• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гісторыя Ксеніі Луцкінай, якая 15 год працавала на БТ, а цяпер апынулася ў СІЗА за спробу стварыць альтэрнатыўны канал

    Былая карэспандэнтка «Беларусь 2» Ксенія Луцкіна 15 год аддала тэлебачанню. Яна звольнілася пасля выбараў і збіралася ставараць альтэрнатыўны канал, калі яе затрымалі. Журналістку абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу). Пакуль Ксенія на Валадарцы, без яе сумуе маленькі сын, а бацькі непакояцца за здароўе дачкі.

    З сям’і вайскоўца, гісторык па адукацыі

    Ксеніі 36 год. Нарадзілася яна ў расійскім горадзе Перм. Бацька-беларус паехаў туды вучыцца ў Вышэйшае вучылішча ракетных войскаў, там і ажаніўся. Маці Ксеніі — пярмячка, працавала настаўніцай.

    Пасля бацьку перавялі ў Петрыкаў, а адтуль — у Слуцк. Ксенія вучылася ў 10‑й слуцкай школе.

     

    «Удзельнічала пастаянна ў алімпіядах па гісторыі, пачынаючы з 8–9 класа, займала прызавыя месцы. Адпаведна, сфарміравалася жаданне пайсці вучыцца ў БДУ на гістарычны факультэт. Універсітэт дачка скончыла з адзнакай, — расказвае бацька Алег. — 

    Яна вельмі начытаны чалавек. Па бібліятэках пастаянна хадзіла, сядзела ў архівах. Больш за ўсё яе цікавіла гісторыя роднага краю. У яе былі думкі абараніць кандыдацкую дысертацыю па тэме Вялікай Айчыннай вайны, але паколькі яна была моцна загружана працай на БТ, на гэта не хапіла часу».

    Малодшы брат Ксеніі скончыў Мінскі інстытут кіравання, працуе менеджарам. Ці не хацелася бацьку, каб дзеці таксама абралі кар’еру вайскоўцаў?

    «Ведаеце, з часоў Савецкага саюза ўсё вельмі моцна змянілася», — адказаў ён.

    На БТ запрасіў аднагрупнік, здымала дакументальныя фільмы

    На тэлебачанне Ксенія патрапіла пасля ўніверсітэта. Паспрабаваць сябе ў кадры ёй прапаванаў аднагрупнік Аляксандр Мацяс, цяперашні карэспандэнт АНТ.

    На БТ журналістка ў асноўным здымала дакументальныя фільмы пра гісторыю. Блізкай ёй тэме Вялікай Айчыннай вайны Ксенія прысвяціла цыкл «1418 дзён. Гісторыя Перамогі». Яна рыхтавала таксама рэпартажы з Чарнобыльскай зоны — пра катастрофу і жыццё людзей пасля яе.

    «Ксюшы падабалася рабіць дакументальныя фільмы ў сваім аўтарскім стылі. Яна ператварала часам сумныя падзеі ў мастацкі шэдэўр. Ёй падабалася творчая свабода ў прафесіі», — дзеліцца былы калега.

    Іншы аўтарскі праект журналісткі — докудрамы «Сямейныя гісторыі». Гэта жыццёвыя расказы пра каханне, дзяцей, адзіноту. 

    «Яна чалавек амбіцый, любіць расказваць пра свае дасягненні. Добры арганізатар», — апісвае журналістку знаёмая.

    Пытанні да любімага канала ўзніклі, калі пачалася леташняя выбарчая кампанія. У канцы жніўня Луцкіна звольнілася з тэлебачання.

    «Першым трывожным званком стала звальненне Дзяніса Дудзінскага за звычайны пост у інстаграме. А далей усё ішло па накатанай. Ксюша супастаўляла тое, што адбываецца за вакном, з тым, што паказваюць у навінах роднага канала. І гэта розніца была кардынальнай.

    Яна адразу не хацела звальняцца — хацела працаваць сумленна. Паказваць падзеі так, як яны ёсць. Ксюша была гатова сама выязджаць са здымачнай групай на маршы і асвятляць падзеі. Не аднабока, а з меркаваннем усіх — людзей, чыноўнікаў, сілавікоў.

    Нам казалі, што ў «Галоўным эфіры» 17 жніўня пакажуць сумленную карціну падзей. Але ў выніку аказалася, што такія навіны не патрэбны галоўнаму дзяржканалу. Калі дайшло да кропкі незвароту, Ксенія звольнілася», — распавёў былы калега.

    Луцкіна збіралася стварыць альтэрнатыўны канал аб’ектыўных навін. З праектам дапамагала Акадэмія Прэс-клуба.

    Журналістка таксама далучылася да асноўнага складу Каардынацыйнай рады, адказавала за сувязі з прэсай. 

    «У яе была добрая пасада на БТ, але Ксенія яе кінула. Хоць ёй было цяжка і крыўдна, калі яе праекты раздалі людзям, якія былі яе памочнікамі», — заўважаюць знаёмыя.

    За кратамі абвастрыліся праблемы са здароўем

    Затрымалі Ксенію 22 снежня недалёка ад ЦУМа — яна выйшла за пакупкамі. У той жа дзень у яе дома быў агляд (ці вобшук). Забралі тэхніку і дакументы. Усё адбывалася на вачах сына-шасцікласніка.

    «Ён тады званіў мне ўвесь у слязах, бо ў дзверы ламіліся. Унук усё разумее, вельмі пасталеў пасля гэтага затрымання, — кажа Алег Луцкін. — Ён жыве з Ксюшыным братам, бо школа побач. Я за горадам жыву, але мы бачымся практычна кожны дзень. Схадзілі ў нядзелю ў царкву з ім. Унук больш матэматык — любіць камп’ютары, лічбы».

    Сям’я атрымала ад Ксеніі шэсць лістоў. Журналістка піша, што шмат чытае, зычыць бацькам моцнага здароўя і хвалюецца за сына. У камеры з ёй яшчэ сем чалавек (двое палітычных).

    Ксенія мае праблемы са здароўем, таму бацька перажывае, што гэта затрыманне адбіваецца на яе стане.

    «Усе балячкі там абвастрыліся. Я перадаю неабходныя лекі, але Ксенія піша, што яе здароўе пагоршылася. Хоць дактары ставяцца да яе з разуменнем», — дзеліцца Алег Луцкін. — 

    З сяброўкамі дачкі камунікую, яны падтрымліваюць, лісты ёй шлюць, перадачкі носяць. Я кантралюю, каб вагу не перабраць, штосьці лішняга не перадаць. Купляў Ксеніі зефір у шакаладзе, бабруйскай вытворчасці, яе любімы.

    Мы трымаемся. А як можна яшчэ пераносіць сітуацыю, калі дачка ў турме сядзіць?»

    ***

    Пісаць Ксеніі Луцкінай можна па адрасе: СІЗА‑1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці