• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заява аб прызнанні Алега Супрунюка і Паўла Дабравольскага палітычнымі зняволенымі

    26 жніўня 2025 года праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай наконт журналістаў Алега Супрунюка і Паўла Дабравольскага, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.

    Алег Супрунюк і Павел Дабравольскі

    Алег Супрунюк і Павел Дабравольскі. Фота: з асабістага архіва

    Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што крымінальны пераслед і пазбаўленне волі за дзеянні, звязаныя з правамернай рэалізацыяй свабоды выказвання меркаванняў, з’яўляюцца інструментам абмежавання распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне, падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці і іншадумства.

    Антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі Беларусі ў мэтах палітычных рэпрэсій. МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і праводзімай ім палітыцы. Экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя і 39 СМІ і медыяарганізацый. Гэта адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх супрацоўнікаў, удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на свабоду асацыяцый і свабоду выказвання меркаванняў. 

    8 жніўня 2025 года быў вынесены прысуд брэсцкаму журналісту Алегу Супрунюку. Суд прызнаў яго вінаватым ва «ўдзеле у экстрэмісцкім фармаванні» (частка 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса) і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады. Як вынікае з паведамлення, апублікаванага пракуратурай Брэсцкай вобласці напярэдадні судовага разбіральніцтва, Алег Супрунюк абвінавачваўся ва ўдзеле ў «Беларускай асацыяцыі журналістаў», прызнанай «экстрэмісцкім фармаваннем», і напісанні для яе артыкулаў.

    Выкладзенае вышэй дае падставы сцвярджаць, што крымінальны пераслед Алега Супрунюка мае палітычныя матывы і скіраваны на спыненне ці змяненне характару яго правамернай дзейнасці, звязанай з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

    Мы таксама маем звесткі пра зняволенне былога журналіста Naviny.by Паўла Дабравольскага. Раней Павел супрацоўнічаў з рознымі незалежнымі выданнямі, падчас пратэстаў 2020 года яго затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці.

    Увосень 2021 году Павел Дабравольскі пакінуў Беларусь. Аднак, як стала цяпер вядома, са студзеня 2025 года ён знаходзіцца ў Беларусі пад вартай у следчым ізалятары. Дакладны артыкул, па якім выстаўлена абвінавачанне, публічна не раскрываецца, аднак акалічнасці, ў якіх адбываецца крымінальны пераслед, даюць падставы лічыць, што прычынай ўтрымання Паўла пад вартай стала яго папярэдняя дзейнасць, звязаная з рэалізацыяй права на свабоднае выказванне меркаванняў і распаўсюд інфармацыі.

    На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Алега Супрунюка і Паўла Дабравольскага палітычнымі зняволенымі і патрабуем:

    • неадкладнага вызваліць Алега Супрунюка і Паўла Дабравольскага і спыніць ў дачыненні да іх крымінальны пераслед;
    • адмовіцца ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання і іншыя правы і свабоды;

    неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных.

     

    Беларуская асацыяцыя журналістаў
    Прававая ініцыятыва
    Беларускі ПЭН
    Офіс па правах людзей з інваліднасцю
    Lawtrend
    Respect-Pro­tect-Ful­fill
    Праваабарончы цэнтр «Вясна»
    Беларускі Хельсінкскі Камітэт

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці