У Мінскім абласным судзе агучаныя прысуды па справе «аналітыкаў Ціханоўскай». Дракахрусту і Любаковай — па 10 гадоў зняволення
Мінскі абласны суд у парадку спецыяльнай вытворчасці разгледзеў справы 20 асобаў, якіх Міністэрства ўнутраных спраў прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем пад назвай «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай». У іх ліку — журналісты беларускіх незалежных медыяў Юры Дракахруст і Ганна Любакова.
Таксама ў ліку асуджаных — палітычныя аглядальнікі і аналітыкі: Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна.
Паводле інфармацыі на сайце Генеральнай пракуратуры Беларусі, якая падтрымала ў судовым працэсе дзяржаўнае абвінавачанне, усе гэтыя «ўдзельнікі экстрэмісцкага фарміравання прызнаныя вінаватымі ў:
- змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
— уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах учынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці;
— пасобніцтве публічным заклікам да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
— садзейнічанні наўмысным дзеянням, накіраваным на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненым групай асоб.
Пры гэтым Аляксандр Дабравольскі таксама прызнаны вінаватым у кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем і структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яго склад.
Які вырак прызначыў суд?
Па сукупнасці злачынстваў фігурантам прызначаныя наступныя пакаранні:
Аляксандру Дабравольскаму — 11 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 6000 базавых велічынь (240 000 BYN);
Ганне Красулінай, Дзянісу Кучынскаму, Пятру Рудкоўскаму, Аляксандру Шлыку — па 11 гадоў пазбаўлення волі са штрафам ад 1000 да 40 000 базавых велічынь (ад 40 тыс. да 1,6 млн BYN);
Ганне Любаковай, Юрыю Дракахрусту, Рыгору Астапені, Філіпу Біканаву, Андрэю Казакевічу, Яўгену Крыжаноўскаму, Вераніцы Лапуцька, Аляксандру Лагвінцу, Васілю Навумаву, Марыі Рогавай, Алесі Руднік, Наталлі Рабавай, Таццяне Чуліцкай, Кацярыне Шмацінай — па 10 гадоў пазбаўлення волі;
Паўлу Усаву — 11 гадоў пазбаўлення волі.
Судовы працэс над гэтымі асобамі распачаўся 31 траўня 2024 года ў Мінскім абласным судзе, вердыкт быў агучаны 1 ліпеня. Пакуль прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны.
На сёння на маёмасць фігурантаў крымінальнай справы «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай» — кватэры, дамы, зямельныя ўчасткі — накладзены арышт «з мэтай забеспячэння кампенсацыі нанесенай шкоды».
Генеральная пракуратура заяўляе, што ўсе абвінавачаныя па крымінальнай справе «аналітыкі Святланы Ціханоўскай» «уцяклі ад правасуддзя», і таму следства і суд над імі праходзілі завочна.
«Мы лічым гэтую «справу» палітычна матываваным пераследам»
Абвінавачаныя перадалі «Зеркалу» свой зварот у сувязі з пачаткам завочнага суду:
«Абвінавачанне прад’яўленае па артыкулах, тыповых для палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі, у тым ліку: змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады; дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці; садзейнічанне публічным заклікам да захопу дзяржаўнай улады; уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання. Усе «абвінавачаныя» па «справе» знаходзяцца за мяжой, таму яна разглядаецца завочна.
У сувязі з гэтым мы лічым неабходным адзначыць наступнае:
Мы лічым гэтую «справу» палітычна матываваным пераследам. Усе адвольна згрупаваныя па «справе» асобы займаліся выключна прафесійнай дзейнасцю, якую нельга аднесці да дзеянняў, прад’яўленых у абвінавачанні. Мы лічым гэтую «справу» працягам няспыннага ціску беларускіх уладаў на незалежную аналітычную, экспертную і журналісцкую супольнасць. Таксама звяртаем увагу на тое, што абвінавачваць экспертаў і журналістаў у спробах захопу ўлады і экстрэмізме — гэта абсурд.
Суд праходзіць з парушэннямі беларускага заканадаўства. Нягледзячы на афіцыйныя запыты, мы так і не атрымалі доступу да матэрыялаў «справы», таму фармальна не ведаем, у чым менавіта заключаецца сутнасць так званых «абвінавачанняў». Акрамя таго, нас не праінфармавалі наконт даты пачатку судовага разбору па беларускім заканадаўстве. У парушэнне вызначаных нормаў інфармацыя пра судовы працэс не была размешчаная ў раздзеле «Спецыяльная вытворчасць па крымінальных справах» на сайце Вярхоўнага суда.
Нам не гарантаванае права на справядлівую абарону ў крымінальным працэсе. Тыя з нас, хто не падаваў хадайніцтвы, нават не ведаюць імёнаў афіцыйна прызначаных нам адвакатаў.
Мы не спадзяемся на справядлівы суд. На жаль, мы не маем сумневаў, што нас «прыгавораць» да ўказаных у абвінавачанні тэрмінаў, як і тысячы беларусаў і беларусак, асуджаных па аналагічных палітычна матываваных справах.
Мы ўдзячныя за падтрымку і салідарнасць. Мы ўдзячныя за падтрымку грамадзянскай і журналісцкай супольнасці, беларускім і замежным калегам».