Аляксандр Чарнуха просіць падтрымаць YouTube-праект з канцэртамі беларускіх музыкантаў
Нядаўна Аляксандр Чарнуха паведаміў пра запуск новага праекта «Сепультура Alive» — YouTube-канала, на якім штомесяц будуць адбывацца канцэрты беларускіх музыкантаў у эміграцыі. Першымі гасцямі праекта 16 кастрычніка стане гурт Naviband.
«Ужо больш за год таму беларуская супольнасць падтрымала Міністэрства сепультуры і не дала праекту памерці. Цяпер ён існуе толькі дзякуючы гэтай падтрымцы, і асабіста для мяне гэта нагода ганарыцца усімі намі — цудоўнымі людзьмі, якія гатовыя даваць жыццё беларускім культурніцкім праектам і разумеюць, навошта гэта патрэбна.
Навошта я гэта зрабіў?
Бо веру, што нам усім варта будаваць масты і ствараць адзіную беларускую інфармацыйную прастору. Праз усе забароны і статусы. Бо веру, што няма ніякіх з’ехаўшых і застаўшыхся, а ёсць мы — беларусы. Дзе б мы цяпер не знаходзіліся. Бо веру ў моц беларускай супольнасці, якая гатовая падтрымліваць годныя праекты і даваць ім жыццё. Бо калі не мы самі, то хто?»
Спадар Чарнуха зазначыў, што праект не атрымаў грантавай падтрымкі і не можа разлічваць на рэкламныя грошы ці дапамогу спонсараў, бо мецэнатаў для беларускіх праектаў зараз амаль няма. Каманда працягвае шукаць іншыя магчымасці фінансавання, каб пакрываць хаця б тэхнічныя выдаткі на трансляцыю, гук, святло, арэнду пляцовак, але пакуль безвынікова.
«Таму цяпер мецэнат кожны з вас. І я прапаную вам падтрымаць «Сепультура Alive», калі ў вас ёсць такая магчымасць і жаданне.
Можна набыць сімвалічны квіток на канцэрт за кошт, які вы самі лічыць адэкватным. Ці падпісацца на адзін з пакетаў і падтрымліваць праект штомесяц».
Журналіст падкрэслівае, што ўсе грошы будуць ісці музыкантам, у якіх не так шмат магчымасцяў зарабляць у эміграцыі, і камандзе праекта.
«Давайце разам будаваць устойлівы праект і даваць адзін аднаму магчымасць глядзець канцэрты беларускіх музыкантаў, размаўляць з імі хаця б праз чат і ствараць нашу бязмежную Беларусь!», — прапануе Аляксандр Чарнуха.
