• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці ўратуе псіхічнае здароўе пазбяганне сур’ёзных навін?

    Інстытут Reuters Оксфардскага ўніверсітэта правёў даследаванне аўдыторыі СМІ. Яго вынікі паказваюць, што людзі пазбягаюць некаторых тэмаў і гісторый — такіх, як вайна ва Украіне, і адключаюць дэпрэсіўныя навіны, піша «Новы час».

    Сусветнае даследаванне паказвае, што за апошнія шэсць гадоў колькасць людзей, якія моцна цікавяцца навінамі, скарацілася прыкладна на чвэрць, піша ВВС.

    У справаздачы Інстытута Reuters Оксфардскага ўніверсітэта гаворыцца, што менш за палову — 48 працэнтаў чытачоў ва ўсім свеце — цяпер цікавяцца навінамі. У 2017 годзе такіх было 63%.

    У Вялікабрытаніі гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні сусветны — і складае 43%.

    Больш за траціну людзей (36%) ва ўсім свеце кажуць, што часам або досыць часта актыўна пазбягаюць навін.

    Аўтары справаздачы інстытута Reuters заявілі, што ёсць доказы таго, што аўдыторыя «працягвае пазбягаць важных, але непрыемных гісторый — такіх, як вайна ва Украіне або тое, як даражэе жыццё». Такім чынам чытачы скарачаюць дэпрэсіўныя навіны і імкнуцца абараніць сваё псіхічнае здароўе.

    У справаздачы таксама адзначаецца, што традыцыйнае тэлебачанне і друкаваныя СМІ працягваюць прыходзіць у заняпад, у той час як «анлайн-спажыўцы атрымліваюць доступ да навін радзей, чым у мінулым, і таксама становяцца менш зацікаўленымі».

    Толькі чацвёра з дзесяці чалавек (40%) кажуць, што яны часцей за ўсё давяраюць навінам. А гэта на два працэнтныя пункты менш, чым у мінулым годзе.

    Даследаванне таксама паказала, што больш за палову (56%) апытаных непакоіць, якія навіны з’яўляюцца сапраўднымі, а якія фальшывымі ў інтэрнэце — рост на два працэнтныя пункты.

    Рост TikTok

    Самай важнай сацыяльнай медыяплатформай для навін па-ранейшаму з’яўляецца Face­book, хоць яна і знаходзіцца ў доўгатэрміновым заняпадзе: за апошнія сем гадоў колькасць тых, хто звяртаецца да яе кожны тыдзень для навін, знізілася з 42% да 28%.

    Face­book таксама панізіў рэйтынг навін. Ён кажа, што менш за 3% яго стужкі навін цяпер — гэта традыцыйныя навіны. Змяненне алгарытму сацсеткі за апошнія гады было катастрафічным для некаторых арганізацый, якія разлічвалі на трафік з Face­book.

    У Вялікабрытаніі 41% юнакоў і падлеткаў ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў кажуць, што сацыяльныя сеткі з’яўляюцца іх асноўнай крыніцай навін (43% ва ўсіх краінах), у параўнанні з 18% у 2015 годзе.

    І Tik­Tok, і Insta­gram пачалі выкарыстоўвацца часцей: цяпер Insta­gram з’яўляецца крыніцай навін для 14% людзей, а Tik­Tok — для 6%.

    Прычым у маладых карыстальнікаў лічбы нашмат вышэйшыя. Кожны пяты чытач (20%) ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў атрымлівае навіны з Tik­Tok, у параўнанні з 15% у мінулым годзе. У справаздачы гаворыцца, што платформа «з’яўляецца самай хуткарослай сацыяльнай сеткай у нашым апытанні».

    Аднак гэта не абавязкова навіны ад традыцыйных пастаўшчыкоў навін. Карыстальнікі Tik­Tok часцей атрымліваюць навіны на платформе ад знакамітасцяў, уплывовых асоб або звычайных карыстальнікаў, чым ад асноўных інфармацыйных выданняў або журналістаў.

    Дырэктар Інстытута Reuters Расмус Нільсэн сказаў: «Малодшыя пакаленні… мала цікавяцца шматлікімі традыцыйнымі інфармацыйнымі прапановамі, арыентаванымі на звычкі, інтарэсы і каштоўнасці старэйшых пакаленняў, і замест гэтага прымаюць навіны, якія больш арыентаваныя на асобу… часта звяртаюцца не толькі да састарэлых платформаў, але да новых удзельнікаў».

    У справаздачы таксама гаворыцца, што маладая аўдыторыя часцей імкнецца да «пазбягання навін».

    Колькасць «лайкаў», рэпостаў і каментараў да навін на адкрытых платформах сацыяльных сетак таксама зніжаецца ва ўсім свеце.

    Толькі каля 10% людзей у Вялікабрытаніі класіфікуюцца як «актыўныя ўдзельнікі» — прычым гэта ў асноўным мужчыны, больш сталага веку, і якія маюць моцныя палітычныя погляды і больш адукаваныя, чым астатняе насельніцтва.

    Адной з меркаваных прычын зменаў чытацкіх паводзінаў з’яўляецца — тое, што ў чытачоў расце адчуванне, нібыта анлайн-размовы на такіх платформах, як Face­book і Twit­ter, становяцца ўсё больш таксічнымі.

    Чытайце яшчэ:

    Як правяраюць расследаванні. Кароткі гайд ад фактчэкера OCCRP

    Появилось новое белорусское медиа Plan B. Его главред — Ольга Лойко

    «Маці піша ў асноўным пра тое, што чытае, і дае жыцьцёвыя парады», — дачка Марыны Золатавай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці