• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заява праваабарончай кааліцыі з нагоды адвольнага прызнання нядзейнымі пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь

    БАЖ далучыўся да заявы праваабарончай кааліцыі супраць адвольнага прызнання нядзейнымі пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь.

    заява супраць адвольнага прызнання нядзейнымі пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь

    У сувязі з тым, што сталі вядомыя факты адвольнага прызнання ўладамі нядзейнымі пашпартоў былых палітвязняў, прымусова высланых з Беларусі пасля вызвалення ў верасні і снежні 2025 года, мы, кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем наступнае:

    Абарона сваіх грамадзян – базавая функцыя і абавязак дзяржавы. Арт. 10 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Пашпарт з’яўляецца адной з праяў суверэнітэту дзяржавы і пацвярджае гарантыю абароны грамадзяніна дзяржавай як на сваёй тэрыторыі, так і за мяжой.

    Асабліва падкрэсліваем, што пашпарт – гэта не проста адміністрацыйны дакумент, але пацвярджэнне юрыдычнай і сацыяльнай ідэнтычнасці чалавека. Нягледзячы на тое, што адсутнасць дзейнага пашпарта de jure не вядзе да страты грамадзянства, яна стварае сітуацыю фактычнага безграмадзянства (de fac­to state­less­ness), закранае годнасць чалавека і перашкаджае рэалізацыі многіх яго базавых правоў, у тым ліку права на роўнае абыходжанне (недыскрымінацыю) (арт. 26 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 22 Канстытуцыі), права на прызнанне правасуб’ектнасці (арт. 16 Пакта), права на свабоднае перамяшчэнне (арт. 12 Пакта), права на неўмяшанне ў асабістае і сямейнае жыццё (арт. 17 Пакта), права ўступаць у шлюб і ствараць сям’ю (арт. 23 Пакта), права ўласнасці (арт. 44 Канстытуцыі).

    У адпаведнасці з артыкулам 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. Арт. 59 Канстытуцыі замацоўвае абавязак дзяржаўных органаў, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.

    Адвольнае прызнанне нядзейнымі пашпартоў людзей, якія пераследуюцца з палітычных прычын, з’яўляецца не проста адмовай дзяржавы ад абароны сваіх грамадзян, але наўмысным злоўжываннем уладай з боку дзяржаўных органаў, якія мусяць забяспечваць абарону правоў грамадзян. Гэта дадатковая рэпрэсіўная мера (а таксама новая практыка ў кантэксце трансгранічных рэпрэсій) у дачыненні да людзей, якія ўжо падвергліся адвольнаму крымінальнаму пераследу і панеслі несправядлівае пакаранне за рэалізацыю сваіх законных правоў і свабод.

    Пры гэтым сам факт прымусовага выдварэння гэтых людзей надае іх становішчу асаблівую ўразлівасць і складае асобнае парушэнне як нацыянальнага заканадаўства, так і міжнародна-прававых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь (гл. заяву кааліцыі ад 22.12.2025 г.). Прызнанне нядзейнымі пашпартоў (нават пры фізічнай адсутнасці пашпарта на руках) у дадатак да прымусовай высылкі дэманструе не толькі неправамернасць такіх дзеянняў, але і асаблівы цынізм уладаў, якія імкнуцца любымі даступнымі спосабамі пагоршыць становішча, падоўжыць пакуты і прыніжэнне годнасці людзей, што пераследуюцца паводле палітычных матываў.

    Нагадваем, што адмова ўладаў Беларусі ад абароны ўласных грамадзян у якасці трансгранічнай рэпрэсіўнай меры носіць значна шырэйшы характар і датычыць не толькі вызваленых і прымусова вывезеных людзей. Працягвае дзейнічаць Указ № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўленні дзеянняў» ад 04.09.2023 г. («пашпартны ўказ»), якім была скасавана частка функцый замежных устаноў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку па выдачы і абмене пашпартоў. У выніку тысячы грамадзян Беларусі, у тым ліку іх нованароджаныя дзеці, застаюцца без базавага дакумента, які пацвярджае асобу, і, як вынік, без магчымасці паўнавартаснага сацыяльнага жыцця і рэалізацыі шэрагу правоў. Колькасць такіх людзей няспынна павялічваецца.

    Мы таксама канстатуем, што адвольнае прызнанне пашпартоў нядзейнымі можа разглядацца як частка дзяржаўнай палітыкі, якая прадугледжвае шырокамаштабны і сістэматычны напад на насельніцтва як кантэкстуальны элемент злачынстваў супраць чалавечнасці ў разуменні кваліфікацыі Міжнароднага крымінальнага суда ў кантэксце расследавання сітуацыі Літва/Беларусь.

    У сувязі са сказаным, мы заклікаем улады Рэспублікі Беларусь: 

    • выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі па абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь і стварэнні ўмоў для рэалізацыі іх правоў належным чынам, без дыскрымінацыі паводле прыкметы палітычных перакананняў або паводле іншых прыкмет, у прыватнасці:
    • спыніць практыку адвольнага прызнання пашпартоў нядзейнымі;
    • забяспечыць аднаўленне дзеяння пашпартоў;
    • адмяніць Указ № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўленні дзеянняў» ад 04.09.2023 г. і аднавіць выкананне замежнымі ўстановамі Беларусі функцыі выдачы і абмену пашпартоў.

    Заклікаем прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і замежных дзяржаў, у тым ліку тых, хто ўдзельнічае ў перамовах наконт вызвалення:

    • прыкладаць максімальныя дыпламатычныя намаганні для спынення практык, якія абмяжоўваюць у правах грамадзян Рэспублікі Беларусь, вызваленых у выніку перамоў;
    • прыкладаць максімальныя дыпламатычныя намаганні для спынення практык, якія абмяжоўваюць у правах іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, што засталіся без дзейнага пашпарта з віны ўладаў, а таксама для адмены Указа № 278 («пашпартнага ўказа»);
    • аказваць максімальнае садзейнічанне ў легалізацыі на тэрыторыі замежных дзяржаў прымусова высланым і іншым грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія засталіся без дзейнага пашпарта з віны ўладаў Беларусі;
    • разглядаць названыя практыкі як форму трансгранічных рэпрэсій і ўлічваць іх пры ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

    Беларускі Хельсінкскі Камітэт

    Lawtrend

    Human Con­stan­ta

    Беларускі ПЭН

    Беларуская Асацыяцыя Журналістаў

    Праваабарончы цэнтр «Вясна»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.