• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Леанід Судаленка: “Журналісты і праваабаронцы – заўжды на перадавой”

    143 тысячы згадак прозвішча ў пошукавіку Google. Больш за 30 выйграных справаў у Камітэце ААН па правах чалавека. Бацька чатырох сыноў. Гэта факты пра гомельскага праваабаронцу і сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Леаніда Судаленку.

    Працоўнае месца многае можа распавесці пра чалавека. На стале Леаніда Судаленкі — акуратна раскладзеныя і пранумараваныя тэчкі са справамі людзей, якія спрабуюць змагацца за свае правы з дапамогай праваабаронцы. На сценах развешаныя фотаздымкі сям’і. Выява салдата ў вайсковай форме — гэта адзін з сыноў Судаленкі, які цяпер праходзіць службу. На чорна-белым рэтра-здымку — родны дзед. А яшчэ — мноства граматаў, плакаты міжнародных канферэнцый, пасведчанні і фотаздымкі з акцый апазіцыі.

    Каштоўнасці чалавека навідавоку: сям’я і грамадская дзейнасць.

    У мінулым Леанід Судаленка паспеў папрацаваць рабочым на дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1990‑я займаўся бізнесам. У пачатку 2000‑х быў на даволі высокай пасадзе ў прадпрыемстве «Белтрансгаз». Але ўсё яго жыццё змяніла праваабарончая дзейнасць. «З пазіцыі сённяшняга дня я б ніколі, нават калі б мне прапанавалі высокі заробак, не вярнуўся ў бізнес. Не маё гэта», — так кажа герой артыкула пра ранейшыя месцы працы, хоць пра тыя старонкі сваёй біяграфіі не шкадуе.

    Леанід Судаленка нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і ў вёсцы Хракавічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Дарэчы, гэтая вёска знаходзіцца на самай мяжы 30-кіламетровай зоны адчужэння. Паводле Леаніда, іх гароды акурат выходзілі на зону, а вёска лічылася ўжо чыстай. 

    Спадар Судаленка выдатна валодае беларускай мовай: “Аднойчы падчас нейкага семінара ў Кіеве я пазнаёміўся з Жаннай Мікалаеўнай Літвіной. Яна тады пра мяне сказала, што гомельскаму БАЖу пашэнціла – у яго з’явіўся юрыст, які файна гаворыць на роднай мове. Чамусьці мне гэтае жартаўлівае выказванне запомнілася. Для мяне беларуская мова — натуральная, бо ў маёй школе ў савецкі час усе прадметы, у тым ліку і матэматыка з фізікай, выкладаліся па-беларуску”.

    На юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Леанід Судаленка паступіў пасля вайсковай службы ў ГДР. Стаць студэнтам ВНУ ён вырашыў, займаючыся бізнесам. “Мне падалося, што я змагу большага дасягнуць у сваёй дзейнасці.

    Калі шчыра – хацелася, як простаму сялянскаму хлопцу, нечага дабіцца. А юрыдычная адукацыя — якраз тая магчымасць, якая дазваляе і самарэалізоўвацца, і дапамагаць людзям».

    Жыццё паспяховага юрыста кампаніі “Белтрансгаз” кардынальна змянілася пасля ўдзелу ў выбарчай кампаніі апазіцыйнага кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча ў 2006 года. “Мне тады кіраўніцтва адразу заявіла, каб я сышоў па ўласным жаданні. А калі я адмовіўся, кантракту са мной не працягнулі”, — згадвае Леанід Судаленка.

    У ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Леанід Судаленка апынуўся на пачатку 2000‑х гадоў па запрашэнні кіраўніка абласной філіі Анатоля Гатоўчыца.

    Тады юрысту таксама даводзілася часта бараніць журналістаў у судах. “Заканадаўства, як гэта ні абсурдна гучыць сёння, у тыя часы было больш дэмакратычным. Мне як прадстаўніку ГА «БАЖ» дазвалялася ўдзельнічаць на баку журналістаў у судовых справах, асабліва адміністрацыйных. Шмат разоў даводзілася суправаджаць Ірыну Макавецкую, якую ўвесь час пераследавалі мясцовыя чыноўнікі”.

    Потым у Ірыны Макавецкай узніклі сур’ёзныя праблемы пасля публікацыі матэрыяла пра асаблівасці напісання і абароны кандыдацкай дысертацыі тагачасным прэм’ерам Сяргеем Сідорскім. Журналістцы ў звязку з выхадам гэтага артыкула пагражалі, тэлефанавалі па начах нейкія асобы. Леанід Судаленка ўзгадвае: “Мы тады дапамагалі ёй пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі. Урэшце праваахоўнікі знайшлі гэтага зламысніка, які тэлефанаваў па начах. Ім аказаўся супрацоўнік дзяржаўнай тэлевізіі. Хто яму даручыў цкаваць журналістку – ужо іншае пытанне”.

    У журналістаў на пачатку 2000‑х гадоў было шмат праблем, але яны, як падкрэслівае Леанід Судаленка, былі “самадзейнасцю” на месцах і не мелі сістэмнага характару. У Ірыны Макавецкай, да прыкладу, былі праблемы з тым, каб патрапіць на адкрытыя судовыя пасяджэнні. “Аднойчы яе нават вывелі з будынка суда ў кайданках, таму што яна дабівалася прысутнасці на нейкім адкрытым судовым працэсе, які меў грамадскі рэзананс. Суддзя паскардзілася старшыню, а старшыня выклікаў міліцыю”, — узгадвае Леанід.

    У свой час спадар Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу Уладзіміру Вербавікову — рэдактару адзінай у Гомелі незалежнай газеты.

    — Выдаўцам незалежных выданняў – такім, як напрыклад, нябожчыку Уладзіміру Вербавікову – усяляк устаўляліся палкі ў колы. Спачатку мы дабіваліся распаўсюду ягоных газет праз шапікі “Белсаюздруку”, потым змагаліся за выпуск у мясцовых друкарнях. Калі не атрымалася друкаваць выданні ў Беларусі, пачалі вазіць газеты са Смаленска. Але і падчас дастаўкі газет пастаянна ўзнікалі праблемы з міліцыянтамі.

    Хаця журналістаў у той перыяд пераследавалі даволі жорстка, параўноўваць тыя праблемы з цяперашнімі ўмовамі працы даволі складана.

    — Падзеі вакол незалежных журналістаў, якія робяць рэпартажы на сацыяльныя тэмы з малых мястэчак, вёсак і райцэнтраў, выклікаюць як мінімум абурэнне. Яны пішуць артыкулы і здымаюць сюжэты пра рэальнае становішча, пра сапраўднае жыццё людзей. А іх за гэта караюць!

    Ніхто ж не кажа, што, напрыклад, сюжэт таго ці іншага журналіста — гэта фальшыўка. Чыноўнікі ўвесь час цвердзяць: «Нельга, нельга, нельга…». Заканадаўства інтэрпрэтуецца такім чынам, што наогул перакрэсліваецца права на выказванне свайго меркавання, на збор і распаўсюд інфармацыі.

    Леанід Судаленка прысутнічае амаль на ўсіх судах над незалежнымі журналістамі Гомельшчыны. Апошнім часам пераслед у асноўным датычыць фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.

    — Узгадаем суд над Наталляй Крывашэй, калі суддзя Цэнтральнага раённага суда дала ёй штраф у 500 долараў. Да абвалу рубля гэта быў, як казаў кіраўнік дзяржавы, сярэдні заробак па краіне. Уявіце, каб у якой-небудзь Нямеччыне журналісту далі штраф у памеры сярэдняга заробку за “незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі”! На наступны дзень усе вуліцы і плошчы былі б запоўненыя прадстаўнікамі журналісцкай супольнасці. А ў нас абаронай журналістаў займаецца толькі БАЖ. Я як юрыст скажу, што, калі абмяжоўваюцца правы грамадзян, дзяржава мусіць тлумачыць кожны раз –дзеля чаго. У артыкуле 23 Канстытуцыі ёсць вычарпальны спіс прычын для абмежавання правоў: інтарэсы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, маральнасці і здароўя насельніцтва, правы і свабоды іншых асобаў і г. д. І кожны раз на дзяржаве ляжыць абавязак тлумачыць падставы абмежавання правоў, а не проста караць за тое, што Кастусь Жукоўскі ці Ларыса Шчыракова “размясцілі” відэа на “Белсаце”.

    Увогуле ў дэмакратычным грамадстве права на свабоднае выказванне меркавання праваабаронца Леанід Судаленка лічыць базавым. А што да аўтарытарных рэжымаў, то свабода слова таксама грае выключную ролю.

    «Калі не называць рэчы сваімі імёнамі, тады да чаго прыйдзе наша грамадства? Людзі спачатку перастануць абмяркоўваць палітыку ў публічных месцах, а потым нават на кухнях будуць баяцца раскрыць рот!», — падсумоўвае суразмоўца.

    Спадар Судаленка часта прысутнічае на ўплывовых міжнародных праваабарончых форумах. Паводле яго словаў, пераслед журналістаў — гэта адна з асноўных тэмаў, якую ўздымаюць праваабаронцы з многіх рэгіёнаў свету. “Ёсць шмат краін, дзе журналістаў забіваюць, трымаюць у турмах, катуюць. Я б сказаў, што журналісты і праваабаронцы знаходзяцца заўжды на перадавой, калі казаць ваеннымі тэрмінамі. Канешне, калі аўтарытарная дзяржава карае грамадзян за актыўную пазіцыю, то прадстаўнікі журналісцкага цэху трапляюць пад удар аднымі з першых”, — заўважае Леанід Судаленка.

    Паводле Леаніда Судаленкі, юрысты ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» збіраюцца даволі часта, каб абмеркаваць справы і агульную стратэгію паводзін. Абарона журналістаў ад ціску — тэма актуальная цяпер. Але пасля дэмакратычных пераўтварэнняў, на думку суразмоўцы, усё роўна будзе існаваць патрэба ў юрыдычнай падтрымцы. 

    — Мы можам правесці паралелі з Украінай, дзе пасля Рэвалюцыі Годнасці прыйшоў да ўлады дэмакратычны ўрад. Я не даю ацэнак цяперашнім паводзінам прадстаўнікоў украінскай эліты. Але праблем ва ўкраінскіх журналістаў не паменела. Я перакананы, што ў будучым ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» будзе існаваць, паколькі гэта вельмі моцная структура. А юрыдычная служба БАЖ ніколі без працы не застанецца ані ў сталіцы, ані ў рэгіёнах.

    Практычна ўвесь працоўны час Леаніда Судаленкі займае напісанне скаргаў і заяваў. Ён кансультуе журналістаў падчас судовых пасяджэнняў, суправаджае іх на допытах у пракуратуры. З‑за гэтага ў яго практычна не застаецца магчымасці займацца напісаннем журналісцкіх тэкстаў, але раз-пораз на незалежных сайтах з’яўляюцца яго публікацыі на праваабарончую тэматыку.

    У канцы размовы Леанід Судаленка згадвае свайго бацьку, якога таксама звалі Леанідам. У яго ён навучыўся крытычна ставіцца да ўлады і спадзявацца толькі на сябе.

    — Яшчэ да Перабудовы, калі СССР кіраваў генеральны сакратар Брэжнеў, мой бацька неяк сказаў, што ў партыі ёсць камуністы і члены. Маўляў, члены плацяць унёскі, а камуністы за гэтыя ўнёскі жывуць. Ён вельмі востра крытыкаваў камуністаў за несправядлівасць і хлусню. Час паказаў, што ён меў рацыю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 
    15.11.2024

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    05.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці