563

Гісторыя пра вялікае зло. Беларускія фатографы стварылі праект пра разлучаныя сем’і ўкраінскіх уцекачоў

29.11.2023 Крыніца: Радыё Свабода

У размове з Свабодай Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў расказалі пра ідэю праекту «Тата ў тэлефоне» і складанасці, што ўзніклі падчас працы над здымкамі.

KANAPLEV+LEIDIK — дуэт беларускіх фатографаў Юліі Лейдзік і Яўгена Канаплёва. Юлія і Яўген робяць праекты для вядомых асобаў і брэндаў, маюць шмат узнагародаў.

«Тата ў тэлефоне» — праект пра эмпатыю, пра драму вайны з гледзішча разьяднаных сем’яў, калі дзеці могуць бачыць свайго тату толькі ў тэлефоне, гавораць яго аўтары.

Улады хочуць адабраць стары дамен. Мы змянілі пошту і сайт!

«У нас ёсьць дачка і сын, і ў мяне вялікая сувязь зь імі. Для мяне вельмі важна быць побач з дзецьмі, разам праходзіць усе этапы. Я бачу, як дзецям гэта важна. Здаралася, калі мне трэба было зьехаць аднаму на здымкі, Агата плакала: „Калі ж тата вернецца?“ І гэта ўсяго толькі здымкі. А тут гісторыя пра вялікае зло, калі дзеці ня бачаць свайго тату, які абараняе радзіму, ці ў яго пасада такая, што абавязаны заставацца ва Ўкраіне і працаваць», — кажа Яўген Канаплёў.

Ён дадае, што роля маці, безумоўна, важная, але адсутнасьць таты побач — таксама вялікая страта для дзіцяці.

«Калі таты няма, гэта вельмі ўплывае, ламае, і ў будучыні ў дзяцей складзецца ўнутры нешта псыхалягічнае ад гэтай нястачы. Мы хацелі паказаць адносіны бацькі і дзяцей. Гэта маленькі зрэз, погляд, паглыбленьне».

Беларускія дзеці таксама часам ня могуць пабачыць сваіх бацькоў, бабуляў і дзядуляў, але гэта выказваньне менавіта пра Ўкраіну, кажа Яўген.

«Гэта гісторыя пра эмпатыю. Гэта нашае выказваньне ў падтрымку Украіны. Мы ня будзем зьмешваць гэты праект зь Беларусьсю. Бо гэта выключна наш погляд на праблему, якая ва Ўкраіне».

Юлія дадае, што нават на адкрыцьці выставы былі пытаньні, чаму праект не пра Беларусь.

«Мы пачулі думку пэўнага чалавека з Украіны: „Навошта вы робіце пра ўкраінцаў? Вы піярыцеся на нашай тэме. Чаму тут няма беларускіх сем’яў?“ І пачула думку зь беларускага боку: „Чаму тут няма беларусаў?“ — апавядае Юлія. — І ты пачынаеш задумвацца: як увогуле перамагчы гэтае зло, калі ў такіх элемэнтарных рэчах няма ў людзей эмпатыі? Гэтым праектам мы паказалі, што ня хочам абмяжоўвацца толькі нашым болем. Гэта таксама нам баліць».

«Мама, чаму мой тата ва Ўкраіне, а Агацін тата тут?»

Праект «Тата ў тэлефоне» нарадзіўся і дзякуючы Агаце, дачцэ Юліі й Яўгена. Калі сям’я пераехала зь Беларусі, Агата трапіла ва ўкраінскую клясу. Моцна ўразіла Юлію і Яўгена тое, што на бацькоўскім сходзе быў адзін тата — сам Яўген.

«У нашай дачкі ёсьць найлепшая сяброўка Соня. У Агаты быў дзень народзінаў, яна запрасіла Соню зь яе мамай. А ў Жэні сувязь вялікая з Агатай, пастаянна абдыманкі і цалаванкі. І Соня не вытрымлівае, падыходзіць да мамы і кажа: „Мама, чаму мой тата ва Ўкраіне, а Агацін тата тут?“ І мы заплакалі. Гэта нас кранае, гэта нам блізка, бо ў нас сувязь зь дзецьмі моцная. І мы падумалі, што пра гэта трэба расказаць, зафіксаваць, зьвярнуць увагу».

Калі Юлія і Яўген апавядалі палякам пра ідэю зрабіць такі праект, тыя папярэджвалі: украінцы не пускаюць так блізка да сябе, апавядае Юлія.

«Мы месяцы чатыры чакалі, каб зрабіць партрэт аднае з гераіняў. На нас глядзелі спадылба: «З вашай тэрыторыі ляцяць ракеты». І мы не стамляемся дагэтуль расказваць нашу гісторыю, тлумачыць. Гэта наша місія. Шмат хто з украінцаў кажа пасьля: «А мы ня ведалі, што ў вас так, што нагэтулькі».

«Мы хочам гэтым праектам паказаць грамадзянам Украіны, што ёсьць беларусы, якія падтрымліваюць дэмакратыю і пацярпелі пасьля рэвалюцыі. Мы ўбачылі, што шмат якія героі з Украіны нас падтрымліваюць», — кажа Яўген.

Юлія пацьвярджае: даводзілася шмат расказваць, што адбываецца ў Беларусі, каб іх зь Яўгенам успрымалі не як ворагаў. Была і іншая праблема.

«Жанчыны, якія тут з сваімі дзецьмі, гавораць: „Я ня ведаю, што праз гадзіну будзе з маім мужам, я ня ведаю, што будзе заўтра“. І ты тэлефануеш, дамаўляесься сустрэцца, а яны кажуць: „Сёньня бамбілі Кіеў, я наагул ніякая, усю ноч на заспакаяльных“. І вось як ты прыйдзеш фатаграфаваць?»

«Тата побач з табой»

Некаторых герояў Юля і Яўген вельмі доўга чакалі, акуратна і спакойна падыходзілі да іхных гісторыяў.

«Гэта не папсовы альбом прыгожых карцінак. Мы як рэклямныя фатографы маглі зрабіць так, каб усё зьзяла. Але не. Было максымальна проста: камэра, чалавек, фіксацыя, гісторыя. Гэта як дакумэнт, які застанецца назаўжды», — кажа Яўген.

З адной з гераіняў Юля пазнаёмілася выпадкова на вуліцы, калі вельмі дрэнна сябе адчула і пачала траціць прытомнасьць.

«Я ня ведаю польскай мовы (у мяне дызьлексія і мне вельмі складана даюцца мовы), я разумела, што зараз страчу прытомнасьць, а яшчэ пачалася панічная атака, усё мутнела ў вачах, мне трэба было, каб нехта са мной пагаварыў. І я падыходзіла да людзей з пытаньнем: „Вы размаўляеце па-расейску?“ Яны дзіўна на мяне глядзелі. І тут адна з жанчын, якая потым стала нашай гераіняй, кажа: „Я размаўляю па-расейску, я доктар“».

Жанчына дапамагла Юліі ачуцца, правяла яе дадому.

«Я па дарозе расказала ёй пра задуму, яна сказала, што яна з Кіева, у яе трое дзяцей, кот. І вось гэта пра эмпатыю: яна ехала пасьля працы да сваіх дзяцей, але давезла мяне дадому. Мы дагэтуль сябруем зь ёю».

Гераіня Юля, калі ў яе дома здымалі Вялікдзень без таты, расказала, якая моцная сувязь у яе дачкі з бацькам. Калі сям’я зьехала з Украіны, у дзяўчынкі пачаў моцна падаць зрок.

«Ёй выпісалі акуляры, вітаміны, а маці, сама доктарка, кажа: „Я разумею, што праблема глыбейшая“. Ёй параілі псыхатэрапэўта, які выкарыстоўвае гіпноз. І вось дзяўчынцы ставяць тэкст і фатаздымак таты, уводзяць у стан гіпнозу і кажуць: „Тата за 10 мэтраў ад цябе, што ты бачыш?“ Яна: „Расплывіста тэкст“. Кажуць: „Тата за пяць мэтраў ад цябе“. Яна пачынае бачыць тэкст. Кажуць: „Тата побач з табой“. І яна пачынае чытаць».

Юля апавядае, што тады гераіня зразумела, наколькі тут глыбокая праблема псыхасаматыкі і невядома, у што яна можа выліцца далей.

«Яна зь сям’ёй зьехала назад у Кіеў. Кажа: „Ад кулі ня страшна памерці, галоўнае, што адразу. Затое я з сваім мужчынам, з сваім каханым буду побач“».

«Многія казалі, што ня ведалі, ці даедуць яны жывыя»

Праект Юліі і Яўгена — пра адносіны з татамі, але жаночая тэма таксама моцна прасочваецца: на здымках дзеці з сваімі мамамі, якія таксама ня могуць пабачыць каханых мужчын.

«Жанчыны моцныя і ўсё ўзвальваюць на свае плечы. Зьвярніце ўвагу на позірк маці, у якой шасьцёра дзяцей. Гэты позірк пра ўсё гаворыць. Гэтая жанчына сказала, што год не выходзіла з дому, калі прыехала ў Польшчу», — кажа Юлія.

Асобныя гісторыі — як кожная з гэтых жанчын з дзецьмі ўцякалі ад вайны.

«Гэта ж таксама страх, калі ты ў машыне, пад абстрэлам ці не пад абстрэлам, ежа ёсьць ці не, памыты ці не памыты — усё гэта невядомасьць. Многія нават казалі, што ня ведалі, ці даедуць жывыя. І гэта ўсё нясе на сабе жанчына, бо мужчына застаўся недзе ў іншых умовах», — кажа Яўген.

«Кожны дзень тэлефоны становяцца ўсё пусьцейшымі»

Падчас экскурсіі фатографам задавалі пытаньне, ці шчасьлівыя яны, зрабіўшы такі праект.

«Нам казалі: „Вы ж, напэўна, крута сябе адчуваеце“. А я магу сказаць, што гэта дэпрэсія, якую ты перажываеш разам з героямі. Калі мы робім дакумэнтацыю таго, што адбываецца, я ўпадаю ў дэпрэсію, прычым жорсткую», — апавядае Юлія.

«Гэта такая дэпрэсія, што калі ты прачынаесься, мыесься, усё добра, праца, але ў сярэдзіне — поўная пустэча. Дый праект можна працягваць, гісторыі яшчэ ня скончаныя, тата як быў у тэлефоне, так і застаўся, прыяжджаюць наступныя мамы зь дзецьмі. А ў некага на тым канцы тэлефон ужо пусты, і такога вельмі шмат. Кожны дзень тэлефоны становяцца ўсё пусьцейшымі», — кажа Яўген.

«Усе ў стане „вайна скончыцца і мы паедзем дадому“»

Падчас здымак праекту фатографы не наказвалі дзецям, як стаяць каля штатыва, і дзякуючы гэтаму было бачна, у каго якая сувязь з татам, кажа Юлія.

«Мы назіралі, нам было цікава: нехта абняў, нехта на адлегласьці быў. Вось ёсьць здымак, дзе на сьцяне рамкі без фатаздымкаў. Сямʼя паўтара года там жыве, і дагэтуль яны не паставілі фатаграфіі ў рамкі, бо ёсьць адчуваньне, што ты зьедзеш, то навошта карані пускаць».

На фатаздымках праекту можна пабачыць фрагмэнты кватэраў герояў.

«Ува ўсіх стан чаканьня, усюды сабраныя рэчы, у кагосьці яны ў валізах, у некага ў скрынках, усе хочуць дадому. Усе ў стане „вайна скончыцца і мы паедзем дадому“».

Яўген дадае, што гэты стан адчуваецца і ў беларусаў. Пáра робіць вялікі праект пра беларусаў у эміграцыі. Пра Яўгена і Юлію, іхную працу зь людзьмі таксама здымаюць рэаліці-шоў.

«Мы з Жэнем славімся як добрыя партрэтысты. А як мы робім партрэт чалавека? Мы заўсёды яго перад тым вывучаем. Вось калі Віктара Бабарыку здымалі, Дашу Жук, я сказала: абавязкова асабістая сустрэча. Я задаю мора пытаньняў, яны падаюцца дзіўнымі, незвычайнымі, дурнымі, але мне вельмі важна адчуць чалавека», — кажа Юлія.

Важна зрабіць так, каб праз здымак чалавек крыху больш даведаўся пра героя, у выяву ўплесьці мэтафару, дадае Яўген.

«Зараз нашыя героі — беларусы ў эміграцыі, мы зь імі праводзім шмат часу. Штодня мы з Жэнем занятыя, у нас практычна няма выходных. І гэта ўсё мы спалучаем зь сямʼёй, з выжываньнем у эміграцыі. Гэта складана, але праект вельмі важны», — расказвае Юлія.

У шоў пакажуць, як працуюць фатографы, як і з чаго ствараюць кадры. Праект пра беларусаў у эміграцыі плянуюць паказаць на асобнай выставе.

«Дэпрэсія закранае ўсіх»

У Яўгена і Юліі свая школа фатаграфіі, таксама яны бясплатна выкладаюць эмігрантам.

«Будуць і курсы фатаграфіі, як карыстацца студыйным сьвятлом. Вялікі курс пра тое, як ствараць фатаграфічны праект. Мы як куратары будзем весьці праекты», — кажа Яўген.

Таксама Юлія і Яўген хочуць стварыць фатаграфічную супольнасьць.

«Мы будзем рабіць фотасустрэчы. Ня толькі для фатографаў, а і для тых, каму проста падабаецца фатаграфія», — тлумачыць Яўген.

Узрост удзельнікаў неабмежаваны. Юлія кажа, што марыць сабраць групу з пэнсіянэраў.

«Мы ў Менску часта залучалі пэнсіянэраў. Была барацьба з рэклямадаўцамі: чаму няма мадэляў, старэйшых за 60 гадоў, яны ж таксама карыстаюцца вашымі паслугамі? Гэта былі доўгія перамовы, але ў выніку ў нас былі 80-гадовыя мадэлі. І іхныя дзеці, якія жывуць за мяжой, потым пісалі: „Ведаеце, мой тата выйшаў з дэпрэсіі“».

Так на пэнсіянэраў пачынаюць зьвяртаць увагу, яны могуць выйсьці з дому, зарабіць грошы, адчуваюць сябе патрэбнымі, тлумачыць Юля.

«Шмат хто пераехаў з бацькамі, і дэпрэсія закранае ўсіх. Асабліва людзям, старэйшым за 50, складаней за ўсё. І калі мы зможам хоць аднаго чалавека падтрымаць, дапамагчы, накіраваць, значыць, мы ўжо нешта важнае зрабілі. Таму мы хочам і ў студыі займацца з пэнсіянэрамі, у нас увогуле шмат плянаў».

Выставу «Тата ў тэлефоне» можна пабачыць да 13 студзеня ў Старамейскім доме культуры ў Варшаве. Падрабязнасьці тут.

Чытайце яшчэ:

«Вайну трэба дакументаваць». Гутарка з фатографам, які здымаў Марыупаль у агні

Журналіст Павел Казарын, які ваюе з першых дзён: Украінскія хэмінгуэі і рэмаркі, калі выжывуць, пачнуць пісаць кнігі

Падручнік з адказамі на беларусафобныя стэрэатыпы. Блогер «daroha» Валер Руселік — пра новы відэапраект «Хрусь і папалам»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!