанымі Праўленнем асобамі, яе ацэнку і прыняццё Праўленнем рашэння адносна Барыса Гарэцкага.
Збор інфармацыі будзе ажыццяўляцца ад магчымых пацярпелых ад дзеянняў Барыса Гарэцкага.
Калі ў вас ёсць адпаведная інфармацыя, то вы можаце звярнуцца па форме ці адмыслова створаным e‑mail, якія будуць паведамленыя пазней.
Доступ да формы будуць мець асобы, упаўнаважаныя Праўленнем: старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец і сябра Праўлення Зоя Хруцкая. Магчымыя і іншыя формы камунікацыі з гэтымі ўпаўнаважанымі Праўленнем асобамі.
Ананімныя звароты разглядацца не будуць. Разам з тым гарантуецца ананімізацыя ўсіх, хто звернецца, і тое, што аніякія персанальныя дадзеныя гэтых асоб не будуць разгалошвацца без іх згоды.
Збор інфармацыі наконт магчымых фактаў харасменту будзе доўжыцца да 1 кастрычніка 2025 года.
