• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гэта ня той паварот, на які нам трэба ўскладаць нейкія чаканьні», — Андрэй Кузьнечык пра амністыю

    Палітзьняволены журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык у сваіх лістах разважае пра амністыю, жартуе, як ягоны пашпарт чакае вызваленьня, і дасылае новыя вершы для сваіх дзетак.

     

    Роўна месяц палітзьняволены журналіст Андрэй Кузьнечык знаходзіцца ў Наваполацкай калёніі № 14 узмоцненага рэжыму, дзе будзе адбываць 6‑гадовае пакараньне. У новай калёніі яму найперш выдалі бэджык «экстрэміста».

    Праз этапаваньне з Магілёўскай турмы і карантын лістоў да жонкі Алесі і дзетак Яніны і Мацьвея стала менш, чым звычайна.

    «Я пачаў пісаць зь перапынкамі, бо за адзін сэанс „асабістага часу“ (а ён ня толькі для лістоў) не пасьпяваю.

    Хутка мяне чакаюць працаўладкаваньне і перасяленьне з карантыну. Ня ведаю, што там будзе з часам, але, спадзяюся, на хаця б адзін ліст знойдзецца», — піша Андрэй.

    Натуральна, піша журналіст Свабоды пра амністыю, на якую палітзьняволеныя вельмі спадзяюцца.

    «Навіна пра амністыю можа значыць, што запусьціліся пазытыўныя працэсы, хоць даступны мне інфармацыйны фон нібыта гэтаму супярэчыць. Падаецца мне, гэта ня той паварот, на які нам трэба ўскладаць нейкія чаканьні. Але буду рады памыляцца, канечне», — разважае журналіст Свабоды.

    «Пашпарт чакае майго вызваленьня»

    Андрэй атрымаў ад жонкі заказны ліст з ксэракопіяй пашпарта. І жартам разважае, як вызваленьня чакае найперш ягоны пашпарт.

    «Ксэракопіі ў мяне, а пашпарт чакае майго вызваленьня. Спадзяюся, гэта будзе хутчэй, чым прыйдзе час на замену пашпарта — ня ўпэўнены, што ў мяне ідэальная прычоска для фота на такі доўгатэрміновы дакумэнт», — піша ён.

    У Наваполацкай калёніі (у адрозьненьне ад магілёўскай турмы) няма несьціханага фонавага радыё, да якога Андрэй прызвычаіўся раней.

    «Таму ўспамінаецца пры нагодзе нешта з упадабанага калісьці. Пасьля твайго ліста халодная раніца прыйшла з музыкай Brain­storm (я аж два разы на іхніх канцэртах быў). „Как я искал тебя“ — там першыя радкі „Отличное утро, бодрит прохладой“…

    І ты заўважыла, як мы сынхронна напісалі пра тваю душэўную цеплыню, якая сагравае і на адлегласьці як у пераносным, так, аказалася, і ў прамым сэнсе. Затое дачакалася свайго часу і мая нелюбімая чорная майка з горлам. Неўзабаве выдадуць і мясцовую „тэрму“ (тэрмабялізну. — РС)».

    У калёніях спэцыфічныя патрабаваньні да адзеньня: усё павінна быць толькі чорнага колеру і адмысловых фасонаў. Тэрмабялізну двух відаў, якую перадала жонка, «забракавалі», цяпер Алеся шукае іншую і просіць парады ў людзей, якія ведаюць, што падыдзе. Але нібыта нешта ўжо выдалі, і Андрэй ужо ня мерзьне, даведалася Алеся.

    Пра дачушку-фантазёрку і хлопчыка-дракончыка

    Андрэй шмат піша пра дзяцей. Стараецца на адлегласьці даваць парады і ім, і жонцы. Радуецца посьпехам і дасягненьням дзетак, вельмі перажывае, што ня бачыць, як яны растуць і сталеюць.

    «У Яніны глыбокія, нечаканыя разважаньні. Як яна ўдала патлумачыла паняцьце космасу і ўзровень чалавечых ведаў пра сьвет:)

    Выбар сукенкі для 1 верасьня таксама парадаваў. А што мы будзем рабіць зь ейнай францускай мовай? Проста для агульнага разьвіцьця? А Eng­lish як будзем вучыць? А калі захочам перайсьці ў школу з ангельскай мовай, праблем ня

    Маленькага Мацейку ён называе «хлопчыкам-дракончыкам, дыпляматам, аўтааматарам», дачку Яніну — фантазёркай.

    «Радуюся, што вам сьняцца добрыя сны, сустракаюцца добрыя людзі, уяўляюцца добрыя цуды і марацца добрыя мары. А я, чытаючы пра гэта, нібыта вяртаюся да вас у нармальную сыстэму каардынат і гравітацыі.

    Добрых сноў вам, добрых людзей на шляху, а Яньчыны фантазіі і нашыя мары, можа, хутка і спраўдзяцца», — спадзяецца Андрэй.

    Нарэшце да Андрэя вярнулася натхненьне — ён зноў піша вершы

    Андрэй Кузьнечык даслаў дзецям новы верш. Месяц таму, зьбіраючыся на этап з Магілёва ў Наваполацак, ён пісаў, што «дзіцячыя вершы пастаўлены на паўзу». Новы верш напісаны на паштоўцы з выявай карціны Клёда Манэ зь ягонай сэрыі «стагоў сена».

    Неяк я па небе ехаў.

    Праплывалі міма стрэхі.

    І вяскоўцы-землякі

    Гаманілі каля весьніц:

    «Бачыш, чый унук уверсе?

    Вось табе і гарадзкі!»

    Сьвет быў, як пялёсткі кветкі,

    Як бліскучка ад цукеркі,

    Цёплым ветрам казытаў,

    Зь лісьця промнямі пуляўся,

    Па-сяброўску пасьміхаўся,

    Клікаў, вабіў, чараваў.

    А наўкол, як на далоні,

    Абдымала рэчку поле,

    Лес рассоўваў далягляд, —

    Каб ня даць блакітам зьліцца,

    Каб у возера ўваліцца

    Аблачынка не магла.

    Пада мной быў зьлітак лета —

    Сена цэлая плянэта!

    І ўяўляў я, што той воз

    Павязе праз захапленьні,

    Праз адкрыцьці і натхненьні

    Ў мой далёкі дзіўны лёс.

    Чытайце яшчэ:

    Трымаюцца бадзёра, не губляюць надзеі: сабралі навіны ад калег-палітвязняў

    «Адпусціце сітуацыю, не нагнятайце». Палітзняволены журналіст Павел Мажэйка даслаў на волю першы ліст

    Прастора “аКсяродак” і “Беларускі гістарычны клуб” — новыя ініцыятывы беларусаў Батумі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці