Аналітыка Андрэя Паротнікава асудзілі да 10 гадоў калоніі
У Мінскім абласным судзе да дзесяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі аналітыка і палітолага Андрэя Паротнікава. На 14 сакавіка прызначаны разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд палітвязня.

Андрэй Паротнікаў. Скрыншот фільма АНТ
Палітвязня абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «змове з мэтай захопу ўлады» (ч. 1 арт. 357 КК). Прысуд Вячаслаў Тулейка вынес яшчэ 31 кастрычніка 2024 года, але пра яго стала вядома толькі цяпер. Працэс адбываўся ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці абвінавачвання і пазіцыя Андрэя Паротнікава невядомыя.
Андрэй Паротнікаў — палітолаг, спецыяліст па праблемах бяспекі. Кіраўнік аналітычнага цэнтру Belarus Security Blog; член Рады арганізацыі «Правы альянс» (2010–2011). Яго затрымалі ў сакавіку 2023 года ў Маскве і змясцілі ў СІЗА КДБ Мінска. Андрэя Паротнікава абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК); «змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ўлады» (ч. 1 арт. 357 КК); «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361–4 КК); «уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361–1 КК); «перашкода здзяйсненню выбарчых правоў» (ч. 2 арт. 191 КК).
У жніўні 2023 года АНТ выпусціў з аналітыкам прапагандысцкі фільм, у якім распавялі, што абвінавачваюць Паротнікава у тым, што ён «веў свой блог і збіраў аналітыку па Беларусі, а таксама перапісваўся з калегамі-экспертамі».
