• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленку палітвязнямі

    2 сакавіка 2026 года прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі прызналі былых кіраўнікоў баранавіцкага навінавага партала BAR24 (а раней — незалежнай газеты Intex-Press) палітычнымі зняволенымі.

    Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч. Калаж: БАЖ

    Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

    Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што крымінальны пераслед і пазбаўленне волі за дзеянні, звязаныя з правамернай рэалізацыяй свабоды выказвання меркаванняў, з’яўляюцца інструментам абмежавання распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне, падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці і іншадумства.

    26 лютага 2026 года вынесены прысуд Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку — былым кіраўнікам баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press. Брэсцкі абласны суд абвесціў іх вінаватымі ў «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэксу) і прызначыў Уладзіміру Янукевічу 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 3000 базавых велічыняў, а Андрэю Пакаленку — 12 гадоў зняволення і штраф у памеры  1000 базавых велічыняў.

    Разгляд справы, распачаты 3 лютага 2026 года, праходзіў у закрытым рэжыме, і сутнасць выстаўленых абвінавачанняў дагэтуль невядомая.

    Судоваму разбіральніцтву папярэднічаў працяглы мэтанакіраваны пераслед пазначаных медыя і іх супрацоўнікаў з боку дзяржавы: папярэджанне Intex-press з боку Міністарэства інфармацыі ў траўні 2021 года за публікацыю інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай, скасаванне рэалізацыі газеты праз гандлёвыя сеткі і паштовую падпіску, агляд памяшкання ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» сілавымі органамі і адабранне камп’ютэрнай тэхнікі у лютым 2023 года, прызнанне сайта intex-press.by і старонак выдання ў сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі матэрыяламі» у красавіку 2023 года, абмежаванне доступу да сайта ў траўні 2023 года.

    Асабіста Уладзіміру Янукевічу, як дырэктару выдання, быў двойчы прызначаны адміністрацыйны штраф за публікацыю інтэрв’ю з Ціханоўскай. У выніку гэтых дзеянняў Intex-press было зліквідаванае, пасля чаго быў Уладзімір Янукевіч і Андрэй Пакаленка з камандай стварылі навінавы сайт BAR24 (bar24.by).

    У снежні 2024 года некалькі супрацоўнікаў BAR24 былі затрыманыя, у офісе выдання і жыллі супрацоўнікаў праведзеныя вобшукі і адабранне тэхнікі. Была ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).

    Увосень 2025 года чатыры супрацоўнікі BAR24 былі асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

    Пералічаныя акалічнасці не пакідаюць сумневаў, што крымінальны пераслед Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленкі з’яўляецца працягам рэпрэсій у дачыненні да Intex-press і BAR24, і шырэй — у дачыненні да незалежных беларускіх медыя і журналістаў, і скіраваны на спыненне публічнай дзейнасці Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленкі па негвалтоўным ажыццяўленні свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

    Мы нагадваем, што парушэннем п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з’яўляецца спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і ня пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.

    Мы таксама нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым судовым паседжанні, пры адсутнасці публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы, у створанай уладамі абстаноўцы нецярпімасці да дзейнасці праваабарончых арганізацый, праваабаронцаў і незалежных журналістаў груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных  і падрывае давер да абгрунтаванасці прынятых судовых рашэнняў.

    На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленкі палітычнымі зняволенымі і патрабуем:

    • неадкладнага вызваліць Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленку і спыніць ў дачыненні да іх крымінальны пераслед;
    • адмовіцца ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання і іншыя правы і свабоды;
    • неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных.

     

    Заяву падпісалі:

    Беларуская асацыяцыя журналістаў;

    Беларускі ПЭН;

    Праваабарончы цэнтр «Вясна»;

    Human Con­stan­ta;

    Прававая ініцыятыва;

    Lawtrend.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.